«Авантуры Пранціша Вырвіча». Аўтары новага прыгодніцкага фільма абмеркавалі яго са студэнтамі журфака БДУ

31 Mar, 2020.

Дзіўна, але апошні раз да гістарычнай спадчыны Беларусі ў кінематографе звярталіся ажно 15 гадоў таму! Гэта быў фільм “Анастасія Слуцкая”. У лютым 2019 года быў пакладзены старт новай карціне «Авантуры Пранціша Вырвіча». Прэм’ера фільма адбылася 19 сакавіка.

 Гістарычная карціна – экранізацыя гісторыка-прыгодніцкага рамана беларускай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай. Дзеянні ў кнізе разгортваюцца на беларускіх землях у XVIII стагоддзі, калі пануе шляхта. Тут ёсць прадстаўнікі сям’і Радзівілаў, Сапегаў, Багінскіх (правобраз Агінскіх). Але галоўны герой – Пранціш Вырвіч. Юны шляхціц адпраўляецца ў падарожжа па краіне. У дарозе яго чакаюць неверагодныя прыгоды: спускі ў падзямелле, пагоні і бітвы, сустрэчы з уплывовымі і таямнічымі людзьмі. Героі нават пракаціліся на машыне-чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы. На «Беларусьфільме» яе стварылі па эскізах італьянскага мастака і вынаходніка. Цікава, што ў фільме прыняла ўдзел толькі беларуская каманда: ад рэжысёра да масоўкі.

Пастаноўкай праекта займаўся рэжысёр Аляксандр Анісімаў, аўтар баевіка «Сляды на вадзе» і дзіцячай фантастыкі «Неверагоднае перасоўванне».

На факультэце журналістыкі 10 сакавіка адбылася сустрэча студэнтаў з рэжысёрам і аўтарам рамана Людмілай Рублеўскай, а таксама з адным з выканаўцаў галоўных роляў – акцёрам Дзмітрыем Есяневічам. Студэнты змаглі пазнаёміцца з новым беларускім фільмам, убачылі ўнікальныя сцэны, якіх не было ў трэйлеры фільма. Навучэнцы і выкладчыкі задавалі цікавыя пытанні і атрымлівалі не менш цікавыя адказы.

“Кіно без добрай групы немагчымае, – гаворыць Аляксандр, – трэба каб яна працавала як сапраўдны механізм, зладжана. І ў мяне такая была. Бачылі б вы, як за чатыры дні бабруйскае сутарэнне ператварылася ў найпрыгажэйшую бібліятэку, дзе нават біў цудоўны фантан!”

“Бюджэт гэтай дагістарычнай карціны каля 700000$”, – прызнаецца рэжысёр, – плануем рабіць міжнародныя паказы, менавіта таму і здымалі на рускай мове. Але спадзяёмся, што ўсё ж такі атрымаецца агучыць кінастужку на роднай мове”. Да слова, кніга ў арыгінале таксама напісана на беларускай мове.

Людміла Рублеўская расказала, як паставілася да прапановы зняць фільм па яе творы:

– Не буду ўтойваць, што ў мяне некалі быў горкі вопыт з “Беларусьфільмам”, але я ўсё роўна згадзілася. Спачатку я ставілася да праекта вельмі скептычна.
Раней нават тыя, хто любяць мае раманы, гаварылі, што немагчыма, каб па іх знялі фільм. “Вось, калі б гэта было б у Галівудзе…” – гаварылі яны. Мяне вельмі парадавала, што рэжысёр да майго матэрыялу паставіўся з вялікай павагай. Працаваць было вельмі прыемна. Калі я ўпершыню прыехала на месца і ўбачыла караваны фургонаў, мне не паверылася, што ўсе гэтыя людзі знаходзяцца тут, каб увасобіць мой раман у фільм.

– Ці задаволены вы вынікам? – чуецца пытанне з залы.

– Канешне. Усё гэта блізка майму сэрцу. Гэта кавалак майго жыцця.
Падлога ў полацкіх сутарэннях правальвалася. Коні, карэты, каскадзёры, жалезная чарапаха! Усё атрымалася ў самым лепшым выглядзе. Зараз пераглядаю і ўспамінаю: вось тут мы мерзлі, тут я нешта камусьці падказвала. Мне галоўнае, што здымачная група сапраўды хацела ўвасобіць тыя ідэі, якія я прыдумала. З рэжысёрам разыходжанняў не было. Крытэрыі да касцюмаў таксама ўлічваліся. Увогуле, гістарычны дэтэктыў атрымаўся. У фільме ёсць асаблівая містычная атмасфера: ноч, сутарэнні… Мне спадабалася музыка ў фільме.

– Распавядзіце, калі ласка, у чым ідэя твора і чаму менавіта такія героі ў ім.

– Ідэя ў тым, што не важна, якой ты канфесіі. Калі ты жывеш у краіне, гэта твая родная зямля. У маім творы ёсць матывы скрыжавання культур, дарог Еўропы. Вобраз Пранціша вельмі яркі, значны. Ён дзейнічае цягам некалькіх раманаў. Героя, якога граў Дзмітрый, немагчыма забіць. У яго вобразе алюзія на “тэрмінатара”. У фільме ёсць урывак са словамі I’ll be back на нямецкай мове. Менавіта Дзмітрый Есяневіч пераканаў нас сваім талентам і фантазіяй. Ён уклаўся ў ролю поўнасцю. Дадумаў нават, у выніку якіх інтрыг і злачынстваў яго герой патрапіў у Беларусь. Я б, дарэчы, такога не прыдумала. А як ён памучыўся з вокам для ролі! Сам яго купіў, папрасіў грымёраў дапамагчы яго ўставіць. Менавіта такім павінны быць сапраўдны акцёр.

На пытанне, якой выгады ад гэтага праекта чакае пісьменніца, Людміла адказвае:

– Я ніколі не жыву згодна з прынцыпам вялікіх чаканняў. Не чакаю, што з неба ўсё зваліцца, і пішу найперш для сябе. Часам гэта можа застацца ў шуфлядзе. За ўвесь той час, які я правяла на здымачнай пляцоўцы, мне не заплацілі. Я рабіла ўсё гэта для сябе, старалася сумяшчаць са сваёй працай. І мне прыемна, што я была камусьці карыснай. Атрымала шмат вопыту, пачала думаць «кіношна». Самае цяжкае – абразаць моманты. Вельмі шкада было гэта рабіць. Зараз гляджу і разумею, што ўсё роўна шмат чаго мне не хапае.

Дзмітрый Есяневіч распавёў слухачам цікавую гісторыю, звязаную са стварэннем «Авантур». Адзін акцёр проста на пляцоўцы ў момант здымак зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне. Яна, канешне, ні пра што не здагадвалася і думала, што яе паклікалі ў якасці масоўкі. Віншавалі жаніха і нявесту ўсёй групай.

Ганна ТАРАСЕВІЧ

print

Вам таксама можа спадабацца: