Больш за 40 спецыялістаў для БелАЭС падрыхтавалі ў МДЭІ імя А. Д. Сахарава

17 Jun, 2020.

Установа адукацыі была створана для падрыхтоўкі прафесійных кадраў, якія змогуць мінімізаваць наступствы чарнобыльскай катастрофы. Цяпер у МДЭІ імя А. Д. Сахарава навучаюць унікальных спецыялістаў экалагічнага профілю, займаюцца даследаваннямі радыяцыйнага фону і ствараюць ІТ-­прадукты для маніторынгу навакольнага асяроддзя.

Базавая арганізацыя па экалагічнай адукацыі

Сяргей Маскевіч

– Наш інстытут прызнаны базавай арганізацыяй дзяржаў-­удзельніц СНД у галіне экалагічнай адукацыі, паколькі гэта адзіная на постсавецкай прасторы профільная экалагічная ўстанова адукацыі, якая мае прыродазнаўча-на­вуковую накіраванасць, – тлумачыць Сяргей МАСКЕВІЧ, дырэктар МДЭІ імя А. Д. Сахарава. – Сёння мы рыхтуем спецыялістаў міждысцыплінарнага профілю, праводзячы падрыхтоўку ў галіне фізікі, хіміі, біялогіі. У нас шырокі спектр спецыяльнасцяў экалагічнага профілю. На факультэце маніторынгу навакольнага асяроддзя мы рыхтуем інжынераў, якія валодаюць і тэхнічнымі аспектамі маніторынгу паветра, вады, глебы і г. д., і нарматыўна-прававой базай у галіне экалогіі, ведаюць міжнародныя стандарты. На факультэце экалагічнай медыцыны рыхтуем біёлагаў­аналітыкаў і біёлагаў-­экспертаў, якія авалодваюць сучаснымі біяхімічнымі і цытагенетычнымі метадамі біямедыцынскай і экалагічнай дыя­гностыкі. Акрамя таго, сфармірава­ліся спецыяльнасці ў галіне радые­экалогіі, якія і ў тэхналагічным, і ў метадычным плане добра распрацаваны. Рыхтуем спецыялістаў, якія ўмеюць выка­рыстоўваць радыеактыўнае выпраменьванне ў медыцынскіх мэтах. Што датычыцца ў цэлым спецыяльнасці «медыцынская фізіка», то яе пачалі развіваць нашмат раней у Еўропе і ў Расіі. У нас яна з’явілася на базе спецыяльнасці «ядзерная радыяцыйная бяспека». Гэта важна, таму што ў яе рамках былі ство­­ра­ны тэхналагічныя і метадычныя ўмовы, вырашаны пытанні: як працаваць з радыеактыўным выпра­меньваннем, як ажыццяўляць вымярэнні, як гарантаваць бяспеку. Акрамя таго, наш інстытут – гэта пляцоўка, на якой МАГАТЭ (Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі) ужо больш за дзесяць гадоў праводзіць Рэгіянальныя пасля­дып­ломныя адукацыйныя курсы па радыяцыйнай абароне і бяспецы кры­­ніц іанізуючага выпраменьвання.

Спецыялісты па радыяцыйнай бяспецы

– Гэта вельмі рэдкія спецыялісты, іх падрыхтоўка досыць да­рагая. Яны праходзяць практыку ў Обнінску, на дзеючай АЭС «Казладуй» у Балгарыі, у Вене і ў Францыі. Дзякуючы падтрымцы МАГАТЭ мы адпраўляем студэнтаў стажыравац­ца туды, дзе самыя перадавыя тэхналогіі і падыходы да пытанняў забеспячэння радыяцыйнай бяспекі. За час вучобы яны рэальна становяцца спецыялістамі, здольны­мі самастойна прымаць рашэнні, – адзначае Сяргей Аляксандравіч. – Важную ролю адыгрывае і моўная падрыхтоўка, таму што большасць навуковай і метадычнай літаратуры ў гэтай сферы на англійскай мове.

Марыя Гермянчук

– У Беларусі 22 973 зарэгіст­раваныя крыніцы радыяцыйнай не­бяспекі, таму нашы выпускнікі спецыяльнасці «ядзерная і радыяцыйная бяспека» вельмі запатра­баваныя, – распавядае Марыя ГЕРМЯНЧУК, намеснік дырэктара МДЭІ ім. А. Д. Сахарава па навуковай рабоце. – Напрыклад, на «Інтэграле», дзе выкарыстоўваецца шмат крыніц іанізуючага выпраменьвання, на іншых прадпрыемствах, дзе працуюць вымяральныя прыборы, заснаваныя на іянізуючых выпраменьваннях. Шмат нашых выпускнікоў працаўладкоўваецца ў такія буйныя фірмы як «Атамтэх», «АДАНІ», «Полімайстар».

БелАЭС

– Нашы выпускнікі ў тым ліку працуюць на Беларускай АЭС, – адзначае Марыя Рыгораўна. – І ў гэтым годзе туды размеркавалі яшчэ 8 чалавек. Падчас пленарнага пасяджэння нядаўніх Сахараўскіх чытанняў у прамым эфіры выступіў намеснік галоўнага інжынера па бяспецы Беларускай АЭС. Ён выказаў сваю пазіцыю па забеспя­чэнні бяспекі і закрануў важны для нас момант: на станцыі ўжо працуюць трыццаць шэсць нашых выпускнікоў, і ўсе яны маюць высокія прафесійныя дасягненні, іх прафесійнай падрыхтоўцы даюць высокія ацэнкі.


Таксама падчас пленарнага пасяджэння было закранута пытанне, звязанае з забеспячэннем радыяцыйнай бяспекі вакол Беларускай атамнай электрастанцыі. Цяпер на ёй рыхтуюцца да фізічнага пуску першага рэактара, гэта важны перыяд, калі мы ацэньваем ра­дыяцыйны стан вакол станцыі да пачатку эксплуатацыі. Выключная роля нашага інстытута ў тым, што ў нас працуе адзіная ў краіне ла­бараторыя, якая прафесійна займаецца вымярэннямі трыцію ў навакольным асяроддзі, вынікі даследаванняў з’яўляюцца асновай для наступных ацэнак уздзе­яння атамнай электрастанцыі на прыроду.

Замежныя студэнты

– Інстытут мае філіял у Ерэване, сумесны факультэт у Таджыкскім на­цыянальным універсітэце, – распавядае Сяргей Аляксандравіч. –  Апошнія 5 гадоў паспяхова рэалі­зуем адукацыйныя праграмы I ступені вышэйшай адукацыі па схеме 2 + 2 і 1 + 3. У Таджыкістане, напрыклад, вельмі зацікаўлены ў супрацоўніцтве, у іх рэальна ёсць патрэба ў спецыялістах па энергаэфектыўных тэхналогіях і энергетычным менеджменце, таму што ў краіне шмат гідраэлектрастанцый, развіваецца сонечная энергетыка.
Аднак многім студэнтам цяжка спраўляцца з вучэбнай праграмай, таму што яна патрабуе сур’ёзных ведаў па матэматыцы і фізіцы. На спецыяльнасць «медыка-­біялагічная справа» ў грамадзян Таджы­кістана таксама ёсць попыт, таму будзем развіваць і гэты кірунак. Што тычыцца тэхнічных спецыяльнасцяў, то імі зацікавіўся Узбе­кі­стан. У мінулым годзе мы набралі там дзве групы, два гады студэнты будуць вучыцца на радзіме, а потым яшчэ на два гады прыедуць да нас. У нашых планах развіццё дыстанцыйнай адукацыі, шмат што можна перавесці ў дыстанцыйную форму. Калі казаць пра Узбекістан, то нашы партнёры там за год стварылі сур’ёзныя лабараторыі, якімі дыстанцыйнае навучанне становіцца магчымым. Зараз мы думаем пра стварэнне сумеснага факультэта ў Ташкенце.


У інстытуце ёсць і англамоўныя адукацыйныя праграмы. Напрыклад, у магістратуры па спецыяльнасці «медыцынская фізіка» навучаецца група з Ірака. Да нас на трэці курс спецыяльнасці «меды­­ка­біялагічная справа» перавёўся студэнт са Стэнфардскага ўніверсітэта, ён грамадзянін Саудаўскай Аравіі. Магу сказаць, што гэта найлепшы студэнт інстытута. Выкладчыкі адзначаюць, што ў нас яшчэ такога не было, каб чалавек быў ­так матываваны да вучобы, паста­янна задаваў пытанні.

Новыя сумесныя адукацыйныя праграмы

Інстытут мае шырокую сетку міжнародных кантактаў, дзякуючы якім студэнты выязджаюць на стажыроўкі ў іншыя краіны, праводзяцца навуковыя даследаванні і рэалізуюцца сумесныя адукацыйныя праграмы.
– У гэтым годзе мы адкрываем новыя сумесныя праграмы I ступені з Таразскім універсітэтам (Казахстан), магістарскія праграмы па урбаэкалогіі з Расійскім уні­версітэтам дружбы народаў, – дзеліцца Сяргей Аляксандравіч. – Для нас гэта новы, але вельмі ­ак­туальны напрамак. У РУДН у планах зрабіць гэтую магістратуру сеткавай, да яе праявілі цікавасць яшчэ дзве краіны, але пакуль не раскрываецца якія. Цяпер гаворка ідзе пра чатыры краіны-­ўдзельні­цы, гэта значыць, што, паступіўшы на дадзеную праграму, магістранты будуць навучацца ў чатырох ВНУ.

Інфармацыйныя прадукты

Як будзе развівацца экасістэма ў тым ці іншым рэгіёне, сёння ­можна прагназаваць, аналізуючы базы даных: расліннага і жывёльнага светаў, склад глебы, кліма­тычныя паказчыкі. Яшчэ адзін напрамак, які развіваюць у МДЭІ імя А. Д. Сахарава – стварэнне новых інфармацыйных прадуктаў. Кафед­ра інфармацыйных тэхналогій у экалогіі і медыцыне выйграла тэндар і цяпер выконвае заданне Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па ­распрацоўцы аўтаматызаванай сістэмы анлайн-­маніторынгу стану кампанентаў навакольнага асяроддзя г. Оршы і Аршанскага раёна, якая будзе запушчана ўжо ў гэтым годзе.
– Мы сабралі і зараз пераводзім у базы даных інфармацыю пра экалагічны стан атмасфернага паветра, паверхневых вод, глебаў на тэрыторыі Аршанскага раёна, – распавядае Марыя Рыгораўна. – З пункта гледжання экалогіі гэта складаны раён з вельмі магутнай прамысловасцю і высокімі выкідамі ў навакольнае асяроддзе. Там развітая сельская гаспадарка, таму глебы тэхнагенна ператвораныя вельмі сур’ёзна. Вялікая колькасць насельніцтва пакідае шмат адходаў, адпаведна трэба працаваць з палігонамі цвёрдых бытавых ­адходаў. Важна адзначыць, што нельга вывучаць усе паказчыкі асобна адзін ад аднаго, толькі ў сукупнасці. Тады мы зможам ацэньваць перспектывы захавання і выкарыстання прыроднага капіталу, дэградацыю альбо стабілізацыю навакольнага асяроддзя, а ­самае галоўнае – даваць рэкамендацыі для прыняцця рашэнняў. ­Вельмі важна, што спажыўцом гэтага прадукту будзе не толькі Мінпрыроды, але і Аршанскі райвыканкам, гэта значыць тыя людзі, якім гэтая інфармацыя патрэбная кожны дзень для вырашэння іх ­паўсядзённых задач. Базы будуць пастаянна абнаўляцца, мы загружаем у іх даныя, якія атрымліваем у рамках Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя – гэта 12 відаў маніторынгу. Цяпер распрацоўваецца Дзяр­жаўная праграма рацыянальнага прыродакарыстання на 2021–2025 гады, мы падалі заяўку на ўдзел у ёй, каб рэалізаваць падобныя праекты яшчэ ў некалькіх рэгіёнах: у Астравецкім раёне, дзе ў спалучэнні з іншымі крыніцамі на нава­кольнае асяроддзе будзе ўздзей­нічаць Беларуская атамная электрастанцыя; у Гомелі і Гомельскай вобласці, дзе выбралі раён блізкі да ПДРЭЗ – складаная тэрыторыя з радыеактыўнымі забруджваннямі. А ў якасці фонавага раёна, з якім мы будзем параўноўваць паказчыкі, выступіць наш унікальны Бярэзінскі бія­сферны запаведнік.

Сахараўскія чытанні

– Наша традыцыйная канфе­рэнцыя «Сахараўскія чытанні» прайшла 21–22 мая. Сёлета былі 20­-я юбілейныя чытанні, якія праходзілі ў складаных умовах з­-за пандэміі каранавіруса, – адзначае Марыя Рыгораўна. – Аднак дзякуючы таму, што канферэнцыя праводзілася анлайн, у ёй змаглі паўдзельнічаць даследчыкі, якім досыць складана прыехаць у Беларусь. Напрыклад, у пленарным пасяджэнні прыняў удзел старшыня адміністрацыі раёна Баўтцэн з Германіі з дакладам наконт сёлетняй пандэміі кароны і будучыні вугляроднай эканомікі. Таксама ў рамках чытанняў абмяркоўвалася традыцыйная тэма «Беларусь і Чарнобыль». Па выніках канферэнцыі плануецца выданне матэры­ялаў, найбольш значныя з якіх будуць апублікаваныя ў нашым часопісе «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Экалогія».


У далейшым мы плануем у ча­сопісе акрамя традыцыйных навуковых напрамкаў асаблівую ўвагу надаваць ацэнцы радыяцыйнай ­бяспекі вакол Беларускай АЭС. Акрамя таго, у нас з’явіўся партнёр – Інстытут радыеэкалогіі ў Японіі, з якім мы будзем рыхтаваць артыкул з параўнальнымі характарыстыкамі чарнобыльскага і фукусімскага радыеактыўных забрудж­ван­няў. У гэтым напрамку мала хто працаваў, і мы спадзяёмся атрымаць вынікі, якія будуць выкарыс­таныя і для ацэнкі радыяцыйнага стану вакол Беларускай атамнай электрастанцыі, як аснова для ­планавання супрацьаварыйных ­мерапрыемстваў.

Падрыхтавала Валерыя БАНДАРЧЫК

print

Вам таксама можа спадабацца: