Паступаеш у БДУ? Адказваем на 9 важных пытанняў пра асабісты кабінет абітурыента

17 Jul, 2019.

Час прыёмнай кампаніі – сапраўдная гарачая пара. Абітурыентам БДУ зэканоміць час на падачы дакументаў ва ўніверсітэт, пазбегнуць чэрг у прыёмную камісію і памылак, якія ўзнікаюць пры запаўненні дакументаў у мітусні, дапаможа асабісты кабінет. А ўжо пасля падачы ён дазволіць адсочваць у рэжыме рэальнага часу бягучы прахадны бал на абраную спецыяльнасць і «паведаміць» радасную навіну ў выпадку паступлення. Распавядаем, як стварыць асабісты кабінет, і адказваем на самыя найбольш частыя пытанні.

1. Дзе размяшчаецца асабісты кабінет студэнта?

Асабісты кабінет можна стварыць на сайце www.abiturient.bsu.by. Ва ўкладцы «Прыёмная кампанія» перайдзіце ў раздзел «Асабісты кабінет абітурыента».

2. Як зарэгістравацца?

Неабходна запоўніць усе палі рэгістрацыйнай формы. Будзьце ўважлівыя і запамінайце, на які менавіта адрас электроннай пошты вы рэгіструеце асабісты кабінет. Пераканайцеся, што вы памятаеце пароль ад паштовай скрыні, паколькі на яго будзе высланы код пацвярджэння рэгістрацыі.  Таксама зафіксуйце пароль ад асабістага кабінета абітурыента.

3. Я зарэгістраваўся ў асабістым кабінеце, што рабіць далей?

Пасля пацвярджэння адраса электроннай пошты вы можаце ўвайсці ў свой асабісты кабінет. Зараз спакойна, не спяшаючыся, запоўніце анкету і заяву. У анкету ўнясіце пашпартныя дадзеныя, балы цэнтралізаванага тэсціравання і іншую інфармацыю, усё пераправерце, прымацуйце фатаграфію. Абодва дакументы пасля запаўнення неабходна раздрукаваць. Поўны пакет дакументаў разам з раздрукаванымі з асабістага кабінета анкетай і заявай вам трэба будзе падаць у сакра­тарыят прыёмнай камісіі таго факультэта, на які паступаеце.

4. Пры запаўненні анкеты была дапушчана памылка, яе можна выправіць?

Вы можаце рэдагаваць усе палі анкеты да таго моманту, як падасце яе разам з іншымі дакументамі ва ўніверсітэт. Пасля падачы магчымасць рэдагаваць дакумент у асабістым кабінеце для вас блакуецца, але не хвалюйцеся, супрацоўнік прыёмнай камісіі пераправерыць анкету, зверыць інфармацыю і ўнясе змены, калі выявіць памылку.

5. Якую фатаграфію прымацаваць да анкеты, сэлфі падыдзе?

Не, гэта павінна быць партрэтнае фота, як ­на дакументы. Яго не абавязкова рабіць у фотасалоне, можна сфатаграфавацца, напрыклад, на фоне светлай сцяны. Звярніце ўвагу на тэхнічныя патрабаванні да здымка: памер файла не павінен перавышаць 300 Кбайт, фармат – JPEG, прапорцыі – 3х4. Улічвайце, менавіта гэта фатаграфія будзе размяшчацца ў вашай асабістай справе і на студэнцкім білеце, калі вы паступіце.

6. Пасля падачы дакументаў я перадумаў і хачу паспрабаваць паступіць на іншы факультэт, што рабіць?

У гэтым выпадку наяўнасць асабістага кабінета абітурыента моцна зэканоміць вам час, бо анкету вы ўжо запоўнілі, трэба змяніць толькі радкі, у якіх указаны абраны факультэт і спецыяльнасць. Мы ўжо высветлілі, што, паколькі вы ўжо перадалі дакументы ў прыёмную камісію, самастойна рэдагаваць анкету вы не зможаце, таму вам неабходна асабіста прыйсці ва ўніверсітэт і напісаць заяву пра змену спецыяльнасці для паступлення.

7. Спецыяльнасць, на якую паступаю, прадугледжвае ўнутраныя іспыты. Магу я паглядзець расклад у асабістым кабінеце?

У сваім асабістым кабінеце вы зможаце даведацца расклад і месца правядзення іспытаў. А пасля таго, як выпрабаванні завершацца, у кабінеце з’явяцца вашы вынікі.

8. Я змагу адсочваць ход прыёмнай кампаніі ў рэжыме рэальнага часу?

Так, кабінет абітурыента дазваляе ў анлайн-­рэжыме адсочваць падрабязную інфармацыю пра бягучы прахадны бал на абраную спецыяльнасць. Вы будзеце бачыць, якую менавіта пазіцыю сярод тых, хто падаў дакументы, займаеце на канкрэтны момант. Больш за тое, лічба, якая пазначае пазіцыю, будзе афарбавана ў зялёны ці чырвоны колер, каб дапамагчы вам ацаніць шанцы на паступленне. Колер вызначаецца зыходзячы з плана прыёму на канкрэтную спецыяльнасць і колькасці пададзеных заяў. Напрыклад, калі ваша пазіцыя ў конкурсе – 47, а план прыёму – 50 чалавек, то лічба будзе зялёнай: на дадзены момант вы праходзіце. А калі ў гэтай жа сітуацыі ваша пазіцыя 51 – колер зменіцца на чырвоны як знак таго, што варта задумацца і разгледзець для паступлення іншую спецыяльнасць. Аднак памятайце, што да завяршэння прыёмнай кампаніі ваша пазіцыя заўсёды будзе арыенціровачнай, бо абітурыенты часта падаюць ці забіраюць дакументы ў апошні момант.

9. Я не стварыў асабісты кабінет, але ўжо падаў дакументы ў прыёмную камісію, зараз я не змагу адсочваць сваю пазіцыю?

Вы можаце зарэгістравацца ў асабістым кабінеце ўжо пасля таго, як падалі дакументы, але сачыць за ходам прыёмнай кампаніі адразу пасля рэгістрацыі, хутчэй за ўсё, не зможаце. Справа ў тым, што вам будзе неабходна запоўніць анкету ў асабістым кабінеце, а сістэма павінна яе праверыць і супаставіць з той анкетай, якую вы падалі ў прыёмную камісію, на гэта можа сысці некалькі дзён. Супастаўленне праводзіцца па цэлым наборы персанальных дадзеных, і для таго, каб анкеты звязаліся, уся інфармацыя ў іх павінна супадаць да апошняй літары. Рэкамендуем усё рабіць паслядоўна: спачатку стварыць асабісты кабінет і запоўніць анкету – потым падаваць дакументы.

Падрыхтавала
Валерыя БАНДАРЧЫК

print

Вам таксама можа спадабацца: