Аксана Здрок: “Крэатыўнае навучанне дапаможа падрыхтаваць юрыстаў, якія вырашаюць спрэчкі ў пазасудовым парадку”

31 Oct, 2019.

Загадчыца кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права юрыдычнага факультэта Аксана ЗДРОК атрымала прэмію імя У. І. Пічэты ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук за цыкл прац, якія абгрунтоўваюць канцэпцыю прававога рэгулявання прымірэнчых працэдур як сродку павышэння эфектыўнасці правасуддзя па грамадзянскіх і эканамічных справах. Яе даследаванне паўплывала на сістэму судаводства ў краіне. Мы даведаліся, як прымірэнчыя працэдуры ўздзейнічаюць на ход судовай справы, а таксама як эўрыстычныя метады здольныя выгадаваць патрэбнага спецыяліста для юрыдычнай галіны.

«Медыятар – гэта перакладчык, які валодае мовай канфліктнай сітуацыі»

«Тэму прымірэнчых працэдур вывучаю даўно. Калі збірала матэрыял для навучальнага курса па грама­дзянскім працэсе ў замежных кра­інах, то выявіла, што большасці дзяржаў знаёмая такая з’ява, як прымірэнчыя працэдуры. Яны ўкараняліся ў судовы працэс, каб памірыць бакі без вынясення судо­вага рашэння. Гэта пытанне заці­кавіла, захацелася ў ім дэталёва разабрацца», – распавядае Аксана Мікалаеўна пра пачатак вывучэння тэмы, праца над якой заахвочана прэміяй імя Пічэты.

Як адзначае выкладчык, пералік падобных працэдур вялікі: міравая дамова, перамовы, медыяцыя… Апошняя стала самай папулярнай у Беларусі. Яе асновам Аксана Мікалаеўна навучалася ў Германіі (у рамках стажыроўкі, арганізаванай Германскім фондам міжнароднага прававога супрацоўніцтва), потым знаёмілася з расійскай мадэллю медыятыўнай тэхналогіі  на факультэце філасофіі ў Санкт­Пецярбургу.

«Вышэйшы гаспадарчы суд РБ  у 2010 г. запусціў пілотны праект пра ўкараненне медыяцыі ў практычную дзейнасць. Я брала ўдзел у праекце. Тады ў будынку гаспадарчага суда Мінска быў пакой прымірэння, дзе мы дзяжурылі як медыятары. Бакі, якія спрачаюцца, ішлі па прапанове суда ў пакой медыятараў (працавалі па 2–3 спецыялісты). Гэта было новым, прысутнічала хваляванне. Затым ужо была асобная практыка, справы былі самыя розныя. Напрыклад, адна жанчына, якая займаецца гадоўляй кацянят, прасіла дапамагчы правесці перамовы. Яна прадала кацяня, а яно доўга не пражыло ў новых гаспадароў. Тыя заявілі, што не толькі спагоняць з яе матэры­яльную і маральную шкоду, але і яшчэ і «закрыюць» яе дзейнасць. Жанчына была напалоханая. Перамовы па ўрэгуляванні гэтай сітуацый далі станоўчы вынік», – гаворыць медыятар.

Паралельна з практычнай дзейнасцю ішла і навуковая праца, якая абмяжоўвалася не толькі напісаннем артыкулаў. Аксана Здрок была авуковым кіраўніком задання «Канцэптуальныя асновы павышэння эфектыўнасці права­суддзя пасродкам выкарыстання сістэмы прымірэнчых працэдур» ДКПНД «Эканоміка і грамадства». Грунтоўная навуковая справаздача лягла ў аснову праекта закона пра медыяцыю. Увесь сабраны матэрыял быў настолькі вялікі, што менавіта гэтую тэму практык абрала для сваёй доктарскай дысертацыі.

На працягу 2008–2013 гг., калі Аксана Мікалаеўна працавала ў Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў РБ, яе дзейнасць была звязана з падрыхтоўкай законапраектаў. У прыватнасці, яна прапанавала прыняцце ў Беларусі па прыкладзе замежных дзяржаў закона аб медыяцыі. Гэта прапанова знайшла водгук праз пару гадоў, калі ў сістэме гаспадарчых судоў адбыўся значны рост спраў. «Судовая сістэма стала шукаць магчымасці зменшыць  плынь. Выйсцем са становішча падаліся якраз прымірэнчыя працэдуры. Мае ініцыятывы ­як навукоўца і ініцыятывы Вы­шэйшага Гаспадарчага Суда РБ прывялі да таго, што падрыхтоўка такога законапраекта была прадугледжана Планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2010 г., і 12 ліпеня 2013 г. быў прыняты закон Рэспублікі Беларусь „Аб медыяцыі“», – працягвае загадчыца кафедры.

Пасля працы над праектам закона і яго прыняццем з’явілася неаб­ходнасць распрацаваць нацыя­нальныя праграмы падрыхтоўкі медыятараў, праводзіць трэнінгі. Гэтай працай і займалася Аксана Мікалаеўна з калегамі.

Як тлумачыць выкладчык, медыяцыя – універсальная з’ява, якая можа ўжывацца ў любой сферы грамадскіх адносін. Напрыклад, гэта сямейныя і зямельныя спрэчкі, працоўныя адносіны, эканамічная, экалагічная і іншыя сферы. Па словах Аксаны Здрок, мэта медыятара ў канфліктнай сітуацыі – дапамагчы бакам знайсці ўзаемавыгаднае рашэнне, але не прымірыць іх. Аднак гэта тонкая і прыгожая працэдура па яе завяршэнні ў шматлікіх выпадках дазваляе бакам паціснуць адзін аднаму рукі і аднавіць узаемаадносіны.

«Хутчэй за ўсё, медыятар – гэта перакладчык, які валодае мовай канфліктнай сітуацыі. Ён не дадае нічога ад сябе, не дае рэкамен­дацый і парад, а выкарыстоўвае камунікатыўныя тэхнікі (рэха­паўтор, перафразаванне, рэзюмэ і інш.), перакладае гэта так, каб бакі маглі пачуць адзін аднаго», – тлумачыць яна.

Сёння ў рэестры медыятараў Беларусі больш за 800 спецыялістаў. Практыка з 2008 года была рознай: выкарыстанне медыяцыі ў судах то паскаралася, то запа­вольвалася. Як гаворыць Аксана Мікалаеўна, спачатку былі вельмі добрыя вынікі па краіне, што дзівілі нават замежных калегаў, якія гаварылі пра «беларускі цуд». За год колькасць медыяцый, якія атрымлівалася разгледзець, вымя­ралася ў тысячах. Хоць у цэлым практыка па Еўропе нязначная – да 1 % спраў разглядаюцца ў медыяцыі. «Цяпер многія дзяржавы заклапочаны тым, як актывізаваць гэту працэдуру, зрабіць яе пры­вабнай для насельніцтва», – дапаўняе Аксана Здрок.

«Мне падабаецца эўрыстычны метад тым, што ён уключае магчымасць выявіць індывідуальнасць»

Як распавядае выкладчык, цяпер яна больш займаецца тэарэтычнай і педагагічнай дзейнасцю, паколькі сумяшчаць усё проста не атрымалася. У падрыхтоўцы юрыстаў яна падкрэслівае актуальнасць новых методык наву­чання. Па меркаванні Аксаны Здрок, у сучасным праве патрэбныя спецыялісты, якія арыентаваны не толькі на традыцыйны судовы разгляд. Сёння становіцца зразумела, што судовая абарона павінна стаць выключным і апошнім сродкам, да якога звяртаюцца тады, калі іншыя сродкі не дапамаглі. Таму галіне неабходныя юрысты, якія здольныя зменшыць колькасць прававых разглядаў і ўмеюць вырашаць спрэчкі ў пазасудовым парадку. Аксана Мікалаеўна лічыць, што падрыхтаваць такога выпускніка дапаможа крэатыўнае навучанне, інавацыі і карэкціроўка зместу навучальных праграм.

Але і выкладчыку трэба ўдасканальвацца. Неабходныя веды па эўрыстычным навучанні яна атрымала год таму на павышэнні кваліфікацыі па адукацыйнай праграме рэктара БДУ Андрэя Дзміт­рыевіча Караля «Методыка навучання праз адкрыццё: як навучаць усіх па­рознаму, але аднолькава».

«Калі я пазнаёмілася з эўрыстычным метадам дзякуючы А. Д. Каралю, то ўбачыла вельмі шмат падобнага ў гэтых формах з навучаннем медыяцыі. Інава­цыйныя метады былі мне блізкія: праца ў групах, рашэнне творчых задач. Я займаюся трэнінгавай працай у рамках медыяцыі з 2013 года, і праз мяне прайшла вялікая колькасць слухачоў. Заўважыла, што дзейнасны падыход сапраўды эфектыўны: калі чалавек праз дзейнасць, праз працу над задачай атрымлівае новыя веды, якія становяцца яго асабістымі ведамі, а не перададзенымі кімсьці. Важна адрозніваць веды і ўсведамленне. Другое магчымае толькі тады, калі чалавек прапусціў інфармацыю праз сябе. Мне падабаецца эўрыстычны метад тым, што ён уключае магчымасць выявіць індывідуальнасць. На мой погляд, гэта самая прывабная рыса да­дзенай методыкі. Цяпер на кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права новы метад выкарыстоўваецца падчас выкладання такіх дысцыплін, як „Грама­дзянскі працэс“, „Выканаўчая вытворчасць“, „Практычныя навыкі юрыста“. Мы атрымліваем добрыя водгукі ад студэнтаў. Падчас падобных заняткаў няма ніводнага сумнага студэнта, усе ўключаны ў працу», – дзеліцца выкладчык.

Па выніках навучання на курсах павышэння кваліфікацыі Аксана Здрок распрацавала цэлы комплекс заданняў, які выліўся ў «Эўрыстычны дыялогавы практыкум па тэматыцы альтэрнатыўных спосабаў вырашэння спрэчак, медыяцыі, прымірэнчых працэдур» (пад агульнай рэдакцыяй рэктара БДУ Андрэя Караля). Даступны ў электроннай бібліятэцы БДУ па спасылцы.

У практыкуме мноства займаль­ных і творчых задач. Напрыклад, студэнтам прапануецца распрацаваць сацыяльную рэкламу пра медыяцыю, стварыць эскіз біл­борда, скласці «Азбуку для медыятара­пачаткоўца», у якой на кожную літару алфавіта раскрывалася б паняцце ў сферы прававога рэгулявання медыяцыі, сфармуляваць рэкамендацыі па ўдасканаленні заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб медыяцыі. А яшчэ ва ўяўным музеі медыяцыі ім прапануецца змясціць экспанаты і падрыхта­ваць пра іх інфармацыю для экскурсавода. Прымерыць ролю вядучага інфармацыйна­забаўляльнай праграмы, якому трэба правесці інтэрв’ю з медыятарам­практыкам. Навучэнцы на падставе заканадаўства Рэспублікі Беларусь бу­дуць аналізаваць, якія магчымасці існуюць па дасудовым урэгуля­ванні спрэчкі з прадаўцом, у якога набылі няякасны тавар. І многае­многае іншае.

Таксама адзначым, што сёлета пачаў сваю працу на­вуковы гурток «Прымірэнчыя працэдуры», заснаваны ў тым ліку на прымяненні эўрыстычнага метаду.

«Думаю, гэты метад універ­сальны, – гаворыць яна. – Ведаю, што на іншых факультэтах ужо рыхтуюцца падобныя практыкумы, якія аб’яднае міжуніверсітэцкая серыя „Крэатыўная адукацыя“. Так, эўрыстычнае заданне выглядае кароткім, заклікае да гульні, але ствараць яго няпроста. Трэба ўлічваць шмат прынцыпаў фармулёўкі, каб захапіць студэнта і атрымаць практычны вынік. Таму кірунак крэатыўнай адукацыі трэба развіваць, трэба праводзіць больш навучальных мерапрыемстваў, паколькі эўрыстычны ме­тад – гэта тэхналогія, і ёй трэба вучыцца».

Гутарыла Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фота Васіля КУЗЬМІЧКІНА

print

Вам таксама можа спадабацца: