Летняя школа ў Даляні зноў сустрэла беларускіх студэнтаў

30 Aug, 2019.

Дваццаць студэнтаў БДУ прынялі ўдзел у другой міжнароднай летняй школе Сумеснага інстытута ДПУ–БДУ ў Кітаі з 2 па 19 ліпеня. Слухачамі сталі найлепшыя студэнты механіка-матэматычнага і фізічнага факультэтаў, якія вучацца па спецыяльнасцях “Механіка і матэматычнае мадэляванне”, “Камп’ютарная фізіка”, “Ядзерная фізіка і тэхналогіі” і “Фізіка (вытворчая дзейнасць)”.

Дадзены праект летняй школы не першы ў практыцы ўніверсітэта. Падобная школа ўжо праводзілася мінулым летам на базе Далянскага ўніверсітэта, тады 18 беларускіх студэнтаў упершыню адправіліся спасцігаць прыродазнаўчыя навукі ў Далянь. А праз паўгода Беларусь наведалі 20 кітайскіх студэнтаў – яны прынялі ўдзел у першай міжнароднай зімовай школе на базе БДУ.

Разам са студэнтамі ў Далянь адправілася старшы выкладчык кафедры англійскай мовы прыродазнаўчых факультэтаў БДУ Галіна  ПУСЯНКОВА. Менавіта яна курыравала нашых студэнтаў у Кітаі, пра праект гаворыць так:

– Праграма другой міжнароднай летняй школы – гэта вывучэнне сучасных праблем прыкладной фізікі і механікі, англійскай мовы, наведванне даследчых лабараторый ДПУ. Працоўная мова школы – англійская. Акрамя вучобы, студэнтам таксама была прапанавана разнастайная культурная і экскурсійная праграма: знаёмства з гісторыяй Кітая, сумесная падрыхтоўка нацыянальных страў, вывучэнне каліграфіі… Праблем з камунікацыяй у нас не паўстала – за кожным студэнтам быў замацаваны моўны партнёр-сябар, які дапамагаў на працягу ўсяго знаходжання ў Даляні. Заўважыла, што студэнты двух універсітэтаў пасябравалі і гатовыя зноў сустрэцца, але ўжо на зімовай школе ў БДУ.

Сёлета я выступіла як арганізатар і навуковы кіраўнік шэрагу міжнародных навуковых конкурсаў, была праведзена серыя майстар-класаў для ўдзельнікаў. Пры правядзенні гэтых конкурсаў выкарыстоўваюцца самыя інавацыйныя педагагічныя тэхналогіі. Лічу, што студэнты БДУ годна прадставілі наш універсітэт і краіну – выйгралі 5 залатых, 5 сярэбраных і 3 бронзавыя медалі. Я шчыра віншую прызёраў!

Па меркаванні Галіны Аляксееўны, падобныя падзеі ўмацоўваюць супрацоўніцтва паміж БДУ і ДПУ ў адукацыйнай сферы. “Яны выяўляюць індывідуальныя здольнасці студэнтаў, з якімі тыя атрымліваюць максімальны адукацыйны вынік. Таксама павышаецца прэстыж універсітэта, для студэнтаў Далянскага ўніверсітэта становіцца прывабнай далейшая вучоба ў БДУ. Рэгулярнае правядзенне зімовых і летніх школ Сумеснага інстытута будзе спрыяць цеснаму збліжэнню нашых устаноў адукацыі і наладжванню сяброўскіх кантактаў”, – працягвае выкладчык.

Прызёры БДУ

International Public Speaking Competition: залаты медаль (Маісееў Максім), сярэбраны медаль (Шайдак Марыя, Камяк Клаўдзія, Фралова Надзея), бронзавы медаль (Храпунова Арына)

Science Slam: залаты медаль (Гусянцоў Аляксей, Адушкевч Арцём), сярэбраны медаль (Дасюкевіч Анастасія), бронзавы медаль (Лаўраненка Валерый)

International Joint Research Project: залаты медаль (Кісурына Дар’я, Пуляк Таццяна), сярэбраны медаль (Шчакачыхін Аляксандр), бронзавы медаль (Чаркасаў Данііл)

(навуковы кіраўнік: ст. выкладчык кафедры англ. мовы прыродазнаўчых факультэтаў БДУ Г. А. Пусянкова)

Максім Маісееў, студэнт 2 курса фізічнага факультэта:

– Самыя яркія моманты для мяне – гэта міжнародныя конкурсы і інавацыйны праект, прысвечаны параўнанню БДУ і ДПУ. У камандзе з кітайскімі студэнтамі нам трэба было прааналізаваць сістэму адукацыі ў дзвюх УВА. Мы аператыўна высветлілі, якія перавагі і недахопы ёсць у кожным універсітэце, і прэзентавалі свой праект на публіцы. У выніку выйшла ярка і інфарматыўна.

Падчас праходжання летняй школы я таксама ўдзельнічаў у міжнародным конкурсе “International Public Speaking Competition”. Галоўнай задачай было цікава распавесці пра лаўрэата Нобелеўскай прэміі. Я ўжо ўдзельнічаў у падобным конкурсе ў БДУ, і гэты досвед вельмі спатрэбіўся. У камандзе са сваім моўным партнёрам Сіе Джаа мы падрыхтавалі выступленне пра савецкага фізіка Льва Ландау і здолелі не толькі данесці да публікі важнасць яго дасягненняў, але і адказаць на мноства анлайн-пытанняў, якія задалі слухачы. Па выніках інтэрнэт-галасавання нам прысудзілі залаты медаль, і я вельмі ганаруся гэтым дасягненнем!

Анастасія Нікалайчык, студэнтка 2 курса фізічнага факультэта:

– Хачу выказаць велізарную падзяку БДУ за магчымасць паўдзельнічаць у летняй школе! Для мяне гэта стала ўзрушальным вопытам: я завяла новыя знаёмствы, атрымала мноства эмоцый і, вядома, здабыла новыя веды! Зараз, пабываўшы ў летняй школе, я з нецярпеннем чакаю зімовую, каб убачыць сваіх новых сяброў і пазнаёміць іх з нашым універсітэтам і краінай.

Дар’я Кісурына, студэнтка 3 курса фізічнага факультэта:

– Думаю, абмен вопытам – гэта важная частка навучання, таму што так з’яўляецца магчымасць не толькі ўбачыць сістэму адукацыі, але і ўключыцца ў яе.

– Набыты досвед неацэнны: новыя веды, магчымасці, практыка размоўнай і прафесійнай англійскай мовы, першы паспяховы вопыт удзелу ў міжнародным навуковым конкурсе. Усё гэта – стымул да далейшых поспехаў! – дзеляцца сваімі ўражаннямі студэнткі 1 курса механіка-матэматычнага факультэта Марыям Маўсісям, Надзея Фралова, Марыя Шайдак.

 Другая міжнародная летняя школа праходзіла ў рамках Сумеснага інстытута, які быў створаны ў 2017 годзе паміж Далянскім політэхнічным універсітэтам і БДУ. Дарэчы, па ўмовах навучання ў Сумесным інстытуце, яго выпускнікі атрымліваюць дыпломы адразу двух універсітэтаў: ДПУ і БДУ.

Алёна ВОЛКАВА

print

Вам таксама можа спадабацца: