Мы падрыхтавалі практычную інфармацыю пра II ступень вышэйшай адукацыі ў БДУ: якія ёсць унікальныя спецыяльнасці, якія новыя напрамкі былі адкрыты не так даўно. Як паступіць і як дыплом магістра спатрэбіцца ў будучыні? Дапамагалі разабрацца ў тэме начальнік аддзела арганізацыі і кантролю вучэбнага працэсу ГУАД Ірына ЛАТУШКА і метадыст вышэйшай катэгорыі аддзела Анжаліка КАСЦЯНЕВІЧ.
1. Якая колькасць праграм па магістратуры цяпер ёсць у БДУ? Як змяняецца іх змест?
– У БДУ ў 2019/2020 вучэбным годзе навучанне ажыццяўляецца па 76 спецыяльнасцях другой ступені вышэйшай адукацыі. Гэта новыя спецыяльнасці і спецыяльнасці мінулых гадоў, у тым ліку з паглыбленай падрыхтоўкай, па якіх студэнты давучваюцца сёлета на некаторых факультэтах. Змены зместу магістарскіх праграм галоўным чынам залежаць ад запатрабаванняў рынку працы, развіцця сфер эканомікі. Змяняецца і сам падыход да напаўнення вучэбных праграм, да метадаў выкладання. На шматлікіх спецыяльнасцях выкарыстоўваюцца дыстанцыйныя адукацыйныя тэхналогіі па шэрагу дысцыплін.
2. Якія спецыяльнасці і прафілізацыі нядаўна з’явіліся ў магістратуры?
– У 2019 годзе былі ўзбуйнены спецыяльнасці магістратуры, адкрыта навучанне па 19 новых спецыяльнасцях, па астатніх былі распрацаваны новыя вучэбныя планы, у навучальных планах спецыяльнасцяў з’явілася такое паняцце, як прафілізацыя – варыянт рэалізацыі адукацыйнай праграмы магістратуры па спецыяльнасці, абумоўлены асаблівасцямі прафесійнай дзейнасці магістра. Гэта забяспечвае хуткую адаптацыю зместу магістарскай падрыхтоўкі да запатрабаванняў зацікаўленых арганізацый навукова-інавацыйнай сферы.
– На эканамічным факультэце на спецыяльнасці «эканоміка» – прафілізацыі «аналітычная эканоміка і бізнес-аналітыка», «інтэлектуальны аналіз даных у лічбавай эканоміцы»; на спецыяльнасці «фінансы, падатка-абкладанне і крэдыт» – «фінансавыя тэхналогіі і банкаўская справа», а на спецыяльнасці «менеджмент» – «інавацыйны менеджмент»; «кіраванне ў рэальным сектары эканомікі» – на дадзенай прафілізацыі ажыццяўляецца сумеснае навучанне з Універсітэтам прыкладных навук г. Мітвайда (Германія), навучанне вядзецца на англійскай мове, з магчымасцю атрымання дыплома дзвюх УВА. Таксама была адкрыта новая ўнікальная міждысцыплінарная прафілізацыя, распрацаваная сумесна з факультэтам журналістыкі – «кіраванне медыяпраектамі».
– На механіка-матэматычным факультэце на спецыяльнасці «матэматыка і камп’ютарныя навукі» – прафілізацыі «матэматыка», «матэматыка і дыдактыка матэматыкі», «вэб-праграмаванне і інтэрнэт-тэхналогіі», «матэматычнае і праграмнае забеспячэнне мабільных прылад», «камп’ютарная матэматыка і сістэмны аналіз»; на спецыяльнасці «механіка і матэматычнае мадэляванне» – «тэарэтычная і прыкладная механіка».
– На гістарычным факультэце на спецыяльнасці «гісторыя» – «айчынная гісторыя», «усеагульная гісторыя», а таксама сумесная эксперыментальная праграма з МДУ імя М. В. Ламаносава, з атрыманнем дыплома дзвюх УВА, «гісторыя беларускай дыяспары». А на спецыяльнасці «музейная справа і ахова гісторыкакультурнай спадчыны» – «культурная спадчына і турызм»; на спецыяльнасці «дакументазнаўства і архівазнаўства» – «кіраванне архівамі».
Тры новыя напрамкі былі адкрыты на ФМА. А менавіта спецыяльнасць «міжнародныя адносіны» (без прафілізацыі), «усходазнаўства» (прафілізацыя «дзелавая камунікацыя з краінамі Азіі»), «менеджмент» («менеджмент масавых падзейных мерапрыемстваў»).
На біялагічным факультэце, да спецыяльнасці «біяхімія» была адкрыта прафілізацыя «фундаментальная і прыкладная біяхімія», а да спецыяльнасці «мікрабіялогія» – «фундаментальная і прыкладная мікрабіялогія».
Таксама на ФГГ: на спецыяльнасці «экалогія» – «геаэкалогія»; на спецыяльнасці «геалогія» – «агульная і рэгіянальная геалогія».
На ФФСН на спецыяльнасці «камунікацыі» адкрыты прафілізацыі «медыядаследаванні і сацыяльная аналітыка» і «даследаванне сацыяльнай камунікацыі».
На факультэце журналістыкі з’явілася спецыяльнасць «камунікацыі» з прафілізацыяй «карпаратыўныя стратэгічныя камунікацыі».
На кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі – «навукова-педагагічная дзейнасць» (без прафілізацыі).
На ФСК – «дызайн» (прафілізацыя «асяроддзевы дызайн і эксперыментальнае мастацтва»).
На хімфаку – «прыродаахоўная дзейнасць» (прафілізацыя «забеспячэнне ўстойлівага развіцця біясферных рэзерватаў»).
На фізфаку – «прыкладная фізіка» (прафілізацыя «функцыянальныя нанаматэрыялы»).
На ФРКТ – «прыкладная фізіка» (прафілізацыя «фізічная інфарматыка»).
Увогуле, у 2019 годзе на новыя напрамкі паступілі 252 чалавекі (бюджэт і платна, на дзённай і завочнай формах). Варта адзначыць і змены, якія закранулі II ступень вышэйшай адукацыі. Цяпер навучальныя дысцыпліны кандыдацкіх іспытаў і заліку вынесены ў дадатковыя віды навучання. Такім чынам, студэнты могуць выбіраць гэтыя агульнанавуковыя дысцыпліны як дадатковыя. У сваю чаргу дысцыпліны кандыдацкага мінімуму даюць магчымасць выпускнікам магістратуры ў далейшым паступаць у аспірантуру.
3 Ці ёсць у БДУ магістратура на англійскай мове?
– У БДУ на англійскай мове навучанне ажыццяўляецца па 13 спецыяльнасцях, на якія часцей за ўсё дакументы падаюць замежныя грамадзяне праз УМС. Сярод іх:
ФПМІ – «прыкладная матэматыка і інфарматыка» (прафілізацыя «аналітычная лагістыка»), «прыкладная матэматыка і інфарматыка» (прафілізацыя «камп’ютарны аналіз даных»), «алгарытмы і сістэмы апрацоўкі вялікіх аб’ёмаў інфармацыі».
ЭФ – «эканоміка» (прафілізацыя «эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве»), «менеджмент» (прафілізацыя «кіраванне ў рэальным сектары эканомікі»), «кіраванне ў рэальным сектары эканомікі».
ФМА – «гісторыя міжнародных адносін і знешняй палітыкі», «міжнародныя адносіны», «сусветная эканоміка».
ФФСН – «камунікацыі» (прафілізацыя «даследаванне сацыяльнай камунікацыі»).
Біялагічны – «біялогія» (прафілізацыя «малекулярная і клетачная біялогія»).
Філалагічны – «літаратуразнаўства» (прафілізацыя «англійская літаратура»).
Фізічны – «прыкладная фізіка» (прафілізацыя «моцнатокавая электроніка»). Сюды залічаны грамадзяне Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў паводле дамовы, якая нядаўна была падпісана паміж БДУ і Інстытутам тэхналогій і інавацый у Абу-Дабі. Таксама дамоўленасць паміж ВНУ прадугледжвае правядзенне сумесных навукова-адукацыйных мерапрыемстваў і спрыянне ў напісанні публікацый.
4. Што неабходна для паступлення ў магістратуру?
– У першую чаргу неабходныя веды па дысцыплінах спецыяльнасці, на якую паступаюць абітурыенты, бо залічэнне адбываецца менавіта па выніках здачы ўступнага выпрабавання. Адзначым, што для залічэння неабходна атрымаць адзнаку не ніжэйшую за шэсць балаў.
Паступаючы ў магістратуру, у прыёмную камісію падаюць наступныя дакументы:
- заяву на імя кіраўніка УВА;
- арыгіналы дыплома пра вышэйшую адукацыю і прыкладанні да яго;
- выпіску з пратакола пасяджэння савета факультэта, якая змяшчае рэкамендацыі для навучання на II ступені (для тых, хто паступае ў год завяршэння навучання на I ступені);
- рэкамендацыю для навучання на II ступені вышэйшай адукацыі арганізацыі, зацікаўленай у падрыхтоўцы магістра (для тых, хто паступае не ў год завяршэння навучання на I ступені на навучанне за кошт сродкаў бюджэту);
- выпіску (копію) з працоўнай кніжкі ці іншага дакумента для асоб, што паступаюць на завочную форму атрымання вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту;
- дзве фатаграфіі 3×4 см;
- медыцынскую даведку пра стан здароўя;
- дакумент, які сведчыць асобу;
- спіс і копіі апублікаваных навуковых работ, апісанняў вынаходстваў, справаздачы пра выкананыя даследаванні і распрацоўкі, дыпломы рэспубліканскіх ці міжнародных алімпіяд (пры іх наяўнасці).
Больш падрабязную інфармацыю можна даведацца на сайце БДУ «Абітурыент».
5. Колькі гадоў вучацца ў магістратуры?
– Тэрмін навучання на розных спецыяльнасцях дзённай формы складае ад 1 года да 1 года 8 месяцаў. На завочнай форме тэрмін навучання складае ад 1,5 года да 2 гадоў.
6. Колькі каштуе платная форма магістратуры?
– Кошт за навучанне адрозніваецца ў залежнасці ад спецыяльнасці. Напрыклад, у бягучым навучальным годзе самы высокі кошт быў на спецыяльнасці «ўсходазнаўства» – 4945 руб., а самы нізкі на спецыяльнасці «экалогія» – 3787 руб.
7. Колькі гадоў трэба адпрацаваць па размеркаванні, калі вучыўся на бюджэце?
– Тэрмін абавязковай працы па размеркаванні – адзін год. Выключэнне для тых асоб, якія былі прыняты ў магістратуру ў год атрымання вышэйшай адукацыі I ступені за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
8. Што дае дыплом магістра?
– Дыплом магістра ў нашай краіне дае магчымасць далей навучацца ў аспірантуры, а таксама працаваць як па спецыяльнасці, указанай у дыпломе аб вышэйшай адукацыі, так і па спецыяльнасці, атрыманай у магістратуры. Мяркуецца таксама, што магістры будуць атрымліваць перавагу пры прыёме на працу і магчымасць займаць пасады, для якіх патрабуецца спецыяльны стаж. Напрыклад, спецыялістаў другой катэгорыі ці метадыстаў у сістэме адукацыі ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю. Пакуль у дзейным заканадаўстве спецыяльных ільгот, даплат ці іншых адмысловых умоў пры працаўладкаванні для магістраў няма, але часам асобныя прэферэнцыі спецыяльна абгаворваюцца.
Сёння ў магістратуры навучаецца 1341 чалавек (з іх 386 замежных студэнтаў). Толькі ў 2019 годзе быў залічаны 881 чалавек (з іх 326 замежных грамадзян)
Пытанні задавала Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фота Васіля КУЗЬМІЧКІНА