Студэнткі і магістранткі БДУ на пяць дзён адправіліся ў САК «Брыганціна», каб развіць свае лідарскія навыкі. З 2 па 5 верасня дзяўчаты прайшлі трэнінг, які падрыхтавалі супрацоўнікі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ. Уласны лідарскі стыль, гендарная роўнасць, актывізм і англамоўная камунікацыя – вось чым былі напоўнены гэтыя дні.
«У Беларусі адзін з самых высокіх паказчыкаў удзелу жанчын у палітыцы ў Еўропе, каля 30 %. У некаторых краінах, напрыклад, Германіі, ёсць квоты ў парламенце толькі для жанчын, мы прапануем такое і іншым краінам», – гаворыць Цііна Кукаама-Бах, начальнік аддзела дэмакратычнага ўпраўлення і гендарнай роўнасці ў БДІПЧ.
Гэтая арганізацыя выступае за роўныя магчымасці мужчын і жанчын, асабліва ў палітыцы. «Для паляпшэння сітуацыі мы праводзім спецыяльна распрацаваныя трэнінгі па лідарстве для маладых жанчын. У будучыні яны могуць заняць пасады ў парламенце», – тлумачыць Ніно Чантурыя, эксперт па пытаннях гендарнай роўнасці і камунікацыі.
З раніцы да вечара дзяўчаты шукалі свой лідарскі стыль, вызначалі каштоўнасці і таленты. На англійскай іх праводзіла Каміла Чарвінска, эксперт у галіне лідарства.
Ад універсітэта спікерам выступіла начальнік аддзела моладзевых праграм і праектаў УВРМ Наталля Ярашэвіч. Яна патлумачыла, чым абгрунтавана меркаванне «зарплата ў жанчын у Беларусі меншая, чым у мужчын»: уся справа ў сферах занятасці. Колькасць жанчын-работніц у сферах аховы здароўя і сацыяльных паслуг (85,6 %) і адукацыі (81,2 %) шмат у чым перавышае ў працэнтных суадносінах колькасць мужчын. Як вядома, заработная плата ў дадзеных сферах невысокая. «У БДУ створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі дзяўчат. У конкурсе «Найлепшы моладзевы праект–2018» з сямі пераможцаў было шэсць дзяўчат, а ў 39 пададзеных праектах 27 кіраўнікоў-дзяўчат. Дарэчы, самая маладая дэпутат Мінгарсавета – наша магістрантка Вольга Цесакова», – распавяла Наталля.
Не абышлося і без прыкладу палітычнага лідарства – Людмілы Макарынай-Кібак – урача-отарыналарынголага, члена Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і старшыні пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы.
Пра сваю медычную і палітычную кар’еру, прафесійнае станаўленне, сакрэты планавання і сямейныя каштоўнасці яна распавяла на сустрэчы з дзяўчатамі. «Калі разумееш боль і спагадаеш людзям у медыцыне, а ў палітыцы разумееш тое, што трэба народу – зможаш дапамагчы. Пацыенты і грамадзяне на прыёме вельмі падобныя: адны скардзяцца на хваробы, іншыя скардзяцца, што цячэ дах. Для таго, каб дамагчыся поспеху, трэба шмат працаваць: сумленна, шчыра і цалкам аддаючы сябе справе. Калі хочацца сысці адразу пасля працы, каб дома паляжаць на канапе, то нават не варта пачынаць. Я называю свой стыль лідарства матчыным. Лічу, што павінна пра ўсіх паклапаціцца. Заўсёды ведаю, што ў каго ў сям’і, якія праблемы: калі ты не жывеш праблемамі свайго калектыву, вельмі цяжка ім кіраваць», – падзялілася яна на нефармальнай сустрэчы.
Людміла Эдуардаўна супакоіла дзяўчат і прадстаўнікоў БДІПЧ: ніякіх перашкод пры пабудове кар’еры і ўрача, і палітыка ёй не стваралі: «Часам бар’еры будуюць сабе самі жанчыны, калі няправільна ўспрымаюць атачэнне. У перыяд маёй працы ў РНПЦ отарыналарынгалогіі я кіравала 1300 супрацоўнікамі. У нашай краіне ў жанчын няма перашкод у пабудове кар’еры – яны задзейнічаны і ў палітыцы – у нас 30 % жанчын у парламенце. Важная ў першую чаргу кампетэнтнасць спецыяліста, а не яго пол. Наадварот, дзе б я ні з’яўлялася: у клініцы, акадэміі, на тэлебачанні – я чую шмат кампліментаў, і гэта ўздымае мне настрой», – прызналася яна.
Удзельніцы трэнінгу атрымалі рэкамендацыі правесці аналагічныя мерапрыемствы па тэме жаночага лідарства на сваіх факультэтах і ў студэнцкіх арганізацыях БДУ.
Надзея МАРХЕЛЬ