Віват студэнт! Віват БДУ! Менавіта гэтыя словы далі старт штогадовай канцэртнай праграме для першакурснікаў, якая прайшла 1 верасня ў Палацы спорту.
Знаёмства нашых новых студэнтаў з будучай альма-матар пачалося з яркага захапляючага лазернага шоу, парада дэканаў пад гербамі факультэтаў і вітальнай прамовы рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэя Караля.
Андрэй Дзмітрыевіч пажадаў кожнаму з першакурснікаў пражыць час навучання ў найлепшай ВНУ краіны як адзіны ўздых і знайсці тут саміх сябе, навучыцца выходзіць за ўласныя межы і глядзець на сябе вачыма іншых людзей, навучыцца чуць і слухаць суразмоўцу, каб тыя веды, якія будуць выпрацоўвацца разам з выкладчыкам, зрабілі кожнага шчаслівым на ўсё наступнае жыццё.
Пасля вітальнага слова кіраўніка ўніверсітэта на сцэну запрасілі студэнтку першага курса Валянціну Хмялеўскую, якая набрала 398 балаў і паступіла на факультэт міжнародных адносін. Ёй выпаў гонар прамовіць урачыстую клятву першакурснікаў і атрымаць сімвалічны студэнцкі квіток пад акампанемент універсітэцкага гімна, які выканала група “Галант”.
У другім блоку канцэртнай праграмы вядучыя прадстаўлялі найлепшыя творчыя калектывы нашай ВНУ, а ў трэцяй частцы свята новых студэнтаў віншавалі сваімі выступленнямі зоркі БДУ і беларуская рок-група NIZKIZ.
Саліст групы Аляксандр Ільін распавёў, што яны ўжо другі год запар выступаюць на “Віват студэнт!” і што першакурснікі з цеплынёй прымаюць іх творчасць. “Усе вельмі бадзёрыя, прыгожыя і вясёлыя. Хочацца ім пажадаць заставацца самімі сабой, старацца, і ўсё будзе добра. Ніякіх звышнатуральных рэчаў, проста рабіць тое, што ім падабаецца, сумленна, шчыра, і ўсё атрымаецца!” – такія цёплыя словы перадаў Аляксандр нашым дарагім першакурснікам праз газету “Універсітэт”.
Але канцэртная праграма – гэта далёка не ўсё, з чаго складалася мерапрыемства “Віват студэнт!”. У холе Палаца спорту размясціліся грамадскія арганізацыі БДУ са сваімі пляцоўкамі. Кожная з іх падрыхтавала для студэнтаў непаўторную забаўляльную праграму.