Кожны год БДУ святкуе Дзень маці: гэта не толькі павага да родных, а яшчэ і шанаванне выкладчыц і супрацоўніц універсітэта. Як прайшла галоўная імпрэза агульнаўніверсітэцкага свята і які сэнс у яго укладаюць арганізатары, даведалася газета «Універсітэт».
Акцыю ў галоўным корпусе БДУ «Павіншуем нашых мам разам» падрыхтавалі УВРМ, прафкам БДУ і цэнтр валанцёрскай дзейнасці ўніверсітэта. Кожны мог падпісаць прыгожую паштоўку, малюнак на якой кожны год новы. «Дызайн на свята вось ужо некалькі гадоў распрацоўвае студэнтка Марыя Бухцеева. Раней мы выкарыстоўвалі таксама і канверты, якія адпраўлялі па розных кропках Беларусі – да мам студэнтаў. Аднак шмат лістоў вярталася назад, таму мы вырашылі наўпрост аддаваць паштоўкі маладым людзям, каб дома яны асабіста павіншавалі матулю», – кажа Дар’я СПЯЦАНАВА, намесніца старшыні прафкама.
Да напісаных слоў падзякі можна дадаць і кветкі, якія не завянуць. Майстар-клас па стварэнні прыгожых кветак з фаамірану правялі дзяўчаты з цэнтра валанцёрскай дзейнасці БДУ. Так, неўзабаве з-пад іх рук з’явіліся цэлыя букеты руж, гіяцынтаў, калаў. З ахвотай кветкі майстравалі хлапчукі, а некаторыя з захапленнем прасілі падараваць хоць некалькі штучак такой прыгажосці і радасныя хутчэй ішлі дадому. Студэнтка біялагічнага факультэта Дар’я АГАРОДНІКАВА прызнаецца, што кветкі рабіць нескладана, і сама з радасцю дапамагае іншым. Пасля пар яна вядзе заняткі з пенсіянерамі, вучыць іх маляваць, і ад настаўніцтва атрымлівае вялікае задавальненне.
Важнасць штогадовага святкавання Дня маці для ўніверсітэта падкрэслівае кіраўніца цэнтра і начальніца аддзела моладзевых праграм і праектаў УВРМ Наталля ЯРАШЭВІЧ:
— Мама – тая, хто знаходзіцца з чалавекам яшчэ да яго нараджэння. Трэба памятаць, што мамы нам даюць роўна столькі, колькі могуць даць. Бываюць цяжкія сітуацыі ў сем’ях студэнтаў, але заўсёды знайдзіце, за што падзякаваць. Напрыклад, за тое, што мы зараз жывём і ў нас ёсць магчымасці для рэалізацыі сябе.
Так зрабілі студэнты факультэта журналістыкі на відэа, дзе расказваюць асацыяцыі са сваімі мамамі. Шмат цікавага і прыемнага напісалі ўдзельнікі святочнага фотаконкурсу ад прафкама. У намінацыі на найлепшы фотаздымак з мамай выйграла Анастасія Чарных з першага курса ФФСН.
Фундаментальная бібліятэка БДУ таксама зрабіла цікавую акцыю «Матуліна кніга», якая захапіла не толькі студэнтаў, але і выкладчыкаў, адміністрацыю БДУ.
— Я хацела зрабіць нешта незвычайнае, – кажа супрацоўніца Фундаментальнай бібліятэкі, жонка і маці Кацярына РОЎДА. – Гэта акцыя паказвае і ролю кнігі ў станаўленні асобы, і сувязь маці і дзіцяці праз кнігу, праз чытанне. Патрэбна было напісаць пра сваю матулю і кнігу, якая асацыюецца з дзяцінствам. Часцей за ўсё гэта былі народныя казкі і байкі, «Чараўнік Ізумруднага горада» А. Волкава. Заўважыла, што любімыя дзіцячыя кнігі могуць паведаміць пра чалавека. Напрыклад, «Маленькі прынц» Экзюперы – улюбёная кніга дырэктара бібліятэкі Уладзіміра Кулажанкі.
Мерапрыемствы да Дня маці прайшлі амаль на кожным факультэце БДУ. Чакаем чэрвеня, каб адзначыць Дзень бацькі.
Надзея МАРХЕЛЬ