Як рыхтавалі ўніверсітэцкі дом да пачатку навучальнага года

23 Sep, 2020.

Да першага верасня ў БДУ займаліся стварэннем камфортных умоў для жыцця і вучобы. Завяршылі рамонт навучальных карпусоў, абнавілі інтэрнаты. Якія будынкі прыкметна змяніліся, даведалася наша газета.

Навучальныя карпусы

Універсітэцкія будынкі трэба ўвесь час трымаць у належным стане, час ад часу рабіць касметычны ці капітальны рамонт. Адно з апошніх значных абнаўленняў – студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ў новым навучальным годзе змогуць ацаніць капітальны рамонт корпуса факультэтаў сацыякультурных камунікацый і радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. У рамках рамонту тут была праведзена поўная замена вокнаў, дзвярэй і вітражоў, у памяшканнях стала значна цяплей.

Міхаіл ЧАРАПЕННІКАЎ

Прарэктар па эканоміцы і матэрыяльна-тэхнічным развіцці Міхаіл ЧАРАПЕННІКАЎ каментуе ход іншых будаўнічых пераўтварэнняў ва ўніверсітэце:

– Практычна ва ўсіх карпусах вяліся рамонтныя працы да новага навучальнага года, традыцыйна рамантаваліся сталовыя і буфеты. З буйных прац, завершаных летась, адзначу комплексны бягучы рамонт факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі. На сёння ён выглядае так, як нам хацелася б, каб выглядалі ўсе іншыя карпусы. Менавіта такую высокую планку ставім перад сабой.

У ліпені пачалася рэканструкцыя галоўнага корпуса. Выказваючы ўпэўненасць і аптымізм, плануем да 100-годдзю БДУ завяршыць гэтыя працы. Цяпер колькасць плошчаў паменшылася за кошт таго, што частка галоўнага корпуса выведзена з эксплуатацыі. Разумеем, што студэнтам нейкі час да юбілею прыйдзецца пажыць у крыху больш цесных умовах. Тры факультэты (фізфак, мехмат і ФПМІ) часткова пераедуць на юрфак, ФГГ і хімфак. Але гэта яшчэ і палепшыць міжфакультэцкія сувязі, дасць магчымасць зносін паміж студэнтамі і выкладчыкамі розных факультэтаў. Гэта нязручнасць у імя развіцця, ушчыльненне стане першым крокам да яшчэ больш утульнага знаходжання ва ўніверсітэце.

Факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі

Да 100-гадовага юбілею таксама плануем адрамантаваць гістарычны факультэт, пакуль занятыя праектаваннем. Калі разыначкай ФГГ з’яўляецца музей землязнаўства, то галоўнай ідэяй пераўтварэнняў на гістфаку стане стварэнне канцэпцыі факультэта-музея. Гістарычны факультэт – гэта “Дом №1 БДУ”.

Гістарычны факультэт – “Дом №1 БДУ”

Менавіта ў гэтым будынку знаходзіўся кабінет першага рэктара Уладзіміра Іванавіча Пічэты, тут пачаліся першыя лекцыі, адчыніліся дзверы ўніверсітэцкай бібліятэкі. Плануецца, што кожны паверх будзе ўяўляць сабой асобную ўнікальную музейную кампазіцыю. Ад Сярэднявечча да сучаснай Беларусі, у тым ліку жыццё ўніверсітэта ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі ён размяшчаўся на станцыі Сходня. Будзе паказана, як універсітэт браў удзел у станаўленні беларускай дзяржаўнасці.

Акрамя гэтага Вучоны савет БДУ разгледзеў канцэпцыю ўнутранага дворыка. Таму цяпер ідзе праца над праектам добраўпарадкавання тэрыторыі галоўнага корпуса, а ў пачатку наступнага года пачнём яго выконваць. У планах давесці справу да канца да 100-годдзя.

Паралельна ствараюцца камфортныя ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Кожны наш капітальны рамонт корпуса – гэта ў тым ліку стварэнне зручных пад’язных шляхоў і аўдыторый, у якіх змогуць займацца дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. Хоць іх вучыцца ва ўніверсітэце няшмат, тым не менш мы разумеем, што гэта важны складнік грамадства.

Таксама ёсць яшчэ адзін важны праект, пра які трэба распавесці. Мы ўдзельнічаем у праекце Сусветнага банка “Мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Банк выдасць Ураду Беларусі пазыку ў памеры 100 млн еўра, накіраваную на падтрымку 18 ВНУ. БДУ ў спісе займае прыкметную пазіцыю, таму што 1/3 фінансавання ідзе на развіццё базы нашага ўніверсітэта.

Дзякуючы гэтаму ў нас з’явіцца міждысцыплінарны навучальны цэнтр, які адкрыецца ў корпусе на вул. Курчатава, 7. Запланаваны капітальны рамонт будынка. У цэнтры плануецца стварыць больш за 37 навучальных лабараторый, у якіх размесціцца ўнікальнае для краіны навучальна-навуковае абсталяванне. Тут стане магчыма весці высакаякаснае практычнае навучанне студэнтаў, на высокім узроўні рыхтаваць дыпломныя і магістарскія працы, кандыдацкія і доктарскія дысертацыі.

У вялікім праекце ўдзельнічае пяць прыродазнаўчанавуковых факультэтаў: біяфак, ФРКТ, фізфак, хімфак, мехмат. На базе цэнтра будзе створаны буйны кластар міждысцыплінарных даследаванняў, дзе можна будзе гаварыць пра прыродазнаўчанавуковую адукацыю на сучасным этапе. Прыродазнаўчыя навукі патрабуюць дарагога абсталявання. З усёй пазыкі БДУ выдаткуе каля 10 млн еўра на капітальны рамонт, а яшчэ 22 млн на абсталяванне. Унікальны міждысцыплінарны комплекс – значнае паляпшэнне базы ўніверсітэта ў плане навучальнага і навуковага абсталявання, якое, спадзяюся, дазволіць зрабіць крок наперад нашаму адукацыйнаму працэсу і навуковай працы.

Гэта праект з доўгім тэрмінам рэалізацыі, мы яшчэ на пачатку шляху. Толькі ў канцы мая была падпісана дамова паміж Сусветным банкам і Беларуссю. Цяпер дамова знаходзіцца ў стадыі ратыфікацыі. І асобна мы дамовіліся з Міністэрствам адукацыі, што ў рамках праекта на фізічным факультэце будзе адкрыта частка пляцоўкі міждысцыплінарнага навучальнага цэнтра. Паспрабуем да юбілею ўніверсітэта ўвасобіць задуманае.

Інтэрнаты

У летнія дні таксама вялася падрыхтоўка студэнцкіх інтэрнатаў да новага навучальнага года. Капітальныя і бягучыя рамонты праводзіліся ў сціслыя тэрміны. Стаяла галоўная задача – своечасова стварыць камфортныя ўмовы для пражывання студэнтаў. Прастора для працы вялікая, бо ўсяго на балансе БДУ знаходзіцца 9 інтэрнатаў для навучэнцаў, якія разлічаны на больш як 8 тысяч чалавек.

Яшчэ летась быў зроблены капітальны рамонт інтэрната № 6 па вул. Кастрычніцкая, 10, а ўжо да гэтага навучальнага года завяршаецца рамонт інтэрната № 10 па вул. Курчатава, 8. Тут праведзена цеплавая мадэрнізацыя будынка з заменай вокнаў і дахавага пакрыцця, ажыццёўлены мантаж цеплавога вузла. Стала звычным, што разам з падраднымі арганізацыямі ў добраўпарадкаванні інтэрнатаў удзельнічалі і студэнцкія будаўнічыя атрады.

Метадыст па спартыўна-аздараўленчай працы Студэнцкага гарадка БДУ Вікторыя ГАЛАВЕЙКА дзеліцца:

– Атрады па добраўпарадкаванні і падрыхтоўцы інтэрнатаў да новага навучальнага года (засяленні) Студэнцкага гарадка БДУ штогод даюць дзясяткам людзей магчымасць атрымаць будаўнічы досвед. І лета 2020 года не стала выключэннем, сабраўшы больш за 180 студэнтаў з розных факультэтаў БДУ. Усяго ў атрадзе было сфарміравана 14 брыгад, якія працавалі ў 10 інтэрнатах універсітэта (у тым ліку ў інтэрнаце для супрацоўнікаў № 8). Рабілі касметычны рамонт, займаліся ўладкаваннем прылеглых тэрыторый. Ажыццяўлялася праца з 8 па 23 ліпеня, а таксама з 3 па 21 жніўня.

“Будаўнічая брыгада” кожнага інтэрната – унікальны калектыў са сваім мікракліматам. Праца збліжае, менавіта з гэтай прычыны нядаўна яшчэ незнаёмыя адзін з адным студэнты так зладжана працуюць. Кожнаму давяраюць задачу, якая яму даспадобы: ляпіць, фарбаваць, тынкаваць, грунтаваць. Так яны атрымліваюць магчымасць развіць жаданы навык і стаць сапраўднымі вузкапрофільнымі спецыялістамі. І якой бы моцнай ні была стомленасць, у канцы дня з’яўляецца задавальненне ад праробленай працы. Бо за пражытыя гады інтэрнат стаў для студэнтаў другім домам і ім прыемна зрабіць хоць маленькі ўнёсак у яго падрыхтоўку да засялення і камфортнага пражывання ў новым навучальным годзе.

Прыцягваючы нашых студэнтаў да працы, мы можам быць упэўненыя ў якасці і добрасумленнасці выкананых работ. Удзельнікі будатрада адчуваюць адказнасць і важнасць сваёй справы. Інтэрнаты, якія яны прыводзяць у парадак, у новым навучальным годзе зноў стануць іх домам.

У выніку студэнты атрымліваюць не толькі досвед, але і істотны бонус: удзел у працы атрада па добраўпарадкаванні і падрыхтоўцы інтэрнатаў да новага навучальнага года з’яўляецца адным з крытэрыяў атрымання інтэрната ў першую чаргу.

Глядзіце здымкі працы атрада па добраўпарадкаванні і падрыхтоўцы інтэрнатаў да новага навучальнага года ТУТ.

Алена СВІНКО

print

Вам таксама можа спадабацца: