Расшыфроўка прозвішчаў нагадвае дэтэктыў – шукаеш ключ, які часта схаваны глыбока ў мінулым. Што цікавага яны могуць распавесці пра нашых продкаў: месца пражывання, род заняткаў, магчыма, нават характар? Тут патрэбны навуковы падыход. Такі зафіксаваны ва ўнікальнай для нашай краіны кнізе Валянціны Лемцюговай і Ірыны ГАПОНЕНКІ «Каранi нашых прозвiшчаў», якую выпусціў выдавецкі дом «Звязда».
«Кніга не падобная да слоўніка, хутчэй нагадвае этымалагічныя нататкі»
Усё жыццё прафесар Лемцюгова даследавала сучасную беларускую мову, анамастыку. Мела больш за 300 навуковых прац, вялікая частка якіх прысвечана пытанням станаўлення і функцыянавання ўсходнеславянскай айканіміі. Яе справу працягнула дачка Ірына.
Іх сумесная кніга «Каранi нашых прозвiшчаў» увасобіла частку гісторыі нашых уласных імёнаў.
Кніга не толькі для лінгвістаў, гісторыкаў, этнографаў, фалькларыстаў, але і для ўсіх тых, хто хоча даведацца пра паходжанне свайго прозвішча і цікавіцца гісторыяй свайго роду. Яна пачыналася з аўтарскай рубрыкі Валянціны Лемцюговай «Что в имени моем», якая з’явілася на старонках газеты «СБ. Беларусь сегодня» ў 2008 годзе. Напачатку меркавалася, што выйдзе некалькі артыкулаў з асноўнымі звесткамі па гісторыі беларускіх уласных імёнаў. Але адразу пасля першага артыкула пачаўся вал запытаў, у якіх чытачы прасілі патлумачыць паходжанне іх прозвішчаў. Аўдыторыя атрымалася вельмі стракатая, пытанні задавалі людзі рознага ўзросту (ад школьнікаў да пенсіянераў) і месца жыхарства (не толькі з Беларусі, але і Расіі, Літвы, Польшчы, нават Злучаных Штатаў Амерыкі).
– У выніку ўсталявалася цэлая чарга з жадаючых даведацца пра паходжанне сваіх прозвішчаў. Сёння я працягваю гэтую рубрыку і адказваю на пытанні 2016 года. Адпаведна з пачаткам рубрыкі пачала рыхтавацца і кніга. У яе ўвайшлі адказы з 2008 па 2012 гг., – тлумачыць прафесар філалагічнага факультэта БДУ Ірына Гапоненка. – Кніга створана, каб задаволіць чытацкую цікавасць і падвесці навуковую базу пад тлумачэнні, бо газетны фармат часта не дазваляе гэта зрабіць, напрыклад, уключыць усе неабходныя адсылкі да навуковых крыніц.
Кніга пабачыла свет у 2018 годзе. Больш за 660 старонак утрымліваюць у сабе тлумачэнні каля 5000 прозвішчаў. Натуральна, такая лічба – кропля ў моры. Але па сутнасці атрымліваецца, што высветлена паходжанне прозвішчаў жыхароў невялікага гарадка.
Асноўны змест кнігі «Карані нашых прозвішчаў» складаюць чытацкія пытанні і адказы на іх. Рэестравыя прозвішчы размяшчаюцца ў алфавітным парадку. Адказ на пытанне даецца на мове запыту (рускай або беларускай).
– Кніга не з’яўляецца слоўнікам у класічным разуменні, хутчэй яе можна ахарактарызаваць як зборнік этымалагічных нататак. Уключэнне ў кнігу пытанняў апраўдана тым, што ў іх прыводзяцца факты з радаводу носьбіта прозвішча, інфармацыя адносна яго нацыянальнасці, месца нараджэння і іншыя звесткі, якія садзейнічаюць больш дакладнаму вызначэнню сэнсу, закладзенага ў прозвішчах. Акрамя таго, пытанні дэманструюць, што беларусы не абыякавыя людзі, яны цікавяцца сваім радаводам, шукаюць карані, – кажа Ірына Алегаўна.
Запыты даюць цікавую інфармацыю пра тое, як людзі самастойна шукаюць этымалогію. Напрыклад, арыгінальны ход чытацкай думкі праявіўся ў такім пытанні: «Моя фамилия Ахрамович. Для себя пояснил, что «ахра» – краска, «мович» – язык. То есть красноречивый человек». А на самай справе, наяўнасць у складзе прозвішча суфікса овіч з’яўляецца паказчыкам таго, што гаворка ідзе пра нашчадка. Ахрамовіч – нашчадак Ахрэма, а Ахрэм – размоўны варыянт царкоўнага імя Ефрем.
Многім хочацца верыць, што іх прозвішчы паходзяць з замежных моў або пацвярджаюць шляхецкае паходжанне свайго носьбіта. Ірына Алегаўна зачытвае: «Что лежит в основе фамилии Арабей? Насколько я знаю, мои предки были косвенно связаны с Востоком». Але насамрэч арабей – гэта дыялектная форма слова верабей. Ці яшчэ: «Хочется узнать происхождение редкой фамилии Мамзель. Мне кажется, она имеет французские корни». Але «Дыялектны слоўнік Брэстчыны» сведчыць, што мамзель – гэта «той, хто лепіць гаршкі», якія ў беларускай гаворцы называюць мамзелікі (невялікі гаршчок, дзе варылі кашу).
«Складаецца ўражанне лёгкасці этымалагічных пошукаў, што правакуе пашырэнне аматарскага падыходу»
Ірына Алегаўна адзначае, што чытацкія запыты адкрываюць цэлы сусвет беларускай гісторыі. Перш чым знайсці адказ, і чытачам, і навукоўцам часта даводзілася сутыкацца з рознымі цяжкасцямі.
Як распавядае прафесар, ёсць дзве групы прозвішчаў: прозвішчы, утвораныя ад імёнаў і мянушак. Прычым у аснову прозвішча могуць быць пакладзены імёны не толькі ў поўных афіцыйных формах, але і ў разнастайных размоўных, якія не любы носьбіт мовы звяжа з зыходным кананічным імем. Напрыклад, імя Аляксандр ужываецца ў размоўных варыянтах Аша, Ешура, Лёса, Лехан, Юка, Яка, Ліча, Лікса, Шанай, Шантыр, Шуля, Шуранда, Шуршак, Шуся і інш.
– Часам імёны і мянушкі супадаюць са словамі агульнымі. Глядзім, напрыклад, прозвішча Брошка – яно ўтворана ад формы імёнаў Абросім ці Браніслаў; Вінцік ад Віктар; Ёжык ад Георгій або Сяргей; Кіт ад Мікіта або Ціт; Мартышка ад Марцін. Узгадаем Францыска Скарыну. Часта паходжанне яго прозвішча звязваюць са скарынкай хлеба, але больш верагодна, што гэта форма хрысціянскага імя Скарыян, – працягвае Ірына Алегаўна.
На жаль, нават у друкаваных аўтарытэтных выданнях можна пабачыць памылковыя тлумачэнні. Напрыклад, прозвішча Нарчук тлумачыцца так: «Утворана ад слова нара. Жыў чалавек без хаты, у нары, або, як цяпер сказалі б, у зямлянцы. Вось і далі яму мянушку Нарчук, якую пазней запісалі прозвішчам». А насамрэч гэта форма імёнаў Наркіз або Апалінарый.
– У чым загана такіх фантазійных трактовак? Папершае, яны змяшчаюць як мінімум недакладныя этымалагічныя звесткі і такім чынам выступаюць крыніцай дэзінфармацыі, падругое, прозвішча – гэта народная і культурная спадчына. А паводле такіх аматарскіх тлумачэнняў нашы продкі выступаюць дзівакамі. Патрэцяе, уяўная лёгкасць наіўных этымалогій дыскрэдытуе каштоўнасць навуковых метадаў даследавання мовы і зніжае прэстыж анамастычнай навукі. Працэс утварэння нашых прозвішчаў і назваў населеных пунктаў падаецца ў спрошчаным, а часам проста смехатворным выглядзе. У недасведчанага чалавека складваецца ўражанне, што прачытаць сэнс прозвішча зусім нескладана, і ён сам бярэцца за пяро.
У якасці ілюстрацыі таго, якія вынікі можа даць такая лінгвістычная ініцыятыва, глядзім вытрымку з сайта: «Акінча – продак прозвішча Акінча ў 18 % быў караім, у 15 % – украінец, у 15 % – іжорац, у 11 % – таджык, у 7 % – аманец, а ў 4 % адносіцца да заходнееўрапейскіх вытокаў, у 30 % выпадках з’яўляўся жыхаром Беларусі або Славеніі і Камеруна. Насіў прозвішча Akincha, а мянушка продка была Акінч».
– Таму кніга была спробай паказаць, што выяўленне паходжання прозвішчаў павінна праводзіцца на навуковай аснове. Зацікаўленасць людзей (і моладзі ў прыватнасці) моўнаанамастычнымі пытаннямі, безумоўна, трэба вітаць. Аднак добра было б, каб даследчыкі ў поўным аб’ёме ўсведамлялі складанасць задачы, за якую яны маюць намер узяцца, і сваю адказнасць за пададзеныя звесткі. Анамастычная лексіка нясе ў сабе вельмі важную інфармацыю пра нашу гісторыю, мову, культуру, і ставіцца да гэтай спадчыны трэба сур’ёзна. Анамастыка ўзнікла на стыку лінгвістыкі, гісторыі, этнаграфіі, тэалогіі, міфалогіі. Так што для этымалагічных даследаванняў такога кшталту патрабуюцца веды, а яшчэ ўменне іх прымяніць.
«Змест прозвішчаў можна лічыць археалагічным скарбам»
Падышлі да таямніц: ці можна даведацца, адкуль пайшоў род, па прозвішчы? Якія сакрэты тут можна знайсці? Ці ўплывае гэта на характар? Навукоўцы даюць такі адказ:
– Па прозвішчы цяжка сказаць, адкуль пайшоў род. Адзінае, што можа падказаць, гэта наяўнасць суфіксаў цк і ск, якія часцей за ўсё прывязаны да канкрэтнага населенага пункта. Напрыклад, першы носьбіт прозвішча Раманоўскі хутчэй за ўсё звязаны з населеным пунктам Раманавічы, Раманава і так далей. У аснове прозвішча Ляцкі магла быць назва населенага пункта Ляды або Ляхава, Ляхавічы… Але такіх месцаў хапае на нашай тэрыторыі. Канкрэтна ўказаць месца, адкуль пайшоў род, можна толькі ў сітуацыі, калі прозвішча на скі, цкі ўтворана ад адзінкавага геаграфічнага наймення. Напрыклад, асновай для прозвішча Квяткоўскі служыць назва Квяткоўцы, якая фіксуецца толькі ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці. Там і трэба шукаць свае карані носьбітам гэтага прозвішча.
Навукоўцы рабілі лінгвістычны аналіз, не архіўны і не гістарычны. Крыніцы прозвішчных этымалогій – перш за ўсё дыялектныя слоўнікі, слоўнікі беларускай, польскай, літоўскай, латышскай, нямецкай моў. Іншамоўныя слоўнікі патрабуюцца таму, што адметнай рысай беларускага антрапанімікону ў частцы прозвішчаў з’яўляецца наяўнасць у ім вялікай колькасці элементаў, якія трывала прыжы
ліся ў беларускай антрапанімічнай прасторы, аднак узыходзяць да іншамоўных каранёў. Такая этымалагічная стракатасць можа быць патлумачана спецыфічнасцю тэрыторыі пражывання беларускага народа, дзе назіраецца ўзаемаўплыў і ўзаеманакладанне розных культурнамоўных традыцый, а таксама шэрагам гістарычных абставін, якія спрыялі актыўным беларускаіншамоўным кантактам. Некаторыя з прозвішчаў падобнага тыпу адлюстроўваюць адпаведную нацыянальную прыналежнасць іх носьбітаў, а іншыя ўтвораны ад празванняў, якія атрымлівалі беларусы з прычыны інтэнсіўнага пранікнення ў пэўны перыяд запазычанай лексікі таго ці іншага паходжання.
– У беларусаў надзвычай стракаты прозвішчны ландшафт. Нельга адназначна сказаць, што такое беларускае прозвішча. Так, прозвішчы з фармантамі ан, ян, анц, янц (Аганесян, Галумянц) з упэўненасцю апазнаюцца як армянскія, з фармантам у (Чаўшэску, Ілінэску) як румынскія, з фармантамі швілі, адзэ (Гапрындашвілі, Чаўчавадзэ) як грузінскія, з фармантамі ас, іс (Ванагас, Межэлайціс) як літоўскія, з фармантам енка, анка, энка (Азаранка, Бандарэнка) як украінскія і інш. Тып жа беларускага прозвішча нельга абмежаваць пэўнымі акрэсленымі прыметамі. Беларускі прозвішчны ландшафт характарызуецца выключнай разнастайнасцю і аб’ядноўвае мноства найменняў, адрозных паводле складу словаўтваральных сродкаў. Гэтым беларуская прозвішчная сістэма вылучаецца на фоне іншых значна больш аднародных (монатыповых) антрапасістэм. Генетычна ўласна беларускімі з’яўляюцца толькі прозвішчы з суфіксамі онак / ёнак і еня / эня, – дадае прафесар.
Прамой сувязі паміж прозвішчам і характарам няма, ды і ўвогуле, выяўленне такой сувязі не з’яўляецца задачай лінгвістыкі. Справа ў тым, што прозвішча на сучасным этапе – гэта дэматываваная адзінка нават у выпадку, калі ў яго аснову пакладзена цалкам празрыстая па значэнні мянушка. Так, напрыклад, абсалютна неабавязкова, што носьбіт прозвішча Моўчан будзе маўклівым. А вось яго продак, які некалі займеў мянушку Моўчан, хутчэй за ўсё адпавядаў гэтай характарыстыцы.
Шкада, але ўніверсальнай формулы расшыфроўкі паходжання і значэння прозвішча няма. Кожнае прозвішча – новы шлях, там свой аповед. Куды звяртацца, калі хочаш расшыфраваць сваё прозвішча? Спецыяльнай установы на Беларусі не існуе, але ёсць адпаведная служба ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі, спецыялісты якой займаюцца найперш урэгуляваннем спрэчных пытанняў, датычных уласных імёнаў.
– Нашы прозвішчы – гэта найбагацейшы скарб народнай словатворчасці, важная частка нацыянальнай культурнай спадчыны, яна павінна быць сабрана, апісана і навукова апрацавана. У іх увасоблены шматвяковы жыццёвы вопыт папярэдніх пакаленняў беларусаў, арыгінальнае мысленне, асаблівасці веравызнання, мудрасць, прадстаўлена багатая палітра моўных сродкаў і іншае. Змест прозвішчаў можна параўноўваць з археалагічным скарбам. Раскрытыя імёны, як і адшуканыя ў зямлі прадметы даўніны, дазваляюць даведацца пра быт, культуру, узаемаадносіны людзей, густы і заняткі, надзеі. Нездарма гэта так цікава насельніцтву. Цалкам нармальнае жаданне – ведаць свае карані. Таксама важна для асобаснага і нацыянальнага ўсведамлення: я тут невыпадковы, вось мой род, і я галінка гэтага дрэва, – падсумоўвае Ірына Гапоненка.
Гутарыла Алена Ляўшэня
Фота Аліны БАРТКЕВІЧ