НДЛ гідраэкалогіі працуе над прадухіленнем дэградацыі вадаёмаў Беларусі

14 мая, 2020.

НДЛ гідраэкалогіі біялагічнага факультэта БДУ сумесна з Інстытутам рыбнай гаспадаркі ў 2013–2015 гг. удзельнічала ў дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграме «Прыродакарыстанне і экалагічныя рызыкі». Сёння праходзіць укараненне вынікаў заданняў у нацыянальны парк «Нарачанскі» на плошчах 9600 гектараў водных масіваў.

Загадчык НДЛ Барыс АДАМОВІЧ тлумачыць:

– Мы распрацоўвалі тэхналогію вядзення рыбагаспадарчай дзейнасці на азёрах у мэтах узнаўлення і папаўнення запасаў каштоўных і прамысловых відаў рыб. Выбіралі азёры, якія былі зменены антрапагенна ці на іх было аказана іншае уздзеянне. Трэба было знайсці баланс: як атрымліваць рыбапрадукцыю каштоўных відаў рыб і пры гэтым палепшыць экалагічны стан вады. У гэтым заданні выкарыстоўваліся біяманіпуляцыі. Яны дазваляюць вярнуць экасістэмныя працэсы ў патрэбны чалавеку бок, пры гэтым экалагічна бяспечны. Напрыклад, адна з маніпуляцый – фарміраванне іхтыяфаўны, г. зн. зарыбленне драпежнымі і каштоўнымі відамі рыб (шчупак, судак), якія будуць спрыяць і ачышчэнню вады, і выхаду каштоўнай прадукцыі. Драпежныя рыбы пачынаюць есці дробных рыб, якія харчуюцца планктонам. Планктон развіваецца, з’яўляецца больш фільтратараў, якія пачынаюць актыўней фільтраваць водную тоўшчу. Такі працэс можа зацягнуцца на гады, але ў нас ужо ёсць добрыя вынікі. Напрыклад, на возеры Вялікія Швакшты дзякуючы нашай распрацоўцы палепшылася якасць вады, павялічылася вылоўліванне каштоўных рыб.

Акрамя таго, у супрацоўніцтве з Інстытутам рыбнай гаспадаркі і НП «Начаранскі» былі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі для вызначэння дапушчальнай выемкі рыбапрадукцыі ў залежнасці ад характарыстык воднага аб’екта. Інстытут рыбнай гаспадаркі на аснове атрыманых даных бярэцца за фарміраванне для нашай краіны рыбалоўных біялагічных абгрунтаванняў. Гэта дакумент, які выдаецца арандатару ці карыстальніку рыбалоўных угоддзяў на прадмет таго, колькі можна вылавіць рыбы з гэтага вадаёма. Заданне было скончана летась, ужо ёсць адзін акт укаранення ў НП «Нарачанскі».

Пра гэты працэс навуковец гаворыць так:

 — Ёсць заканамернасць, як фарміруецца прадукцыя ў вадаёме. Існуюць звёны біялагічнай сеткі: пярвічныя прадуцэнты (зялёныя расліны) спачатку прадукуюць біямасу, потым яе есць адна катэгорыя арганізмаў, а яе – іншая. Мы паглядзелі ўсе гэтыя звёны і разлічылі, які працэнт ад паступлення пярвічнай прадукцыі можна адбіраць у залежнасці ад розных катэгорый, не парушаючы экалагічнай раўнавагі. Мы займаліся экалагічнай часткай, нашы калегі-іхтыёлагі працавалі з рыбагаспадарчай часткай (глядзелі вылавы і ўловы).

Яшчэ НДЛ удзельнічае ў выкананні задання па ацэнцы сучаснага стану і прадухілення дэградацыі азёр НП «Нарачанскі». Тут задзейнічаны вялікі калектыў: факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі, НП «Нарачанскі» і калектыў УП «Гістэхналогіі» з НАН Беларусі. Праграма «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў на 2016–2020 гг.» сфарміравана па лініі кіраўніка дзяржавы, таму што нацыянальны парк знаходзіцца пад наглядам кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. Навукоўцы НДЛ гідраэкалогіі вывучылі экалагічны стан усіх вадаёмаў нацыянальнага парку (іх больш за 40). І па асноўных вадаёмах выдалі пералік рэкамендацый, як захаваць унікальныя прыродныя аб’екты.

Пры біяфаку сфарміравана свая навуковая школа па гідраэкалогіі. НДЛ выконвае розныя заданні сумесна з кафедрай экалогіі, навучальным цэнтрам «Нарачанскі», дзе ў БДУ ёсць свая біястанцыя.

Барыс Уладзіслававіч адзначае:

– У планах НДЛ – удзел у міжнародных праектах па лініі Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях. Першы праект – па ўсталяванні крытэрыяў якасці вады ў беларускіх водных аб’ектах для іх выкарыстання. Гэтыя крытэрыі суб’ектыўныя: скажам, рыбаку возера можа быць дрэнным, а адпачывальніку добрым. Такая сістэма ёсць у Ізраілі, з якім мы ўдзельнічаем у праекце, каб распрацаваць падобную шкалу па Беларусі.

Другі праект – на стыку экалогіі і малекулярнай генетыкі. Звязаны з праблемай таксічнага цвіцення вадаёмаў, а таксама з ацэнкай хімічна актыўных рэчываў, якія можна выкарыстоўваць для гаспадарчых мэт. У нас ёсць фундаментальныя працы па гэтым напрамку, хочам выйсці на прыкладны ўзровень. Плануем сумесныя працы з Германіяй і, магчыма, з В’етнамам.

Гутарыла

Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: