Выбарчае права: ад вытокаў у будучыню. Выстава да выбараў

22 Nov, 2019.

У БДУ адбылася выстава, прысвечаная галоўнай палітычнай падзеі года – выбарам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання, якія прайшлі 17 лістапада. У бібліятэчнай зале юрыдычнага факультэта дэманстравалася больш за 200 унікальных экспанатаў, прадстаўленых музеем гісторыі БДУ і Фундаментальнай бібліятэкай.

Выстава распавяла пра супрацоўнікаў універсітэта, якія працавалі ў вышэйшых органах улады ў розныя эпохі Савецкага Саюза і на сучасным этапе. Акрамя таго, наведнікі выставы пазнаёміліся з гісторыяй барацьбы жанчын у Расіі і Беларусі за атрыманне права голасу на выбарах у 1910–1920­я гг. Ініцыятарам правядзення выставы сталі Саюз жанчын БДУ і пярвічная арганізацыя БДУ РГА «Белая Русь».

Асоба лепшая за падручнікі
Выставу «Выбарчае права: ад вытокаў у будучыню» адкрыў рэктар БДУ Андрэй КАРОЛЬ. Ён высока ацаніў яе адукацыйны патэнцыял:
– Вельмі важна далучаць маладых людзей да грамадска­палітычнага жыцця краіны, бо ўжо праз 10–20 гадоў мы ўбачым цяперашніх студэнтаў сярод прадстаўнікоў органаў улады. На мой погляд, выстава ілюструе канцэпцыю Універсітэта 3.0: тут ёсць і навуковая аснова, і практыкаарыентаванасць, і асобасныя моманты, якія заўсёды прыцягваюць, і часам лепш за важкія падручнікі даюць уяўленне пра наша мінулае і сучаснасць. Гэта дазваляе ства­рыць перспектыву: што было ра­ней і што ёсць цяпер. Прасачыць генезіс выбараў не толькі ў агульнадзяржаўным рэчышчы, але і ў гендарным аспекце: якая роля жанчыны ў гэтым працэсе. Такая шматмернасць карысная з наву­ковага і пазнавальнага пунктаў гледжання.

Як гэта – быць дэпутатам?

Вольга Папко ў цэнтры

Лепш за ўсё пра выбарчыя працэсы і парламентарызм могуць распавесці самі дэпутаты. Сваім досведам падзялілася Вольга ПАПКО – намеснік старшыні пастаяннай камісіі ПП НС па міжнародных справах.
– Дэпутацкі тэрмін – гэта велізарны досвед працы, якога ў мяне не было нават за час майго кі­раўніцтва музеем «Замкавы комплекс „Мір“» і выкладання ў Брэсцкім тэхнічным дзяржуніверсітэце. Даводзілася шмат вучыцца, па­глыбляцца ў зусім розныя тэмы:
ад распрацоўкі новага Працоўнага кодэкса да рашэння культурных і побытавых пытанняў насельніцтва. Якая роля жанчыны ў беларускай палітыцы? У нашым парламенце жанчын больш за 30 %, мы са­праўды аказваем вялікі ўплыў на прыняцце дзяржаўных законапраектаў, накіраваных на паляпшэнне жыцця людзей, а таксама на выбудоўванне міжнародных адносін. Студэнтам жадаю ставіць смелыя, глабальныя мэты! Нават калі вы іх не дасягняце, то набудзеце вялікі жыццёвы досвед, які спатрэбіцца ў прафесійнай кар’еры.

Сяргей Маскевіч

На адкрыцці выступіў Сяргей МАСКЕВІЧ, дырэктар МДЭІ імя А. Д. Сахарава БДУ. У свой час ён узначальваў пастаянную камісію па міжнародных справах і нацыя­нальнай бяспецы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, а пасля займаў пасаду міністра адукацыі.
– Мне пашчасціла браць удзел у выбарах і як кіраўніку ВНУ – рэктару ГрДУ, і як кандыдату ў дэпутаты 3 і 4 скліканняў. Працуючы ў парламенце, мы адчуваем адказнасць: за цябе прагаласавалі тысячы грамадзян, і кожны спадзяецца ўбачыць вынікі тваёй працы, зразу­мець, праз які механізм ты можаш рэалізаваць яе. Роля БДУ як экспертнай супольнасці, якая ўцягнута ў працэсы грамадскай і прафесійнай экспертызы праектаў, у вы­барчым працэсе каласальная. А крэатыўная моладзь заўсёды разглядае дадзеныя ініцыятывы праз іх рэ­альную карысць для грамадзян.

Вывучаць грамадскія навукі ва ўніверсітэце вельмі важна, незалежна ад спецыяльнасці. Яны
ву­чаць інтэгральна глядзець на вынікі: бачыць агульныя заканамернасці, глабальныя працэсы і разумець, што твая дзейнасць па­вінна ім адпавядаць. Не ведаючы і не ўлічваючы сацыяльныя працэсы і заканамернасці, не сфармі­раваўшы навуковую выяву свету, можна зрабіць шмат неэфектыўных крокаў, безвынікова выдаткаваўшы сілы і сродкі. Без разумення рэ­аль­ных заканамернасцяў соцыуму ты не зможаш знайсці ў ім сваё месца.

Персоны­-эпохі
На выставе прадстаўлены агітацыйныя плакаты, бюлетэні, кнігі, выбарчыя дакументы, пасведчанні і нагрудныя значкі, асабістыя рэчы, фатаграфіі народных дэпутатаў БССР
і выкладчыкаў БДУ. «Супрацоўнікі нашага ўніверсітэта заўсёды прымалі актыўны ўдзел у працы прадстаўнічых органаў краіны і выбар­­чых працэсах. Ордэнамі, узнагародамі, рэчамі з намі падзяліліся сем’і ге­рояў выставы, некаторыя нават перадалі ў падарунак. Кожная асоба – гэта эпоха», – гаворыць Эма МАЛІНОЎСКАЯ, дырэктар музея гісторыі БДУ. Яна займалася распрацоўкай і напаўненнем выставы.


Сярод асоб-эпох шырока вядомыя афтальмолаг-прафесар Тац­­­­цяна Бірыч, акадэмік Ула­дзімір Перцаў, дзяржаўны дзеяч і дыпламат Ніна Мазай. Апошнюю на адкрыцці ўспамінаў прафесар Сяргей ХОДЗІН, старшыня пярвічнай арганізацыі БДУ РГА «Белая Русь». Яна скончыла гістарычны факультэт БДУ, абіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і займала высокія пасады ў незалежнай Беларусі. «Зараз, на жаль, яна не можа быць з намі: 26 чэрвеня перастала біцца яе сэрца. Яна прыклад, як служыць Айчыне. Вельмі важна, каб гэтая пераемнасць,
адказнасць за лёс універсітэта і краіны суправаджала маладое пакаленне і мы былі ўпэўнены
ў будучыні», – з пачуццём прамовіў прафесар.

З цеплынёй і падзякай успом­ніў сваіх настаўнікаў і Андрэй РУСАКОВІЧ, загадчык кафедры дыпламатычнай і консульскай службы ФМА:
– Азнаёміўшыся з гэтай выставай, я звярнуў увагу на дзве пер­соны. Першая – навуковы кіраўнік маёй дыпломнай працы Леў Шнеерсон, больш за 50 гадоў ён кіраваў кафедрай новай і найноўшай гісторыі. Яго лекцыі сталі класікай, ён успамінаў усе нюансы без тэксту лекцыі, напрыклад, якая марка віна стаяла на перамовах 1878 года паміж Германіяй, Аўстра­Венгрыяй і Расіяй. Другая – Леанід Кісялеўскі, рэктар БДУ, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Сваю прафесійную кар’еру я пачаў у перыяд яго рэктарства. Час быў складаны: пачатак перабудовы, шырокамаштабных пераўтварэнняў, якія прывялі да незалежнасці Беларусі. Я назіраў, як мудра і адказна тыя лідары падыходзілі да ўсіх працэсаў. Тады мы з цяперашнім дэканам юрфака Сяргеем Балашэнкам працавалі ў камсамоле, развівалі ідэі студэнцкага самакіравання, пашырэння ўдзелу студэнтаў у саветах факультэтаў. І так склалася, што 30 гадоў назад я студэнтам ужо быў членам савета ўніверсі­тэта і ўдзельнічаў у прыняцці сур’ёзных рашэнняў, якія і цяпер вызначаюць аблічча БДУ.

Агіткі і муза Маякоўскага


Другі экспазіцыйны блок выставы прадстаўлены «агіткамі» – савецкімі агітацыйнымі жаночымі плакатамі, фатаграфіямі рэвалюцыйных і савецкіх актывістак, якія змагаліся за палітычныя і грамадзянскія правы жанчын. Сярод нашых суайчынніц Алаіза Пашкевіч, Кацярына Брашко­Брашкоўская і Соф’я Шамардзіна. Пра апошнюю распавяла цікавую гісторыю Ірына КАЗАКОВА, старшыня савета ГА «Саюз жанчын БДУ». Вядомы паэт Уладзімір Мая­коўскі быў закаханы ў Соф’ю Шамардзіну, а яна аддала перавагу беларусу Іосіфу Адамовічу, старшыні Савета Народных Камісараў, і ў Беларусі зрабіла вельмі шмат для развіцця жаночага руху. З крыўдай і захапленнем паэт называў яе «Сонька-­жансавет». Яна і яе муж у Беларусі мелі такі ж статус, што Ленін і Крупская ў Маскве.
Надзея МАРХЕЛЬ

print

Вам таксама можа спадабацца: