З 1 студзеня 2020 года ў Беларусі змяніўся парадак аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. Новая сістэма значна спрашчае структуру заработнай платы і не змяняе памер заробку. Разбіраемся, з якіх пунктаў складаецца «новы» разліковы лісток.
Як будуць разлічваць зарплаты?
Галоўная змена: тарыфную стаўку першага разраду замянілі базавай стаўкай, якая з 1 студзеня 2020 года – 185 рублёў. Аплата працы будзе ажыццяўляцца на аснове гэтай базавай стаўкі і 18-разраднай тарыфнай сеткі (раней яна ўключала 27 разрадаў).
Заработная плата работніка будзе складацца з аклада, стымулюючых (надбаўкі і прэмія) і кампенсіруючых (даплаты) выплат.
Прыклад. Аклад метадыста, якому ўсталяваны 8-ы тарыфны разрад, будзе фарміравацца так: 185 рублёў (базавая стаўка) х 1,57 (каэфіцыент, які прымяняецца да 8-га разраду) = 290, 45 рублёў.
Надбаўку за стаж таксама прывяжуць да базавай стаўкі, але яе памер у працэнтах, як і раней, будзе залежаць ад колькасці прапрацава-ных гадоў: да 5 гадоў – 10 %, ад 5 да 10 гадоў – 15 %, ад 10 да 15 гадоў – 20 %, ад 15 гадоў і вышэй – 30 %. Аднак зменіцца падлік самога стажу: калі раней яго лічылі па спецыяльнасці, то зараз да ўвагі бяруць час працы менавіта ў бюджэтнай арганізацыі.
Прыклад. Выкладчык працаваў 3 гады ў МІПСА і столькі ж у Беларускім дзяржаўным універсітэце, гэта значыць мае стаж працы 6 гадоў. Аднак, паводле новаўвядзенняў, залічыцца толькі стаж працы ў БДУ, паколькі МІПСА не бюджэтная арганізацыя. У выніку надбаўка за стаж складзе 10 % ад базавай стаўкі, гэта значыць 18,50 рублёў.
Надбаўка за кантракт захавана ў сумарным выражэнні, але змянілася ў працэнтным.
Надбаўкі за ступень і званне захаваны ў сумарным выражэнні, зараз разлічваюцца таксама ад базавай стаўкі.
Надбаўка педагагічным работнікам за спецыфіку працы ў сферы адукацыі (фіксаваная):
– кіраўнік з ліку ПВС (загадчык кафедры, дэкан, намеснік дэкана – 100 % ад аклада;
– спецыялістам з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу – 60 % ад аклада;
– кіраўнікам з ліку педагагічных работнікаў, начальніку спартклуба і студэнцкага гарадка, іх намеснікам, загадчыкам інтэрнатаў – 30 % ад аклада;
– педагагічным работнікам з ліку спецыялістаў (метадысты, выхавальнікі, педагогі-псіхолагі і г. д.): тым, хто не мае кваліфікацыйнай катэгорыі, уключаючы пасады, характарыстыкамі якіх не прадугледжана катэгараванне – 5 % аклада, другой катэгорыі – 10 %, першай катэгорыі – 15 %, вышэйшай катэгорыі – 20 %.
Надбаўка за характар працы педагагічным работнікам за выкананне асобных відаў прац (куратарства, прафарыентацыя, за працу з адоранымі і таленавітымі навучэнцамі, за распрацоў-ку навучальна-праграмнай дакументацыі на замежнай мове і г. д.) – у межах 5 % фонду акладаў гэтых работнікаў. Памер надбаўкі за кожны пункт да 60 % ад базавай стаўкі.
Надбаўка маладым спецыялістам (па адным з пунктаў на працягу двух гадоў):
– педагагічным работнікам, уключаным у банк даных адоранай і таленавітай моладзі, – 45 % ад аклада;
– педагагічным работнікам – 30 % ад аклада;
– іншым работнікам – 20 % ад аклада.
Надбаўка за асаблівасці прафесійнай дзейнасці:
– спецыялістам з ліку ПВС, загадчыку кафедры – у межах 20 % фонду акладаў. Канкрэтная надбаўка асноўным работнікам будзе ўсталёўвацца ў залежнасці ад рэйтынгу;
– іншым работнікам (за выключэннем рабочых і служачых) – у межах 20 % фонду акладаў.
Надбаўка за высокія дасягненні ў працы – работнікам, за выключэннем рабочых, і надбаўка за складанасць і напружанасць працы рабочым у межах рэшты аб’ёму сродкаў на аплату працы. Дадзеныя надбаўкі ўсталёўваюцца кіраўніком у межах даведзенага фонду.
Прэмія ў памеры 5 % ад аклада. Выплачваецца прапарцыйна адпрацаванаму часу.
Апроч прэмій будзе ажыццяўляцца адначасовая выплата на аздараўленне (як правіла, пры сыходзе ў адпачынак) з разліку 0,5 аклада работніка, а на выплату матэрыяльнай дапамогі (як правіла, у сувязі з непрадбачанымі матэрыяльнымі цяжкасцямі) вылучаецца гадавы фонд у памеры 0,3 сумы акладаў работнікаў.
Што ў выніку будзе з зарплатамі?
– Пры ўдасканаленні сістэмы аплаты працы не дапускаецца зніжэнне памераў налічанай заработнай платы, якія дзейнічалі на момант увядзення новых умоў працы, гэта значыць заработ-ная плата за студзень будзе такая ж, як і за снежань (без уліку снежаньскай прэміі), – каментуе прарэктар па эканоміцы і матэрыяльна-тэхнічным развіцці БДУ Міхаіл Чарапеннікаў і тлумачыць:
– З-за новай сістэмы разліку зарплаты не паменшацца. У любым выпадку аб’ём грашовых сродкаў на аплату працы ва ўніверсітэце застаўся ранейшым, колькасць супрацоўнікаў таксама, адпаведна і зарплаты будуць на ранейшым узроўні.
Каб работнікі змаглі адаптоўвацца да новай сістэмы, мы прынялі рашэнне «замарозіць» зарплату на ўзроўні снежаньскай на два месяцы, таму рэкамендую звяртаць увагу на радок «усяго» ў разліковым лістку. Нават аванс у студзені будзе дакладна такім жа, як і
ў снежні, нават калі змяніўся аклад – для псіхалагічнага спакою людзей. А для выкладчыкаў мы дамовіліся першыя два месяцы года прымяняць рэйтынг мінулага года, каб не было спакусы звязаць змены ў зарплаце з увядзеннем новай сістэмы разліку, а не з вынікамі ўласнай працы.
Важна разумець, што змяняецца сама ідэя разліку заработнай платы, зараз яна падобная да механізма аплаты працы ў прыватных кампаніях: вялікі асноўны складнік (фіксаваны) і невялікія прэміяльныя – гэта дае работніку больш гарантый.
Перажываць трэба толькі за працу, за яе якасць і вынікі, а лічбы ў разліковым лістку з-за новай сістэмы меншымі не стануць. Наогул, кожны студзень ва ўсяго ўніверсітэта змяняліся зарплаты: усталёўваліся надбаўкі, павышаючыя каэфіцыенты, гэта значыць заўсёды ў пачатку года адбывалася пераацэньванне вынікаў працы.
Калі гаварыць пра плюсы новай сістэмы, то зараз кожнаму супрацоўніку будзе прасцей зразумець, з чаго канкрэтна складаецца яго зарплата. Усе пералічаныя новаўвядзенні не з’яўляюцца істотнымі зменамі ўмоў працы, паколькі гэта не ініцыятыва наймальніка, але мы зробім дадатковыя пагадненні да кантрактаў, каб кожны азнаёміўся з тым, якія параметры для налічэння заработнай платы канкрэтна ў яго змяніліся.
Калі ў вас узнікнуць пытанні па налічэнні заработнай платы, вы можаце звярнуцца па тлумачэнні ў Галоўнае ўпраўленне планавання, эканомікі і інвестыцыйнай дзейнасці БДУ.
Падрыхтавала
Валерыя БАНДАРЧЫК
Пакуль рыхтаваўся нумар, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства фінансаў узгаднілі выплату прэміі за снежань па старой сістэме аплаты працы. У выніку ў зарплату 3 лютага ўсе работнікі атрымаюць двайныя стымулюючыя выплаты: надбаўкі за студзень па новай сістэме аплаты і прэмію за снежань па старой.