Альтэрнатыва хімічным злучэнням – бясшкодныя біялагічныя прэпараты НДЛ малекулярнай генетыкі і біятэхналогій

8 мая, 2020.

Ужо каля 20 гадоў супрацоўнікі НДЛ малекулярнай генетыкі і біятэхналогій біялагічнага факультэта БДУ вывучаюць механізмы сінтэзу біялагічна актыўных злучэнняў – антыбіётыкаў, фітагармонаў і пігментаў у рызасферных бактэрый. Праводзяцца новыя прыярытэтныя распрацоўкі па канструяванні плазмідных вектараў для кланавання генаў у клетках рызасферных бактэрый, вывучэнні біяхімічных шляхоў сінтэзу антыбіётыкаў і антыбіётыкападобных рэчываў мікробнага паходжання і атрыманні звышпрадуцэнтаў з дапамогай генетычных і генна-інжынерных падыходаў.

На аснове бактэрый-звышпрадуцэнтаў фітагармонаў, антыбіётыкаў і цэлюлалітычных ферментаў супрацоўнікамі НДЛ распрацаваны і ўкаранёныя ў вытворчасць сем розных прэпаратаў на аснове жывых культур бактэрый.

Біяпрэпараты ахоўнага дзеяння са здольнасцю стымуляваць рост раслін – «Аўрын», «Бактаген» і «Гулівер». Прэпарат «Стымул» прызначаны для стымуляцыі росту раслін і здольны абараняць іх ад узбуджальнікаў захворванняў бактэрыяльнай і грыбной этыялогіі.  «Немацыд» – унікальная распрацоўка, якой няма аналагаў у Еўропе: гэты адзіны сродак, які дазволена выкарыстоўваць для барацьбы з галавай нематодай (род круглых чарвякоў). Асобна стаіць і мікробнае ўгнаенне «Жыцень». Яно прызначана для паскарэння раскладання пажніўных рэштак на палях, аздараўлення глебы і павышэння ўраджайнасці наступных сельскагаспадарчых культур. Таксама ў 2019 годзе зарэгістраваны новы прэпарат «Максімун» на аснове бактэрый, вылучаных з прыродных крыніц. Новы прэпарат дзейнічае не на патагены і ўзбуджальнікі, а ўзмацняе імунную сістэму расліны, яе ахоўныя ўласцівасці.

Прэпараты былі распрацаваны ў рамках дзяржаўных навуковатэхнічных праграм. Вырабляюцца яны ў ТАА «Цэнтр інавацыйных тэхналогій» і на ААТ «Бабруйскі завод біятэхналогій» у адпаведнасці з дамовамі на выкарыстанне вынікаў навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці.

Сабраны лён, які быў апрацаваны прэпаратам “Стымул”, дазваляе атрымліваць лёна-валакно больш высокай якасці.

Загадчыца НДЛ Ірына ФЯКЛІСТАВА тлумачыць:

Ірына ФЯКЛІСТАВА

– Паводле даных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, штогадовыя страты ўраджаю сельскагаспадарчых культур толькі ад хвароб і шкоднікаў складаюць амаль 30% патэнцыйнага ўраджаю, што ў сусветным маштабе ацэньваецца ў 75 млрд долараў.

Акрамя таго, ёсць іншая праблема – выкарыстанне хімічных прэпаратаў. Так, гэта самы распаўсюджаны спосаб барацьбы са шкоднікамі і ўзбуджальнікамі захворванняў у раслін. Але шырокае прымяненне хімікатаў негатыўна ўплывае на здароўе чалавека і жывёл, прыводзячы да ўзнікнення розных захворванняў.

Мы прапануем добрую альтэрнатыву – біялагічныя прэпараты на аснове рызасферных мікраарганізмаў. Нашы біяпрэпараты не забруджваюць навакольнае асяроддзе, не патагенныя і не таксічныя для раслін, жывёл, чалавека. Не валодаюць мутагеннай і анкагеннай актыўнасцямі. Маюць працяглае дзеянне: мікраарганізмы, якія ўваходзяць у склад біяпрэпаратаў, каланізуюць рызасферу раслін, размножваюцца ў ёй і працяглы час сінтэзуюць біялагічна актыўныя рэчывы (антыбіётыкі, гармоны, вітаміны), а таксама пераводзяць атмасферны азот і нерастваральныя фасфаты ў засваяльную для раслін форму. Нашы распрацоўкі не выклікаюць «прывыкання» фітапатагенаў і не маюць тэрміну чакання (хоць ва ўсіх хімічных прэпаратаў ёсць тэрмін чакання перад выкарыстаннем ад 7 дзён і больш).

Кожны такі біяпрэпарат падчас сваёй распрацоўкі праходзіць цэлую сістэму сертыфікацыі, ацэньваецца бяспека яго прымянення. Нашы прэпараты аднесены да 4 класа небяспекі – гэта маланебяспечныя рэчывы.

Распрацоўкі НДЛ запатрабаваныя ў краіне. Прычым з гонарам адзначу, што апошнія два гады яны вырабляюцца не толькі для буйных цяплічных камбінатаў. Завод у Бабруйску асвоіў дробную фасоўку – 0,5 і 0,25 літра. Пачынаючы з мінулага года, нашы прэпараты можна набыць у анлайн- і афлайн-крамах. А сёлета яны з’явіліся яшчэ і на паліцах ЦУМа.

Супрацоўнікі НДЛ у цяплічнай гаспадарцы

Супрацоўнікі НДЛ самі распаўсюджваюць інфармацыю, удзельнічаюць у выставах і круглых сталах, ездзяць па гаспадарках, каб растлумачыць, як працуюць прэпараты – імкнуцца рэкламаваць прадукты. У ліку супрацоўнікаў ёсць таксама спецыяліст і блогер Іван Рускіх, які з дапамогай розных інтэрнэт-рэсурсаў (сайт procvetok.com/ru/, папулярны канал на Youtube Procvetok) і ТБ-праграм распавядае пра біяпрэпараты і іх выкарыстанне на прысядзібных участках і ў АПК. З рэгістрацыяй таварных знакаў НДЛ дапамагаюць супрацоўнікі аддзела арганізацыі і суправаджэння інавацыйнай дзейнасці ГУН БДУ.

Планы па будучых распрацоўках у НДЛ фарміруюцца зыходзячы з тэндэнцый і нявырашаных праблем гаспадарак. Навукоўцы працуюць у шчыльнай звязцы з работнікамі АПК, вывучаюць запыты, каб распрацаваць і ўкараніць неабходны ў дадзены момант эфектыўны прэпарат.

А дзякуючы новаму закону біяпрэпараты, распрацаваныя ў НДЛ, могуць быць выкарыстаны пры вытворчасці арганічнай прадукцыі. Для НДЛ гэта пашырэнне рынку збыту біяпрэпаратаў, павышэнне прэстыжу.

Іван РУСКІХ, навуковы супрацоўнік НДЛ малекулярнай генетыкі і біятэхналогіі дадае:

Іван РУСКІХ

– Асаблівую ролю біялагічная абарона раслін набыла ў Рэспубліцы Беларусь з прыняццем закона “Аб вытворчасці і звароту арганічнай прадукцыі”. Прыняццю закона папярэднічала вялікая аналітычная праца заканадаўства сумежных краін і краін далёкага замежжа. Таму можна сказаць, што наш нацыянальны закон з’яўляецца адным з найбольш дасканалых. Асаблівая роля ў законе адведзена біялагічнай абароне раслін як асноўны пры вытворчасці арганічнай прадукцыі.

Прэпарат “Бактаген”, створаны ў нашай лабараторыі, з’яўляецца адным з найбольш вядомых на тэрыторыі Беларусі і іншых дзяржаў. Ён адзін з найбольш прадаваных і эфектыўных у барацьбе супраць шырокага спектру розных патагенаў для розных сельскагаспадарчых раслінах. Прапануецца ён як у дробнай фасоўцы для асабістых гаспадарак, так і буйнымі партыямі.

У асабістых падсобных гаспадарках біялагічная абарона набывае асабліва важнае значэнне, паколькі менавіта ў дробнатаварнай вытворчасці для асабістага спажывання вельмі важна як захаваць здароўе, так і навакольнае асяроддзе. Менавіта таму “Бактаген” стаў самым папулярным і самым эфектыўным прэпаратам, які ўжываецца ў тым ліку і ў асабістых падсобных гаспадарках.

Гутарыла

Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: