Электронная бібліятэка БДУ заняла 11е месца ў сусветным рэйтынгу рэпазітарыяў Transparent Ranking of Repositories і 3-е месца сярод рэпазітарыяў універсітэтаў. Пра высокую пазіцыю і само сховішча распавёў дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Уладзімір КУЛАЖАНКА.
Матывацыя публікаваць вынікі навуковай дзейнасці ў інтэрнэце
Увогуле ў рэйтынгу налічваецца больш за тры тысячы лічбавых фондаў УВА і даследчых цэнтраў з усяго свету. Асноўны крытэрый ацэнкі – колькасць дакументаў бібліятэкі, праіндэксаваных пошукавай сістэмай «Гугл-Акадэмія» (Google Scholar). Першыя радкі занялі базы даных медыцынскіх і біялагічных публікацый Europe PubMed Central, астрафізічная інфармацыйная сістэма НАСА, электронная бібліятэка CiteSeerХ. Як і летась, у агульнай табліцы наша электронная бібліятэка заняла 11-е месца. У рэйтынг патрапілі і іншыя беларускія электронныя архівы. Найбліжэйшая да лідараў пяцёрка – БНТУ (53 месца), БДЭУ (133), ВДУ імя П. М. Машэрава (225), БДМУ (230) і БДТУ (284). А вось апярэдзілі ЭБ БДУ па шкале сярод УВА толькі Федэральны ўніверсітэт Рыа-Грандэ-ду-Сул з Бразіліі і Універсітэт Кіёта з Японіі.
Рэйтынг рэпазітарыяў адкрытага доступу складае лабараторыя Cybermetrics Lab, якая вядомая па вэбаметрычным рэйтынгу ўніверсітэтаў. Тут ацэньваецца ўзровень адкрытасці акадэмічных рэсурсаў і іх інтэграцыя ў сусветную інфармацыйную прастору. Такім шляхам стваральнікі імкнуцца матываваць даследчыкаў публікаваць вынікі сваёй навуковай дзейнасці ў інтэрнэце, робячы іх даступнымі для калегаў і іншых зацікаўленых людзей. Дарэчы, ЭБ БДУ ўваходзіць у міжнародны рэйтынг з 2012 года.
Лідарскія месцы рэпазітарыю БДУ дазваляе займаць карпатлівая праца работнікаў бібліятэкі і карэктнае запаўненне метаданых, а таксама тое, што ўніверсітэт падтрымлівае мадэль адкрытай навукі. Дырэктар бібліятэкі Уладзімір Кулажанка каментуе:
– Ставімся да высокага рэйтынгу як да добрага выніку агульнаўніверсітэцкага праекта. Платформа, якую мы выкарыстоўваем, і сістэма кіравання лічбавымі калекцыямі дазволіла сфарміраваць у БДУ адзін з найбуйнейшых у свеце інстытуцыянальных рэпазітарыяў, лічбавае сховішча навуковых і навучальных выданняў. Адна з умоў поспеху – тое, што ў БДУ працуюць выдатныя навукоўцы і педагогі, яны ствараюць якасны інтэлектуальны прадукт у выглядзе публікацый, а бібліятэка робіць гэтыя дакументы бачнымі ўсяму свету. Правільная праца па адміністраванні, інтэграцыі, апісанні дакументаў дазваляе дамагчыся высокай ступені індэксацыі кантэнту ЭБ БДУ глабальнымі пошукавымі машынамі. Гэта значыць, што на запыт у пошукавых сэрвісах, напрыклад, Google ці «Яндэкс», карыстальнік убачыць у першую чаргу нашы публікацыі.
Таксама размяшчэнне новых выданняў дазваляе займаць высокае месца ў міжнародным рэйтынгу рэпазітарыяў. Гаворка ідзе пра навінкі для шырокага кола чытачоў. У іх лік уваходзяць архівы газеты «Універсітэт» і часопіса «Веснік БДУ», усё тое, што пашырае веды пра БДУ. Яшчэ ў ЭБ загружаюць публікацыі нашых супрацоўнікаў па пэўных тэмах, скажам, працы супрацоўнікаў БДУ пра Францыска Скарыну і яго Бібліі, файлы па гісторыі ўніверсітэта, працы першага рэктара БДУ і іншае. Дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі тлумачыць:
– Ёсць яшчэ адзін важны блок – гэта выдавецкія навінкі: кнігі і часопісы, надрукаваныя выдавецтвам БДУ, зборнікі матэрыялаў канферэнцый, справаздачы пра НДР, якія перадае нам Галоўнае ўпраўленне навукі, аўтарэфераты дысертацый, абароненых у саветах пры БДУ, поўныя тэксты выпускных прац, дакументы, якія дэпаніруюцца. Інакш кажучы, мы спрабуем размясціць у ЭБ БДУ ўсё, што друкуе ўніверсітэт. Важкую частку дакументаў размяшчаюць у ЭБ факультэты і інстытуты: навучальныя праграмы, анатацыі выпускных прац, артыкулы і даклады супрацоўнікаў факультэта, якія былі выдадзены ў іншых выдавецтвах. Неацэнны ўнёсак Галоўнага ўпраўлення адукацыйнай дзейнасці па размяшчэнні навучальных планаў, стандартаў, тыпавых праграм.
Па словах Уладзіміра Кулажанкі, таксама істотная частка агульнага працэсу электроннай бібліятэкі выпадае на абнаўленне праграмнага забеспячэння ЭБ і працу з рознымі арганізацыямі, якія займаюцца індэксаваннем кантэнту. У рэпазітарыі БДУ яшчэ сочаць за ўключэннем розных працэдур, якія паляпшаюць функцыянальнасць ЭБ. Напрыклад, дададзена функцыя пошуку па дамене bsu, функцыя пошуку бясплатных копій дакументаў (якія здабываюцца праз OAI пратакол, даныя MAG, Unpaywall, ORCID, Crossref, Pubmed). Падключаны сэрвіс CORE recommender, кнопка прагляду знойдзенай публікацыі ў Google Scholar. Таксама ідзе праца па прасоўванні кантэнту ЭБ БДУ ў сацыяльных сетках.
Адзначым, што Фундаментальная бібліятэка БДУ першай у Беларусі пачала ажыццяўляць працу па стварэнні інстытуцыянальнага рэпазітарыя і размяшчэнні ў адкрытым доступе паўнатэкставых навуковых публікацый, навучальных і метадычных матэрыялаў навукоўцаў і выкладчыкаў універсітэта. Акрамя таго, бібліятэка БДУ ўкараніла працэс пераводу наяўных у сваім фондзе дакументаў у электронны фармат, што дазваляе ў далейшым таксама зрабіць іх даступнымі для ўсёй сусветнай навуковай супольнасці.
За апошні год да рэсурсаў ЭБ звярнулася больш за 433 тыс. карыстальнікаў
Электронная бібліятэка БДУ была ўведзена ў эксплуатацыю 10 гадоў назад. Сёння яна з’яўляецца адным з найбольш буйных лічбавых сховішчаў у свеце па колькасці дакументаў. У наш час дзякуючы сумеснай працы Фундаментальнай бібліятэкі і ўсіх структурных падраздзяленняў універсітэта ў зборы Электроннай бібліятэкі БДУ звыш 170 000 публікацый навукоўцаў і выкладчыкаў універсітэта. Як тлумачыць Уладзімір Генадзьевіч, гэта раўназначна 1 Тб інфармацыі.
Ён дадае: «Амаль 85 % дакументаў размешчаны ў адкры тым доступе і могуць быць прагледжаны з інтэрнэту. За апошні год да рэсурсаў ЭБ звярнулася больш за 433 тыс. карыстальнікаў, з якіх каля 40 % з-за мяжы».
Унікальнасць нашага рэпазітарыя і ў тым, што тут можна ўбачыць рэдкія выданні. Напрыклад, копіі архіўных дакументаў часоў стварэння БДУ, першыя выпускі «Прац БДУ», копіі старых кніг, якія тычацца гісторыі Беларусі.
– Частка з іх патрапіла да нас з Нацыянальнай бібліятэкі ў рамках інфармацыйнага супрацоўніцтва, які заключаецца ў абмене копіямі дакументаў (старонка на старонку), – дзеліцца дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі. – Копіі газет БДУ 1920–30-х гадоў нам атрымалася «вярнуць» з Санкт-Пецярбурга. Была праведзена вялікая праца па іх пошуку і дасягненні дамоўленасцяў па аблічбаванні і перадачы копій у БДУ.
Тады фонд універсітэта папоўніўся копіямі 81 газеты. У іх ліку нумары першых перыядычных выданняў ВНУ «Голас студэнта» (1920 год) і «Голас рабфакаўца» (1920–1930 гг.). Аснову калекцыі складаюць асобнікі першай агульнаўніверсітэцкай шматтыражнай газеты «Ленінскі шлях», а таксама газеты «За ленінскія кадры». Гэта тыя выданні, паслядоўніцай якіх стала наша газета БДУ «Універсітэт». На іх старонках – мноства гістарычнай унікальнай інфармацыі пра станаўленне нашай ВНУ.
– У дадатак да калекцыі газет БДУ 1920–30-х гадоў на працягу апошняга часу сіламі ФБ былі аблічбаваны і размешчаны ў ЭБ газеты ўніверсітэта з 1954 да 2009 года. Усяго – 1595 дакументаў. У перасылцы адсутных выпускаў вялікую дапамогу нам аказала Нацыянальная кніжная палата Беларусі. Тым самым у свабодным доступе размешчаны практычна ўсе газеты БДУ, што дазволіла стварыць да 100-годдзя ўніверсітэта ўнікальны комплекс крыніц па гісторыі БДУ і вышэйшай адукацыі Беларусі, – падагульніў дырэктар ФБ.
Падрыхтавала Алена СВІНКО