Увосень мінулага года ў БДУ зарабіў уласны Startup Hub – цэнтр развіцця моладзевага прадпрымальніцтва нашага ўніверсітэта. Тут студэнтам дапамагаюць пачаць свой бізнес, увасабляючы ў жыццё ідэі самых смелых праектаў. З гэтай мэтай працуе стартап-школа, у якой навучаецца ўжо другі набор студэнтаў.
Першыя выпускнікі стартап-школы
Школа «СІТА» пачала працаваць 1 кастрычніка 2019 года. На працягу двух месяцаў вядучыя спецыялісты-практыкі ў галіне бізнесу і прадпрымальніцтва дзяліліся з удзельнікамі вопытам і распавядалі пра важныя этапы, якія неабходна прайсці стартапу ад з’яўлення бізнес-ідэі да пошуку інвестыцый для праекта. А ў канцы лістапада ўдзельнікі першага набору абаранілі свае бізнес-праекты. Вытрымалі тэмп навучання і ўмацавалі жаданне працаваць дзеля ўласнай справы не ўсе: з чатырнаццаці ўдзельнікаў выпусціліся восем.
– Мы часта чуем: «Бізнес-адукацыя не працуе», – адзначае кіраўнік стартап-школы «СІТА» Хрысціна Канановіч і тлумачыць: – Любая адукацыя сама па сабе не працуе. Падручнікі, вэбінары, курсы, асабістыя суправаджэнні – гэта ўсё пустое марнаванне часу, калі не працуюць вучні. Самы запатрабаваны і дарагі курс будзе бескарысным, калі не выйсці з зоны камфорту і не пачаць дзейнічаць.
Нашай задачай было і застаецца знаходзіць людзей, сапраўды зацікаўленых у стварэнні ўласнага бізнесу. Важна, каб навучэнцы гарэлі ідэяй распрацаваць унікаль- ны прадукт, былі гатовыя прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць. Мэта стартап-школы заключаецца не ў тым, каб пабудаваць бізнес за ўдзельнікаў «СІТА», а ў тым, каб дапамагчы ім зрабіць першыя крокі на шляху ад з’яўлення ідэі да стварэння паўнавартаснага бізнесу.
Свае заслужаныя сертыфікаты пра заканчэнне навучання ў стартап-школе атрымалі наступныя праекты: Fresh Bar BSU, Cleaning BSU, «Віртуозы навукі БДУ», «Школа рэдактараў», «Эксклюзіўныя падарункі», «Каворкінг для дызайнераў», «Карпаратыўная кавярня БДУ», «Дызайн скураных вырабаў». Як адзначаюць у Стартап-цэнтры, сёння актыўна развіваюцца тры з васьмі праектаў: Fresh Bar BSU гатовы да адкрыцця і чакае спрыяльнага эпідэміялагічнага становішча; «Карпаратыўная кавярня БДУ» знайшла інвестараў і знаходзіцца на ўзгадненні праекта, а вось Cleaning BSU ужо прыняў і выканаў замовы першых кліентаў.
– Мы займаемся ўборкай у інтэрнатах, робім жыццё студэнтаў камфортным, – распавядае кіраўнік Cleaning BSU Дыяна Кавалёва. – Навучанне ў стартап-школе скончылася, мы ўжо запусціліся і правялі нашы першыя ўборкі, але важна, што Стартап-цэнтр працягвае аказваць ментарскую падтрымку. Даюць парады і кансультуюць па любых пытаннях, з якімі я сутыкаюся ў сваёй дзейнасці: ад дзелавой перапіскі і правільнага афармлення лістоў ці заявак да пытанняў, звязаных з арэндай.
«СІТА 2.0»
– У снежні 2019 года мы правялі конкурс інавацыйных праектаў у сферы вынікаў навуковай дзейнасці – INNSTART-BSU. Для конкур-су адабралі праекты, якія ўяўлялі сабой вынік навуковай дзейнасці, а таксама мелі камерцыйны патэнцыял. Удзельнікі прэзентавалі праекты інвестыцыйнай і бізнес-супольнасці, зацікаўленай або ў куплі (арэндзе) інтэлектуальнай уласнасці, або ў інвеставанні ў сумесныя прадпрыемствы. Конкурс паказаў, што велізарную ролю ў развіцці стартап-руху іграюць не толькі традыцыйныя бізнес-праекты, але і венчурныя праекты інавацыйнай дзейнасці, якія паказалі сваю актуальнасць сярод навучэнцаў, напрыклад, «Насімая электроніка EL-Sense» і D3D Mini (кампактны 3D-прынтар). Зрабіўшы выснову з гэтага вопыту, мы вырашылі арыентаваць «СІТА 2.0» на адбор праектаў з венчурнай гісторыяй, гэта значыць шукаць у першую чаргу інавацыйныя праекты з высокай рызыкай і патэнцыйнай магчымасцю хуткага маштабавання, – тлумачыць Хрысціна Канановіч.
Бізнес нараджаецца з ідэі, для рэалізацыі якой неабходная каманда ініцыятыўных людзей у розных сферах дзейнасці, іх сумеснымі высілкамі рэалізуецца бізнес-праект, таму шукаць і адбіраць удзельнікаў у другі сезон стартап-школы вырашылі пасродкам хакатону. У сакавіку Стартап-цэнтр правёў 15-гадзінны марафон HACKATHON: FROM IPT TO IPO – форум для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, маладых навукоўцаў БДУ.
На мерапрыемстве ўдзельнікі з ідэямі праектаў аб’ядналіся ў каманды са спецыялістамі з розных галін: юрыстамі, эканамістамі, праграмістамі, дызайнерамі, менеджарамі, каб у адведзены тэрмін распрацаваць уласны ўнікальны прадукт. Каманды вывучалі рынак, аналагі сваіх ідэй, спрабавалі будаваць бізнес-мадэль і прэзентавалі праекты экспертам. Акрамя таго, удзельнікі ў рамках хака- тону прайшлі два неабходныя для прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў трэнінгі: «Метадалогія. Фарміраванне гіпотэзы. Методыка працы з гіпотэзамі» і «Бізнес-мадэль. Вызначэннебізнес-мадэлі. Распрацоўка і прымяненне, яе пабудова». Пасля кожнага майстар-класа каманды выконвалі заданні для ацэнкі перспектыўнасці бізнес-ідэі і развіцця праекта.
Фіналістамі хакатону, а таксама ўдзельнікамі «СІТА 2.0», сталі наступныя праекты: SURDO ADAPTER – прыкладанне для пераводу галасавых каманд у анімацыю мовы жэстаў; School Space Project – распрацоўка праграмнага забеспячэння мадэлявання руху касмічных аб’ектаў у калязямной прасторы і блізкім космасе; мабільнае прыкладанне для выгулу сабак «Пагуляйка»; мабільнае прыкладанне «Музей+», D3D Mini – кампактны 3D-прынтар, які з’яўляецца канструктарам, што можна сабраць самому; PROpodarki – стварэнне эксклюзіўных падарункаў. Сярод удзельнікаў другога патоку стартап-школы і праект, які ўжо паспеў ярка заявіць пра сябе, – «Насімая электроніка EL-Sense», ён стаў пераможцам у конкурсе INNSTART-BSU.
– Ідэю свайго праекта – стварыць вынаходства для адсочвання стану здароўя і аналізу навакольнага асяроддзя – мы з камандай прыдумалі ў сталовай за абедам, і ў прынцыпе шмат чаго змаглі рэалізаваць сваімі сіламі: вырашыць розныя пытанні, звязаныя з тэхнічным складнікам, распрацаваць дызайн першай прылады, – распавядае кіраўнік «Насімай электронікі EL-Sense» Аляксандр Семяновіч. – Аднак адна справа прыдумаць і зрабіць штосьці сваё, іншая – прадаць гэта. У стартап-школу мы прыйшлі менавіта для таго, каб навучыцца прадаваць свой прадукт. Без ведаў, як правільна складаць бізнес-план, прадумваць стратэгію, без разумення, як фінансава суправаджаць праект, запусціць свой стартап проста немагчыма. Усяму гэтаму мы вучымся і да выпуску са школы хочам дасягнуць узроўню, калі зможам знайсці інвестараў, якім наш праект будзе цікавы. Цяпер мы выйшлі на фінішную прамую і плануем першы продаж нашых прылад на сярэдзіну чэрвеня.
«Рухальнай сілай любога грамадства з’яўляюцца людзі, якія ўмеюць ствараць новае. Я лічу, што ўніверсітэт – гэта канцэнтрацыя такіх людзей. Таму мы шукаем не тых, хто хоча проста зарабляць грошы. Мы шукаем тых, хто хоча ствараць новае і карыснае, а таксама ганарыцца тым, што робіць. І вучым, як на гэтым можна зарабляць».
Дзмітрый Мікулка, кіраўнік Cтартап-цэнтра
Удзельнікі анлайн-стартап-школы «СІТА 2.0» пачалі навучанне ў канцы сакавіка, ім трэба яшчэ прайсці больш за 18 гадзін анлайн-навучання па soft&hard skills і засвоіць такія важныя для прадпрымальніка тэмы, як біз-нес-план, маркетынг, прасоўванне прадукту на рынку, бізнес-мадэль, сацыяльныя кампетэнцыі і асобасная эфектыўнасць, фінан-савае і юрыдычнае суправаджэнне інтэлектуальнай уласнасці.