Дзёрзкія, маладыя, забіўныя. Што за «студэнты» з БДУ гуляюць у чэмпіянаце Беларусі?

18 мая, 2020.

Надоечы пачала новы сезон Вышэйшая ліга чэмпіянату Беларусі па футболе, і першыя туры прынеслі сюрпрызы. Сярод лідараў турніру не  «Шахцёр» ці брэсцкае і мінскае «Дынама», а «РЦАР БДУ», якому заўзятары паспелі даць мянушку «студэнты». З феноменам гэтага калектыву паспрабуем разабрацца.

У звязку з БДУ
У 1995 г. была заснавана каманда пад назвай «Зорка», з 1998 г. – «Зорка-ВА-БДУ». Менавіта тады футбольная школа «Працоўныя ­рэзервы» ўвайшла ў структуру ­БДУ разам з мужчынскай і жано­чай камандамі. Жаночая «Зорка» за гэты час паспела стаць адной з найлепшых каманд Беларусі і нават выйсці ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў. У мужчынскім футболе поспехі таксама ёсць. За 21 год школа выхавала трох футбалістаў для зборнай Беларусі – Антона Пуцілу, Станіслава Драгуна і Арцёма Быкава. За «Зорку» выступалі Сяргей Сасноўскі і Аляксей Сквярнюк, брамнік Андрэй Клімовіч і цяперашні трэнер нацыянальнай каманды ­Міхаіл Мархель.
У 2002 г. «Зорка» дэбютавала ў Вышэйшай лізе. Найлепшым дасягненнем за чатыры сезоны стала дванаццатае месца. У 2006 каманда зноў апынулася ў першай лізе, а праз два гады – у другой. Падняцца ўдалося у 2013 г., пасля чаго клуб вырашыў змяніць падыход і камплектавацца ўласнымі выхаванцамі. Атрымалася нядрэнна. У новым дывізіёне «Зорка» адразу фінішавала дзявятай. У 2017 г. каманда змяніла назву на «РЦАР БДУ», а яе галоўнымі спон­сарамі сталі кампаніі «Белэнерга» і «Мінскэнерга».
БДУ таксама працягвае падтрымліваць мужчынскую і жаночую каманды. Герб універсітэта размешчаны на клубным лагатыпе. Спарткомплекс РЦАР знаходзіцца на балансе ВНУ, таксама кожны ­гулец і трэнер атрымлівае грошы па ўніверсітэцкай стаўцы. У параўнанні з іншымі клубамі заробкі невялікія – максімум 800 рублёў.
За каманду гулялі і студэнты БДУ, напрыклад, форвард Усевалад Садоўскі скончыў юрфак. Яшчэ адзін экс-футбаліст Яўген Гулецкі навучаўся на журфаку. Тац­цяна Маркушэўская, былы капітан жаночай каманды, скончыла эканамічны факультэт.
У сезоне–2017 «РЦАР БДУ» заняў шостае месца, а ў 2018 – другое. Гэта дазволіла камандзе праз 13 гадоў вярнуцца ў Вышэйшую лігу.

З андэрдога ў лідара!
Мінулы сезон «студэнты» могуць лічыць нядрэнным. У чэмпіянаце з 16 каманд «РЦАР БДУ» стаў 12-м. Але пры гэтым каманда здолела спадабацца беларускім аматарам футбола. Чаму? Зараз патлумачым.
«РЦАР БДУ» гуляў у адкрыты футбол. Звычайна нашы каманды найперш звяртаюць увагу на на­дзейную абарону. Але гэта не той выпадак. «Студэнты» прапусцілі ­66 галоў – найгоршы паказчык чэмпіянату. У той жа час на рахунку забітых – 52 мячы. Больш мелі толькі прадстаўнікі тройкі пры­зё­раў. Напрыклад, у мінскага «Дынама» ўсяго 43.
Дэбютант стаў гразой аўта­рытэтаў: «РЦАР БДУ» згуляў уні­чыю з новым чэмпіёнам – брэсцкім «Дынама» (1:1), адабраў адзін бал
у мінскіх дынамаўцаў, якія фіні­шавалі чацвёртымі, і здабыў перамогу над бронзавым прызёрам – «Шахцёрам» (4:3).
А ў гэтым сезоне каманда здзіўляе ўсіх. Ужо ў першым туры «РЦАР БДУ» здабыў перамогу над БАТЭ (3:1), 15-разовым чэмпіёнам краіны. У дзвюх наступных гульнях «студэнты» не дазволілі забіць «Руху» (1:0) і «Мінску» (2:0). За тры матчы ўзятыя дзевяць балаў з дзевяці магчымых, і акупаваны першы радок у табліцы! Праўда, пасля здарыліся паражэнні ад «Тарпеда» з Жодзіна, «Гарадзеі»  і «Нёмана», але яны псіхалагічна не зламалі каманду. Трэнерскі штаб унёс карэктывы, самі футбалісты яшчэ больш зацята ўзяліся за справу — і, як вынік, каманда вярнулася на пераможную хвалю, здабыўшы перамогі над «Смалевічамі», «Слуцкам» і чэмпіёнам краіны брэсцкім «Дынама» (2:1), што дазволіла замацавацца на трэцім радку ў табліцы!  Для кіраўніцтва клуба такі старт не стаў нечаканасцю.
– Мы ў мінулым годзе адапта­валіся. Цяпер ставім задачу найвышэйшую: быць у тройцы, – распавёў галоўны трэнер Уладзімір Бяляўскі ў інтэрв’ю «Беларусь-1».

Маладосць – філасофія клуба
«РЦАР БДУ» не можа пахваліцца высокай наведвальнасцю – у сезоне–2019 яна склала ўсяго 687 чалавек на гульні. Акрамя «студэнтаў» ў Вышэйшай лізе ёсць яшчэ тры клубы з Мінска і наваколля – «Мінск», «Дынама» і «Іслач». Вядома, заўзятараў на ўсіх не хопіць. Тым не менш аматары іншых каманд часта падтрымліва­юць «студэнтаў». Першая прычына – адкрыты футбол, пра які мы ўжо згадалі. Другая – філасофія клуба.
«Студэнты» прытрымліваюцца прынцыпу камплектавання маладымі футбалістамі. Некаторыя з іх – яго выхаванцы. З сярэднім ­узростам 23 гады і 1 месяц «РЦАР БДУ» стаў наймалодшай камандай Вышэйшай лігі. Клуб небагаты, і кіраўніцтва вырашыла раз­вівацца шляхам продажу футбалістаў, што прыносіць плён.
Улетку 2019 г. брэсцкае «Дынама» выкупіла ў «студэнтаў» капітана каманды абаронцу Аляксея Наско, паўабаронцу Уладзіслава Васіль­ева і форварда Усевалада Садоўскага. Найлепшым бамбардзірам чэмпіянату стаў 20-гадовы форвард «РЦАР БДУ» Ілья Шкурын, які ­за­біў 19 галоў. Ён пачынаў у «Віцебску», у 18 гадоў трапіў на прагляд у кіеўскае «Дынама». Затрымацца ва Украіне Шкурын не здолеў, але пакінуў прыемныя ўражанні. Пасля форвард сам ­выкупіў свой трансфер і перайшоў у «РЦАР БДУ». Гэтыя грошы ўжо акупіліся. Транзітам праз брэсц-кае «Дынама» Ілья перайшоў у маскоўскі ЦСКА, а «студэнты» атрымалі за продаж каля 100 тысяч долараў. Ужо ў новым сезоне гучна заявіў пра сябе форвард Жасур Яхшыбоеў. 22-гадовы ўзбекскі гулец у трох стартавых матчах забіў тры мячы і аддаў галявы пас. Яго ўжо лічаць прэтэндэнтам на перамогу ў бамбардзірскай гонцы.

– Яхшыбоеў – адкрыццё чэмпіянату. Такіх форвардаў зараз няма нават у БАТЭ. Мне імпануе яго ­гульня: абводка, узаемадзеянне
з партнёрамі, усё рацыянальна і тэхнічна, – апісаў форварда ў «інстаграме» былы вядомы футбаліст зборнай Віталь Кутузаў.
Сумаваць Яхшыбоеву не прый­дзецца: у камандзе ёсць яго су­айчыннік – паўабаронца Шахбоз Умараў, таксама таленавіты фут­баліст. Варта звярнуць увагу і на 22-гадовага Жэрэмі Мавату. Левы абаронца з французскім грамадзянствам ужо зацікавіў бела­рускія топ-клубы. Узімку падпісаны кантракт з 21-гадовым паўабаронцам Душанам Бакічам з Чарнагорыі. У складзе «Будучнасці» ён гуляў і забіваў галы ў Лізе Еўропы. Балканец ужо паспеў адзначыцца голам у браму БАТЭ.
Капітан каманды па-ранейшаму 23-гадовы апорны паўбаронца Аляксей Наско. Правы на яго ўжо належаць брэсцкаму «Дынама», ­таму зараз ён гуляе ў арэндзе. Найстарэйшы футбаліст «РЦАР БДУ» – 35-гадовы брамнік Артур Ля­сь­­ко, які пагуляў ва Украіне і Ар­меніі, а ў Беларусі стаў чэмпіёнам з мінскім «Дынама». Зараз ён пе­радае досвед маладым калегам – Дзя­нісу Садоўскаму і Арцёму Макаўчыку.

Юрэвіч – мозг каманды
Вызначальную ролю ў поспеху каманды сыграў трэнерскі штаб. Фармальна настаўнікам «РЦАР БДУ» з’яўляецца Уладзімір Бяляўскі, але ўсім працэсам кіруе Анатоль Юрэвіч. 62-гадовы спецыяліст ужо стаў легендай у бе­ларускім футболе. Спартсмены прызнаюцца, што часам пасля яго трэніровак хочацца выплю­-нуць лёгкія. А заняткі, дарэчы, двойчы на дзень. На кожным Анатоль Іванавіч правярае знешні выгляд ­хлопцаў. Неахайны – ад­ціскайся 250 разоў!
Сярод памочнікаў Юрэвіча – экс-абаронца БАТЭ Арцём Ра­дзь­коў, які звычайна кіруе дзеяннямі футбалістаў падчас гульні, а таксама Генадзь Блізнюк і Аляксандр Паўлаў, якія маюць досвед зборнай Беларусі. Калісьці Юрэвіч ­паставіў на трэнерскія рэйкі вядомага спецыяліста Леаніда Кучука, які дасягнуў поспехаў з «Кубанню» і маскоўскім «Лакаматывам».

Таленты ў асноўным знаходзіць Юрэвіч. Спецыяліст працаваў у казахстанскіх клубах і мясцовай федэрацыі футбола, таму добра ведае азіяцкі рынак. Гульцоў з ­Афрыкі і Заходняй Еўропы дапа­магае знайсці футбольны агент Валерый Ісаеў. Той жа Ілья Шкурын якраз яго кліент.
Сакрэт поспеху ў руплівай працы. Яна ў «РЦАР БДУ» не спыняецца. Звычайна каманды Вышэйшай лігі адпачываюць да сярэдзіны студзеня. Але гэта не пра «студэнтаў» – яны пачалі рыхтавацца яшчэ 16 снежня, праз два тыдні пасля сканчэння чэмпіянату. Анатоль Юрэвіч патрабуе ад футбалістаў працаваць на мяжы магчымасцяў. Некаторыя палохаюцца і сыхо­дзяць. Але тыя, хто вытрымаў, пасля дзякуюць настаўніку. Гульцы, якія сустракаліся з метадамі Юрэвіча, згадваюць, як на зборах беглі па гарах, як пісалі тактычныя канспекты па дзве гадзіны. Але ­ніхто не папракае трэнера.
У перыяд спаборніцтваў фут­балісты займаюцца без выхадных ­адзін раз на дзень. Пачынаюць яшчэ зранку, у восем гадзін. Трэнеры таксама працуюць шмат і часам сыходзяць дадому толькі а шостай гадзіне ўвечары. Ці прынясе пот медалі?

Максім НЕСЦЯРКОЎ

print

Вам таксама можа спадабацца: