Здароўе, сям’я і каханне. Што важна для цяперашніх студэнтаў БДУ?

27 Jun, 2019.

 

Як студэнты БДУ ставяцца да сямейных каштоўнасцяў і па якім узоры будуць будаваць сваю сям’ю? Свежае сацыялагічнае даследаванне рэпрадуктыўных установак і сямейных каштоўнасцяў ахоплівае 14 факультэтаў БДУ. На замову ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю яго правяла група трэцякурснікаў ФФСН, каб выявіць найбольш значныя базавыя каштоўнасці студэнтаў.

Апытанне паказала стаўленне маладых людзей да шлюбу, сям’і, бацькоўства і такіх феноменаў, як ЭКА, фемінізм, чайлдфры. Даследаванне праводзіцца ў чацвёрты раз з 2015 года, і вынікі ў некаторых пытаннях зусім нечаканыя.

Нінэль Ціханава, Лізавета Ляўчук, Канстанцін Багдановіч, Марыя Гардзеева, Вікторыя Крэнь, Марыя Прус, Анастасія Стахоўская, Кірыл Сырамалотаў і Марыя Кіркевіч – гэтыя студэнты-сацыёлагі правялі даследаванне і зрабілі справаздачу на сотні старонак. Пад кіраў­ніцтвам дацэнта і кандыдата філасофскіх навук Ларысы Філінскай будучыя сацыёлагі апыталі 440 ­чалавек. З іх 154 (35 %) юнакі і 286 (65 %) дзяўчаты. Апытанне право­дзілася сярод трэцякурснікаў дзевяці факультэтаў БДУ: ФФСН, ФПМІ, ММФ, фізічнага, геаграфіі і геаінфарматыкі, біялагічнага, філалагічнага, хімічнага і журналістыкі.

Здароўе на першым месцы

У топ-3 каштоўнасцяў навучэнцаў універсітэта ўваходзяць здароўе (66,5 %), сям’я (59,5 %) і каханне (45,3 %). Аўтарытэт для іх тыя, з ­кім яны больш за ўсё праводзяць часу, – сябры, бацькі. 77 % апы­таных хочуць пабудаваць сям’ю па прыкладзе апошніх.

Ніка Нікановіч. Дачка выкладчыка журфака Дзмітрыя Нікановіча

Самыя цёплыя адносіны з бацькамі ў студэнтаў з абласнога цэнтра: яны адзначаюць у іх лю­боў (83,3 %), сяброўства (43,9 %) і ўзаемападтрымку (66,7 %). Па­казчыкі канфліктаў (20,5 %) і кантролю (24,7 %) максімальныя ў мінчукоў. Меркаванне бацькоў важнае для моладзі, да яго прыслухоўваюцца 82,2 %. Самыя папулярныя сямейныя традыцыі – святкаванне дня нараджэння (88,8 %), грамадзянскіх святаў (77,3 %), сумесныя абеды і вячэры (55,6 %).

Станоўчае стаўленне да тра­дыцыйнай сям’і дамінуе сярод студэнтаў БДУ, аднак юнакі часцей паказваюць яе як значную і ­неабходную форму адносін паміж мужам і жонкай (60,4 % і 51,2 % дзяўчат адпаведна). Ларыса Ула­дзіміраўна тлумачыць гэта тым, што ў часткі апытваных дзяўчат традыцыйная сям’я выклікае не­гатыўную асацыяцыю з патрыяр­хатам.

Тры чвэрці (72,9 %) студэнтаў падтрымліваюць афіцыйную рэ­гістрацыю шлюбу. Юнакі да гэтага імкнуцца радзей, станоўча ставяцца да сужыцця (81,2 %), сярод дзяўчат гэта 61,4 %. Аднак больш за палову дзяўчат 58 % не ўхва­ляюць яго, лічачы прыкметай не­сур’ёзных адносін.

Большасць дзяўчат і юнакоў (65,9 %) хочуць мець двух дзяцей ва ўзросце 23–27 гадоў (59 % дзяўчат, 38,7 % юнакоў) праз 3–4 гады шлюбу (36,7 %). 67,3 % студэнтаў негатыўна ставяцца да фізічных пакаранняў, а 83,2 % юнакоў і 91,8 % дзяўчат плануюць выхоўваць дзяцей па мадэлі супрацоўніцтва – накіроўваць, даючы дзіцяці самастойны выбар. Студэнты негатыўна ставяцца да здрад у шлюбе, аднак 83 % станоўча ста­вяцца да выпрабавальнага шлюбу.

Студэнты БДУ любяць спорт

Траціна рэспандэнтаў 33,7 % лічыць, што аборты дапушчальныя. Юнакі больш катэгарычныя  ў гэ­тым пытанні, і 30 % асуджаюць такі ўчынак. Больш за палову (51,4 %) згодныя са сцвярджэннем, што аборт – гэта забойства, 80,6 % лічаць, што рашэнне пра захаванне жыцця ці аборт павінны прымаць абодва партнёры.

Для чаго патрэбная сям’я?

«Мне было цікава, як студэнты ставяцца да сям’і, бо разуменне традыцыйнай ролі яе змяняецца. Цешыць, што студэнцкая мо­ладзь разумее і лічыць каштоўным такі сацыяльны інстытут. Мне сям’я па­трэбная для таго, каб выхоўваць дзяцей, падтрымліваць адзін ад­наго, дапамагаць дасягаць жыц­цёвых мэт членаў сям’і», – гаво­рыць Нінэль Ціханава, адна з тых, хто праводзіў даследаванне.

Нінэль Ціханава

Здзівіла дзяўчыну і тое, што ў цэлым юнакоў і дзяўчат не турбуе прапаганда ЛГБТ (больш за 50 % рэспандэнтаў), аднак усё-такі 31,1 % юнакоў (кожны трэці) занепакоены дадзеным пытаннем. Ларыса Філінская таксама пракаментавала гэты момант: «Дынаміка даследавання паказвае, што з кожным годам студэнты стано­вяцца больш памяркоўнымі да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. Як паказаў аналіз папярэдніх апытанняў, дзяўчаты больш талерантныя».

Па меркаванні Нінэль, прапаганда ЛГБТ-ідэй праз некалькі гадоў можа прывесці да значнага павелічэння колькасці гомасек­суальных пар і да памяншэння ў будучыні нараджальнасці.

«Сафія» распавядае пра сям’ю

У рамках універсітэта набываць веды пра сямейнае жыццё і баць­коўства хочуць 28,9 % апытаных студэнтаў. Самая цікавая тэма, за якую прагаласавала 33 %, ства­рэнне камфортнай эмацыйнай атмасферы ў сям’і. На такі запыт адказвае рэспубліканскі праект «Сафія», заснаваны на базе БДУ. Пра мэту і задачы лекцыі распа­вяла кіраўнік праекта і начальнік аддзела моладзевых праграм і праектаў УВРМ Наталля Ярашэвіч:

«У апошні час інтэрнэт, фільмы і серыялы лідзіруюць сярод крыніц адказаў на шматлікія пытанні для моладзі. Наш праект – здаровая альтэрнатыва, дзе разам з запрошанымі лектарамі маладыя людзі пачынаюць звед­ваць праўду, бачыць інфармацыйнае насаджэнне лжэкаштоўнасцяў, адчуваць сілу адзінства ў традыцыйных поглядах. Для стварэння шчаслівай сям’і тыдзень – вельмі мала. Але адзін тыдзень можа дапамагчы ўбачыць аснову для стварэння шчаслівых адносін і разуменне: калі чалавек шчаслівы ў сям’і, ён хутчэй рэалізуецца ў любой сферы. І, што немала­важна, развіццё адбываецца гарманічна, без пера­косаў. Шчаслівая сям’я – гэта рашэнне пытанняў не толькі асабістых, але і дзяр­жаўнага маштабу. Таму так важна надаваць гэтаму адмысловую ўвагу».

Вам таксама можа спадабацца: