“Тэатральны куфар, БДУ–2019”: 12 яркіх спектакляў, больш за 150 артыстаў з 9 краін

20 Nov, 2019.

Урачыстае адкрыццё XVI Міжнароднага фэсту студэнцкіх і моладзевых тэатраў адбылося 19 лістапада. Дэвіз фэсту ў гэты раз – “Парушаем раўнавагу”. Сёлета арганізатары вырашылі адысці ад традыцыйных тэатральных жанраў і падрыхтавалі для гледачоў унікальныя пластычныя пастаноўкі – на іх і робіцца акцэнт, з іх амаль на траціну складаецца праграма.

У фэсце паўдзельнічаюць прафесійныя і аматарскія калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Грузіі, Эстоніі, Францыі, Інданезіі і Непала. Убачыць пастаноўкі можна па 24 лістапада на 4 пляцоўках сталіцы: у ліцэі і арт-прасторы БДУ, клубе Hide, Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў.

На адкрыцці тэатральнага свята з прывітаннем да акцёраў, гасцей і гледачоў звярнуўся прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Іван Янушэвіч, ён пажадаў удзельнікам фэсту плённай працы і поспехаў.

 Эдуард Тамільчык, начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Міністэрства адукацыі, зачытаў вітальны адрас ад міністра адукацыі Ігара Карпенкі:

– Правядзенне “Тэатральнага куфра” стала добрай традыцыяй. У 16-ы раз БДУ прымае на сваёй пляцоўцы таленавітыя тэатральныя калектывы з усяго свету. Упэўнены, сёлетні форум тэатральнага мастацтва дасць новы імпульс развіццю творчага супрацоўніцтва паміж моладдзю розных краін і прыцягне ўвагу да нашай рэспублікі як да сучаснай культурнай сталіцы. А гледачы займеюць магчымасць убачыць самую шырокую палітру тэатральных фарбаў і справядліва ацаніць талент маладых акцёраў і стваральнікаў спектакляў. Жадаю ўсім удзельнікам фэсту новых творчых здзяйсненняў, цікавых адкрыццяў і ўдзячных гледачоў.

Эдуард Тамільчык і Ірына Дрыга

Ірына Дрыга, начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры:

– Для Міністэрства культуры гэты праект цікавы тым, што студэнцкія моладзевыя тэатры, творчыя калектывы, якія прыехалі сюды з розных краін, ствараюць тое асяроддзе, з якога, магчыма, вырастуць акцёры і рэжысёры. Гэтыя таленты потым папоўняць калектывы прафесійных тэатраў.

Па словах арганізатараў, сёлета шмат эксперыментальных прац і пастановак па нацыянальнай драматургіі. Напрыклад, незвычайную інтэрпрэтацыю казкі “Чырвоны Каптурок” прадставіць творчае аб’яднанне “DIY-тэатр” з Харкава, гэта пластычная драма “Забаронены плод”. Эстонскі рэжысёр тэатра Тарту прывязе пастаноўку “Ураджай” па п’есе беларуса Паўла Пражко. Так што ў мінчукоў з’явіцца магчымасць параўнаць купалаўскую пастаноўку Дзмітрыя Цішко з гэтай працай. Непальцы прадставяць спектакль “Труна” пра моладзь, якая адпраўляецца ў краіны Персідскага заліва ў пошуках шчаслівага жыцця. Французы пакажуць гісторыю кахання марака “Кліч сірэн”. Варта паглядзець новую працу ўладальніка гран-пры мінулага года тэатра “Кішэнь” з Кемерава – пластычны спектакль Factum Fatum пра тое, як і што ўплывае на лёс чалавека. Спецыяльны госць фэсту – Тбіліскі дзяржаўны тэатр кінаакцёра імя М. І. Туманішвілі. Ён прывязе пастаноўку “Лысая спявачка”, якая неаднаразова ўзнагароджана на міжнародных фэстах. Таксама з Грузіі ў конкурснай праграме ўдзельнічае Тэатр руху Кахі Бакурадзэ з пастаноўкай “Астыгматыкі”.

Дэ Мантфорт Роб Бранен, старшыня журы

Нагадаем, пераможцу “Тэатральнага куфра, БДУ–2019” па традыцыі вызначыць глядач. Прафесійную ацэнку дасць журы на чале з дэканам факультэта мастацтваў і гуманітарных навук Універсітэта Дэ Мантфорт Робам Браненам (Вялікабрытанія). На адкрыцці ён адзначаў:

– Мы з калегамі з нецярпеннем чакаем уражанняў ад фэсту, таму што праграма выглядае сапраўды маштабна. “Тэатральны куфар” – гэта пляцоўка для абмену і сустрэч моладзі з усяго свету. Да таго ж ён з’яўляецца важным мостам паміж Усходняй і Заходняй Еўропай. Ведаю, што ўсе тэатры вельмі рыхтаваліся да выступлення на гэтым фэсце. Нашай задачай будзе абраць наймацнейшага, але я лічу, што кожны, хто прайшоў адбор на ўдзел, ужо пераможца. Упэўнены, тэатр – від мастацтва, які аб’ядноўвае людзей, мы становімся бліжэйшымі адзін да аднаго. Удзячны БДУ і арганізатарам за правядзенне фэсту. Нас чакае насычаны тыдзень!

А яшчэ знаёмім вас з праектамі фэсту, дзе ўдзельнікі таксама змогуць сябе выявіць падчас конкурснага тыдня:

 “Куфар-in-Motion” – праект, што прадугледжвае стварэнне тэатральнай пастаноўкі на працягу фэсту. За працу возьмецца член журы, педагог-харэограф, рэжысёр моладзевага тэатра “Кола” і галоўны рэжысёр цэнтра культуры “Віцебск” Уладзіслава Цвікі. Вынікам стане пластычная мініяцюра, якую пакажуць на цырымоніі закрыцця.

 “Куфардрамалаб” – рэжысёр фэсту і тэатра “На балконе” БДУ Андрэй Саўчанка падрыхтуе серыю чытак твораў сучаснай беларускай драматургіі.

Майстар-класы – старшыня журы прафесар Роб Бранен распавядзе, як увасобіць тэкст у спектакль. Рэжысёр Міляна Чосіч з Сербіі закране тэмы псіхалогіі, філасофіі ў тэатры. Майстар-клас правядзе тэатразнавец Хорхе Есды з Іспаніі.

Урачыстае адкрыццё плаўна перайшло ў праграму: на сцэне з’явілася пастаноўка “Прабелы” “Тэатра танца [Адлюстраванні]”, БДУІР, рэжысёр А. Руткоўская. Далей – да канца тыдня можна паглядзець астатнія пастаноўкі. Пазнаёміцца з поўнай афішай можна тут: tkufar.by

Алена Ляўшэня

print

Вам таксама можа спадабацца: