У БДУ паступіла рэкордная колькасць замежных студэнтаў (+інфаграфіка)

9 Jan, 2020.

Прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі Канстанцін КАЗАДАЕЎ распавёў пра вынікі самай паспяховай прыёмнай кампаніі замежных студэнтаў, пра прывабнасць дыплома БДУ, а таксама пра новыя адукацыйныя магчымасці.

Канстанцін КАЗАДАЕЎ

– Замежных студэнтаў у БДУ значна дадалося, чым абумоўлена такая папулярнасць нашай ВНУ?

– Калі летась колькасць тых, хто паступіў, была роўная 1542, то сёлета ў наш універсітэт залічаны на навучанне 2233 замежныя грамадзяніны з улікам дадатковых адукацыйных паслуг (стажыроўкі, моўныя курсы, летняя школа рускай мовы, павышэнне кваліфікацыі і інш.). На першую ступень вышэйшай адукацыі – 997 чалавек, у магістратуру – 335, у аспірантуру – 38, на падрыхтоўчае аддзяленне факультэта даўніверсітэцкай аду­кацыі – 596.

Калі гаварыць пра лічбы ў разрэзе факультэтаў, то ў першую пяцёрку па найбольшай колькасці прынятых патрапілі эканамічны факультэт (329), філалагічны (280), міжнародных адносін (220), журналістыкі (142), юрыдычны (85).

У колькасных адносінах асноўны рост адбыўся з-­за значнага павелічэння ліку тых, хто паступае на першую ступень навучання, таксама магістрантаў у БДУ стала прыкметна больш, чым гэта было на год раней. Вялікі набор замежных грамадзян у 2019 годзе абумоўлены ў першую чаргу актывізацыяй супрацоўніцтва з кітайскімі ўніверсітэтамі і адукацыйнымі цэнтрамі ў межах Года адукацыі Беларусі ў Кітаі. За апошні год адбылося некалькі візітаў кіраўніцтва БДУ ў Кітай, падпісаны важныя дамовы пра акадэмічнае партнёрства, адкрыты сумесны інстытут з Далянскім політэхнічным універсітэтам. Было праведзена мноства мерапрыемстваў па прыцягненні абітурыентаў, і гэта праца прынесла плён. Што да абітурыентаў з Туркменістана, то іх колькасць вырасла за кошт змен у заканадаўстве краіны. Мінадукацыі Туркменістана зацвердзіла пералік замежных ВНУ, дзе рэкамендуецца вучыцца туркменскім студэнтам, і ў гэтым спісе ад Беларусі прадстаўлены толькі БДУ, што выклікала пера­размеркаванне студэнтаў з іншых ВНУ краіны ў нашу. Можна ад­зна­чыць таксама павелічэнне коль­касці стажораў і слухачоў курсаў з Узбекістана, з якім падпісана «дарожная карта развіцця». Немалаважна, што ў БДУ пачалі праводзіць больш летніх школ і праграм дадатковай адукацыі дарослых, і ў гэтым заслуга факультэтаў, якія распрацоўваюць унікальныя праграмы і запрашаюць замежных грамадзян у іх удзельнічаць.

– З якіх краін прыязджаюць да нас на вучобу?

– Можна сказаць, што на працягу апошніх гадоў мы паступова нарошчвалі колькасць замежных студэнтаў на ўсе ступені адукацыі. Сёння ў БДУ навучаецца каля 3,7 тыс. замежных грамадзян з амаль 70 краін свету. Па апошніх звестках, у БДУ вучацца 474 магістранты, 129 аспірантаў, таксама 651 слухач факультэта даўніверсітэцкай адукацыі.

Калі гаварыць пра нацыянальны склад замежных навучэнцаў, то прыкладна 84 % з іх – гэта грама­дзяне Кітайскай Народнай Рэспублікі (51 %), Туркменістана (24 %) і Расіі (9 %). Акрамя гэтага, у БДУ прыязджаюць вучыцца грамадзяне з Таджыкістана, Казахстана, Узбекістана, Азербайджана, Арменіі і астатніх краін СНД, Ірана, Турцыі, В’етнама і іншых дзяржаў.

Маладыя людзі зрабілі свой выбар на карысць атрымання адукацыі ў найлепшай беларускай ВНУ, ацаніўшы якасць выкладання, выбар спецыяльнасцяў (рыхтуем кадры міжнароднага ўзроўню больш чым на 80 спецыяльнасцях у гуманітарных і прыродазнаўчых кірунках), матэрыяльна­тэхнічную базу, шырокую сетку міжнарод­   нага супрацоўніцтва і шэраг іншых пераваг.

– Наколькі каціруецца дып­лом БДУ за мяжой? Што высоўвае на першы план замежны абітурыент пры выбары ўніверсітэта?

– Як правіла, на прывабнасць дыплома ўплывае сусветная ацэнка ВНУ. Таму, калі абітурыент прымае рашэнне пра тое, куды накіраваць свае дакументы, ён зважае на месца ВНУ ў сістэме рэйтынгаў. БДУ ўдзельнічае ў 11 глабальных і 7 прадметных рэйтынгах. Сярод іх асобна можна адзначыць «вялікую тройку» самых аўтарытэтных сусветных агенцтваў, якія працуюць толькі з наймацнейшымі ВНУ свету: QS World University Rankings (БДУ на 351 радку), Times Higher Education (1001+ з 1258 ВНУ), Шанхайскі рэйтынг ВНУ (401­500 месца ў групе найлепшых па фізіцы). Мы маем вельмі добрыя паказчыкі, знаходзячыся ў 1,5 % найлепшых сусветных ВНУ сярод амаль 30 000 універсітэтаў свету. Пры гэтым мы працягваем працу па паляпшэнні паказчыкаў.

Канстанцін Казадаеў і рэктар Сіньянскага педуніверсітэта Лі Цзюн

– Распавядзіце пра супрацоўніцтва з іншымі ўніверсітэтамі. Як у БДУ можна атрымаць двайны дыплом? На якіх фа­куль­тэтах гэта даступна, на якіх праграмах?

– Вось ужо больш за 7 гадоў мы актыўна супрацоўнічаем з іншымі ўніверсітэтамі і кампаніямі ў галіне сумесных адукацыйных праграм. Тут прадугледжваецца выдача двайнога дыплома: БДУ і арганізацыі­партнёра, які рэалізуе навучанне ў замежжы. Гэта і I ступень па схеме «2+2» (два гады навучання ў Беларусі і два ў другой краіне) ці па іншых варыянтах, і II ступень па схеме «1+1». Такая выдатная магчымасць ёсць у Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытуце імя А. Д. Сахарава БДУ і на наступных факультэтах: эканамічным, гістарычным, міжнародных адносін, журналістыкі, механіка­матэматычным, фізічным, ідзе праца па адкрыцці САП на філфаку і ФПМІ.

Рэалізуюцца наступныя адукацыйныя праграмы:

– з Чанчунскім інстытутам міжнароднай камерцыі (падрыхтоўка ажыццяўляецца па рускай філалогіі і журналістыцы, I ступень);

– з Хэнанскім універсітэтам (кірунак – журналістыка, I, II ступені);

– з Таджыкскім нацыянальным універсітэтам (па схеме «2+2» на спецыяльнасцях «прыкладная інфарматыка», «камп’ютарная бяспека», «матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі»);

– таксама варта вылучыць працу эканамічнага факультэта і Вышэйшай школы Мітвайда – універсітэта прыкладных навук (Германія) па II ступені;

– ёсць унікальная праграма з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам, дзе адкрыта магістратура па праграме «Гісторыя беларускай дыяспары» (першы год навучання ў МДУ, а другі – у БДУ);

– атрымаць два дыпломы можна ў Сумесным інстытуце Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта і БДУ. У гэтай структуры на тэрыторыі Кітая цяпер навучаецца 237 чалавек. Характэрна тое, што ўжо сёлета мы ўпершыню набралі на навучанне беларускіх абітурыентаў у струк­туру, якая функцыянуе ў Беларусі на базе БДУ. Тут ужо навучаюцца 58 студэнтаў. Студэнты СІБД маюць магчымасць атрымаць адукацыю на базе адразу дзвюх вядучых ВНУ, удасканаліць валодан­­не англійскай мовай, атрымаць ­базавы курс кітайскай мовы. Міжнародныя стажыроўкі, а таксама супрацоўніцтва з Кітайска­беларускім індустрыяльным паркам «Вялікі камень» дазволяць студэнтам стаць кваліфікаванымі спецыялістамі міжнароднага ўзроўню.

Перавагі адукацыі ў Беларусі: прымальная аплата навучання, добрыя суадносіны кошту і якасці, бяспека, прастата асіміляцыі, даволі мяккі клімат. Выпускнікі БДУ працуюць у 120 краінах свету. Многія спецыялісты, якія атрымалі дыплом БДУ, цяпер займаюць добрыя пасады, будуюць кар’еру, развіваюцца як прафесіяналы сваёй справы.

– Якія асноўныя падыходы ў БДУ ў дачыненні да замежных студэнтаў?

– Прыцягненне замежных студэнтаў немагчымае без стварэння камфортнага псіхалагічнага клімату ў краіне знаходжання. У БДУ стопрацэнтнае засяленне для замежных студэнтаў – усе яны размяшчаюцца ў студэнцкіх гарадках. У дадатак гэта поўнае дакументацыйнае суправаджэнне, якое забяспечваюць упраўленне між­народных сувязяў і факультэт даўніверсітэцкай адукацыі. УМС увесь час падтрымлівае кантакты з навучэнцамі і дапамагае вырашаць пытанні, калі яны ўзнікаюць. Таксама ўсе навучальныя групы БДУ маюць куратараў­выкладчыкаў, якія падтрымаюць, дадуць параду ў любой сітуацыі.

Варта адзначыць, што актыўна замежная моладзь удзельнічае ў студэнцкіх арганізацыях, выяўляе сябе ў навуковай, спартыўнай, ­культурнай сферах. Замежных студэнтаў чакаюць у Савеце зямляцтваў БДУ, у склад якога ­ўваходзіць больш за 200 чалавек з 16 краін (Азербайджан, Таджы­кістан, Туркменістан, Узбекістан, Эквадор, Расія, Казахстан, краіны Афрыкі і Блізкага Усходу). Праца савета накіравана на тое, каб ствараць спрыяльныя ўмовы для замежных навучэнцаў ва ўніверсітэце, праводзіць мерапрыемствы па адаптацыі замежнікаў да ўмоў пражывання ў краіне, азнаямленне з беларускай культурай, традыцыямі.

Гутарыла
Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: