317 пазіцыя – па версіі кансалтынгавага агенцтва QS, 346 – у міжнародным рэйтынгу U.S. News і не толькі. Імя БДУ даволі моцна гучыць на міжнароднай арэне. Для прасоўвання ў спісах найлепшых распрацавана спецыяльная дарожная карта. Адзін з яе галоўных пунктаў – падтрымка публікацый супрацоўнікаў у аўтарытэтных навуковых часопісах. Пра іх ролю мы пагаварылі з намеснікам начальніка ГУН – начальнікам аддзела арганізацыі і суправаджэння інавацыйнай дзейнасці Алегам СІНЧУКОМ.
Планетай кіруюць брэнды. Сфера адукацыі не выключэнне. Каб зацікавіць замежных студэнтаў і спецыялістаў, трэба паведамляць пра навуковыя адкрыцці ўніверсітэта ўсяму свету. Пажадана на англійскай мове. Найлепшая рэкламная пляцоўка поспехаў – міжнародныя рэйтынгі.
У кожнага рэйтынгу – свае ўмовы
БДУ ўдзельнічае ў 12 глабальных рэйтынгах. За год мы падняліся на 34 пазіцыі ў спісе найлепшых універсітэтаў свету па версіі брытанскага кансалтынгавага агенцтва QS. Прысутнасць у ім падобная да прысваення рэстарану зоркі Мішлен. 50 працэнтаў ацэнкі – меркаванне незалежных акадэміч-ных экспертаў і працадаўцаў. Яны дзеляцца назіраннямі пра ўніверсітэт, яго выпускнікоў і выкладчыкаў, нібы кулінарныя крытыкі – пра стравы і сэрвіс.
БДУ ўмацаваў пазіцыі і ў распрацаваным у ААЭ рэйтынгу CWUR. У параўнанні з 2019 г. – узлёт на 85 радкоў. Чым больш сярод выпускнікоў лаўрэатаў міжнародных узнагарод і кіраўнікоў у самых уплывовых сусвет-ных карпарацыях, тым вышэйшая пазіцыя ўніверсітэта ў спісе. Не менш важныя даследчыя поспехі студэнтаў і супрацоўнікаў ВНУ. Вызначальны фактар ацэнкі – якасць навуковых артыкулаў.
Прэміяльная сістэма за публікацыі дзейнічае на трохузроўнях
Прозвішчы беларусаў з’яўляюцца ў вядучых часопісах усё часцей. Для даследчыка – крок на шляху да міжнародных грантаў і магчымасць знайсці аднадумцаў з іншых краін. Для ўніверсітэта – фарміраванне іміджу.
Цікавасць сусветнай супольнасці да высноў навукоўцаў вызначае цытаванасць артыкула. Галоўныя пляцоўкі для яе разліку – рэфератыўныя базы даных Scopus і Web of Science. За публікацыі ў іх у БДУ прэміруюць аўтараў.
Першая ступень сістэмы прэміравання – своеасаблівы гран-пры. Атрымаць яго могуць супрацоўнікі і навучэнцы за публікацыі 1-га і 2-га квартыля ў выданнях, што індэксуюцца ў базах даных Scopus і Web of Science. Конкурс праходзіць штогод.
Q1-выданні, у якіх публікуюцца аўтары з БДУ, – часопісы серыі Physical Review, Physical Review Letters, Journal of the Knowledge Economy, Ecology and Evolution і іншыя.
Другая ступень прэміяльнага фонду – артыкулы, манаграфіі, кнігі і матэрыялы канферэнцый, размешчаныя ў базах даных Scopus і Web of Science. Памер адной прэміі – 120,25 рублёў. Над матэрыялам працавалі некалькі чалавек? Сума дзеліцца паміж імі. Палажэнню крыху менш за год. За два месяцы 2019 г. прэміі атрымалі аўтары 35 артыкулаў. Спісы за першы і другі кварталы 2020 налічваюць ужо па сотні прац.
Трэцяя ступень прэміяльнай сістэмы тычыцца аспірантаў вочнай формы навучання. Яны атрымліваюць за высакарэйтынгавыя артыкулы надбаўкі да стыпендыі.
Дарэчы, мінімум тры публікацыі вынікаў даследаванняў у беларускіх ці міжнародных выданнях – абавязковая ўмова для абароны дысертацыйнай працы. Так што ў аспірантаў – трайная матывацыя: выканаць навучальны план, атрымаць грашовую ўзнагароду і павысіць прэстыж роднага ўніверсітэта.
Акрамя таго, супрацоўнікі ГУН працуюць над сістэмай заахвочвання студэнтаў і магістрантаў за публікацыі ў міжнародных рэцэнзаваных выданнях. Яе галоўнымі пунктамі стануць граматы і дыпломы, а таксама зніжэнне платы за навучанне.
– Маладым навукоўцам важна растлумачыць значнасць публікацыйнай дзейнасці, – лічыць Алег Сінчук. – Раней дастаткова было друкавацца ў нашых вядучых выданнях. Зараз заяўляць пра сябе неабходна на глабальным узроўні. Часцей за ўсё ў індэксаваных часопісах друкуюцца англамоўныя артыкулы. Але, напрыклад, філалагічныя выданні даюць аўтарам магчымасць публікавацца і на рускай.
Адпаведнае выданне знойдзецца для кожнай тэмы
Як павялічыць ёмістасць акумулятараў? Як вадкія крышталі адначасова паляпшаюць распазнаванне і робяць таннейшай вытворчасць манітораў? Якія сучасныя біятэхналогіі ў трэндзе? Каб зразумець значнасць напрамку даследаванняў у сусветным маштабе, у базах даных Scopus і Web of Science можна праверыць цытаванасць артыкулаў па абранай праблематыцы.
– Арыентавацца толькі на тэндэнцыі і змяняць у адпаведнасці з імі стратэгію не варта, – упэўнены Алег Сінчук. – Магчыма, ваша праца задасць новую публікацыйную хвалю. Ці стануць замежныя навукоўцы цытаваць беларускіх? Вядома. Якаснае даследаванне, новыя цікавыя звесткі, вядучы часопіс – і вас абавязкова заўважаць.
На шляху да навуковай мэты не без перашкод
Галоўнае – быць асцярожным і не патрапіць у пастку смеццевых ці драпежніцкіх часопісаў. Яны толькі прэтэндуюць на званне навуковых. Ашуканцы бяруць з аўтараў плату і не аказваюць належных рэдактарскіх і рэцэнзійных паслуг, а то і зусім не друкуюць артыкул. Сумняваецеся ў выбары выдання? Спецыялісты ГУН ці Фундаментальнай бібліятэкі БДУ заўсёды дапамогуць.
Рэцэпт поспеху – абраць уласную нішу, вызначыцца з задачамі і паслядоўна іх выконваць. Не прынялі ў адным часопісе? Адчайвацца з-за адмоўнага водгуку не варта. Заўсёды можна дапрацаваць матэрыял, паспрабаваць новы фармат і прапанаваць артыкул іншаму выданню.
– Падчас працы над першымі міжнароднымі публікацыямі могуць паўстаць праблемы з англійскай мовай, – распавядае Алег Сінчук. – Таму пазбягайце складаных сказаў. Простая структура дазволіць максімальна пазбегнуць памылак. Лепш за ўсё праверыць правільнасць маўленчых зваротаў у прафесійнага перакладчыка ці напісаць артыкул разам з больш дасведчаным аўтарам. Выразна расстаўленыя прыярытэты і пастаяннае развіццё абавязкова прынясуць вынік. Прыслухоўвайцеся да парад, выпраўляйце памылкі, не бойцеся дэманстраваць дасягненні – і ўсё атрымаецца!
Часопіс БДУ – у базе даных
Улетку «Часопіс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Матэматыка. Інфарматыка» ўключылі ў базу даных Scopus.
Першы падобны поспех універсітэта і нагляднае пацвярджэнне высокіх змястоўных, рэдактарскіх і тэхнічных нормаў. Наперадзе яшчэ шмат працы. Патрапіць у сістэму лягчэй, чым у ёй утрымацца. Праз два гады актуальнасць і цытаванасць выдання зноў будуць ацэньваць эксперты.
На месца ў рэфератыўнай базе даных разлічваюць і іншыя ўніверсітэцкія выданні. Стратэгічная задача самога БДУ – патрапіць
у 1 % найлепшых ВНУ свету. Што ж, курс узяты. Чакаем новых публікацый у самых запатрабаваных часопісах і росту па міжнароднай рэйтынгавай лесвіцы.
Кацярына КАРДАШ