У 2019/2020 навуч. годзе ў БДУ 411 студэнтаў атрымалі зніжку на аплату навучання. Сярод іх 1 студэнт завочнай формы навучання і 5 замежных грамадзян. На пытанні пра тое, як атрымаць такое паніжэнне аплаты, нам дапамагла адказаць Алена ДАСТАНКА, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыйнай дзейнасці.

Алена ДАСТАНКА
1. Як можна атрымаць зніжку?
Зніжкі даюцца студэнтам на наступных умовах:
- тым, хто дасягнуў высокіх паказчыкаў у навучальнай, навукова-даследчай дзейнасці і грамадскай працы;
- тым, хто адносіцца да катэгорый грамадзян, што маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы, а менавіта студэнты:
- якія з’яўляюцца членамі малазабяспечаных сем’яў;
- якія з’яўляюцца дзецьмі-сіротамі, дзецьмі, пакінутымі без апекі бацькоў, а таксама асобы ва ўзросце 18–23 гадоў, якія страцілі апошняга з бацькоў у перыяд навучання;
- з ліку дзяцей асобаў, пералічаных у законе «Пра дзяржаўныя сацыяльныя льготы, правы і гарантыі для асобных катэгорый грамадзян»;
- інваліды I, II і III групы, дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў;
- якія маюць ільготы або з ліку асобаў ва ўзросце да 23 гадоў, што не маюць уласнай сям’і, бацькі якіх маюць ільготы, у адпаведнасці з законам «Пра сацыяльную абарону грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый»;
- з сем’яў, у якіх выхоўваецца трое і больш непаўналетніх дзяцей;
- пераможцам і прызёрам Алімпійскіх, Паралімпійскіх, Дефлімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы, сусветных універсіяд.
2. Як добра трэба вучыцца, каб атрымаць зніжку?
Паводле заканадаўства і нарматыўных дакументаў ВНУ, зніжэнне аплаты за навучанне падаецца студэнтам, якія ў папярэднім навучальным годзе паказалі высокія вынікі пры здачы сесій. У залікоўцы па выніках навучальнага года павінна быць не меней за 50 % адзнак – 9 і 10 балаў, а астатнія адзнакі – не ніжэйшыя за 6 балаў. Акрамя таго, прэтэндэнты на зніжэнне аплаты навучання павінны мець добрыя вынікі ў даследчай дзейнасці грамадскай працы ВНУ.
Зніжкі студэнтам, якія адносяцца да катэгорый грамадзян, што маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы, а таксама студэнтам, якія з’яўляюцца прызёрамі чэмпіянатаў свету і Еўропы, падаюцца пры ўмове атрымання па ўсіх прадметах адзнак не ніжэйшых за 6 балаў, уключаючы адзнакі па выніках здачы іспытаў, дыферэнцыяваных залікаў, курсавых прац і праектаў, усіх практык.
3. Наколькі можа паменшыцца аплата?
Памер зніжак студэнтам, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у навучальнай, навукова-даследчай дзейнасці і грамадскай працы, залежыць ад сярэдняга бала паспяховасці па выніках за навучальны год і не можа перавышаць 60 %.
Калі сярэдні бал складае ад 7,46 да 8,25 бала, то памер зніжкі будзе складаць 20 % ад сфарміраванага кошту навучання, ад 8,25 да 9 – 40 %, звыш 9 – 60 %.
Зніжкі студэнтам, якія адносяцца да катэгорый грамадзян, што маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы, падаюцца ў памеры 40 %.
Зніжкі студэнтам, якія з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі Алімпійскіх, Паралімпійскіх, Дэфлімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы, сусветных універсіяд, падаюцца ў памеры 60 %.
4. Як ацэньваецца памер зніжкі, калі гаворка ідзе не пра паспяховасць?
Памер зніжкі ацэньваецца пры адначасовай наяўнасці высокіх паказчыкаў у навучальнай, навукова-даследчай і грамадскай працы. Пад высокімі паказчыкамі навукова-даследчай дзейнасці разумеецца сістэмная праца на працягу навучальнага года, якая рэалізуецца ў наступных формах:
- напісанне курсавых прац, якія змяшчаюць элементы навуковых даследаванняў;
- праца ў студэнцкіх навукова-даследчых лабараторыях і гуртках;
- правядзенне самастойных даследаванняў з прадстаўленнем навуковых вынікаў на міжнародны, рэспубліканскі конкурсы навуковых прац студэнтаў, конкурс БДУ;
- наяўнасць навуковых матэрыялаў, апублікаваных або прынятых да публікацыі ў зборнікі тэзісаў дакладаў, у навуковых і навукова-практычных выданнях;
- удзел у навуковых канферэнцыях, прафесійных раённых, гарадскіх, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах;
- выкананне дзяржбюджэтных ці гасдамоўных тэм НДЛ кафедраў і НДЛ факультэта на ўмовах аплаты;
- выкананне канкрэтных нетыпавых заданняў навукова-даследчага характару ў перыяд вытворчай ці навучальнай практыкі;
- выкананне навуковых праграм і праектаў;
- удзел у выставах і алімпіядах.
Пад высокімі паказчыкамі ў грамадскай працы разумеецца сістэмная праца на працягу навучальнага года, якая рэалізуецца ў наступных формах:
- праца ў органах самакіравання і моладзевых аб’яднанняў БДУ;
- удзел у складзе творчых калектываў і іншых клубных фарміраванняў упраўлення па справах культуры БДУ, ва ўніверсітэцкіх фэстах, конкурсах і выставах мастацкай творчасці;
- удзел у складзе зборных каманд факультэта ў спартакіядзе БДУ;
- удзел у складзе зборных каманд БДУ па відах спорту ў раённых, гарадскіх спаборніцтвах, у чэмпіянатах, кубках свету, Еўропы, Рэспублікі Беларусь, Сусветнай універсіядзе, Рэспубліканскай універсіядзе;
- членства студэнта-спартсмена ў складзе нацыянальнай зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па відах спорту;
- удзел у тэатралізаваным шэсці, прысвечаным святкаванню Дня Незалежнасці;
- удзел на пастаяннай аснове ў добраахвотніцкім руху; прафарыентацыйнай працы; працы студэнцкай куратарскай службы; рэдкалегіях газет; працы прыёмнай камісіі і пры правядзенні ЦТ; працы ў якасці мадэратара і адміністратараў сайтаў факультэтаў і афіцыйных груп у сацыяльных сетках.
5. Калі студэнт разумее, што ў яго ёсць права на зніжку, куды звяртацца?
Калі вы прэтэндуеце на зніжку са сфарміраванага кошту навучання, то неабходна звярнуцца ў дэканат факультэта. Рашэнне пра падаванне зніжкі прымае камісія, у склад якой уваходзяць прарэктары, дэканы ці іх намеснікі, прадстаўнікі прафсаюзных, моладзевых грамадскіх аб’яднанняў, органаў самакіравання БДУ. Камісію ўзначальвае рэктар універсітэта.
6. А першакурснік можа атрымаць зніжку ўжо ў першы год навучання?
Зніжкі падаюцца з другога курса. Але ў першакурснікаў ёсць цэлы год, каб выявіць сябе і атрымаць зніжку ўжо ў наступным навучальным годзе.
7. На які тэрмін падаецца зніжка?
З 1 верасня, і дзейнічае да заканчэння навучальнага года.
8. Ці могуць забраць зніжку?
Зніжкі адмяняюцца ў такіх выпадках: атрыманне нездавальняльных адзнак па выніках экзаменацыйнай сесіі, парушэнне правіл унутранага распарадку і грамадскага парадку.
Водгукі студэнтаў
Дзмітрый Бялько, студэнт 4 курса факультэта міжнародных адносін. У 2019/2020 навучальным годзе дадзена зніжка 60 %:
– Я атрымаў зніжку дзякуючы высокім паказчыкам у навучальнай, навукова-даследчай дзейнасці і грамадскай працы. Мой сярэдні бал за мінулы год – 9,8. Апроч гэтага, я рэгулярна браў удзел у навуковых мерапрыемствах ФМА, БДУ і нават за мяжой. З’яўляюся членам СНДЛ «Знешняя палітыка і дыпламатыя ў сучасных міжнародных адносінах: прыкладны аналіз». Не забываю і пра публікацыі.
Змог выявіць сябе ў грамадскай працы. Я стараста сваёй акадэмічнай групы. Таксама ўдзельнічаю ў арганізацыі розных сустрэч, якія праходзяць на факультэце і ва ўніверсітэце. Што тычыцца студэнцкіх арганізацый, магу сказаць, што за час вучобы паспеў пабываць у актыве некаторых з іх, аднак пасапраўднаму я знайшоў сябе ў праектнай сферы. На дадзены момант займаю пасаду кіраўніка арганізацыйнага камітэта праекта «Мадэляванне ААН на ФМА БДУ». Адзначу, што ў снежні мінулага года ён быў прызнаны найлепшым моладзевым праектам БДУ, і ўжо з’яўляецца адной з візітовак нашага факультэта і ўніверсітэта.
Скажу шчыра, што за ўсім гэтым стаіць вялікая праца. Насамрэч, такі хуткі рытм жыцця патрабуе сабранасці і ўмення не толькі планаваць падзеі, але і прытрымлівацца вызначанага плана. І я хацеў бы падзякаваць факультэту і ўніверсітэту за стварэнне максімальна камфортных умоў для рэалізацыі свайго патэнцыялу.
Памятаю, як хваляваўся, што не паспею падацца на зніжку, таму што мой навуковы артыкул выходзіў не раней за сярэдзіну жніўня. У дэканаце супакоілі: падавацца можна не толькі ў ліпені, але і ў жніўні. А гэта вельмі зручна, бо шмат якія міжнародныя зборнікі выходзяць бліжэй да гэтага часу. Прызнаюся, што задумваўся пра зніжку, калі рыхтаваўся да сесіі. Пытанне аплаты цесна звязана з сям’ёй, бо якніяк менавіта бацькі плацяць за маё навучанне. І я разумею, што магу і павінен зрабіць усё, каб палегчыць гэты цяжар і паменшыць аплату. Гэта рэальна працуе і дапамагае мне і многім іншым таленавітым студэнтам БДУ.
Вікторыя Варанчук, студэнтка 4 курса эканамічнага факультэта. У 2019/2020 навучальным годзе дадзена зніжка 60 %:
– Зніжку атрымліваю з другога курса кожны год. Заслужыла яе і ў гэты раз дзякуючы добрай вучобе, навуковай і грамадскай дзейнасці. Мой сярэдні бал за мінулы год – 9,2. Удзельнічала ў розных алімпіядах і праектах. Сярод іх міжнародная канферэнцыя маладых навукоўцаў «Банкаўскі бізнес і фінансавая эканоміка». Я лаўрэат конкурсу праектаў «Бізнес-ідэя» на ЭФ БДУ, удзельнічала ў праекце «Лабараторыя рознічных прадуктаў» (маркетынгавае даследаванне па замове аднаго банка). Зусім нядаўна атрымала сертыфікат на праходжанне практыкі ў «Белінвестбанку» за поспехі ў вучобе, даследчай дзейнасці. Так, вучыцца – гэта праца, але калі ты ў чымсьці зацікаўлены і хочаш дасягнуць мэты, то ўсё атрымаецца. Прыемна, што за твой вынік табе робяць зніжку па аплаце. Гэта дае матывацыю працаваць і ўдасканальвацца.
Аліна Бягляк, студэнтка 4 курса эканамічнага факультэта. У 2019/2020 навучальным годзе дадзена зніжка 60 %:
– Зніжку я атрымала на падставе добрага сярэдняга бала – 9,2 (гэта ўжо другі раз за перыяд вучобы). Але ў першую чаргу на глыбокае вывучэнне прадметаў мяне матывуе неабходнасць далейшага працаўладкавання, а атрыманне зніжкі з’яўляецца дадатковай матывацыяй. На працягу ўсяго года актыўна прымала ўдзел у грамадскай працы, навуковадаследчых праграмах, канферэнцыях. На дадзены момант я з’яўляюся старшынёй жыллёва-бытавой камісіі студэнцкага прафкама на эканамічным факультэце, а таксама выконваю абавязкі старшыні студэнцкай жыллёва-бытавой камісіі БДУ. Засяленне студэнтаў у інтэрнат займае нямала часу, гэта вялікая адказнасць, і, каб з усім справіцца, мне прыйшлося прыкласці намаганні.
Падрыхтавала Алена ЛЯЎШЭНЯ