Дэкан ФПКП Наталля Манцурава распавяла пра адукацыю на працягу ўсяго жыцця

16 Jul, 2019.

Сёння адзін з галоўных трэндаў у сферы адукацыі – бесперапыннае навучанне. У ВНУ з’яўляецца новая задача: не толькі выпускаць запатрабаваных спецыялістаў, але і дапамагаць ім увесь час удасканальваць свае веды і навыкі. У БДУ дадатковай адукацыяй дарослых займаецца факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. З яго дэканам Наталляй МАНЦУРАВАЙ мы пагаварылі пра запыты рынку працы, перспектыўныя кірункі перападрыхтоўкі, запатрабаваныя адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі і навучальных курсаў.

Ад павышэння кваліфікацыі да змены прафесіі

– Факультэт займаецца перападрыхтоўкай (цяпер мы прапануем сем спецыяльнасцяў), арганізуе праграмы павышэння кваліфікацыі і навучальных курсаў, да якіх адносяцца як кароткатэрміновыя – семінары, так і працяглыя – напрыклад, моўныя курсы. У гэтым кірунку ў нас прадстаўлена даволі шырокая «лінейка»: англійская (у тым ліку для IT­спецыялістаў і для бізнес­камунікацыі), нямецкая, італьянская, французская, польская, арабская, а з верасня плануем запусціць курс па вывучэнні хіндзі.

За гэты год мы пашырылі супрацоўніцтва з падраздзяленнямі, і да нашых асноўных партнёраў – журфака, філфака, факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі, упраўлення па рабоце з персаналам і ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю – дадаліся яшчэ некалькі факультэтаў. Так, праводзіліся новыя праграмы з ФРКТ, эканамфакам, ФМА, ФСК. Акрамя таго, у найбліжэйшай перспектыве запланаваны праграмы з фізфакам, гістфакам і ўпраўленнем міжнародных сувязяў.

Ад студэнтаў да цэлых кампаній

– Асноўныя слухачы нашага факультэта – спецыялісты і кіраўнікі, якія хочуць павысіць сваю кваліфікацыю, атрымаць новыя веды. У навучальных курсах бяруць удзел і студэнты. Напрыклад, сёлета пачалі працаваць студэнцкія групы, якія вывучаюць замежныя мовы (праводзяцца курсы «Французская мова дзелавых зносін», а таксама праграма «Камунікатыўная граматыка нямецкай мовы»). Дадзены кірунак мы плануем і далей актыўна развіваць.

Акрамя таго, ФПКП прапануе адукацыйныя паслугі – праграмы дадатковай адукацыі – ВНУ і арганізацыям іншых краін. За бягучы год у нас былі рэалізаваны праграмы для Рэспублікі Казахстан і Кітайскай Народнай Рэспублікі, у тым ліку праводзіліся курсы рускай мовы, напрыклад, праграма «Руская мова як сродак міжкультурнай камунікацыі» для студэнтаў Ланьчжоўскага ўніверсітэта, якія прыехалі ў БДУ і на працягу студзеня вывучалі рускую мову.

30 мая былі ўручаны сертыфікаты ўдзельнікам тэматычнага семінара «Камунікатыўная кампетэнтнасць урача». Навучанне прайшлі 17 урачоў установы аховы здароўя «Гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі»

Адзначу, што мы актыўна пашыраем супрацоўніцтва з карпаратыўным сектарам. Калі раней нашым асноўным замоўцам кадраў было Міністэрства інфармацыі, то сёлета мы сумесна з эканамфакам арганізавалі праграму на замову Нацыянальнага банка. Цяпер прапрацоўваем праграму з Беларускай атамнай электрастанцыяй. Нядаўна завяршылася праграма, арганізаваная на запыт бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі: правялі для ўрачоў навучальны семінар­трэнінг псіхалагічнай скіраванасці «Камунікатыўная кампетэнтнасць урача». Дарэчы, гэта быў выязны семінар – адна з формаў навучання, якую мы цяпер развіваем. У чэрвені пачынаюцца праграмы «Лацінская мова і ўводзіны ў антычную культуру» (распрацавана сумесна з філфакам для выкладчыкаў лацінскай мовы). Сумесна з гістфакам для кіраўнікоў і супрацоўнікаў устаноў культуры, прадпрыемстваў турыстычнай індустрыі, экскурсаводаў, гідаў­перакладчыкаў, суб’ектаў аграэкатурызму распрацавана праграма «Этнакультурная спадчына Беларусі і яе выкарыстанне ў турызме».

Увага практыкам

– Як я ўжо адзначыла, пераважна нашы слухачы – дарослыя людзі, якія маюць вышэйшую адукацыю. Прыходзячы да нас вучыцца, яны мяркуюць атрымаць новыя веды, набыць канкрэтныя вузкія кампетэнцыі, неабходныя ім у працы. Гэта ўскладняе і распрацоўку праграм, і пошук выкладчыкаў, якія змогуць задаволіць запыты слухачоў. Мы не толькі прыцягваем да выкладання супрацоўнікаў БДУ, але і ўзаемадзейнічаем са спецыялістамі­практыкамі. Напрыклад, праграма «Дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў Рэспубліцы Беларусь і свеце: новыя магчымасці па развіцці інфраструктуры» распрацавана сумесна з Нацыянальным агенцтвам інвестыцый і прыватызацыі пры Міністэрстве эканомікі, паколькі іх спецыялісты паглыблена займаюцца гэтай тэмай. А праграма «Франчайзінг як інструмент стварэння і развіцця бізнесу» падрыхтавана з асацыяцыяй «Белфранчайзінг». Прыцягненне спецыялістаў­практыкаў – гэта абавязковая ўмова для таго, каб праграма была цікавай і канкурэнтаздольнай на рынку паслуг дадатковай адукацыі.

Курсы павышэння кваліфікацыі куратараў навучальных груп па адукацыйнай праграме «Выхаваўчая работа куратара БДУ: псіхолага­педагагічныя і арганізацыйна­метадычныя аспекты»

Прасоўванне інавацыйнага выкладання

– Сёлета ФПКП стаў удзельнікам міжнароднага праекта ERASMUS + PRINTeL «Змены ў адукацыйным асяроддзі: укараненне інавацыйнага выкладання і навучання для паляпшэння адукацыйнай дзейнасці студэнтаў у краінах Усходняга партнёрства». У рамках гэтага праекта мы правялі ва ўніверсітэце бясплатныя семінары і ­трэнінгі па адукацыйных інавацыях для выкладчыкаў па наступных тэмах: актыўнае навучанне з акцэнтам на выкарыстанні ў адукацыйным працэсе ІКТ; відэатэхналогіі ў выкладанні і навучанні; мабільныя прыкладанні і гейміфікацыя ў адукацыйным працэсе; тэхналогія «Перавернуты клас»; тэхналогія гібрыднага (змяшанага) выкладання і навучання. А цяпер па інавацыях у адукацыі плануем распрацаваць праграму павышэння кваліфікацыі для выкладчыкаў і настаўнікаў.

Адукацыйная праграма павышэння кваліфікацыі «Суправаджэнне інтэрнэт­СМІ»

Галоўная задача – адказваць на запыты рынку

– Канкурэнцыя ў сферы дадатковай адукацыі дастаткова высокая, таму мы, прадумваючы і распрацоўваючы новыя кірункі, вывучаем запатрабаванні рынку, шукаем уласную нішу. Вялікая праца была прароблена па распрацоўцы новых праграм, яны канкурэнтаздольныя, і для іх далейшай папулярызацыі мы будзем узмацняць маркетынгавую дзейнасць: праз інфармацыйнае рассыланне для прадстаўнікоў карпаратыўнага сектара, сацыяльныя сеткі і іншыя рэкламныя сродкі.

Мы плануем развіваць праграмы ў галіне бізнесу і маркетынгу. Сумесна з эканамічным факультэтам будзе арганізавана праграма «Маркетынгавыя даследаванні». Таксама на ФПКП плануецца правядзенне семінара «Кіраванне продажамі. Эфектыўныя тэхналогіі продажаў», а з мэтай павышэння фінансавай пісьменнасці насельніцтва – навучальных курсаў па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці і бізнес­планавання.

Гутарыла Валерыя БАНДАРЧЫК

print

Вам таксама можа спадабацца: