Анатоль Афанасьевіч ТОЗІК, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, стаў наступным героем нашай серыі матэрыялаў, якія выходзяць пад агульнай назвай “Калыска характару”. Кіраўнік інстытута расказаў пра тое, які куток краіны стаў для яго малой радзімай, якую ролю гэта месца адыграла ў жыцці. Таксама ён назваў 5 слоў, якія ў яго асацыіруюцца з малой радзімай.
– Я нарадзіўся на Палессі ў вёсцы Казанск. Тады гэта быў Даманавіцкі раён Палескай вобласці, цяпер Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці. Звычайна малой радзімай лічаць той кавалачак зямлі, дзе чалавек нарадзіўся і зрабіў першыя крокі. Але я думаю, што могуць быць і іншыя крытэрыі малой радзімы. Па-рознаму складаецца жыццё, і не толькі першыя гады пакідаюць у памяці глыбокія сляды.
1. Палессе
Лічу сябе беларусам-палешуком, хоць наша сям’я пражыла там нядоўга. Бацька быў чыгуначнікам, і, калі мне ішоў чацвёрты год, сям’я пераехала ў Жлобінскі раён.
2. Родная хата
Жылі мы ў невялікай хатцы, складзенай у пасляваенныя гады са старых шпал, пры самай чыгунцы (да рэек было метраў 25–30). Менавіта з гэтым месцам звязаны мае першыя дзіцячыя ўспаміны.
3. Школа
Мне вельмі дарагія тыя месцы, дзе прайшлі мае школьныя гады, там яшчэ жывуць мае школьныя сябры, на вясковых могілках магілы маіх бацькоў. У 1966 годзе я скончыў Мормальскую сярэднюю школу, якая была ў найбліжэйшай вёсцы. Тады ж – а было мне сямнаццаць гадоў – з’ехаў у Мінск і паступіў на гістарычны факультэт БДУ.
Большую частку свайго жыцця пражыў у Мінску, за выключэннем пяці гадоў, калі ў якасці пасла нашай краіны жыў і працаваў у Пекіне.
4. Брэстчына
З 2000 да 2006 года, працуючы старшынёй Камітэта дзяржкантролю краіны, быў упаўнаважаным Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці і вельмі прывязаўся да Брэстчыны.
5. Белдзяржуніверсітэт
Усе гэтыя месцы для мяне аднолькава дарагія. Але калі б мяне папрасілі назваць штосьці адно, то я б сказаў: мая малая радзіма – гэта перш за ўсё наш універсітэт.
Мая студэнцкая юнацкасць прайшла ў аўдыторыях БДУ і ў інтэрнаце на Свярдлова, дзе ўсе гады мы, шэсць аднакурснікаў, дружна пражылі ў адным пакоі. Наступныя амаль восем гадоў таксама прайшлі ва ўніверсітэце – аспірант, выкладчык, сакратар камітэта камсамола ўніверсітэта.
Я сапраўды шчаслівы, што пасля сыходу ў адстаўку з дзяржаўнай службы я магу яшчэ штосьці зрабіць для ўніверсітэта – сваёй асноўнай малой радзімы.
Гутарыла Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фота з асабістага архіва А. Тозіка
Чытайце таксама: “Усё добрае і станоўчае я звязваю менавіта з гэтым мястэчкам”, — Ала Мелех пра малую радзіму;
“Гэта маладосць, той перыяд, калі ўсё было выдатна”, — Іван Янушэвіч пра малую радзіму;
“Вольны час быў як свята”, — Пётр Брыгадзін пра малую радзіму;
“Я ганаруся сваёй сям’ёй”, — Таццяна Гаеўская пра малую радзіму;