Прыём 2020 года. Што чакае будучых студэнтаў?

6 Jul, 2020.

Зусім хутка ў БДУ пачнецца ўступная кампанія. Колькі будзе сёлета абітурыентаў і якія змены адбыліся, распавёў адказны сакратар прыёмнай кампаніі дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі Павел НАВОЙЧЫК.

Здаць тэсты ў БДУ зарэгістравалася 12 114 чалавек

Павел НАВОЙЧЫК

У канцы мая Міністэрства адукацыі Беларусі паведаміла пра змену тэрмінаў правядзення цэнтралізаванага тэсціравання 2020 года. Новыя даты адрозніваюцца ад папярэдніх на паўтара­два тыдні. Асноўны этап пройдзе з 25 чэрвеня па 16 ліпеня. Традыцыйна ўступная кампанія пачнецца з тэсціравання па беларускай мове, а завершыцца іспытам па сусветнай гісторыі. Здаць ЦТ у рэзервовыя дні можна 19, 21 і 23 ліпеня. Таксама мініс­тэрства ўдакладніла даты выдачы сертыфікатаў ЦТ. Удзельнікі асноўнага этапу тэсціравання могуць атрымаць вынікі з 24 ліпеня, рэзервовага этапу – з 29 ліпеня.

– У 2020 годзе здаваць тэсты ў БДУ зарэгістравалася 12 114 чалавек (у 2019 – 14 540). Улічваючы новыя патрабаванні па захаванні сацыяльнай дыстанцыі пры выкананні тэстаў (не меншай за 1 м) і прысутнасці ў аўдыторыі не больш за 50 чалавек, пры правядзенні ЦТ штодня будзе задзейнічана 50–60 аўдыторый, максімум – 69 аўдыторый. З аднаго боку, гэта менш, чым летась, а з іншага боку, калі пад­лічыць аўдыторыі, занятыя ва ўсе дні, то іх апынецца амаль на 42 % больш – 376 супраць 265 у 2019 годзе, што звязана з правядзеннем тэсціравання па рускай мове і матэматыцы ў два дні, – каментуе адказны сакратар прыёмнай кампаніі.

План прыёму складае 5128 месцаў

Лічбы прыёму ў новым навучальным годзе карэкціраваліся з улікам запатрабавання ў кадрах. Так, усяго на дзённую бюджэтную форму плануецца прыняць 2150 чалавек, а на платную – 1905 (у 2019 годзе – 2130 і 1934 чалавекі адпаведна). На завочную БДУ сёлета збіраецца набраць 218 чалавек на бюджэт і 703 на платную (216 і 726 летась). Таксама на 1 курс плануецца набраць 132 чалавекі на платнае завочнае аддзяленне для атрымання другой вышэйшай адукацыі. У Інстытуце бізнесу чакаюць 30 чалавек на вочную (вячэрнюю) форму атрымання вышэйшай аду­кацыі. А план прыёму ў юрыдычны каледж у 2020 годзе складае 50 месцаў на бюджэт і 100 на платнай аснове. Павел Навойчык каментуе:

– У цэлым па ўніверсітэце набор абітурыентаў на ўсе формы навучання паменшыўся на 55 чалавек. Бюджэтных месцаў стала на 22 больш, а платных на 77 месцаў менш. Нязначнае павелічэнне бюджэтнай часткі адбылося на гуманітарных факультэтах на дзённай форме навучання. Размеркаванне бюджэтных пазіцый выглядае наступным чынам: прыродазнаўчанавуковыя спецыяльнасці – 67,1 %, а на сацыяльна­-эканамічныя і гуманітарныя спецыяльнасці выпадае 32,9 %. Скарачэнне на платнай форме абумоўлена ў першую чаргу карэкціроўкай набору выпускнікоў УССА – адмовіліся ад набору дадзенай катэгорыі абітурыентаў на спецыяльнасць «дызайн» (ФСК) і ўсе спецыяльнасці Інстытута бізнесу. Але ў той жа час для выпускнікоў УССА дададзены месцы на эканамічным фа­культэце і МДЭІ імя А. Д. Сахарава. Так што нейкай значнай змены суадносін у наборы паміж прыродазнаўчанавуковымі і гуманітарнымі спецыяльнасцямі ў параўнанні з мінулым годам не адбылося. Дробныя змены ў размеркаванні планавых месцаў ёсць, але не кардынальныя. Скажам, на біяфаку дадалі па 5 месцаў на 2 спецыяльнасці («біяэкалогія» і «біялогія навукова­вытворчая»), ММФ не будзе набі­раць на завочную форму на «навукова­педагагічную дзейнасць» (у 2019 годзе было 4 бюджэтныя і 5 платных месцаў), такая ж «ракіроўка» адбылася на філалагічным, гістарычным і некаторых іншых факультэтах.

Дарэчы, прыём дакументаў на асноўны набор на бюджэт пройдзе з 25 да 31 ліпеня. Уступныя выпрабаванні ў БДУ правядуць з 1 да 7 жніўня. Залічэнне на бюджэт – да 11 жніўня. Што да платнай формы, то тут прыём дакументаў запланаваны на перыяд з 25 ліпеня да 15 жніўня, залічэнне да 17 жніўня.

– Выбар абітурыентамі БДУ – гэта выбар у першую чаргу высокай якасці адукацыі і прэстыжнасці дыплома. Невыпадкова нашы студэнты рэгулярна пера­магаюць у міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядах і конкурсах. Акрамя таго, усім, хто задумваўся наконт далейшага месца вучобы, добра вядома, што БДУ знаходзіцца на лідарскіх пазіцыях у сусветных рэйтынгах універсітэтаў, – лічыць адказны сакратар.

Змяніліся тэхнічныя аспекты падачы дакументаў

Сёлета нарматыўныя дакументы кампаніі не змяняліся. Аднак змены закранулі тэхнічныя аспекты падачы дакументаў і праходжання ўступных выпрабаванняў. Такое рашэнне накіравана на аператыўную падачу дакументаў і памяншэнне канцэнтрацыі людзей. У прыёмнай камісіі ўдакладняюць:

– Пашыраюцца функцыі асабістага кабінета абітурыента, павялічваецца аб’ём інфармацыі, якая туды заносіцца, што дазволіць паскорыць апрацоўку дакументаў абітурыента пры яго непасрэдным звароце ў прыёмную камісію. Але абітурыенту ўсё адно прыйдзецца асабіста падаваць арыгіналы дакументаў. Таксама ўкаранёная электронная чарга, гэта зэканоміць час абітурыента. Падчас унутраных уступных выпрабаванняў плануецца прымяняць тыя ж меры, што і пры правядзенні ЦТ: памяншаецца колькасны склад груп, змяняецца рассадка абітурыентаў на пісьмовых выпрабаваннях, павялічваецца аўдыторны фонд, які выкарыстоўваецца.

Таксама да новаўвядзенняў гэтага года адносіцца тое, што ўнутраныя ўступныя выпрабаванні для выпускнікоў УССА на скарочаную форму навучання будуць праводзіцца ва ўсіх УВА па адзіных праграмах, што яшчэ больш спрыяе стварэнню роўных умоў для абітурыентаў.

– Для прыёму ўступных іспытаў задзейнічаем больш за 30 аўдыторый штодня. Будзе ўлічаны досвед правядзення ЦТ гэтага года: пэўная рассадка абітурыентаў, якая забяспечвае рэкамендаваную сацыяльную дыстанцыю. Чакаецца, што ўдзел ва ўступных выпра­баваннях прыме 900–1000 абітурыентаў, – гаворыць Павел Навойчык.

Замежныя абітурыенты, якія паступаюць у БДУ

У 2019 годзе на першую ступень адукацыі да нас падалі дакументы 979 замежных грамадзян. Якая колькасць чакаецца сёлета ва ўмовах эпідэміялагічнай сітуацыі?

– На гэта пытанне скла­дана адказаць. Усё будзе залежаць ад развіцця сітуацыі ў свеце – калі зніжэнне захворванняў будзе даволі значным, каб краіны адчынілі свае межы, то ў БДУ па­ранейшаму будзе высокім прыток абітурыентаў з­за мяжы. Таму не будзем загадваць, скажу толькі, што ўніверсітэт робіць усё магчымае для захавання аб’ёмаў, дасягнутых у мінулыя гады, – адказвае Павел Іванавіч. – Вялікая частка замежных студэнтаў БДУ прайшла моўную і профільную падрыхтоўку на ФДА. Выпускнікі факультэта, якія паспяхова здалі выніковую атэстацыю і атрымалі пасведчанне пра заканчэнне ФДА, залічваюцца на абраныя імі спецыяльнасці без дадатковых выпрабаванняў. Асноўная частка выпускнікоў, безумоўна, застаецца для далейшага навучання ў БДУ. Так, у 2019 годзе скончыў ФДА 361 замежны слухач, з іх 257 сталі студэнтамі БДУ. На дадзены момант у 2020 годзе завяршылі навучанне 546 чалавек, з іх 464 падалі дакументы ў наш універсітэт.

Тэрміны падачы дакументаў для замежных грамадзян: да 31 ліпеня па міжнародных дамовах, выніках адбору на атрыманне грантаў, да 15 жніўня па выніках выніковай атэстацыі па заканчэнні падрыхтоўчых УВА, да 15 кастрычніка па выніках сумоўя.

Прагнозы

Па словах Паўла Іванавіча, чакаецца зніжэнне наплыву людзей, якія падаюць дакументы адначасова. Як адзначалася вышэй, гэта будзе ажыццяўляцца дзякуючы прадугледжаным новаўвя­дзенням у асабістым кабінеце: магчымасць размясціць сканы (фота) дакументаў і электронная чарга для тых, хто цалкам падасць усе неабходныя звесткі ў асабістым кабінеце.

– Безумоўна, мы прымем усіх, верагодна, прыйдзецца больш дынамічна рэгуля­ваць допуск абітурыентаў у будынак, дзе арганізуецца прыём дакументаў, – дзеліцца сакратар. – Што да набору, то ўвогуле колькасць тых, хто падае дакументы, даволі шчыльна карэлюе з планам – абітурыенты бачаць свае магчымасці пас­туплення падчас падачы дакументаў і імкнуцца своечасова перападаць іх або на іншую спецыяльнасць, або наогул у іншую ВНУ. На дзённую бюджэтную форму конкурс пададзеных заяў, па нашых прагнозах, складзе ад 1,7 да 2 чалавек на месца.

Па словах дэкана, выкананне плана набору наў­прост звязана з такім напрамкам працы факультэтаў, як прафарыентацыя. У вясновы перыяд імі была арганізавана цэлая серыя прафарыентацыйных мерапрыемстваў у рамках дзён адчыненых дзвярэй, якія праводзіліся ў анлайн­-фармаце. Гэта «гарачая лінія», стрым на Youtube-­канале, відэаагляды і прэзентацыі.

– Гэты вопыт апраўдаў сябе і паказаў, што ў нашых патэнцыйных студэнтаў з аддаленых куткоў Беларусі з’явілася больш магчымасцяў лепш даведацца пра БДУ. Ва ўсе гады мы вы­конвалі зацверджаны план прыёму, спадзяюся, што і сёлета ўніверсітэт паспяхова справіцца з пастаўленай задачай, – падагульніў Павел Навойчык.

Падрабязнасці на сайце abiturient.bsu.by.

Падрыхтавала Алена СВІНКО

print

Вам таксама можа спадабацца: