Прэзідэнт Беларусі азнаёміўся з адукацыйнымі інавацыямі ў БДУ

29 Jan, 2021.

Фота Андрэя Стасевіча, БелТА.

Падчас свойго візіту ў БДУ Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі. Задаць пытанне, а таксама віртуальна прысутнічаць на сустрэчы змаглі і студэнты ў рэгіёнах – была прадугледжана прамая відэатрансляцыя ў аўдыторыях універсітэтаў у абласных цэнтрах.

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі пра актуальную дзейнасць і перспектывы развіцця ўніверсітэта. Рэктар БДУ Андрэй Кароль распавёў аб прадстаўленасці ВНУ ў 12 глабальных і 7 прадметных сусветных рэйтынгах, уключаючы «вялікую тройку» QS (317), THE (1001+) і Шанхайскі прадметны рэйтынг па фізіцы (201–300). Таксама было адзначана, што Электронная бібліятэка БДУ мае статус першай у Еўропе і з’яўляецца трэцяй сярод электронных бібліятэк свету ў рэйтынгу ВНУ Transparent Ranking of Repositories.
Рэктар адзначыў высокі ўзровень адукацыі ва ўніверсітэце і звярнуў увагу, што ВНУ нароўні з захаваннем 100-гадовых традыцый ­укараняе сучасныя метады ў адукацыйны ­працэс. БДУ рэалізуе праграму трансфармацыі адукацыі, стварае практыка-арыентаванае адукацыйнае асяроддзе, выка­рыстоўвае інавацыйныя тэхналогіі навучання. Размова ішла таксама пра выкарыстанне ў адукацыйным працэсе новых інфармацыйна-камунікацыйных сродкаў, арганізацыю дыстанцыйных заняткаў, эфектыўнасць якіх, як па­казвае практыка, вельмі высокая. Добрым ­памочнікам для студэнтаў стаў Адукацыйны партал, дзе засяроджана каля сямі тысяч электронных пляцовак, якімі актыўна карыс­таюцца студэнты, створаны асабістыя кабі­неты студэнта, выкладчыка, працуе аўтама­тызаваная сістэма рэйтынгу ўніверсітэта, ёсць электронныя расклад заняткаў і журналы ку­ратараў. Дарэчы, сайт працуе ў чатырох моўных версіях – беларускай, рускай, англій­скай і кітайскай.
Андрэй Кароль адзначыў, што студэнтам цяпер важна не толькі даваць веды, аксіёмы, але і навучыць іх канструктыўна думаць, самім ствараць прадукт па сваёй спецыяльнасці, параўноўваючы сваю працу з эталоннымі патрабаваннямі.
Пра папулярнасць ВНУ сведчыць і тое, што ­ў БДУ імкнуцца вучыцца замежнікі. У апошні час ва ўніверсітэце вучыцца шмат кітайскіх студэнтаў – каля 1800 чалавек, што паказвае на развіццё беларуска-кітайскага адукацый­нага супрацоўніцтва ў адпаведнасці з дамоў­ленасцямі на найвышэйшым узроўні.
БДУ таксама актыўна супрацоўнічае з замежнымі калегамі: дзейнічае 566 пагадненняў з прадстаўнікамі 59 краін. Паказальны і той факт, што ўніверсітэт уключаны ў склад 13 міжнародных асацыяцый і сетак, удзельнічае ў 37 міжнародных адукацыйных праектах.
Рэктар ВНУ паказаў прэзідэнту сучасны электронны пропуск, які выкарыстоўваецца студэнтамі для праходу ў тым ліку ў бібліятэку, сталовую.
Кіраўнік дзяржавы таксама наведаў музей землязнаўства факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, дзе азнаёміўся з экспазіцыямі беларускіх, а таксама прывезеных з розных куткоў свету мінералаў.

 

Па матэрыялах БелТА

print

Вам таксама можа спадабацца: