Першакурснікі паціху прывыкаюць да новага раскладу, прадметаў, выкладчыкаў і самастойнасці. Наперадзе новыя гарызонты, магчымасці і дарослае жыццё. Запаветны студэнцкі квіток – у кішэні. Як ішла падрыхтоўка да паступлення, якой бачаць сваю будучыню студэнты першага курса і якія планы будуюць на гады навучання ва ўніверсітэце? Пра ўсё гэта і не толькі размаўляем з навучэнцамі, якія падчас уступнай кампаніі набралі самыя высокія балы.
Ілона МІШЧУК, спецыяльнасць “міжнароднае права”, факультэт міжнародных адносін. Атрымала 398 балаў (100 беларуская мова, 100 грамадазнаўства, 98 англійская мова).
– Я выбрала БДУ, бо ён лічыцца найлепшай установай адукацыі ў нашай краіне. І матуля мне раіла: калі паступаць у Беларусі, то дакладна толькі ў БДУ. Мае знаёмыя, якія вучыліся і вучацца тут, распавядалі, што ім падабаецца, казалі пра вясёлае студэнцкае жыццё. Я іх слухала і запамінала.
Да паступлення ва ўніверсітэт я плённа рыхтавалася ўвесь апошні год. Хадзіла да рэпетытара па грамадазнаўстве, а англійскую мову вывучала і ў школе, і самастойна. Даволі шмат часу надавала беларускай мове. Па гэтым прадмеце атрымала дыплом I ступені на абласным і I ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ў 11 класе. Ён даў мне 100 балаў па мове. Ёсць залаты медаль, у атэстаце – сярэдні бал 10. Шчыра кажучы, я не разлічвала на такі выдатны вынік, але спадзявалася, што добра напішу ЦТ.
Падчас прыёмнай кампаніі быў момант, які мяне асабліва ўсхваляваў: калі прыйшло смс-паведамленне з вынікамі па грамадазнаўстве. Тады я была вельмі здзіўлена і ўражана, пабачыўшы там «сотку». Насамрэч, у мяне былі думкі, што не паступлю. Было такое адчуванне, што нібыта здарыцца памылка і мае балы пераблытаюць з іншымі. Хвалявалася, што на маю спецыяльнасць прыйдзе 10 чалавек з 399 баламі. Але ўвогуле, мая матуля хвалявалася больш, чым я. Сама я разумела, што хваляванні дарэмныя і хутчэй за ўсё нічога кепскага са мной не будзе.
Цяпер я прызвычайваюся да ўсяго новага, што адбываецца. Трэба па-даросламу ставіцца да навучання, аддаваць яму больш часу, чым раней у школе. ФМА дае магчымасць вывучаць замежныя мовы, гэта мяне вельмі радуе. Ведаю беларускую, рускую, англійскую, крыху вывучала польскую мову, а цяпер абрала іспанскую мову як новую, якую хачу вывучаць на факультэце.
Пакуль не ведаю, кім буду пасля завяршэння навучання. Хутчэй за ўсё стану юрыстам ці іншым спецыялістам у сферы права. Я хачу ведаць закон, ведаць свае правы. А прыклад для мяне – матуля, яна працуе юрыстам. Я зразумела, што гэта можа быць блізкім і мне. Вырашыла, што паспрабую.
Кацярына ЛУКАШЭНЯ, спецыяльнасць “правазнаўства”, юрыдычны факультэт. Атрымала 397 балаў (100 грамадазнаўства, 99 руская мова, 98 англійская мова).
– Я люблю вучыцца. Колькі магу атрымаць інфармацыі з розных крыніц, столькі і набіраю. Да паступлення рыхтавалася самастойна, наведвала курсы, хадзіла да рэпетытараў па англійскай мове і грамадазнаўстве. У алімпіядным руху па рускай мове ўдзельнічала з 9 класа, брала прызавыя месцы. У 11 класе атрымала дыплом II ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове. У прынцыпе, таго, што я напрацавала па гэтай мове за два гады, мне хапіла для здачы ЦТ.
Абрала БДУ, таму што гэта найлепшая ВНУ краіны. Іншыя варыянты нават не разглядала. З будучай прафесіяй вызначылася дзесьці ў сёмым класе. Шмат у чым на выбар паўплываў прыклад сваякоў. Мае дзядзькі як спецыялісты паспяхова рэалізаваліся ў юрыспрудэнцыі, абодва вучыліся ў БДУ. Яны шмат распавядалі пра вучобу, працу, мне было цікава іх слухаць. А яшчэ мой рэпетытар скончыла гістфак БДУ і таксама вельмі цёпла пра яго выказвалася, раіла паступаць менавіта ў гэты ўніверсітэт. Я і сама шмат чытала і глядзела пра ВНУ. Таму ясна разумела, што толькі БДУ, толькі юрфак.
Прыёмная кампанія не прайшла без хваляванняў. Закрадаліся думкі пра тое, што раптам прыйдзе многа абітурыентаў, у якіх 400 балаў. Хоць гэтыя разважанні я хутка адганяла і была ўпэўнена, што дакладна паступлю, адчувала, што ў выбары факультэта не памылілася.
Чакаю шмат чаго ад гадоў навучання. Вядома, у прыярытэт стаўлю якасць адукацыі. Хочацца атрымаць добрыя веды ад высакакласных спецыялістаў, мяне захапляе выкладчыцкі склад БДУ. Я раней цікавілася навуковай працай, і зараз планую ў гэтым удзельнічаць. Паспрабую ўвайсці ў розныя праекты, у тым ліку міжнародныя. Хачу выйсці адсюль добрым спецыялістам, завесці новыя знаёмствы. Каля трох гадоў гуляю ў «Што? Дзе? Калі?», спадзяюся, што ўніверсітэт дасць мне магчымасць працягнуць займацца гэтым захапленнем.
Пакуль я вельмі задаволена першымі днямі на юрфаку, знаходжуся пад уражаннем. Усё не так, як у школе. І ў плане выкладання, і ў плане самой інфармацыі. Каб прывыкнуць, спатрэбіцца час.
Анастасія ФІЛІСТОВІЧ, спецыяльнасць “фізіка (вытворчая дзейнасць)”, адукацыйная праграма Сумеснага інстытута БДУ і ДПУ. Атрымала 396 балаў (100 матэматыка, 100 руская мова, 96 фізіка).
– Я скончыла школу з залатым медалём, атэстат даў мне 100 балаў. Яшчэ ў скарбонку патрапілі 100 балаў па матэматыцы за дыплом
I ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Добра здала ЦТ, у выніку атрымала 100 балаў па рускай мове і 96 балаў па фізіцы. Да алімпіяды і ЦТ рыхтавалася з настаўнікамі гімназіі. Выключэннем стала руская мова: апроч падрыхтоўкі ў школе, штотыдзень ездзіла ў Мінск на курсы Анатоля Лазуркіна.
Абрала БДУ, бо хачу атрымаць якасную адукацыю ў найлепшай ВНУ краіны. Тут на 2 курсе ФМА вучыцца мая стрыечная сястра – Ганна Філістовіч. Яна рызыкнула, пасля першага курса забрала дакументы з МДЛУ, ізноў здала ЦТ. Яе вынік таксама ўражвае: яна набрала 399 балаў з 400! Гэта дазволіла ёй увасобіць сваю мару – паступіць на ФМА, і ёй тут падабаецца вучыцца. Яе дасягненне мяне натхніла, і я спадзяюся, што таксама буду атрымліваць асалоду ад вучобы на спецыяльнасці сваёй мары.
Для мяне самым хвалюючым момантам уступнай кампаніі стала падача дакументаў. Справа ў тым, што на маёй спецыяльнасці было толькі 9 бюджэтных месцаў. Я праходзіла па агульным конкурсе, але ў першую чаргу залічваюць абітурыентаў з мэтавым накіраваннем, рэспубліканскіх алімпіяднікаў і льготнікаў. Была верагоднасць, што гэтыя 9 месцаў зоймуць вышэйпералічаныя і агульны конкурс наогул не адбудзецца. Было б нелагічна набраць такі высокі бал і не прайсці на бюджэт. А выбіраць іншую спецыяльнасць я была не гатовая, таму што сумесная праграма БДУ і ДПУ – гэта ўнікальная магчымасць, на мой погляд. У выніку я тут.
Чаканні ад вучобы аптымістычныя. Я хачу атрымліваць асалоду ад навучання. Ад знаёмых чула, што вучыцца ў БДУ складана, але і прэстыжна. Таму для мяне галоўнае, каб было цікава. Ужо калі мне падабаецца тое, што я раблю, то няма нічога немагчымага. На маёй спецыяльнасці можна вывучыць кітайскую мову на базавым узроўні, некаторыя прадметы будуць весці на англійскай мове. А вывучэнне моў – гэта адно з маіх хобі. Я люблю мовы не менш, чым фізіку, астраномію і матэматыку. Апроч вучобы я хачу плаваць, танчыць і, вядома, праводзіць час з сябрамі. Буду імкнуцца браць удзел у розных конкурсах і праектах. Увогуле, разлічваю, што маё студэнцкае жыццё будзе насычаным.
Пасля атрымання дыплома хочацца атрымаць працу ў цікавым месцы. Мяне прыцягвае індустрыяльны парк «Вялікі камень» і Парк высокіх тэхналогій. Буду прыкладаць усе высілкі, каб мая мара спраўдзілася.
Яўгенія КОРЗУН, спецыяльнасць “хімія лекавых злучэнняў”, хімічны факультэт. Атрымала 393 балы (100 хімія, 100 беларуская мова, 94 біялогія).
– БДУ блізкі мне тэрытарыяльна – я мінчанка. Да таго ж балы дазвалялі прайсці на жаданую спецыяльнасць. Яшчэ многія знаёмыя распавядалі, што ў БДУ насычанае пазанавучальнае жыццё, гэта таксама падкупіла прынесці дакументы менавіта сюды.
Да прыёмнай кампаніі досвед навучання ў БДУ ў мяне ўжо быў. Я хадзіла ў школу юнага хіміка на хімічным факультэце. Адзначу, што новых ведаў атрымала дастаткова. Спадабаліся выкладчыкі, якія вельмі даступна тлумачылі матэрыял. У прынцыпе, тады адразу стала зразумела, што трэба будзе шмат вучыцца. Апроч гэтага, у 2019 годзе ўдзельнічала ва ўніверсітэцкім мерапрыемстве – Студэнцкім экалагічным кангрэсе. Быў конкурс экаідэй, дзе я атрымала гран-пры. Яшчэ ўдзельнічала ў канферэнцыі школы юнага хіміка, атрымала спецыяльны прыз ад спонсараў.
Да паступлення рыхтавалася са школьнымі настаўнікамі і рэпетытарамі. Моцна падцягваць трэба было толькі біялогію, а ў астатнім я мела ўжо добрую базу, таму што ўдзельнічала ў алімпіядах і конкурсах даследчых прац. Яшчэ я скончыла школу з залатым медалём. Хвалююча было здаваць ЦТ па хіміі, таму што за дзень да іспыту з’явіліся першыя вынікі, дзе я даведалася, што ў мяне ўжо ёсць першыя 100 балаў па беларускай мове. Не хацелася падвесці настаўнікаў. На шчасце, у выніку таксама атрымала 100 балаў. Думкі пра тое, што не паступлю, не прыходзілі.
Я чакаю, што маё студэнцкае жыццё ў БДУ пройдзе весела. Хочацца глыбей даведацца хімію, планую ўдзельнічаць у навуковых канферэнцыях. Апроч вучобы хачу раскрыцца ў творчай сферы. Шмат чаго ўмею, але пакуль што яшчэ не вырашыла, чым канкрэтна жадаю займацца. Першакурснікаў ужо пазнаёмілі з прадстаўнікамі студэнцкіх аб’яднанняў, думаю, што буду дакладна ўдзельнічаць у творчых падзеях.
Пасля навучання хачу стаць біяхімікам. Мару распрацоўваць новыя лекі, дапамагаць людзям.
Дар’я ДЗЯДЗЕЛА, спецыяльнасць “усходняя (кітайская) філалогія”, філалагічны факультэт. Атрымала 393 балы (100 руская мова, 100 гісторыя Беларусі, 95 англійская мова).
– Я толькі ў маі вызначылася з факультэтам. Ведала, што мне дакладна не падыдзе тэхнічная адукацыя, а больш даспадобы гуманітарная. Так абрала БДУ. Мая спецыяльнасць здалася мне самай цікавай і зразумелай з таго, што прапанаваў філфак.
Я не хвалявалася, што не паступлю, бо ў мяне склаўся вялікі выніковы бал. Рыхтавалася самастойна да гісторыі Беларусі і моў. Па рускай атрымала дыплом I ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды – гэта дало мне 100 балаў. Плюсам у здачы ЦТ стала і тое, што ў мяне быў профільны клас па гісторыі. Залаты медаль таксама ёсць у наяўнасці. Падрыхтоўка займала не вельмі шмат часу, калі рыхтавацца кожны дзень пакрыху (а часам і шмат). Для сябе адзначыла, што галоўнае – чытаць падручнікі і рашаць тэсты.
У межах маёй спецыяльнасці буду вывучаць кітайскую мову, пакуль ведаю толькі два словы пакітайску, так што для мяне гэта ўсё
будзе ў навінку. Пазней у раскладзе з’явіцца другая мова, хутчэй за ўсё буду запісвацца на французскую ці італьянскую.
Кім хачу стаць пасля атрымання дыплома, яшчэ не ведаю. Пакуль прывыкаю да новага асяроддзя. Нязвыкла сядзець на лекцыях, запісваць матэрыял, каб потым вучыць назапашаную інфармацыю. Адзначыла шмат адрозненняў ад школы, тут ва ўсім больш спадзяешся на сябе. У планах – гуляць у «Што? Дзе? Калі?», гэта маё хобі. У нас ужо сабралася каманда першакурснікаў з розных універсітэтаў, каб рыхтавацца да турніраў.
Ганна БІРУК, спецыяльнасць “гісторыя (па напрамках)”, гістарычны факультэт. Атрымала 392 балы (100 гісторыя Беларусі, 97 сусветная гісторыя, 96 беларуская мова).
– БДУ я абрала, таму што ў гэтай ВНУ знаходзіцца самы лепшы гістарычны факультэт у краіне. Яшчэ зімой, калі ладзіўся дзень адчыненых дзвярэй, выкладчыкі гістфака мяне зачаравалі сваімі прамовамі, і я ўрэшце вырашыла сюды паступаць. З асабістых знаёмых у БДУ ніхто не вучыўся, таму рашэнне прымала, перыядычна раячыся са сваім настаўнікам гісторыі.
Да паступлення ва ўніверсітэт я рыхтавалася прыблізна з верасня 11 класа. Запісалася на факультатыў па беларускай мове для падрыхтоўкі да ЦТ, які ладзіла мая настаўніца. Што тычыцца гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі, то я з’яўляюся ўдзельніцай рэспубліканскай алімпіяды па гэтых прадметах і маю дыплом I ступені на гарадскім этапе, які мне даў 100 балаў па гісторыі Беларусі. Таксама маю залаты медаль. Я не займалася з рэпетытарамі, патрэбныя веды далі настаўнікі з гімназіі, за што я ім вельмі ўдзячная.
Самы хвалюючы момант прыёмнай кампаніі – здача ЦТ, вядома. Як бы я ні была ўпэўненая ў сваіх сілах, я ўсё роўна нервавалася.
Думаю, што вучоба будзе цікавай. Магчыма, спачатку будзе складана, але з усім звыкаешся. Акрамя вучобы планую займацца фатаграфіяй, бо гэта маё хобі ўжо вельмі даўно, а расці заўсёды ёсць куды.
Кім я хачу стаць пасля атрымання дыплома? Вельмі складана адказаць на гэта пытанне, бо ў маім узросце ўсё вельмі хутка змяняецца. Адзінае, што магу сказаць дакладна, выдатным прыкладам у прафесіі гісторыка для мяне стаў мой настаўнік з гімназіі. Менавіта ён запрасіў мяне займацца алімпіядамі па гісторыі, што
і вызначыла мой шлях.
Глеб ВАХОЦКІ, спецыяльнасць “міжнароднае права”, факультэт міжнародных адносін. Атрымаў 390 балаў (99 беларуская мова, 98 англійская мова, 96 грамадазнаўства).
– БДУ абраў, таму што гэта самая прэстыжная ВНУ краіны. А ўлічваючы мой высокі бал, нават не заставалася пытанняў, у які ўніверсітэт буду паступаць. Чуў, што тут працуе найлепшы выкладчыцкі склад, а дыплом БДУ адкрывае вялікія магчымасці і доступ да добрага працаўладкавання. І ад сяброў, якія тут вучыліся і вучацца, чуў толькі станоўчыя водгукі.
Актыўна пачаў рыхтавацца да паступлення з 11 класа. У выпускным класе дзесьці паўгода я хадзіў да рэпетытара па англійскай мове, але галоўным чынам, вядома, займаўся сам. У мяне былі факультатыўныя заняткі па беларускай мове, а да грамадазнаўства рыхтаваўся толькі самастойна.
Мяне цікавіла гісторыя, якой займаўся з 5 класа. У 11 класе атрымаў дыплом III ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, які даваў шанец паступіць на любы гістфак краіны, але я абраў іншы шлях. Так, дыплом не ўлічваўся пры паступленні на маю спецыяльнасць.
Падчас прыёмнай кампаніі хваляванне прысутнічала. Асабліва перад першым ЦТ – гэта была беларуская мова. Але я справіўся, даволі спакойна ўсё напісаў. Астатнія ЦТ даваліся нашмат лягчэй, з халаднейшай галавой падыходзіў да іх напісання. Думак пра тое, што не паступлю, не было. Быў упэўнены, што хоць куды-небудзь мае дакументы прымуць. Асноўная мэта была прайсці на бюджэт.
Чаканні ад вучобы ў БДУ ў мяне самыя лепшыя. Хачу стаць спецыялістам у сваёй галіне, набрацца як мага больш ведаў, развіць свае ўменні, паўдзельнічаць у жыцці ўніверсітэта, стаць часткай гэтага вялікага калектыву. Апроч вучобы планую ўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах, пабольш чытаць і самаразвівацца. Асноўная задача – вучоба, але паралельна паспрабую займацца ўсім, чым змагу.
Кім стану праз 4 гады навучання, пакуль уявіць складана. Думаю, што змагу працаваць па спецыяльнасці. Абраў менавіта такую сферу, таму што я вельмі люблю замежныя мовы, а мая спецыяльнасць прадугледжвае гэта рабіць разам з вывучэннем міжнароднага права.
Алена СВІНКО
Фота Таццяны БАГАМАЗАВАЙ
і з асабістага архіву студэнтаў