Героі вайны. Валерый Губін: “Кулі прайшлі зусім побач, але, на шчасце, не зачапілі бацьку”

25 мая, 2020.

Газета “Універсітэт” публікуе серыю матэрыялаў “Героі вайны ў нашых сем’ях”. Тут супрацоўнікі БДУ, чые родныя ваявалі на фронце, раскажуць, чаму важна памятаць пра вайну. Сваёй гісторыяй падзяліўся Валерый Губін, прафесар кафедры рэгіянальнай геалогіі ФГГ БДУ. Яго тата быў лётчыкам. Ён узгадвае: «Штурмавікі пры яго суправаджэнні бацькі не мелі страт».

Валерый Губін

Валерый Губін:

– Дарагі мой бацька, Мікалай Лявонцьевіч Губіна, у 20-­гадовым узросце быў малодшым лейтэнантам, лётчыкам 152-­га гвардзейскага знішчальнага авіяцыйнага Сандамірскага ордэна Багдана Хмяльніцкага палка, які ўваходзіў у склад 12-­й гвардзейскай знішчальнай авіяцыйнай Знаменскай Чырванасцяжнай дывізіі 1-­га Украінскага фронту.

Мікалай Лявонцьевіч Губіна

З верасня 1944 г. бацька знаходзіўся ў дзеючым войску і браў удзел у некалькіх буйных аперацыях Вялікай Айчыннай вайны. Штурмавікі, якія прыкрываў лётчык-­знішчальнік Мікалай Губіна, наносілі магутныя ўдары па войсках ворага.

Бацька рэдка распавядаў мне пра паветраныя баі на вайне. Прайшоў час, і я ўбачыў яго ўзнагародны ліст, у адпаведнасці з якім ён прадстаўляўся да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі. У гэтым дакуменце, падпісаным каман­дзірам палка гвардыі маёрам Васілём Шаўчуком, напісана наступнае: «…За перыяд баявых дзеянняў па пашырэнні плацдарму ў нямецкай Сілезіі і ліквідацыі акружанай групіроўкі саперніка ў раёне Опельн з 1 студзеня па 17 красавіка 1945 г. Мікалай Губіна ажыццявіў 30 паспяховых вылетаў на суправаджэнне штурмавікоў. Правёў шэсць паветраных баёў і восем самастойных штурмовак. У паветраных баях паводзіць сябе смела і дзейнічае рашуча, надзейна прыкрывае штурмавікоў ад нападаў знішчальнікаў саперніка. Не было выпадкаў невыканання баявога задання, а штурмавікі пры яго суправаджэнні не мелі страт ад знішчальнай авіяцыі саперніка».

З нешматлікіх аповедаў бацькі пра баявыя дзеянні мне запомніўся адзін эпізод. У сакавіку 1945 г. ён у складзе групы знішчальнікаў Як­-3 вылецеў на прыкрыццё штурмавікоў Іл-­2, якія атрымалі заданне атакаваць танкі саперніка. Пры падыходзе да лініі фронту да штурмавікоў з-­за аблокаў нечакана наблізілася група нямецкіх знішчальнікаў Ме-­109 і паспрабавала атакаваць іх. Але напады немцаў былі адбіты некалькімі парамі «якаў». Прайшоў некаторы час, і «месеры» раптам з’явіліся зноў. Мой бацька, каб паглядзець на штурмавікі, якія ён прыкрываў, рэзка нахіліў галаву да бакавіцы ліхтара. Тым часам кулямётная чарга прабіла кабіну самалёта. Кулі прайшлі зусім побач, але, на шчасце, не зачапілі бацьку. Ён ізноў атакаваў ворага, закрываючы штурмавікі. У гэтым паветраным баі група штурмавікоў і знішчальнікі, якія іх прыкрывалі, страт не мелі.

Мікалай Лявонцьевіч Губіна самааддана і бясстрашна ўдзельнічаў у паветраных баях. 3а выдатнае выкананне баявых заданняў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны, медалямі «За баявыя заслугі», «За вызваленне Прагі», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».

Мікалай Лявонцьевіч Губіна

Пасля вайны гвардыі старшы лейтэнант Мікалай Губіна працягваў служыць у ваенна­паветраных сілах. Спачатку ў Магілёве, потым ужо ў званні капітана камандаваў авіяцыйнай эскадрылляй у Бабруйску, а затым у мястэчку Рось Ваўкавыскага раёна. Лётаў на рэактыўных самалётах МіГ. У 1958 г. атрымаў званне маёра і быў накіраваны для далейшага праходжання службы на Камчатку, у горад Ялізава.

У 1960 г. ваенны лётчык 1 класа Мікалай Губіна ва ўзросце 37 гадоў быў зволь­нены ў сувязі са скарачэннем Узброеных Сіл па ўказанні М. С. Хрушчова. Разам з сям’ёй пераехаў у Мінск. Застаючыся лётчыкам у душы, ён адаптаваўся да інжынернага асяроддзя. Працаваў на прыборабудаўнічым заводзе імя У. І. Леніна. За плённую вытворчую і грамадскую дзейнасць быў узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі і медалём «За шматгадовую добрасумленную працу».

Мікалай Лявонцьевіч Губіна

Бацька перадаў мне любоў і адданасць да авіяцыі. У перыяд юнацкасці я займаўся ў Мінскім аэраклубе ДТСААФ і ў 16 гадоў ажыццявіў свой першы самастойны палёт на планёры. Захопленасць авіяцыяй і геалогіяй яшчэ ў школьныя гады з’явілася пачаткам і правільным выбарам жыццёвага шляху ў галіне пазнання зямных нетраў метадамі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з авіяцыйных і касмічных апаратаў. Сумесна з лётчыкамі і геолагамі я браў удзел у выкананні аэравізуальных назіранняў геалагічных аб’ектаў з борта верталёта Ка-­26, асабліва ў цяжкадаступных забалочаных раёнах паўднёвай часткі Беларусі.

Я вельмі ганаруся сваім бацькам – адважным лётчыкам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, абаронцам нашай Радзімы.

(Неабходна растлумачыць, у маім пасведчанні пра нараджэнне замест прозвішча “Губіна” быў зроблены запіс “Губін”.)

Збірала ўспаміны Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: