Мінулы год вылучыўся пэўным рэкордам: колькасць замежных аспірантаў у БДУ дасягнула лічбы 109. Ва ўсе папярэднія гады колькасць замежных аспірантаў не перавышала 89 чалавек. Толькі ў 2019 годзе было залічана на навучанне ў аспірантуру 40 замежных грамадзян. Газета «Універсітэт» даведалася, што стаіць за гэтымі лічбамі і чаму замежнікі выбіраюць нашу ВНУ.
Аляксандр ЗАХАРАЎ, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення навукі, начальнік аддзела аспірантуры і дактарантуры:
– Колькаснага росту навучэнцаў аспірантуры атрымалася дамагчыся дзякуючы некалькім фактарам. Па-першае, гэта высокі міжнародны рэйтынг нашага ўніверсітэта, які мае пазітыўны трэнд. Па-другое, гэта высокая эфектыўнасць нашай аспірантуры ў цэлым і, у прыватнасці, пры навучанні замежных грамадзян: працэнт абарон замежнымі грамадзянамі дысертацый у тэрмін навучання складае звыш 75 %. Адзначу, што за апошнія 6 гадоў эфектыўная праца БДУ ў галіне падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі тройчы адзначана граматамі Міністэрства адукацыі Беларусі. Па-трэцяе, гэта фінансавае стымуляванне работнікаў нашага ўніверсітэта, якія працуюць з замежнікамі эфектыўна, са сродкаў БДУ. Так, у 2019 г. істотна (у 4 разы) павялічаны прэміі работнікам, якія ажыццяўляюць навуковае кіраўніцтва замежнымі аспірантамі: прэміраванне за год складае 16 базавых велічынь. Улічана навуковае кіраўніцтва замежнымі аспірантамі ў рэйтынгу ПВС і ў іншых сістэмах матэрыяльнага заахвочвання ПВС. Сярод іншых грашовых бонусаў для навуковых кіраўнікоў замежных аспірантаў, уведзеных у 2019 г., вылучым прэміраванне тых навуковых кіраўнікоў, якія самі прывядуць замежных грамадзян для навучання ў аспірантуры БДУ на платнай аснове. Акрамя таго, у 2019 г. на дзяржаўным узроўні ў два разы павялічана аплата навуковага кіраўніцтва аспірантамі.
Апрача аспірантаў-платнікаў у БДУ рыхтуе дысертацыю даволі вялікая колькасць замежных грамадзян, якія навучаюцца ў рамках міжурадавых дамоў (усяго 23, з іх 21 атрымлівае стыпендыю). Гэтыя дамовы дазваляюць замежнікам вучыцца ў нас, атрымліваючы стыпендыю, як і грамадзяне Беларусі, і ў сваю чаргу беларусы могуць навучацца за мяжой па нацыянальным заканадаўстве краін-партнёраў. Замежнікі-платнікі навучаюцца за кошт грантаў, якія вылучаюцца для іх адпаведнай дзяржавай ці замежнымі фондамі і ўстановамі, або за кошт уласных сродкаў.
Для паступлення ў аспірантуру замежніку неабходна прайсці толькі сумоўе (для беларусаў – экзамен). Замежныя грамадзяне могуць паступаць у аспірантуру ў любы час, аднак асноўная плынь ідзе ўвосень. Што да тэрміну навучання, маем тры варыянты: 3, 4 і 5 гадоў. Каля ¾ усіх аспірантаўзамежнікаў навучаюцца да 5 гадоў і паспяваюць абараніцца ў гэты тэрмін.
Найбольшая колькасць замежных аспірантаў навучаецца на факультэтах міжнародных адносін (38), эканамічным (25), журналістыкі (12).
Калі гаварыць пра нацыянальны склад замежнікаў у аспірантуры, то пераважаюць грамадзяне Кітайскай Народнай Рэспублікі (каля
81 %). Акрамя гэтага, у БДУ прыязджаюць вучыцца грамадзяне Азербайджана, В’етнама, Ірака, Ірана, Емена, Казахстана, Лівана, Лівіі, Сірыі, Таджыкістана, Турцыі, Паўднёвай Карэі і Японіі.
Для параўнання, у наш час у аспірантуры ў комплексе БДУ навучаюцца звыш 860 беларусаў. Большасць з іх паступае сюды, маючы навуковы багаж у выглядзе артыкулаў, удзелу ў навуковых канферэнцыях і г. д. Яны ўжо знаходзяцца ў навуковым працэсе. Што да замежнікаў (за выключэннем тых, хто атрымліваў у БДУ вышэйшую адукацыю), то практычна ўсім працу над дысертацыяй даводзіцца весці з нуля. У гэтым плане, лічу, ім цяжэй, чым нашым грамадзянам.
Сёння ў БДУ навучаецца каля 3,7 тыс. замежных грамадзян амаль з 70 краін свету.
Баа Ін з Кітая, факультэт міжнародных адносін:
– Я паступіла ў БДУ па міжурадавай дамове для працягу навучання. Да гэтага я скончыла магістратуру ў Педагагічным універсітэце Унутранай Манголіі. У сваёй дысертацыі раскрываю тэму кітайска-расійскага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, навукі, тэхнікі і моладзевых абменаў. Лічу, гэта важна для будучага развіцця краіны і міждзяржаўных адносін. Мой навуковы кіраўнік прафесар Аляксандр Мухтаравіч Байчораў мне вельмі дапамагае. Вучуся ўжо пяты год, сёлета хачу абараніцца. Калі ўсё пройдзе добра, то пасля абароны буду працаваць у маім родным Педагагічным універсітэце выкладчыкам рускай мовы.
Да аспірантуры я ў Беларусі не была. А калі сюды трапіла, то зразумела, які тут добры клімат. Паколькі я нарадзілася на мяжы Кітая і Расіі, то выдатна ведаю, што такое суровы клімат, узімку тэмпература ў нас даходзіць да мінус 40 градусаў. Я ўдзельнічала ў шматлікіх канфеэнцыях не толькі ў Мінску, але і іншых беларускіх гарадах. Так што аб’ездзіла амаль усю Беларусь. Мне цікава пазнаваць краіну, і не важна, вялікі гэта ці маленькі горад.
Я заўсёды спрабую зразумець ваш менталітэт. Кітайская мудрасць кажа так: нягледзячы на адрозненні, мы заўсёды імкнёмся да адзінства і гармоніі. Мне здаецца, гэта мудрасць сугучная і з беларускай культурай. Усё дзякуючы вашай талерантнасці і гасціннасці. Беларусы з павагай ставяцца да замежнікаў любой дзяржавы і любой культуры. Так што мы пачуваемся тут у бяспецы.
Танака Хітошы з Японіі, факультэт журналістыкі:
– Я ехаў у Мінск, таму што проста хацеў авалодаць рускай мовай, але ў дадатак да гэтага адкрыў для сябе дзівосную краіну. Да прыезду ў Беларусь я год вучыўся рускай мове ў выкладчыцы ў Японіі (яна з Санкт-Пецярбурга). Тая параіла паехаць вучыцца ў Беларусь, таму што навучанне тут таннейшае, чым у Расіі, і да таго ж тут былі яе сябры, якія хвалілі тутэйшыя ўмовы.
Я хацеў вучыцца на спартыўнага журналіста, таму і вырашыў паступіць на факультэт журналістыкі БДУ. Атрымаў дыплом, адвучыўся ў магістратуры і потым па рэкамендацыі свайго кіраўніка прафесара Таццяны Мікалаеўны Дасаевай вырашыў працягнуць навучанне ў аспірантуры. Кіраўнік мне шмат дапамагае, за што я ёй вельмі ўдзячны!
У аспірантуры вучуся ўжо другі год, і калі ўсё пройдзе паспяхова, то ў 2021 годзе буду абараняць дысертацыю. Пішу на тэму нацыянальных традыцый спартыўнай журналістыкі Японіі. Да таго ж у Токіа ў 2020 г. пройдуць XXXII Летнія Алімпійскія гульні. Маштабная спартыўная падзея абавязкова патрапіць у маю навуковую працу. Пасля абароны я хацеў бы застацца працаваць у Беларусі.
Памятаю, калі я ўпершыню прыехаў у Беларусь у сакавіку, то здзівіўся вашаму марозу. Дагэтуль не прывык да чэргаў. Асабліва ў паліклініцы, у нас такога няма, усё па талончыках. Мне вельмі спадабаліся беларускія людзі. Гасцінныя і лагодныя, заўсёды гатовыя дапамагчы. У Беларусі ў мяне шмат сяброў, мне тут прыемна жыць. Часам сумую па доме, на радзіму езджу 2-3 разы ў год (там працую перакладчыкам). Я быў не толькі ў Мінску, але і ў Брэсце, куды часта езджу па працы. Я перакладчык медыцынскай сеткі Чарнобыльскай падтрымкі Японіі. Штогод прыязджае дэлегацыя з Японіі ў Брэсцкі эндакрыналагічны дыспансер, з якім яны супрацоўнічаюць. І горад мне вельмі спадабаўся.
Зносіны з беларусамі і навучанне ў БДУ паўплывалі на мой характар. Раней я быў вельмі сарамлівым чалавекам (што ўласціва японцам), а цяпер стаў больш адкрытым і таварыскім.
Нгуен Фам Куінь Ань з В’етнама, фізічны факультэт:
– Раней я не ведала пра Беларусь. Але, калі вучылася на 2 курсе ў Хюэскім універсітэце В’етнама, то даведалася, што ёсць стыпендыя дыя на навучанне ў вашай краіне. Мяне зацікавіла прапанова, таму я ўзяла стыпендыю і, здаўшы спецыяльны іспыт, паступіла па міжурадавай дамове ў БДУ на 3 курс.
Тут мне спадабалася вучыцца. Я захацела працягнуць займацца навукай, таму скончыла магістратуру і паступіла ў аспірантуру. Абрала няпростую тэму нелінейнай оптыкі. Мне дапамагае навуковы кіраўнік прафесар Святлана Мікалаеўна Курылкіна. Мой тэрмін навучання складае больш за 4 гады, ужо зусім хутка, у канцы студзеня, прызначана абарона дысертацыі. Пасля я планую вярнуцца ў В’етнам і працаваць у сваім універсітэце выкладчыкам на кафедры оптыкі і прыкладной спектраскапіі. Дыплом аспіранта мне спатрэбіцца, таму што ў В’етнаме для працы выкладчыкам абавязковая наяўнасць кандыдацкай ступені.
Пераканалася, што вучоба ў Беларусі ў пэўным сэнсе больш зручная, чым у В’етнаме. У БДУ зразумела, што магу працаваць самастойна і сур’ёзна, канцэнтравацца толькі на справе. Мне падабаецца ваша краіна: клімат, людзі, прырода. Часта гуляю пешшу (чаго не рабіла ў В’етнаме), люблю смакаваць беларускую ежу.
Гутарыла Алена ЛЯЎШЭНЯ