Вялікая Айчынная вайна доўжылася амаль чатыры гады і стала самым буйным узброеным сутыкненнем у гісторыі чалавецтва. Наш народ змагаўся за свабоду і незалежнасць Радзімы. Дарагой цаной дасталася Перамога. Газета “Універсітэт” запускае серыю матэрыялаў “Героі вайны ў нашых сем’ях”. Тут супрацоўнікі БДУ, чые родныя ваявалі на фронце, раскажуць, чаму важна памятаць пра вайну.
Сваёй гісторыяй падзяліўся Аляксандр Храбтовіч, начальнік штаба грамадзянскай абароны БДУ. Яго тата быў снайперам, камандзірам кулямётнага аддзялення, зброевым майстарам. «Практычна ўсю вайну прайшоў на перадавой. У яго былі залатыя рукі. Правёў рамонт дзвюх гармат пад моцным агнём саперніка».
– У дзяцінстве з велізарнай цікавасцю слухаў аповеды бацькі пра вайну. Хоць ён узгадваў той час неахвотна, толькі некаторыя эпізоды, калі зрэдку збіраліся з ветэранамі дома на святы, успаміналі загінулых сяброў, гаварылі пра Вялікую Перамогу.
Мой бацька Іван Герасімавіч Храбтовіч нарадзіўся 26 чэрвеня 1913 г. у Магілёве. Праходзіў службу ў Чырвонай арміі з 1935 г. У наступным годзе прайшоў ваенныя курсы камандзіраў-майстроў баявой тэхнікі. У 1939–1940 гг. удзельнічаў у вайне з Фінляндыяй, там жа атрымаў снайперскае хрышчэнне. Было таксама ўз’яднанне заходніх і ўсходніх земляў Беларусі.
Пасля звальнення з Чырвонай арміі паступіў у Магілёўскі педагагічны інстытут. «Усяго толькі паўгода пажылі мірным жыццём», – са шкадаваннем распавядаў ён.
23 чэрвеня 1941 г. бацька быў ізноў прызваны ў войска, на той момант яму было 28 гадоў. З 15 кастрычніка 1941 г. браў удзел у баях ВАВ на пасадзе камандзіра кулямётнага аддзялення стралковай роты 487 стралковага палка 143 стралковай дывізіі Бранскага фронту. У верасні 1942 г., у адпаведнасці з загадам камандзіра дывізіі па актывізацыі снайперскага руху, перад строем бацьку была ўручана снайперская вінтоўка. Ён амаль год служыў снайперам.
У яго былі залатыя рукі, мог усё паправіць. Пазней яго паставілі на рамонт зброі, бацька стаў зброевым майстрам дывізіі. У новай якасці ўжо ўдзельнічаў у баях на Курскай дузе ў 1943 г. Практычна ўсю вайну прайшоў на перадавой. Удзельнічаў у абароне Масквы, а канец вайны сустрэў пад Кёнігсбергам (Калінінградам) у маі 45-га. За час ВАВ тройчы быў паранены, адзін раз кантужаны.
Пра подзвігі бацькі гавораць яго ўзнагароды. Быў прадстаўлены да ордэна Чырвонай Зоркі ў 1942 г., у выпісцы з загада адзначаецца: «Тав. Храбтовіч у баях з нямецкімі фашыстамі праявіў сябе смелым валявым камандзірам». А яшчэ ў гэтым жа годзе «за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце і выяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць» атрымаў медаль «За баявыя заслугі». За праяўленне ў баі 4 лютага 1943 г. за в. Нова-Фёдараўка і Васіль-Тамашоўка ўзнагароджаны медалём «За адвагу». Выпіска з загада 251 ст. палка 85 ст. дывізіі 2 Прыбалтыйскага фронту: «Узнагароджваецца медалём «За адвагу» зброевы майстар гвардыі старшы сяржант Храбтовіч І. Г. за тое, што ён 16 жніўня 1944 г. у раёне в. Олі Латвійскай ССР правёў рамонт дзвюх гармат пад моцным агнём саперніка, тым самым даў магчымасць адбіць дзве контратакі ворага».
Пасля перамогі над фашысцкай Германіяй разам з іншымі салдатамі эшалонам быў накіраваны на Далёкі Усход. Але, даехаўшы да Байкала, яны даведаліся, што Японія капітулявала. У лістападзе 1945 года ён дэмабілізаваўся і вярнуўся ў Магілёў. Бацька ўсё ж скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут. Працаваў на розных пасадах у рэдакцыі газеты Магілёва, настаўнікам у школах вобласці (Угольшчына, Свяцілавічы, Бялынічы). Браў удзел у розных мерапрыемствах па навучанні і выхаванні моладзі. Пра гэта гавораць пажоўклыя з гадамі фатаграфіі, дыпломы, граматы і падзякі. Навыкі трапнага стралка захаваліся і ў мірны час. На Другіх рэспубліканскіх стралкова-снайперскіх спаборніцтвах ДТСАРМ БССР у чэрвені 1949 г. ён заняў першае месца і быў узнагароджаны дыпломам першай ступені.
Я дзень 9 Мая лічу святым. Героі вайны прынеслі нам волю і незалежнасць. Я ганаруся сваім бацькам. Памяць пра яго будзе жыць вечна. Ён ваяваў за Радзіму ў пякельных умовах: і ў спякотнае лета, і ў дажджлівую восень, і ў халодную зіму. Бацька выхаваў мяне патрыётам, вучыў не браць чужога, любіць сваю краіну і заставацца заўсёды чалавекам. У нашай сям’і захавалася адданасць ваеннай справе. Я скончыў ваенную службу ў вайсковым званні палкоўніка, сын таксама ваенны – падпалкоўнік. А ўнук названы ў гонар майго бацькі, свайго прадзеда, Іванам. Цяпер ён другакласнік і таксама хоча працягнуць ваенную дынастыю.
Збірала ўспаміны Алена ЛЯЎШЭНЯ