Творчыя людзі, акіян паэзіі, а таксама неверагодныя эмоцыі – гэта Міжуніверсітэцкі паэтычны форум, які прайшоў на факультэце журналістыкі БДУ ў чацвёрты раз. 26-28 лістапада форум сабраў самых крэатыўных і таленавітых студэнтаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў Беларусі.
Сёлета на кастынгі Паэтычнага форуму прыйшло больш за 150 канкурсантаў, 28 з якіх атрымалі права прадэманстраваць сваё майстэрства ў другім туры.
Студэнты праяўлялі сябе ў намінацыях: «Чытальнік» (выкананне твора няўласнага сачынення), «Аўтар-выканаўца» (выкананне твора ўласнага сачынення). Асаблівасцю форуму ў гэтым годзе стала новая намінацыя «Аўтарская песня», удзельнікі якой павінны былі выканаць музычны твор ўласнага сачынення.
У склад аўтарытэтнага журы ўвайшлі вядомыя беларускія тэле- і радыёвядучыя, акцёры, пісьменнікі, музыкі. Сярод іх былі Святлана Бароўская (вядучая тэлеканала Беларусь 1), Алесь Бадак (пісьменнік і галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура»), Вольга Бельмач (тэле- і радыёвядучая), Міхаіл Пазнякоў (старшыня Мінскага гарадскога аддзялення пісьменнікаў Беларусі, член Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі), Саша Нэма (спявак, кампазітар, аранжыроўшчык), Michael Soul (спявак, аўтар песень) і іншыя.
У межах форуму прайшлі 6 майстар-класаў, на якіх удзельнікі даведаліся, як трымаць сябе на сцэне і працаваць з голасам, як напісаць хіт і прасунуць яго, як стварыць брэнд і зарабіць на ўласнай творчасці.
Пазнаёміцца і адпачыць канкурсанты маглі падчас цёплых кава-брэйкаў.
Удзельнікі Міжуніверсітэцкага паэтычнага форуму былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі ад партнёраў.
У намінацыі «Чытальнік» 3 месца падзялілі Анастасія Шумілава – студэнтка факультэта журналістыкі БДУ і Лізавета Кошман – студэнтка філалагічнага факультэта БДУ.
2 месца заняў Мікіта Драбеня – студэнт факультэта журналістыкі БДУ.
Пераможцам стала Марыя Буката – студэнтка факультэта журналістыкі БДУ:
– Страшна на сцэне мне не было. Я хацела падзяліцца тым, што адчуваю. А пасля цёплых слоў журы ўзрадавалася, што мяне пачулі і зразумелі. На форуме я пераканалася, што паэзія аб’ядноўвае абсалютна розных людзей.
Паэтычны форум даказвае, што трэба спрабаваць новае, не баяцца паказваць сябе і свае пачуцці. Гэта – крутое мерапрыемства, якое дазваляе выказацца, дапамагае паверыць у сябе і нават знайсці новых сяброў.
3 месца ў намінацыі «Аўтар-выканаўца» заняла Дар’я Вячорка – студэнтка філалагічнага факультэта БДУ.
Студэнтцы факультэта журналістыкі БДУ Юліі Саковіч дасталася 2 месца.
1 месца заняла студэнтка факультэта журналістыкі БДУ Аліна Смірнова:
– Я да апошняга не ведала, які твор буду чытаць, таму на кастынг прынесла некалькі сваіх вершаў і журы дапамагло мне з выбарам. Выступаць на сцэне заўсёды страшна, таму і я перажывала. Але я ўдзячная сваім сябрам, якія прыйшлі падтрымаць мяне. Яны дапамаглі мне справіцца з хваляваннем.
У намінацыі “Аўтарская песня” прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам:
3 месца дасталася Мар’яне Дуброўскай – студэнтцы філалагічнага факультэта БДУ.
Студэнтка факультэта журналістыкі БДУ Анастасія Грудніцкая заняла 2 месца.
Пераможцам стала Дар’я Шупенька – студэнтка факультэта журналістыкі БДУ:
– Мне хацелася расказаць пра сваю творчасць і пра сябе, як пра аўтара-выканаўца песень, таму я і прыйшла на форум. Гэта было маё першае выступленне ў якасці салісткі. Пра перамогу я не думала: у першую чаргу мне хацелася упэўнена выступіць і паказаць сваю музыку. На сцэне са мной былі музыкі: гітарыст Рыгор Перальма, бас-гітарыст Руслан Юроўскі і Багдан Карняйчук, які граў на кахоне. Я вельмі ўдзячная хлопцам за дапамогу. Паэтычны форум дае класны шанец паказаць сябе і паслухаць меркаванні прафесіяналаў пра сваю творчасць.
Спецыяльным госцем форуму стаў аспірант Кембрыджскага універсітэта Сяргей Гладкоў, які прачытаў вершы ўласнага сачынення.
Дзякуем арганізатарам міжуніверсітэцкага паэтычнага форуму, якімі з’яўляюцца Творчы саюз факультэта журналістыкі БДУ і ўпраўленне па справах культуры БДУ.
Ксенія МАЦЮШКА
Фота Людмілы Макаранкі