Сёння ва ўсім свеце ідзе барацьба з каранавіруснай пандэміяй, у эпіцэнтры якой апынуліся работнікі медыцынскіх устаноў. У нашай краіне разгарнуўся шырокі грамадскі і добраахвотніцкі рух па дапамозе медыкам сродкамі спецабароны, ежай і абсталяваннем. Не засталіся ўбаку студэнты і супрацоўнікі нашага ўніверсітэта. Прадстаўнікі розных моладзевых арганізацый і падраздзяленняў аказалі дабрачынную дапамогу медустановам, а на механіка-матэматычным факультэце нядаўна была арганізавана вытворчасць расходных матэрыялаў для жыццёва неабходных апаратаў.
Ініцыятыву трэцякурснікаў ММФ Аляксандра Кузняцова і Аляксандра Спевака падтрымала адміністрацыя ВНУ і дала чатыры 3D-прынтары для друку розных дэталяў апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ) і сродкаў індывідуальнай абароны.
Затым да каманды далучыліся супрацоўнік інавацыйнай лабараторыі «ФабЛаб» ММФ Яўген Яўсейчык і загадчык лабараторыі Ліцэя БДУ Яўген Скрабнёў.
За некалькі дзён яны вырабілі каля 200 накрывак для ўвільгатняльнікоў кіслароду і 40 трымальнікаў для медыцынскіх масак. Усе яны былі перададзены ў 10-ю гарадскую клінічную бальніцу і Гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Таксама ў дадзены момант па просьбе медработнікаў вядзецца вытворчасць адаптараў для снорклаў – герметычных масак, якія выкарыстоўваюцца для штучнай вентыляцыі лёгкіх, абмяркоўваюцца ўмовы вытворчасці ахоўных медыцынскіх шчыткоў з выкарыстаннем лазернага разака.
Першы заказ
«Усё пачалося з таго, што праз нашага былога ліцэйскага класнага кіраўніка Таццяну Анатольеўну Кастырыну да нас звярнуліся супрацоўнікі гнойнага аддзялення 10-й гарадской клінічнай бальніцы з просьбай вырабіць для іх 70 накрывак для кропак з кіслародам і 40 трымальнікаў для масак (гэта такія плоскія пласціны, якія дазваляюць мацаваць маску да галавы, а не да вушэй і абараняюць ад націрання), – распавядае Аляксандр Спявак. – Мы адразу ж звярнуліся да дэкана Сяргея Міхайлавіча Басякова, які, абмеркаваўшы
з намі тэхнічныя магчымасці, даў у наша распараджэнне два 3D-прынтары з лабараторыі „ФабЛаб“. Яшчэ два прынтары і спецыяліста даў нам у дапамогу дырэктар Ліцэя БДУ Ігар Мікалаевіч Варакса».
Першы тыдзень сышоў на наладку абсталявання, ці, як кажуць студэнты, краш-тэсты. Яны здымалі памеры, шукалі і самі мадэлявалі 3D-выявы дэталяў. Пасля некалькіх спроб яны дамагліся прымальнай якасці і адэкватнага часу на выраб.
«Першапачаткова трэба знайсці трохмерную выяву патрэбнай дэталі, якая затым праз адпаведны софт – слайсер – загружаецца ў 3D-прынтар і пераводзіцца ў кіраваны код, – тлумачыць Яўген Яўсейчык. – Пасля чаго ён па каардынатах пачынае плавіць пластык і адпаведна выбудоўваць гэту мадэль. Неабходныя нам выявы мы ўзялі ў валанцёраў аб’яднання „Хакерспэйс“, якое іх выклала ў адкрыты доступ. Затым іх трэба было мадыфікаваць пад нашы прынтары – дзесьці зрабіць больш пластоў (каб фрагменты не адломваліся), дзесьці паскорыць друк, а дзесьці замарудзіць на праблемных участках – падганялі некалькі дзён».
У цэлым выраб адной накрыўкі займае 50 хвілін, а вось цяжэйшы адаптар друкуецца каля 2 гадзін. На адным працоўным стале прынтара можна размясціць 5 адаптараў ці 15 накрывак. Пасля тэсціравання студэнты паказалі выпрабавальныя вырабы медыкам, і тыя ўхвалілі іх якасць. Пасля гэтага наладзілася ўжо «серыйная» вытворчасць.
Попыт расце
Пасля першага ўдалага вопыту хлопцы вырашылі прапанаваць сваю дапамогу іншым медустановам, размясцілі інфармацыю
ў сацыяльныя сеткі, падключылі прэс-службы Міністэрства адукацыі і БДУ і выклікалі цэлы шквал водгукаў ад валанцёраў і медыкаў. «Да нас пачалі паступаць заказы проста па сарафанным радыё, людзі ахвотна дзяліліся нашымі пастамі. Ёсць канал „Дапаможам медыкам“, дзе медыкі з усёй Беларусі робяць запыты, што ім трэба (рэспіратары, халаты, камусьці якраз накрыўкі). Мы апублікавалі там аб’яву, а мадэратару скінулі спіс усіх мадэляў, якія можам друкаваць. Неўзабаве нам прыйшоў заказ з той жа 10-й клінічнай бальніцы, але ўжо з аддзялення кардыялогіі, зараз удакладняем, чым можам дапамагчы 5-й бальніцы, а ўчора паставілі накрыўкі ў Крупскую ЦРБ (Мінская вобл.).
Акрамя таго, у Гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі мы таксама перадалі 100 накрывак, там жа нам сказалі, што маюць вялікую патрэбу ў адаптарах для снорклаў. Мы знайшлі гатовую трохмерную выяву і аддрукавалі першы ўзор. Медыкам ён падышоў, і мы вырабілі 20 штук (10 з іх у Ліцэі і 10 у БДУ). Сёння (7 мая — заўв. Рэд.) павязём іх заказчыкам, а новыя накрыўкі перададзім у Шклоўскую ЦРБ (Магілёўская вобл.).
Паралельна да нас таксама звярнуліся з РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі – ім патрэбныя для прамянёвай тэрапіі тонкія і дакладныя прыстасаванні. Паколькі яны павінны быць прыдатныя да стэрылізацыі пры высокіх тэмпературах, там і матэрыял павінен быць іншы. Нам шчыра сказалі, што калі зможам дапамагчы, то выратуем шмат жыццяў, – распавядае Аляксандр Кузняцоў. – Мы паабяцалі, што паспрабуем. Учора ўвечары я забраў у супрацоўніцы анкацэнтра прататып, а Яўген ужо штосьці змадэляваў, цяпер будзем правяраць».
З чаго ж зроблены…
Зразумела, што для вырабу дэталяў на 3D-прынтары патрэбныя спецыяльныя матэрыялы. Першыя восем шпулек пластыкавых нітак хлопцам дапамог купіць студсаюз юрыдычнага факультэта на чале з Паўлам Захарчанкам са сродкаў, прадугледжаных на мерапрыемствы, якія былі адменены ў сувязі з неспрыяльным становішчам.
«Нам таксама абяцалі дапамогу ад прадстаўніцтва IBA. Большую частку з гэтых грошай мы, напэўна, пусцім на закуп пласцін з палімернага пластыку для вырабу медыцынскіх шчыткоў, таму што замовы сыплюцца літаральна кругласутачна ад шматлікіх медустаноў, якія ў іх зацікаўлены. Адміністрацыя БДУ ў асобе першага прарэктара Дзмітрыя Георгіевіча Мядзведзева прыкладае намаганні, каб абсталяваць для нас памяшканне з добрай вентыляцыяй. Мы таксама вядзём перамовы з МakeIt-цэнтрам наконт арэнды лазернага разака. Калі ў нас атрымаецца, то, паколькі на выраб шчыткоў трэба шмат лістоў палімернага пластыку, мы плануем адкрыць дабрачынны збор на пляцоўцы MolaMola.by», – запэўнівае Аляксандр Кузняцоў.
Далучайцеся!
Калі студэнты пачнуць выраб шчыткоў, то яны збіраюцца пашырыць каманду і прыцягнуць у яе валанцёраў для дастаўкі гэтых вырабаў. На дадзеным жа этапе яны абыходзяцца сваімі сіламі і запрашаюць да супрацоўніцтва людзей і арганізацыі, у каго ёсць 3D-прынтары. Ініцыятары могуць прапанаваць ахвотнікам ужо гатовыя трохмерныя мадэлі, аптымізаваныя настройкі і расходныя матэрыялы. Абмяркоўваюць гэту магчымасць з іншымі ўніверсітэтамі, школамі і каледжамі. Прыемна, што ў БДУ знайшліся такія ініцыятыўныя і здольныя навучэнцы, з іх дапамогай наша грамадства абавязкова стане здаравейшым не толькі ў фізічным, але і маральным аспекце.
Сяргей ШАФАЛОВІЧ