Газета “Універсітэт” выпускае серыю матэрыялаў “Героі вайны ў нашых сем’ях”. Зараз гісторыяй дзеліцца Раман Зінчанка, студэнт 1 курса гістарычнага факультэта. Ён распавёў, чаму так важна сёння ўзгадваць тыя цяжкія ваенныя часы. А таксама расказаў пра тое, як збірае успаміны ветэранаў.
Раман ЗІНЧАНКА:
– У маёй сям’і з родных ваявалі 4 чалавекі. Па дзедавай лініі яго маці і дзядзька, а па бабулінай лініі – два яе дзядзькі. Асобна хачу распавесці пра дзядзьку майго дзядулі. Яго імя Дзмітрый Фёдаравіч Чупрыс, ён нарадзіўся ў 1910 г. у вёсцы Барыскі Лагойскага раёна Мінскай вобласці. У 1934 г. скончыў Аб’яднаную беларускую ваенную школу імя Калініна ў Мінску. Прайшоў дзве вайны: савецка-фінскую і Вялікую Айчынную.
З першых дзён чэрвеня 1941 года Дзмітрый Фёдаравіч ваяваў на фронце. У баі ў раёне Дзяржынска ў складзе часткі патрапіў у акружэнне. Калі з вялікімі стратамі атрымалася выйсці з акружэння, арганізаваў партызанскую групу, з якой у ліпені 1942 г. уліўся ў склад партызанскага атрада «Штурм».
З 1942 па 1944 гады ён выконваў заданні Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба Чырвонай арміі ў тыле нямецка-фашысцкіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Дзмітрый Фёдаравіч як кіраўнік групы разведвальна-дыверсійнага партызанскага атрада «Дзіма» арганізаваў і ўзначальваў агентурную разведку і дыверсійную працу ў Мінску, Мінскай, Маладзечанскай і Баранавіцкай абласцях. Удзельнічаў у шматлікіх аперацыях, у тым ліку ў рэйкавай вайне. Асабіста пусціў пад адхон 7 эшалонаў ворага. Як начальнік партызанскага атрада «Дзіма» ўдзельнічаў у стварэнні плана па замаху на гаўляйтара Беларусі Вільгельма Кубэ.
Пасля вызвалення беларускай зямлі працягнуў службу ў дзеючым войску. Ваяваў на 1-м, 2-м і 3-м Беларускіх франтах. Удзельнічаў у штурме Кёнігсберга. Пад горадам Хайлігенбайль (цяпер Мамонава) быў паранены ў нагу. Пасля Перамогі служыў у Савецкай арміі да 1953 г. Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі», «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені, «За перамогу над Германіяй», «За ўзяцце Кёнігсберга» і шэрагам іншых. Памёр у 1970 годзе.
На маю думку, трэба памятаць пра тыя грозныя гады Вялікай Айчыннай вайны для таго, каб не дапусціць падобнага ў будучыні. Неабходна актыўна вывучаць гісторыю, захоўваць памяць пра вайну, перадаваць веды па гэтай тэме іншым. Не дапускаць перапісвання гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а ўстаць на абарону нашай Перамогі.
За чатыры гады я запісаў больш за 100 успамінаў удзельнікаў вайны, якія жывуць галоўным чынам у Мінску і Мінскай вобласці. Для захавання памяці тры гады назад запусціў у інтэрнеце праект «Вялікай Радзімы сыны!». Тут публікую ўспаміны ветэранаў: удзельнікаў ВАВ, работнікаў тылу і блакаднікаў Ленінграда.
Вядома, разгаварыць ветэранаў на тэму франтавых гадоў не заўсёды бывае лёгка. Так, яны могуць распавесці агульную інфармацыю з гісторыі, але не хочуць глыбока пранікаць у свой лёс. Баляць раны. Яны бачылі смерць блізкіх і таварышаў, неймаверныя пакуты і жахі, таму, варушачы мінулае, людзі такога старэчага ўзросту пачуваюцца нядобра, у іх наварочваюцца на вачах слёзы, а пасля сустрэчы іх доўга не пакідаюць гэтыя ўспаміны. Але ёсць і тыя ветэраны, якія любяць узгадваць вясёлыя моманты франтавога жыцця – так, былі і такія.
Цяпер сярэдні ўзрост ветэранаў, з якімі я размаўляю, 95–96 гадоў, а некаторым і больш за стагоддзе, найстарэйшаму ў снежні будзе 105. Шмат каго адольваюць слабасць і хваробы, але яны імкнуцца трымацца бадзёра, бо яны людзі пакалення першай паловы 20-га стагоддзя, загартаваныя ў працы і бітвах.
Збіраючы аповеды ветэранаў, я прыйшоў да такой высновы: трэба як мага хутчэй перадаць каштоўныя ўспаміны маладому пакаленню, каб яны ведалі, праз што прайшлі іх продкі. Што яшчэ ёсць людзі, якія ваявалі за нашу мірную будучыню на фронце і ў партызанах, працавалі ў тыле. Каб пастараліся з імі сустрэцца, падтрымаць не толькі справай, але і проста добрым словам. Бо сведкаў тых падзей становіцца ўсё менш.
Збірала ўспаміны Алена ЛЯЎШЭНЯ