І гэта толькі пачатак! Факультэту міжнародных адносін – 25!

3 Dec, 2020.

Дэкан ФМА Віктар ШАДУРСКІ адкрыта распавёў, чаму папулярнасць факультэта тлумачыцца не толькі «блізкасцю да чыгуначнага вакзала».

– Віктар Генадзьевіч, назавіце асноўныя вехі ў развіцці факультэта за гэтыя 25 гадоў, якія навуковыя школы тут склаліся?
– 1 кастрычніка 1995 г. рэктар БДУ Фёдар Мікалаевіч Капуцкі падпісаў загад пра стварэнне ва ўніверсітэце новага падраздзялення – факультэта міжнародных адносін. Гэта падзея дала старт гісторыі ФМА БДУ. Можна сказаць, факультэту пашанцавала нарадзіцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час і з патрэбнымі людзьмі. Пра гэта можа шмат распавесці наш першы дэкан прафесар Аляксандр Віктаравіч Шарапа. Спадзяёмся ўбачыць яго мемуары.

Хацелася б вылучыць яшчэ дзве падзеі, звязаныя з сур’ёзным прагрэсам у развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы факультэта: атрыманне ФМА асобнага адрамантаванага будынка (вуліца Акадэмічная, 25) увосень 1997 г. і яго пераезд у сучасны корпус на вуліцы Ленінградскай у 2012 г. Добра вядома, што абалонка (будынак) мае важнае значэнне. Аднак яшчэ важнейшае тое, хто ў ім працуе і вучыцца. Можна ганарыцца, што на ўсіх 6 факультэцкіх спецыяльнасцях сфарміраваны і паспяхова развіваюцца навуковыя школы. Асабліва ўражвае школа даследавання міжнародных адносін і знешняй палітыкі Беларусі, якая ўключае больш за 10 дактароў навук і некалькі дзясяткаў кандыдатаў навук.
Яе прадстаўнікі апублікавалі тысячы навуковых публікацый, у тым ліку буйных, а таксама за мяжой. Без аўтарытэтнага меркавання навукоўцаў факультэта сёння цяжка сабе ўявіць любое сур’ёзнае навуковае мерапрыемства, прысвечанае міжнароднай праблематыцы, у нашай краіне. І гэта толькі пачатак!


– Кім цяпер працуюць вашы найбольш бачныя выпускнікі?
– Ведаеце, просьба назваць найлепшых выпускнікоў звычайна ставіць мяне ў няёмкае становішча, выклікае, як кажуць, «кагнітыўны дысананс». Якія крытэрыі ўзяць за аснову выбару? Займаная пасада? Назапашаныя матэрыяльныя багацці? Чалавечая прыстойнасць? Ці аказаная роднаму факультэту дапамога? На жаль, не ведаю, як склаліся лёсы ва ўсіх 8597 выпускнікоў ФМА, у тым ліку каля 1000 замежных грамадзян. Сярод нашых былых студэнтаў пяцёра прадстаўляюць Беларусь у якасці паслоў, сотні выпускнікоў працуюць на адказных дыпламатычных пастах і ў міжнародных арганізацыях. Ёсць сярод нашых гадаванцаў паспяховыя бізнесмены, спартсмены. Адна наша выпускніца выхоўвае пяцёра дзяцей. А можа, і не адна?! Вельмі сур’ёзная місія! Так што магу назваць толькі аднаго былога студэнта ФМА, які быў адлічаны за пропускі заняткаў. Гэта Макс Корж! Нават складана сабе ўявіць, чаго дамагаюцца выпускнікі, якія атрымалі дыплом, тым больш з адзнакай.


– Распавядзіце пра спецыяльнасці на факультэце, іх актуальнасць для Беларусі.
– Да моманту стварэння ФМА на трох факультэтах універсітэта функцыянавалі спецыяльнасці (аддзяленні): міжнародныя адносіны, міжнароднае права, міжнародныя эканамічныя адносіны. Менавіта яны склалі аснову новага падраздзялення БДУ. Пазней былі створаны яшчэ тры спецыяльнасці: менеджмент у сферы міжнароднага турызму, мытная справа і лінгвакраіназнаўства (усходазнаўства). Па ўсіх пералічаных спецыяльнасцях вядзецца інтэнсіўная падрыхтоўка будучых спецыялістаў для міжнароднай сферы Рэспублікі Беларусь з ведамі 2 замежных моў. Варта адзначыць, што многія студэнты не абмяжоўваюцца толькі дзвюма замежнымі мовамі.
Не пабаюся высокіх слоў і скажу, што факультэт міжнародных адносін БДУ можна справядліва лічыць адным з важных сімвалаў незалежнай Беларусі. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей у адным інтэрв’ю назваўнаш факультэт школай беларускай дыпламатыі –фактычна беларускай дыпламатычнай акадэміяй.


– ФМА запатрабаваны ў абітурыентаў, у вас заўсёды вельмі высокі конкурс і прахадныя балы. Чаму паступіць сюды лічыцца прэстыжным, нейкай прыкметай элітарнасці»?
– На мой погляд, галоўнае дасягненне ФМА БДУ за 25 гадоў складаецца ў тым, што ён набыў і не страціў даверу абітурыентаў, якія мараць сюды паступіць і вучыцца. Так, у 2020 г. з 8 абітурыентаў, якія абралі БДУ для вучобы і мелі больш за 390 балаў, 4 паступілі на наш факультэт. Гэта ўжо стала нейкім трэндам. Добра вядомая ўстойлівая сувязь паміж паняццямі «найлепшы абітурыент» – «добры студэнт» – «выдатны спецыяліст». Гэта тычыцца не толькі беларускіх юнакоў і дзяўчат, але і моладзі з іншых краін, перш за ўсё з рэспублік былога СССР.
Высокая рэпутацыя ФМА БДУ існуе не толькі дзякуючы назве «міжнародны» і размяшчэнню новага корпуса насупраць чыгуначнага і аўтобуснага вакзалаў (на гэтым настойваюць некаторыя «злыя языкі»), але галоўным чынам дзякуючы дзейнасці высокапрафесійных выкладчыкаў і супрацоўнікаў, якія разам са студэнтамі і выпускнікамі ствараюць адмысловую творчую атмасферу (універсітэцкі дух). Многія з нашых добразычліўцаў адзначаюць, што на факультэце культывуецца вялікая цікавасць і адкрытасць да іншых культур і моў, крытычнае стаўленне да ведаў. На вучобу да нас ідуць ужо дзеці выпускнікоў ФМА. Ці не гэта яркае пацвярджэнне якаснай адукацыі, якая адкрывае шырокія прафесійныя магчымасці?!


– Якім чынам вашы студэнты набываюць неабходныя кампетэнцыі і наколькі яны гатовыя да рэальных умоў працы?
– Не сакрэт, што вучыцца на факультэт паступаюць маладыя амбіцыйныя рамантыкі (а часам і цынікі (!)). Некаторыя з іх прыходзяць з «завышанымі» планамі. Прызнаю ў якасці адной з рэальных праблем пэўны дысбаланс паміж чаканнямі студэнтаў па набыцці ведаў і навыкаў, якія, як яны мяркуюць, будуць патрэбныя ў іх будучай прафесіі, з аднаго боку, і рэальнымі магчымасцямі выкладчыкаў – з іншага. Каб ліквідаваць гэты ўмоўны «разрыў», факультэт актыўна далучае студэнтаў да навукова-практычнай дзейнасці, у разнастайныя міжнародныя адукацыйныя праекты, а таксама ў іншыя грамадска значныя ініцыятывы. За высокімі вынікамі выступленняў нашых студэнтаў на прэстыжных міжнародных спаборніцтвах па міжнародным праве, эканоміцы стаіць шматмесячная карпатлівая падрыхтоўка. Мы таксама стымулюем частковае працаўладкаванне па спецыяльнасці яшчэ ў студэнцкія гады. Галоўнае, каб у студэнтаў як мага раней фарміравалася рэальнае ўяўленне пра будучую працоўную дзейнасць, пра ўзаемаадносіны ў працоўным калектыве, пра імператыў вучыцца на працягу ўсяго жыцця. Прыклады паспяховай дзейнасці нашых выпускнікоў ва ўсіх сферах можна пералічваць вельмі доўга і з вялікім задавальненнем.
– Прадстаўце падрабязней «візітоўку» факультэта: чым ён вядомы і чым адрозніваецца ад іншых факультэтаў.
– Яркіх асаблівасцяў у факультэта вельмі шмат, і ўсе яны маюць значэнне. Напрыклад, ФМА – самы буйны факультэт Беларусі па колькасці студэнтаў дзённай формы навучання (каля 2000 студэнтаў), па колькасці студэнтаў платнай формы (больш за 80 %). Як ні дзіўна, за колькасныя параметры факультэт нярэдка крытыкуюць, у тым ліку высокапастаўленыя службоўцы – навошта, кажуць, рыхтаваць для Беларусі столькі дыпламатаў?! Адказваю: ФМА рыхтуе спецыялістаў для розных напрамкаў (галін) міжнароднай сферы. Многія з нашых выпускнікоў праходзяць старанны адбор і ідуць на працу ў дыпламатыю. Пра шырокі спектр магчымага прымянення нашых студэнтаў сведчаць ужо самі назвы спецыяльнасцяў. Міжнародная сфера мае вострую патрэбу ў прытоку спецыялістаў.
Прызнаюся, што дэканат, разумеючы сваю адказнасць за якасць навучання, за працаўладкаванне выпускнікоў, ніколі не выступаў ініцыятарам колькаснага росту ФМА. У той жа час факультэт неаднаразова выкарыстоўваўся для вырашэння канфліктаў, звязаных з недзяржаўнымі ВНУ. У выніку рэарганізацыі апошніх на ФМА пераводзіліся сотні студэнтаў. Як вынік, мы запрашалі на працу дзясяткі новых выкладчыкаў. Сёння на кафедрах ФМА працуюць 22 прафесары і дактары навук, 95 кандыдатаў навук, амаль 200 выкладчыкаў замежных моў. Зараз універсітэт набірае на факультэт шмат студэнтаў, у тым ліку каб захаваць выкладчыцкі калектыў. Вось такая няхітрая схема.
Мы таксама рады нашаму яркаму будынку, у якім мы вучымся ўжо больш за 8 гадоў. На факультэце выкладаецца 17 замежных моў. Выпускнікі іх нядрэнна ведаюць. Плануем адкрыць факультатывы па новых «рэдкіх» мовах.
Яшчэ адзін паказчык: за 25 гадоў выкладчыкі забяспечылі навучальны працэс падручнікамі і навучальнымі дапаможнікамі. Выйшла 25 тамоў студэнцкіх навуковых прац. Выдаецца авуковы часопіс на беларускай і рускай мовах, а таксама «Часопіс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Міжнародныя адносіны» на англійскай мове. Выстава навучальных і навуковых выданняў ФМА ўражвае.
Пералічваць нашы дасягненні можна вельмі доўга! Як і праблемы і перспектывы.


– Са студэнтамі ФМА часта сустракаюцца паслы розных краін і прадстаўнікі міжнародных арганізацый. Хто іх ініцыіруе і якія сустрэчы, на Ваш погляд, былі найбольш цікавымі?
– На факультэце ўвесь час выступаюць беларускія і замежныя навукоўцы, палітыкі, прадстаўнікі культуры і бізнесу. Яны дзеляцца з моладдзю глыбокімі тэарэтычнымі ведамі і практычнымі навыкамі, сваім станоўчым, а часам і адмоўным досведам. Як правіла, замежныя госці наведваюць факультэт у рамках праграмы афіцыйных візітаў, г. зн. без якога-небудзь фінансавання з нашага боку. Нашы студэнты заўсёды задаюць шмат пытанняў, у тым ліку на замежных мовах. Пасля такіх сустрэч вельмі прыемна атрымліваць лісты з высокай ацэнкай узроўню падрыхтоўкі студэнтаў ФМА. Маем станоўчыя водгукі ад намесніка кіраўніка Сусветнай гандлёвай арганізацыі, міністра замежных спраў Венгрыі, прэзідэнта Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, дзясяткаў іншых вядомых асоб.
Найбольш часта выступаюць на факультэце паслы замежных краін. Як правіла, гэтыя сустрэчы праходзяць па ініцыятыве саміх паслоў. Некаторыя з іх імкнуцца ў сваіх выступленнях абыходзіць вострыя тэмы, прамаўляюць нарыхтаваныя тэксты. Усё адно гэтыя сустрэчы карысныя для будучых міжнароднікаў. Студэнты назіраюць манеры дыпламатаў, іх уменне парыраваць каверзныя пытанні і г. д. Яны пачынаюць лепш разумець рэальную дыпламатыю.
– Што пажадаеце ФМА з нагоды 25-годдзя?
– Памятаю, як у адным савецкім фільме ў школьнікаў спыталі, чаго яны хочуць больш за ўсё. Тыя адказалі, што хочуць, каб іх разумелі дарослыя!
Я жадаю, каб ФМА БДУ больш разумелі людзі, якія яго атачаюць! Каб мы ўнутры нашага вялікага калектыву добра разумелі адзін аднаго. Я хачу, каб нас слухалі і чулі ў дзяржаве і грамадстве (нашы ідэі і прапановы, вынікі навуковых даследаванняў). Каб да выкладчыкаў і студэнтаў факультэта людзі збоку ставіліся без залішняга захаплення, але і не спрабавалі беспадстаўна зняважыць, што мы нібыта «далёкія ад простага народу і рэальнага жыцця»! Поспехаў нам усім!
Гутарыў Сяргей ШАФАЛОВІЧ


Міжнародныя конкурсы и 25 тамоў навуковых прац

 Студэнты ФМА вядомы выдатнай падрыхтоўкай і перамогамі на міжнародных конкурсах. Іх на факультэце курыруе Алена КОНАВА, загадчыца кафедры міжнароднага права, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт:

— Штогод супрацоўнікі ФМА БДУ бяруць удзел у больш чым 30 міжнародных адукацыйных праектах. Гэта праграмы Еўрапейскага саюза Compass, “Эразмус+”, “Жан Манэ” і іншыя. Яны фінансуюцца як міжнароднымі арганізацыямі і фондамі (ЮНЕСКА, ЮНФПА, Вышаградскі фонд, Савет Еўропы і інш.), так і нацыянальнымі фондамі еўрапейскіх дзяржаў (DAAD (Германія), фонд “Еўразія” (ЗША), праграма супрацоўніцтва з Нарвегіяй і інш.). На ФМА БДУ размешчаны нацыянальны цэнтр праграмы “Балтыйскі ўніверсітэт” (Швецыя) і Цэнтр па правах чалавека, які накіраваны на ўзмацненне міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння па міждысцыплінарных даследаваннях у галіне правоў чалавека. Доўгі час супрацоўнікі факультэта бралі ўдзел у акадэмічным супрацоўніцтве з Інстытутам імя Р. Валенберга (Лунд, Швецыя). У рамках супрацоўніцтва быў падрыхтаваны шэраг выданняў па выкладанні правоў чалавека, ажыццёўлены шэраг ініцыятыў у галіне гендарнай роўнасці.

Апошняе дзесяцігоддзе характарызуецца актывізацыяй удзелу студэнтаў у міжнародных спаборніцтвах па міжнародным праве. У апошнія гады студэнцкія каманды факультэта сталі паказваць бліскучыя вынікі, умацоўваючы прэстыж універсітэта і беларускай адукацыі ў цэлым за мяжой. У скарбонцы факультэта шэраг міжнародных узнагарод, уключаючы першыя і другія месцы на Міжнародным спаборніцтве па міжнародным праве імя Джэсапа, Міжнародных спаборніцтвах па міжнародным касмічным праве імя Лахса, Міжнародным спаборніцтве па міжнародным гуманітарным праве імя Мартэнса і іншых.

Студэнты маюць шэраг магчымасцяў для апрабацыі вынікаў сваіх навуковых даследаванняў. Напрыклад, на штогадовай канферэнцыі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў БДУ, дзе на 75 секцыях гучыць больш за 250 дакладаў. Пераможцы маюць магчымасць апублікаваць тэзісы сваіх выступленняў. Студэнты старэйшых курсаў могуць у суаўтарстве з навуковымі кіраўнікамі ўдзельнічаюць у штогадовай навукова-практычнай канферэнцыі маладых навукоўцаў ФМА “Міжнародныя адносіны: гісторыя, тэорыя, практыка” з публікацыяй матэрыялаў.

На факультэце выдаецца “Зборнік навуковых артыкулаў студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў”. Толькі летась было выдадзена два выпускі, у якіх было апублікавана каля 300 артыкулаў. Улічваючы міждысцыплінарны характар факультэта, у зборніку прадугледжаны разнапланавыя напрамкі даследаванняў: гісторыя, паліталогія, міжнародныя адносіны; дзяржава і права, юрыспрудэнцыя; менеджмент, маркетынг; фінансы і банкаўская справа, эканоміка; міжнародны турызм; мытная справа; культуралогія; сучасныя замежныя мовы; лінгвакраіназнаўства і інш.

Арганізацыі навуковай дзейнасці студэнтаў спрыяюць студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі, якія функцыянуюць на факультэце. Іх пяць: СНДЛ “Знешняя палітыка і дыпламатыя ў сучасных міжнародных адносінах: прыкладны аналіз”; СНДЛ “Інавацыйныя тэхналогіі ў турызме”, СНДЛ “Тэорыя і практыка мытнай справы і знешнеэканамічнай дзейнасці”, СНДЛ “Аналітык”, СНДЛ “Эканаміст-міжнароднік” і больш за 30 студэнцкіх гурткоў і клубаў.

Аўтары найлепшых курсавых, дыпломных прац рэкамендуюцца для публікацыі ў электронным зборніку навуковых артыкулаў “Найлепшыя працы студэнтаў НДРС ФМА”. Летась былі апублікавана звыш 50 прац. За 25 гадоў існавання факультэта выкладчыкі забяспечылі навучальны працэс падручнікамі і навучальнымі дапаможнікамі. Выйшла 25 тамоў студэнцкіх навуковых прац. Выдаецца навуковы часопіс на беларускай і рускай мовах, “Часопіс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Міжнародныя адносіны” на англійскай мове. Выстава навучальных і навуковых выданняў ФМА ўражвае.

Прыемна адзначыць фарміраванне супольнасці студэнтаў, выпускнікоў і выкладчыкаў факультэта, якія разам укладваюць свае таленты і сілы ў поспехі ўніверсітэцкіх каманд. Асабліва радуе, што падрыхтаваныя факультэтам выпускнікі, якія самі дамагаюцца прафесійных поспехаў, вяртаюцца ў alma mater і на добраахвотніцкіх пачатках перадаюць набытыя навыкі і веды наступным пакаленням студэнтаў, аддаючы сотні гадзін асабістага часу на карысць студэнтаў і іміджу ўніверсітэта.

Актыўнасці на любы густ

На факультэце прадстаўлены ўсе ўніверсітэцкія студэнцкія арганізацыі. Студэнцкі савет па якасці адукацыі – месца, дзе студэнты працуюць над тым, каб зрабіць працэс навучання больш эфектыўным, цікавым і разнастайным. На ФМА ССЯА праводзіць апытанні, анкетаванні, інтэлектуальныя гульні, а таксама падтрымлівае пастаянную сувязь студэнтаў з выкладчыкамі і адміністрацыяй факультэта для стварэння камфортнай атмасферы і абмену меркаваннямі. Студэнцкі саюз арганізоўвае самыя гучныя мерапрыемствы: “Вялікія гонкі”, “Капуснік”, “Містар ФМА” і “Міс ФМА “, а таксама праводзіць акцыі ў гонар святаў. Творчы саюз збірае танцораў, спевакоў і музыкаў для канцэртаў і выступленняў. Ёсць і БРСМ, прафкам.

Пра жыццё студэнтаў паміж і пасля пар распавёў Уладзіслаў БЕЙНАР:

– Студэнцкае жыццё на ФМА – гэта дзясяткі сустрэч з замежнымі гасцямі, сотні мерапрыемстваў і тысячы таленавітых і актыўных студэнтаў! Двойчы ў год праводзіцца “Мадэляванне ААН”, на якім студэнты прымяраюць на сябе ролі прадстаўнікоў дзяржаў, набываюць дыпламатычныя, прамоўніцкія і моўныя навыкі. Нельга не згадаць студэнцкі навуковы савет, праект “Старт”, заняткі па іўрыце, карэйскай мове і шмат чаго іншага.

На факультэце створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі сябе ў розных галінах. Што да мяне, то ў пачатку свайго навучання я актыўнічаў: быў старшынёй ССЯА і намеснікам старшыні прафкама. Мы арганізоўвалі сустрэчы з замежнымі гасцямі, праводзілі мерапрыемствы, прысвечаныя розным значным падзеям і святочным датам, дапамагалі студэнтам, займаліся пытаннямі павышэння якасці адукацыі на факультэце. Я вывучаў правы чалавека ў летняй школе Лундскага ўніверсітэта, абменьваўся досведам самакіравання са студэнтамі ў Аўстрыі, Славакіі, Чэхіі і Нідэрландах. Наяўнасць праграм студэнцкай мабільнасці дазволіла мне правесці год у Шанхаі, дзе я вывучаў кітайскую мову, культуру і традыцыі. Вядома, не забываў і пра “Мадэляванне ААН”, удзел у якім з’яўляецца абавязковым пунктам у чэк-лісце любога нашага студэнта. Цяпер вучоба ў сценах ФМА ўжо падыходзіць да свайго лагічнага завяршэння, многія ўжо сумяшчаюць вучобу з працай ці стажыроўкамі, ствараючы тым самым моцную аснову для будучага кар’ернага росту. 

Выходзіць за меры штодзённага

Сваімі ўражаннямі ад навучання на факультэце міжнародных адносін падзялілася выпускніца 2015 года Аляксандра ШКОДА, 2-і сакратар МЗС Беларусі:

– ФМА, безумоўна, дае выдатную гуманітарную базу ведаў, але не ў гэтым яго галоўная “фішка”. Выкладчыкі факультэта дапамагаюць сфарміраваць вельмі правільны і сучасны светапогляд, прышчапляюць уменне нестандартна глядзець на рэчы, выходзіць пры рашэнні любых задач за межы штодзённага. Вучаць думаць, шукаць сваю праўду, не зважаць на аўтарытэты. І, на мой погляд, гэта вельмі каштоўна. Я адчуваю дух факультэта ў кожнай інфармацыйнай акцыі МЗС, у кожным падрыхтаваным дакуменце, да якіх я прыклала руку. Гэта аснова, якую не заўсёды можна звесці да канкрэтных прыкладаў, проста ведаеш, што яна ёсць – такі своеасаблівы тыл. Моўныя веды, атрыманыя тут, дазваляюць перакладаць на мерапрыемствах даволі высокага ўзроўню, напрыклад, на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

Маё студэнцтва было вельмі яркім! Акрамя навучальных момантаў, гэта сустрэчы з цікавымі людзьмі, удзел у міжнародных канферэнцыях, замежных стажыроўках, праца ў органах студэнцкага самакіравання. Я не магу нават уявіць свае студэнцкія гады без любімых і бязмерна паважаных Віктара Генадзьевіча Шадурскага, Сяргея Валер’евіча Карэліна, Анатоля Аркадзевіча Разанава, Мечыслава Эдвардавіча Часноўскага, Розы Маратаўны Турарбекавай, Юліяны Ігараўны Малевіч, Людмілы Міхайлаўны Муслімавай… Я магу працягваць гэта спіс бясконца доўга. Гэта тыя людзі, якія падарылі мне столькі цудоўных магчымасцяў, ведаў, эмоцый, цяпла! Для мяне яны і ёсць ФМА, мой самы галоўны і самы родны ўспамін!

Гутарыла Надзея МАРХЕЛЬ

print

Вам таксама можа спадабацца: