Вадзім Гігін: «Універсітэт дае студэнтам шырокія магчымасці для грамадскай і палітычнай актыўнасці»

7 Jul, 2020.

За перыяд навучання ў БДУ студэнт становіцца не толькі спецыялістам, але і грамадзянінам краіны – як быць часткай грамадства, разумець закон, рабіць выбар і многае іншае. Напярэдадні выбараў Прэзідэнта Беларусі мы пагаварылі пра палітычную сацыялізацыю маладых грамадзян з дэканам ФФСН кандыдатам гістарычных навук Вадзімам ГІГІНЫМ.

– На ФФСН студэнты актыўна цікавяцца грамадскім жыццём, пра што сведчыць дзейнасць «Лігі маладога грамадзяніна». Распавядзіце падрабязней пра гэту ініцыятыву.

– «Ліга маладога грамадзяніна» – адзін з серыі моладзевых праектаў. І нам ён асабліва дарагі, таму што з’яўляецца ініцыятывай выключна студэнтаў. Калісьці яны яшчэ ў школе развівалі такі праект, як «Ліга маладога выбаршчыка», накіраваны на тое, каб у цікавай гульнявой форме пазнаёміць маладое пакаленне з выбарчым правам і працэсам, асноўнымі патрабаваннямі заканадаўства. Гэты праект быў падтрыманы Мінгарвыканкамам. Мы ўхвалілі ідэю студэнтаў арганізаваць падобны праект ужо ў сценах факультэта.

Сустрэча міністра адукацыі Ігара Карпенкі з маладымі грамадскімі актывістамі па тэме «Моладзевае лідэрства ў адукацыйным працэсе»

Паступова ён трансфармаваўся ў «Лігу маладога грамадзяніна». Але сэнс падобны: гэта прамыя сустрэчы з беларускімі і замежнымі экспертамі, блізкімі да грамадска­-палітычнай тэмы. Напрыклад, сустракаліся з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам, дэ­путатамі Ігарам Марзалюком і Ліліяй Ананіч, старшынёй Саюза пісьменнікаў Мікалаем Чаргінцом, старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, намеснікам міністра працы і сацабароны Аляксандрам Румаком. Напярэдадні 22 чэрвеня сустракаліся анлайн з аўтарамі фільма «Брэсцкая крэпасць» Аляксандрам Котам і Андрэем Мярзлікіным. Да нас прыязджаў вядомы расійскі палітолаг і журналіст, дэкан Вышэйшай школы тэлебачання МДУ Віталь Траццякоў. Сустрэчы выклікаюць вялікую цікавасць, прыходзяць навучэнцы з іншых факультэтаў і ўстаноў адукацыі. Самае галоўнае, яны паказваюць маладому пакаленню, што тыя з’яўляюцца грамадзянамі краіны, што ў любога службоўца і палітыка можна атрымаць адказы на пытанні.

– Апроч удзелу ў абмеркаваннях важных тэм, студэнты­-сацыёлагі праводзяць даследаванні ў рамках створанага на базе ФФСН навучальна-­навукова­-вытворчага кластара «УНІК ОМ». У чым сутнасць іх працы?

– Студэнты кафедры сацыялогіі праходзілі практыку ў Інстытуце сацыялогіі, у ЦСПД БДУ. Яшчэ ў нас існуе СНДЛ «Соцыум». Мы вырашылі аб’яднаць усе гэтыя рэсурсы ва «УНІК ОМ», каб прадставіць іх сумесна на сацыялагічным рынку краіны. Мы актыўна супрацоўнічаем з Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў, праз яго – з вядучымі органамі дзяржкіравання, напрыклад, міністэрствамі адукацыі, інфармацыі. Ёсць і камерцыйныя заказы. Кластар створаны не так даўно, і мы паступова пашыраем кола тэм і заказчыкаў, асвойваем новыя формы даследаванняў. «УНІК ОМ» займаецца сур’ёзнымі тэмамі, да прыкладу, даследавалася рэакцыя грамадства на пандэмію, меры, якія прымае дзяржава і асобныя грамадзяне. Таксама вывучалі эфектыўнасць працы органаў дзяржаўнай улады ў інтэрнэце. Адзначу, спасылкі на «УНІК ОМ» ужо ёсць у СМІ.

– Студэнты – актыўная частка грамадства, яны цікавяцца палітычным жыццём краіны, у ­­тым ліку выбарамі Прэзідэнта Беларусі. Як вы лічыце, у якіх яшчэ формах грамадскай дзейнасці студэнты БДУ могуць выявіць сваю ініцыятыўнасць і прынесці максімальную ка­рысць грамадству?

– Наш універсітэт дае шырокія магчымасці для грамадскай і палітычнай ініцыятывы нашых студэнтаў. У моладзевых арганіза­цыях выбары праходзяць на альтэрнатыўнай аснове пасля цэлай выбарчай кампаніі таемным галасаваннем. Гэта дае карысць самім арганізацыям, а яшчэ так мы праводзім палітычную сацыялізацыю маладога грама­дзяніна. Ён на дадзеным узроўні ўключаецца ў выбарчыя працэсы і разумее, што мае не толькі правы, але і адказнасць. Разумее, што змагаецца тут не проста за нейкую ўладу і лідарства, а што павінен прадстаўляць праграму. Падчас тых кампаній выяўляюцца асобы, якія стануць лідарамі не толькі ва ўніверсітэце, але, магчыма, і ў грамадстве ўвогуле.

Выявіць сваю ініцыятыўнасць студэнты таксама могуць у розных грамадскіх праектах. Вельмі важна сустрэцца, атрымаць магчымасць доступу да кіраўнікоў, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, пераняць досвед. Бо часам нават задаць пытанне – гэта значыць пераадолець сябе, уключыцца ў агульны працэс і вырасці.

У БДУ навучэнцы нібыта атрымліваюць два дыплома – першы дыплом аб адукацыі, а другі ўмоўны – гэта той сацыяльны капітал, унікальны вопыт і навыкі, якія гартуюцца ў грамадскай дзейнасці.

І, вядома ж, гэта ўдзел у выбарчай кампаніі. Некаторыя студэнты ідуць у выбарчыя камісіі, або працуюць у якасці назіральнікаў на выбарах. Многія ўваходзілі ў ініцыятыўныя групы дэпутатаў. Чалавек, які цікавіцца палітыкай, мае поўную магчымасць сябе рэалізаваць. А ўлічваючы тыя дысцыпліны, якія выкладаюцца на нашым факультэце: філасофія палітыкі, сацыялогія палітыкі, камунікацыя з дзяржаўнымі органамі ўлады і іншыя – гэтыя практычныя навыкі падмацоўваюцца вельмі сур’ёзнай тэарэтычнай базай. Магчыма, таму многія студэнты становяцца даследчыкамі ўлады, што немалаважна. Каб лідары і кіраўнікі прымалі правільныя рашэнні, яны павінны абапірацца на заканамернасці палітычнай сферы, а іх даследуюць і выводзяць спецыялісты, якіх у тым ліку рыхтуе наш факультэт.

Гутарыла Алена СВІНКО

print

Вам таксама можа спадабацца: