Хімія + праграмаванне? Чаму б і не! Студэнты БДУ вывучаюць дадатковыя дысцыпліны

27 Nov, 2020.

З 2019 года ў БДУ з’явілася магчымасць вывучаць дадатковыя дысцыпліны. Летась іх наведвала каля 10 чалавек, сёлета – у два разы больш. Мы спыталі студэнтаў, чаму яны абралі менавіта гэтыя прадметы і ці складана сумяшчаць сваю вучобу з заняткамі на іншым факультэце.

Яна ЦЯРЛЕЦКАЯ, 4 курс, філалагічны факуль­тэт.
Дадатковыя дыс­цы­пліны: «Тэорыя пера­кладу ўсходняй мовы (кітайская мова)», «Асновы менеджменту», «Інфармацыйныя тэхналогіі ў міжнародным турызме», «PR і рэклама: сацыялагічнае забеспячэнне».
– У мінулым семестры я абрала тры дысцыпліны на факультэце міжнародных адносін. Прычына простая: мне вельмі захацелася паспрабаваць штосьці яшчэ. Заняткі праходзілі па стандартнай cхеме: спачатку лекцыі, затым практычныя. Пазней мы перайшлі ў фармат дыстанцыйнага навучання, таму ў мяне не было праблем з тым, каб сумяшчаць вучобу на сваім факультэце з дадатковымі дысцыплінамі. Мае чаканні цалкам апраўдаліся, не было ніякіх нюансаў ні з боку майго факультэта, ні з боку таго, які прымаў. У гэтым семестры я таксама вырашыла паспрабаваць яшчэ адну цікавую для мяне сферу: «PR і рэклама: сацыялагічнае забеспячэнне» на ФФСН. Першапачаткова я хацела запісацца на гэту дысцыпліну яшчэ летась, але яна не падышла мне па раскладзе. Цяпер заняткі ­праходзяць па суботах, і гэта вельмі зручна. Вывучаю гэты прадмет з другім курсам, усе ­таварыскія і прыязныя. Выкладчык вельмі ­кам­петэнтны і дасведчаны. Мне цікавы гэты прадмет, таму іспыт я буду здаваць абавяз­кова, каб мець дадатак да дыплома.
Водгук выкладчыка Вольгі КІРВЕЛЬ, кандыдата эканамічных навук, дацэнта:
– Студэнты спецы­яльнасці «сусветная эканоміка» пазітыўна адрэагавалі на навіну, што з імі будзе вучыцца чалавек з іншага факультэта, і, на маю думку, Яна ў групе пачувалася камфортна. На лекцыях студэнтка актыўна ўдзельнічала ў абмеркаванні праблемных пытанняў і сітуацый. Курс «Асновы менеджменту» з’яўляецца гуманітарнай дысцыплінай, магчыма, таму яе вывучэнне не выклікала складанасцяў у студэнткі філалагічнага факультэта. Некаторыя цяжкасці ўзніклі ва ўмовах навучання з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, напрыклад, рэгістрацыя на адукацыйным партале запатрабавала дадатковых высілкаў, але Яна самастойна з гэтым справілася. Я думаю, асаблівасці выкладання для людзей з іншых сфер заключаюцца перш за ўсё ў індывідуальным падыходзе да сту­дэнта. У гэтай сітуацыі асабліва прадуктыў­-ным з’яўляюцца асабістыя зносіны з навучэнцамі, і, вядома, патрэбныя намаганні з боку выкладчыка і студэнта для дасягнення жаданых вынікаў. Яна Цярлецкая справілася з навучальнай праграмай курса і выклікала станоўчае ўражанне: добрасумленная, адказная, самастойная, ініцыятыўная і камунікабельная студэнтка. Цікавасць Яны да атрымання но- вых ведаў дазволіла ёй вывучыць дысцыпліну «Асновы менеджменту» і павысіць узровень ­інтэлектуальнага і асо­баснага развіцця.

Ганна ЧЫГІР, 2 курс, гістарычны факультэт
Дадатковая дыс­цы­пліна: «Тэорыя і практыка перамоў», ФМА.
– Тады я яшчэ ву­чылася на першым ­курсе, а «Тэорыю і прак­тыку перамоў» праходзіла разам з трэцякурснікамі. Было ­вельмі нязвыкла ся­дзець у ­адной аўдыто­рыі з людзьмі, з якімі не знаёмая. Бо аднагрупнікі – гэта ўжо сфарміраваны калектыў, а я зусім чужы для іх чалавек. Але, калі атрым­- лі­ваеш веды – не час саромецца. Цяпер ус­прымаю гэту магчымасць як унікальную, ­таму што з-за несупадзення змен ніколі больш не змагу атрымліваць веды са студэнтамі ­спецыяльнасці «міжнародныя адносіны». Я не прыкладала асаблівых высілкаў для сумяш­чэння. Проста пасля заняткаў ішла на ФМА. Гэта было задавальненне. Да таго ж, супадаў про­філь ведаў. Цікава было, калі пачалося ­дыс­танцыйнае навучанне на факультэце між­на­родных адносін. Я сядзела на пары па ­«Палеаграфіі» на гістарычным факультэце ў навуш­ніках, каб слухаць лекцыю па «Тэорыі і прак­ты­цы перамоў». Чаканні апраўдаліся, ­скажу больш: я чакала меншага. У выніку ­нават атрымала публікацыю ў зборніку студэнцкага вучонага савета ФМА.
Ксенія СІТНІК, 2 курс, факультэт журналістыкі.
Дадатковая дысцы­пліна: «Псіхалогія», ФФСН.
– Усё здарылася спантанна. Мне даўно падабалася псіхалогія, ­і я ведала пра магчы­масць вывучаць дадатковыя дысцыпліны іншых факультэтаў. Аднойчы толькі артыкулаў у блогах псіхолагаў ­мне стала занадта мала, і я вырашыла сур’ёзна ўзяцца за гэты прадмет. Гэта думка прый­шла да мяне, па іроніі лёсу, у апошні дзень падачы заявы. Было цяжка паспець аформіць ­усе дакументы, аднак усё атрымалася добра. Спачатку занятку праходзілі проста і цікава, але ўсюды ёсць і свае складанасці. Група, з якой я займаюся, ужо праходзіла псіхалогію ў мінулым семестры, гэта значыць, яны зрабілі палову шляху, нават залік здалі. Мне ж трэба будзе здзейсніць рывок у духу «пяцігодку за чатыры гады», бо прадмет складаны, ды і мысленне для разумення псіхалагічных дысцыплін павінна быць трохі іншым.
З-за каранавіруса мы займаемся дыстанцыйна, але мэта семінараў ад гэтага не мяняецца: выкладчык задае пытанні, група разважае, прагназуе. Але ў «жывым» фармаце, думаю, гэта было б цікавей. Я так пазітыўна гавару пра ўсе складанасці не толькі таму, што мне падабаецца прадмет. Мне пашанцавала і з выкладчыкамі. Калі шчыра, я вельмі баялася, што мая «нетутэй­шасць» у плане факультэта будзе замінаць. Але выкладчыкі заўсёды ідуць на кантакт, да­памагаюць задавальняць мае інтарэсы ў галіне псіхалогіі. Гэта матывуе займацца яшчэ больш рупліва, таму што спыняцца на адным прад­меце я не збіраюся.
Практыка дадатковых дысцыплін можа быць складанай толькі ў адным пункце: несупадзенне раскладаў факультэтаў. Мне і тут пашанцавала. А далей пытанне толькі жадання, вольнага часу і адказнасці. Калі гэта ўсё ёсць, нічога не страшна! Вы адчуваеце, як з кожным семінарам становіцеся больш прафесійнымі, аду­каванымі. Хіба гэта можа не натхняць?

Уладзімір ГРЫНЬКО, 3 курс, юрыдычны факультэт.
Дадатковыя дысцы­пліны: «Крыміналіс­тыка» і «Юрыдычная псіхалогія».
– Я наведваю крыміналістыку і юрыдычную псіхалогію. Абраў менавіта іх, таму што хачу стаць следчым. Мне цікавыя пытанні тактыкі і методыкі рассле­давання злачынстваў, а таксама пытанні, якія тычацца асобы злачынца і маральна дапуш­чальных спосабаў уздзеяння на яе. Адказы на гэтыя пытанні змяшчаюцца ў абраных мною курсах. Мне зусім нескладана сумяшчаць гэ­тулькі дысцыплін, і чаканні цалкам апраўда­ліся. Кваліфікаваныя выкладчыкі з глыбокімі навуковымі ведамі і практычным досведам аказваюць неабходную дапамогу па канкрэтных навуковых пытаннях і рэкаменду­юць карысную літаратуру.

Уладзіслава БАБУЛЬ, 4 курс, хімічны факультэт.
Дадатковая дысцы­пліна: «Праграмаванне», ФПМІ.
– Я наведваю заняткі з групай першага курса. Абрала менавіта гэтую дысцыпліну, таму што ў далейшым хачу звязаць сваю працу з праграмаваннем. Ці цяжка мне сумяшчаць такія розныя спецыяльнасці? Вядома, курс нялёгкі. Гэта асновы, але цяпер мы ўжо пачалі вывучаць канкрэтную ­мову – С++. Мне вельмі падабаецца прадмет, схема выкладання, ды і спецыфіка заняткаў на двух факультэтах адна: спачатку лекцыі, потым практычныя. Група, з якой я наведваю дадатковую дысцыпліну, актыўная і прыязная. Я сама па сабе вельмі добразычлівы чалавек, таму на кантакт пайшла адразу ж. Цяпер я добра камунікую з некаторымі першакурснікамі і па-за заняткамі. Так, мне складана, калі ўлічваць, што я сама вучуся на хімічным факультэце. Мне трэба ведаць шматлікія рэчы ў галіне хіміі і сумяшчаць іх з С++. Але я ніколі не адчайва­юся. Трэба ўсяго толькі перабудаваць сваё мысленне з хімічных формул на формулы моў праграмавання – і ўсё атрымаецца!

Аляксандра ПЕРАВОЗНІКАВА

print

Вам таксама можа спадабацца: