Ліцэйская атмасфера дапамагае заўсёды рухацца наперад. Размова з дырэктарам установы БДУ

9 Mar, 2020.

Вось ужо 30 гадоў у Ліцэі БДУ навучаюць і выхоўваюць таленавітую і адораную моладзь. Сёння гэта ўстанова адукацыі дае профільнае навучанне, мае сучаснае абсталяванне і арыгінальныя метады выкладання. З якімі вынікамі падышоў ліцэй да круглай даты, распавёў дырэктар установы Ігар ВАРАКСА.

ПАСТУПЛЕННЕ

– Каб паступіць у ліцэй, трэба мець высокі ўзровень пад­рыхтоўкі, бо сярэдні конкурс складае каля 7 чалавек на месца, а на некаторыя профілі – да 10. Скажыце, ці заўсёды была такая высокая планка?

– Мы кожны год аналізуем ­колькасць абітурыентаў. Апошні час да нас паступае прыкладна 1,5 % ад тых, хто заканчвае ба­завую школу. Зараз каля 100 тысяч дзяцей выпускаецца з 9 класа, і 1500 спрабуюць паступіць у ліцэй. Гледзячы на статыстыку за апошнія 20 гадоў, можна сказаць, што вялікі конкурс быў заўсёды. Нават калі я паступаў у 1993 г., таксама было шмат абітурыентаў. Я конкурсу не адчуў, таму што мяне запрасілі па выніках рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Але бацькі мяне не пускалі ў Мінск, таму што ліцэй у той час быў яшчэ невядомы, яму было толькі 3 гады. Таму мы дамовіліся, што калі я паступлю праз уступныя іспыты, то мяне адпусцяць. Так мне прыйшлося паступаць не толькі ­па алімпіядзе, а яшчэ і другі раз самастойна. І я паступіў.

Ігар Мікалаевіч ВАРАКСА

– Як Вы думаеце, чаму так шмат школьнікаў імкнецца патрапіць да вас? І ці маюць ­шанец тыя, у каго невысокія ­балы ў атэстаце?

– Шчыра лічу, што мае значэнне рэпутацыя ліцэя як выдатнай ус­тановы адукацыі, а гэта рэпутацыя фарміравалася на працягу 30 гадоў. Пасля заканчэння Ліцэя БДУ выпускнікі кажуць пра тое, што тут асаблівая атмасфера ўзаемапавагі. Але калі яны толькі паступаюць, то пра гэта не ведаюць, іх больш цікавяць знешнія атрыбуты.

Да нас можа паступіць любы ­вучань. Для паступлення ў Ліцэй БДУ трэба здаць толькі два іспыты па профільных прадметах, на якіх можна набраць максімум 200 балаў. Пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па ву­чэбных прадметах залічваюцца ў Ліцэй БДУ без экзаменаў. Па выніках уступных іспытаў, напрыканцы мая, мы складаем спіс рэкамен­даваных да залічэння. У мінулым годзе 145 вучняў прынеслі пасведчанне аб базавай адукацыі з адзнакай, гэта больш за палову 9­-класнікаў. А на выхадзе ў 2019 годзе былі 72 залатыя ме­далі і 26 сярэбраных. Зноў жа – амаль палова выпускнікоў скончыла ліцэй з адзнакай.

– Як моцна ўплываюць на прыём падрыхтоўчыя курсы «Вечаровы ліцэй» і сервер дыстанцыйнага навучання ліцэя?

– На курсах навучаецца 1070 вучняў, а ўсяго месцаў для залі­чэння 264. Ужо сярод слухачоў падрыхтоўчых курсаў складаецца конкурс недзе 4 чалавекі на месца. Сярод тых, хто паступае ў ліцэй, большая частка вучылася на курсах. Але ж проста наведванне «Вечаровага ліцэя» не дае гарантыі паступлення. У конкурсе ўдзельнічаюць не толькі жыхары Мінска, але і абітурыенты з усёй краіны. У мінулым годзе ў ліцэй без уступ­ных іспытаў былі прыняты 40 пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд. Тым не менш курсы і сервер дыстанцыйнага навучання даюць магчымасць больш грунтоўнай пад­рыхтоўкі. Дзякуючы ім абітуры­­енты маюць магчымасць лепш падрыхтавацца да ўступных выпрабаванняў.

ВУЧНІ

– Скажыце, ці адрозніваецца ліцэіст ад школьніка? Ці мяняецца характар з паступленнем у ліцэй?

– Па выніках уступнай кампаніі каля 60 % залічаных – гэта выпус­кнікі гімназій. Яны ўжо праходзяць пэўную селекцыю, яны і раней ­здавалі іспыты, пры паступленні ў 5 клас, напрыклад. У гімназістаў ёсць база, яны вельмі шмат зай­маліся, у іх была дапрофільная ­аду­кацыя. Ліцэісты БДУ мала адрозніваюцца ад іншых вучняў.
Але, на маю думку, ліцэісты ўме­­юць задаваць пытанні і шукаць на іх адказы. Заданні цэнтралізаванага тэсціравання (ЦТ) не патрабу­юць моцных аналітычных здоль­насцяў. Калі мы кажам пра конкурсы даследчых работ, навукова­практычныя канферэнцыі і турніры, то там патрэбныя навыкі крытычнага мыслення. Мне здаецца, у ліцэістаў з гэтым няма праблем, яны ўмеюць шукаць схаваны сэнс.

– На Вашу думку, трэба вучыць усе прадметы альбо толькі тое, што падабаецца?

– Ведаць усё немагчыма, але базавую праграму кожны адукаваны чалавек павінен засвоіць. У нас дзейнічае эксперыментальная блочна­модульная сістэма навучання, якая ўтрымлівае профільны і базавы кампанент. Ліцэісты ву­чаць усе прадметы, якія ёсць у вучэбным плане, але на вывучэнне няпрофільных прадметаў даецца толькі адзін навучальны год. Умоўна кажучы, фізмат вучыць хімію ­толькі ў 10 класе, а біялогію толькі ў 11 класе. Двухгадовая праграма змяшчаецца ў год. Такім чынам, ­мы маем магчымасць павялічыць колькасць гадзін на профільныя прадметы за кошт аптымізацыі ­колькасці гадзін на няпрофільныя. Але пры такой сістэме нашым навучэнцам было б цяжка вучыцца ў школе, якая працуе па ­тыпавым плане. Перш за ўсё мэта ліцэя – ­даць выдатную адукацыю, каб ву­чні змаглі добра здаць ЦТ, паспя­хова ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, рэалізаваць свой патэнцыял і стаць пасля запатрабаванымі ў прафесіі.

– Чацвёртую частку вучняў ліцэя складаюць іншагароднія, якім даецца месца ў інтэрнаце № 2 БДУ. Як у ліцэі падтрымлі­ваюць іншагародніх, якія з’ехалі з бацькоўскага дома?

– Падчас уступнай кампаніі за­прашаем бацькоў у другі інтэрнат на экскурсію, каб яны бачылі ўмовы, у якіх будуць жыць іх дзеці. У дадзены момант у ліцэі вучыцца 111 іншагародніх вучняў. Калі паглядзець геаграфію, адкуль да нас прыязджаюць, то больш за ўсё з Мінскай вобласці. Іншыя месцы – Бабруйск, Магілёў, Віцебск, Гомель, Баранавічы. З гэтых гарадоў проста даехаць да Мінска, каму­нікацыі вельмі добрыя. Зараз іншагарод­нія не так адарваны ад ­бацькоў, як гэта было раней. Са­мастойнасць – вялікі крок наперад, няпроста даводзіц­ца, калі трапляеш у новыя бытавыя ўмовы. У нас ёсць сацы­яльны педагог, два выхавацелі, працуюць вах­цёры. Цэлыя суткі ліцэісты пад наглядам. І тут лепш казаць не пра падтрымку, а пра захоўванне дысцыпліны.

НАСТАЎНІКІ

– На Вашу думку, якія рысы павінен мець выдатны настаў­нік? За якія заслугі ганарыцеся сваёй камандай?

– Што мне падабаецца ў ліцэйскіх настаўніках, дык гэта вельмі высокая кампетэнтнасць. Іх ведаў хапае не толькі на школьную праграму, але і на ўзровень міжна­родных алімпіяд. Яны не будуць чакаць, калі ім дадуць метадычныя рэкамендацыі, а самі зробяць курс, пратэсціруюць і пачнуць выкла­даць. Яны здольныя навучаць ка­лег – выкладаюць у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, вядуць курсы ў абласных інстытутах развіцця адукацыі. Гэта творчыя лю­дзі. Яны не баяцца ісці наперад і шукаць адказы. У ПВС ліцэя ўваходзяць выкладчыкі БДУ, больш за 70 % настаўнікаў маюць вышэйшую катэгорыю. Зараз у нас пра­цуюць 9 настаўнікаў­-метадыстаў (самая высокая кваліфікацыйная катэгорыя ў настаўнікаў).

Ліцэй дае настаўнікам магчымасці развівацца, калектыў мае моцны патэнцыял. Нашы супрацоўнікі з’яў­ляюцца аўтарамі падручнікаў (напрыклад, фізіка за 10–11 класы, інфарматыка за 6–11 класы, арганічная хімія для 10 класа і інш.). У агульнай колькасці штогод Ліцэй БДУ выдае звыш 8200 асобнікаў дапаможнікаў для абітурыентаў і для падрыхтоўкі да ЦТ. Мы працу­ем на ўсю сістэму адукацыі. Супрацоўнічаем з Нацыянальным інстытутам адукацыі, Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў. Арганізоўвалі ў Мінскай вобласці міжнароднае параўнальнае даследаванне па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў PISA­2018. Міжнародная справаздача аналізуе вынікі 79 краін, уключаючы звесткі па Беларусі, якая ўпершыню далучылася да даследавання. Нашы выкладчыкі праводзілі тэсты, кадзіравалі адказы, пісалі нацыянальную справаздачу.

– Як заахвочваеце супрацоўнікаў?

– Нашы супрацоўнікі – самая ­вялікая каштоўнасць. Таму з мінулага года мы ўвялі медыцынскае страхаванне. Страхоўка пакрывае ўсе медпаслугі ў дзяржаўных і камерцыйных установах аховы здароўя. Колькасць прыёмаў не абмежавана, ёсць магчымасць прайсці МРТ, КТ і УГД. У нас ужо застрахавана 74 са 139 штатных супрацоўнікаў (кожны на суму 20 тысяч  ­рублёў). Да верасня, спадзяюся, мы павялічым долю застрахаваных да 100 %. Упэўнены, нашы нас­таўнікі, вучэбна­дапаможны, гас­па­­дарчы і тэхнічны персанал па­вінны быць забяспечаны якаснымі медыцынскімі паслугамі. Таксама да 30-­годдзя ўвялі знак «За адданасць ліцэю». Ён уручаецца тым, хто больш за 25 гадоў працуе ў нашай установе. Да знака таксама дадаецца медыцынская страхоўка.

– Якімі анлайн­-сеткамі карыстаюцца ў ліцэі?

– Ёсць унутраная сетка для абмену данымі паміж настаўнікамі – Basecamp – сэрвіс кіравання праектамі. Дзелімся навінамі, збіра­емся ў розныя суполкі па тэмах і задачах. Гэта дазваляе падтрым­ліваць сувязь і працаваць, абмень­ваемся дакументамі. Тут сам пішу ўсё, што зрабіў за дзень. А паміж настаўнікамі і вучнямі дзейнічае сэрвіс электронных дзённікаў Schools.by. На ім створаны электронныя журналы і дзённікі, хатнія заданні.

ВУЧНЁЎСКАЕ ЖЫЦЦЁ

– На Вашу думку, што такое «ліцэйскі дух»?

– Яго калісьці ўрачыста пераносілі са старога будынка ў новы ў трохлітровым слоіку. Тут выпусцілі. Лічу, «ліцэйскі дух» – гэта ўзаемапавага паміж вучнямі і настаўнікамі. Мы калегі, мы робім агульную справу. У нас адна мэта – наву­чыцца. Добразычлівая атмасфера супрацоўніцтва паміж настаўнікамі і вучнямі становіцца ўрадлівай ­глебай для высокіх дасягненняў у вучобе, навуцы, творчасці. Дзякуючы такому саюзу ў ліцэі склалася шмат цікавых традыцый.

– Дарэчы, якія традыцыі ­фарміруюць атмасферу ў ­калектыве?

– Кожны год пачынаецца з таго, што мы збіраем 10 класы напрыканцы жніўня на пасвячэнне ў ліцэісты «Салют, карапузы!». «Карапузамі» называем 10 класы, а 11 класы становяцца «бацькамі». Гэта свята не толькі новых вучняў, але і новых настаўнікаў. Далей право­дзім спартыўна­­аздараўляльнае мерапрыемства «Турсцяжынка», прэзентацыі класаў – «Візітоўкі», «Улазіны» – наваселле ў інтэрнаце са шчодрым частаваннем дранікамі. У лютым тры дні святкуем Дзень нараджэння ліцэя, праводзіцца навукова­­практычная канферэнцыя, святочны канцэрт, вечар сустрэчы выпускнікоў, спартыўнае свята. Апошні званок – гэта смачнае марожанае з салодкім вода­рам дзяцінства і традыцыйны футбольны матч з выкладчыкамі. Таксама ў ліцэі штогод святкуюцца Каляды, Масленіца. Стала добрай традыцыяй праводзіць у Ліцэі БДУ спартыўныя спаборніцтвы паміж выкладчыкамі і ліцэістамі. Зараду энергіі і бадзёрасці павінна хапіць на ўвесь навучальны год.

Некаторыя ліцэісты не ўяўляюць жыцця без сцэны, іншыя збіраюць групы па інтарэсах. Існуюць каманды па «Што? Дзе? Калі?» і «Дэбатах», якія неаднойчы станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх і ­міжнародных турніраў. Ёсць камітэт БРСМ, газета «Рукі» і радыё. Існуе вучнёўскае самакіраванне ў выглядзе савета ліцэістаў. Ёсць і сур’ёзны элемент – SCL­-конкурс (Summa Cum Laude, з найвышэйшай пахвалой (лац.)), у яго межах дзеці прадстаўляюць прапановы, як палепшыць ліцэй.

Вучні паказваюць самастой­насць у правядзенні ліцэйскіх па­дзей, шмат чаго арганізоўваюць самі. Мерапрыемствы даюць ад­чуць сябе часткай цэлага, з гэтых традыцый складаецца ліцэйскае жыццё.

– За 30 гадоў у ліцэі падрыхтавана 220 пераможцаў міжнародных алімпіяд, 1690 прызёраў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Ці лёгка даюцца дыпломы?

– Перамогі даюцца нялёгка. Калі глядзець на рэспубліканскую алімпіяду, мы не можам сабе дазволіць тое, што дазваляюць у іншых установах адукацыі. Вучняў­алімпіяднікаў могуць вызваліць на некалькі месяцаў для падрыхтоўкі да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. У школах вызваляецца невялікая колькасць вучняў, што ніяк не адбіваецца на адукацыйным працэсе. Ліцэістам цяжэй у гэтым плане. Прыблізна палову ліцэя ­трэ­ба было б адпускаць на пад­рыхтоўку да алімпіяды. Гэта ўжо істотная колькасць вучняў, былі б паўпустыя класы. Таму мы іх пачынаем адпускаць з заняткаў толькі за два тыдні, а не за два месяцы. Тым не менш у нашых вучняў атрымліваецца штогод заваёўваць медалі. Што цікава, у такіх умовах найбольш загартаваныя дзеці паказваюць добрыя вынікі. Перамагае наймацнейшы. На трэцім этапе рэспубліканскіх прадметных алімпіяд з Ліцэя БДУ ўдзельнічала 236 чалавек, дыпломы атрымалі 100 з іх. Штогод прыблізна 45 % медалёў, заваяваных вучнямі Рэспублікі Беларусь на  міжнародных алімпіядах, прывозяць ліцэісты.

ВЫПУСК З ЛІЦЭЯ

– Колькі ліцэістаў паступае далей у БДУ?

– На працягу апошніх гадоў  такія звесткі: з 264 выпускнікоў ­каля 160 ідзе ў БДУ. Цяпер маем невялікі трэнд на паніжэнне, але мы працуем над тым, каб вярнуцца ў былыя межы. Выпускнікі Ліцэя БДУ разумеюць, што свет вялікі і магчымасцяў шмат. Значная колькасць ідзе ў медуніверсітэт – каля 30 чалавек. Яны прыйшлі ў ліцэй і ўжо абралі медыцыну. Усё менш ліцэістаў абірае іншыя ВНУ Беларусі. Самае цікавае, што апошнім часам павялічваецца коль­касць тых, хто едзе вучыцца за межы краіны. У мінулым годзе гэта было 50 чалавек, у асноўным паступалі ў ВНУ Расіі.

– Больш за 30 работнікаў ліцэя – яго выпускнікі. Існуе ­«Ліга выпускнікоў ліцэя». Зна­чыць, ліцэй – гэта назаўжды?

– З ліцэя цяжка сысці, таму што гэта зусім іншы свет. Мой выпуск 1995 года быў першы, калі зара­дзілася традыцыя вяртацца. У нас узнікла думка дапамагаць маладым ліцэістам рыхтавацца да рэспубліканскага турніру юных фі­зікаў. Цяпер гэта норма, ліцэісты не губляюць сувязі, і пасля выпус­ку яны яшчэ дапамагаюць рыхта­вацца да конкурсаў. Ліцэй БДУ – гэта такая навучальная ўстанова, ­у якую марыць вярнуцца кожны выпускнік. Прычым вярнуцца для таго, каб падзяліцца сваімі ведамі і досведам, каб працягнуць пачатае, ператварыцца з вучня ў настаўніка. Хто трэніруе каманды Ліцэя БДУ для ўдзелу ў турнірах юных фізікаў і матэматыкаў? Хто займаецца дэбатамі? Хто дапамагае ставіць танцы і пісаць канферанс для розных ліцэйскіх мерапрыемстваў? Учарашнія выпуск­нікі! Тры з шасці дырэктараў Ліцэя БДУ з’яўляліся яго выпускнікамі. Вось ужо 3 гады мы праводзім ­прафарыентацыйныя сустрэчы пад назвай «Твой выбар»  з выпуск­нікамі ліцэя, якія дасягнулі значных вынікаў у розных сферах дзейнасці. Сёлета было 4 секцыі, на кожнай па 4–5 выступоўцаў. Такім чынам мы паказваем, што можа ча­каць ліцэістаў далей. Да таго ж, шмат хто вяртаецца працаваць, бо хочацца аддаць тое, што даў ліцэй. А ён дае шмат. Дарэчы, 17 нас­таўнікаў працуе з першага года стварэння ліцэя. Напэўна, у нас усё добра, таму адсюль не хочацца ­сыходзіць.

БУДУЧЫНЯ

– Якія змены чакаюць ліцэй?

– На маіх вачах з невядомай ­СШ ён ператварыўся ў самую леп­шую ўстанову адукацыі для вучняў, па меркаванні розных рэйтынгаў. Зараз мы імкнёмся, каб кожны вучань знайшоў тут тое, што яму патрэбна. Мы мусім даць ліцэістам магчымасць выбару.

Спачатку было 4 профілі: філалагічны, гістарычны, біёлага­хімічны, фізіка-­матэматычны. Першае, што мы зрабілі, – гэта развялі біё­лагаў (зараз 2 класы) з хімікамі (1 клас). Такая прафілізацыя даз­валяе выкладчыкам хімфака працаваць з ліцэістамі. Зараз каля 14 ліцэістаў з 20 ідзе на хімфак. Ёсць два маткласы і два фізкласы. І адзі­ны ўнікальны ў сістэме адукацыі Беларусі інфарматыка­матэматычны клас. Пры паступленні здаюць інфарматыку. Гэта адукацыйны ­эксперымент, і тут самы вялікі конкурс. Гэтыя дзеці складаюць ас­  нову нашай каманды на алімпіядзе і далей ідуць на ФПМІ. Застаўся 1 філклас (абітурыенты факуль­тэ­таў журналістыкі і філалагічнага), лінгвістычны (вывучаюць дадаткова дзве мовы), гістарычны клас (упор на грамадазнаўства). У наступным навучальным годзе адкрыем эканамічны клас, дзе асноўнымі прадметамі будуць матэматыка і замежная мова.

Зусім нядаўна MakeIT center адкрыў першы ў Беларусі хакспэйс для ліцэістаў. Якраз пад новую ­лабараторыю ствараем унікальны інфарматыка-­фізічны профіль. У новым кабінеце ўстаноўлена інтэрактыўная дошка з праектарам, 3D­-прынтары, спецыяльныя сталы для робататэхнікі, абсталяваныя паяльным абсталяваннем, лаўнж­-зона. Пад кабінет задумалі цікавы праект для вучняў. Мы плануем на ліцэй распрацаваць сістэму датчыкаў канцэнтрацыі СО2 у паветры, якая б кіравала інтэрваламі праветрывання ў класах.

Новыя профілі з’яўляюцца пасля шматбаковага аналізу спалучэнняў прадметаў, якія выпускнікі Ліцэя БДУ выбіраюць на цэнтралізаваным тэсціраванні. У выніку падобнага аналізу ствараецца структура ліцэя, якая ўвасабляе ў сабе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у мініяцюры. Кожны клас знаходзіць роднасны факультэт ці інстытут. Пры гэтым для вучняў будуецца індывідуальная адукацыйная траекторыя, дзе ліцэй з’яўляецца толькі першай прыступкай у пабудове паспяховай кар’еры.

ЛІЦЭЙ БДУ ў лічбах

Ліцэй БДУ ўтвораны ў 1989 годзе, а першыя заняткі прайшлі ў студзені 1990 г.

Навучаецца больш за 520 ліцэістаў.

Ліцэй мае 10 педагагічных кафедраў, 24 класы, 30 кабінетаў, 2 камп’ютарныя класы, 2 лекцыйныя залы з новым праекцыйным абсталяваннем, канферэнц­залу, актавую, спартыўную, трэнажорную, канцэртную і харэаграфічную залы. Ва ўстанове ёсць зімовы сад і сталовая.

За 30 гадоў ліцэй падрыхтаваў каля 7000 выпускнікоў.

Па статыстыцы Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, кожны дзясяты 100­бальны вынік на ЦТ атрымліваюць выпускнікі Ліцэя БДУ.

Больш за 1500 разоў навучэнцы і настаўнікі ліцэя адзначаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Ліцэй – самы наведавальны пункт у Мінску па РТ. 57 % вучняў пішуць РТ у ліцэі БДУ. Цалкам увесь комплекс БДУ займае ¾ ад месцаў здачы РТ.

Подрыхтавала Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: