Інтэлектуалы віруюць. “Што? Дзе? Калі?”, “Брэйн-рынг” – у што яшчэ гуляюць студэнты БДУ

30 Mar, 2021.

Нядаўна прайшоў першы адборачны тур у чэмпіянаце «БДУ–100», прысвечаны юбілею ўніверсітэта. Арганізатарам выступіў клуб інтэлектуальных гульняў. Распавядзём, як праходзяць трэніроўкі і ці магчыма патрапіць на чэмпіянат звычайнаму студэнту.

Клуб быў заснаваны ў 1997 годзе Віктарам і Сцяпанам Цемушавымі. На той момант яны былі выпускнікамі гістарычнага факультэта. У 2007–2015 гадах клуб узначальваў Павел Свярдлоў.

У 2012 годзе да яго далучыўся Дзмітрый Штукацер. Пры ім у 2017 годзе БДУ прыняў фінал адкрытага чэмпіянату ВНУ Расіі, а з 2018 года стаў пастаяннай пляцоўкай для чэмпіянату Еўропы сярод студэнцкіх каманд. Штогод праводзіцца цэлая серыя інтэлектуальных спаборніцтваў: студэнцкі чэмпіянат Мінска і моладзевы чэмпіянат БДУ, фэст «Студэнцкія гульні БДУ», школьны фэст інтэлектуальных гульняў «ТрЭК». У наш час клуб інтэлектуальных ­гульняў БДУ – гэта цэлая каманда прафесіяналаў, трэнерамі працуюць шматразовыя прызёры чэмпіянатаў Беларусі Уладзімір ­Асіпчук і Ксенія Вараб’ёва.

Традыцыя перамагаць

Сезон пачынаецца ўвосень і доўжыцца з верасня па май. Большасць мерапрыемстваў з’яўляюцца адкрытымі, у тым ліку і для навучэнцаў іншых ВНУ. Студэнцкі чэмпіянат Мінска складаецца з васьмі тураў. Чатыры гульні прымае БДУ, чатыры – БДУІР. Асаблівасць моладзевага чэмпіянату ў тым, што ў ім ёсць абмежаванне па ўзросце. Ён прызначаны для студэнтаў 1–2 курсаў і школьнікаў (гэта значыць для гульцоў­пачаткоўцаў, якім спецыяльна распрацаваны прасцейшыя пытанні). Для дасведчаных гульцоў ёсць шмат іншых гульняў, але заўсёды трэба з чагосьці пачынаць.

Фэст «Студэнцкія гульні БДУ» прайшоў ужо ў сёмы раз. Ёсць цікавая традыцыя, звязаная з дадзеным мерапрыемствам. Так атрымліваецца, што каманда, якая перамагае на фэсце ў БДУ, потым выйграе кубак «Што? Дзе? Калі?» усёй Беларусі. Пакуль што была толькі адна асечка, калі ў 2020 годзе выйгралі ўдзельнікі з Украіны, але спадзяёмся, што сёлета «традыцыя» адновіцца.

Як праходзяць трэніроўкі?

Трэніроўкі ладзяцца ўвесь час, нягледзячы на тое, ідзе падрыхтоўка да чэмпіянату ці не. Праходзяць яны некалькі разоў на тыдзень, мінімум два. На іх можа прыйсці любы ахвотнік. Трэніроўка адрозніваецца ад гульні тым, што пытанні гуляюцца з разборам. Яны бываюць тэматычнымі: напрыклад, спецыялізацыя на кнопкавых гульнях («Свая гульня» ці «Брэйн­рынг») ці разбор пытанняў пэўнага рэдактара (аўтара пытанняў), у якога свая логіка, свая асаблівасць напісання. Усе вышэйпералічаныя дзеянні павышаюць верагоднасць правільнага адказу.

Як патрапіць на чэмпіянат?

Калі ёсць каманда – адразу прыходзіць на турнір. Калі ж вы адзі­ночка – гэта часова! Трэба ўсяго толькі хадзіць на трэніроўкі. На іх з’яўляюцца аднадумцы, з якіх у выніку і ствараюцца каманды. Такая практыка асабліва папулярная ў пачатку сезона. Тлумачыцца гэта тым, што навучацца прыходзяць дзеці, якія нядаўна скончылі школу ці ліцэй. Усе паступілі ў розныя УВА, і папярэднія склады распаліся.

Падчас фарміравання можа быць усякае: напрыклад, калі палова каманды ёсць, а палову яшчэ трэба дабраць, бываюць і выпадкі, калі старшакурснікі набіраюць ­маладых гульцоў.

У клуба інтэлектуальных гульняў ёсць розныя сумоўі па пошуку гульцоў у сацыяльных сетках. Там трэба пісаць штосьці накшталт: «Я вось такі і хачу гуляць, вазьміце мяне». І наадварот: «Я капітан каманды, і нам патрэбны гулец». Увогуле, клуб робіць усё магчымае для абмену кантактамі будучых саюзнікаў.

Што такое «БДУ–100»?

Чэмпіянат «БДУ–100» – гэта разавае карпаратыўнае мерапрыемства. Спецыяльны турнір, які задумваўся як святочны, прысвечаны стагоддзю ўніверсітэта. Ён з’яўляецца закрытым, у ім могуць удзельнічаць толькі тыя, хто адносіцца да БДУ: студэнты, выкладчыкі, супрацоўнікі. Арганізатары закладваюць асноўную думку: трэба падаць глебу для знаёмства паміж пакаленнямі. Адпаведна, прыярытэт у каманд, у ліку якіх больш супрацоўнікаў і студэнтаў. Улічваючы маштаб мерапрыемства, трэба разумець, што ў фінал патрапяць не ўсе склады, якія падалі заяўкі. Ёсць тры адборачныя туры. Нядаўна прайшла толькі першая зімовая гульня, вядучым якой стаў уладальнік крыштальнай савы, вядучы тэлепраграмы «Што? Дзе? Калі?» Алесь Мухін. Пройдуць яшчэ дзве аналагічныя гульні: вясновая і летняя. Адна каманда можа паўдзельнічаць толькі ў адным адборачным туры. Па выніках кожнага будуць адабраны каманды, якія трапяць у фінал (мінімум 4 склады з адной адборачнай гульні). Некаторыя каманды будуць дабірацца за пэўныя дасягненні. Напрыклад, каманду «Матрыярхат» арганізатары запрасілі на фінальны тур, таму што яны сталі найлепшымі ў першай частцы адборачнай зімовай гульні. Увосень будзе фінал чэмпіянату, бо менавіта ў гэту пару года БДУ спаўняецца 100 гадоў.

Пра рэкардсменаў

Дзмітрый ШТУКАЦЕР:
– Не магу сказаць, якая каманда стала найлепшай за ўсе гады гульняў і турніраў. Гэта немагчыма, бо ўсе яркія, са сваімі асаблівасцямі і дасягненнямі. Мабыць, адзначу дзве каманды – зборную геаграфічнага факультэта «Географ глобус прапіў», якая выйграла першыя чатыры сезоны адкрытай інтэлектуальнай лігі БДУ (папярэднік моладзевага чэмпіянату, таксама рэгулярны турнір), і каманду «Вельмі змянілася за лета», якая некалькі гадоў запар была найлепшай не толькі ў Беларусі, але і годна выступала на еўрапейскім узроўні. Калі гаварыць пра канкрэтных гульцоў, то згадаю Васіля Бабкова, ён цяпер з’яўляецца намеснікам дырэктара РГА «БЛІК» (гэта такі аналаг спартыўнай федэрацыі) па дарослым спорце і галоўным арганізатарам усіх інтэлектуальных гульняў у Мінску. Уладзіслаў Порыцкі таксама мае шмат дасягненняў, і не толькі ў рамках Беларусі, але і на чэмпіянаце Еўропы (мае 12 медалёў). Аляксандр Марозаў стаў рэкардсменам па колькасці залатых медалёў за ўсе гады правядзення студэнцкага чэмпіянату. У яго 22 медалі. Трэнерам Аляксандра быў Іван Тапчый, клуб якога выступае аналагам клуба інтэлектуальных гульняў, але толькі ў ліцэі БДУ.

Пра турнір «БДУ–100»

Алесь МУХІН:
– Адзначу вельмі добрую і якасную арганізацыю мерапрыемства. Мне спадабалася тое, як каманды ўліліся ў гульню. Нечаканымі былі і вынікі: адны склады добра сябе праявілі ў пачатку турніру, іншыя, наадварот, бліжэй да канца. «Вішанькай на торце» быў суперфінал па правілах гульні «Брэйн­-рынг». Было вельмі шмат нечаканасцяў. Напрыклад, калі лідараў турніру абыходзілі каманды, якія занялі па выніках гульні 6, 7, 8 месцы. Узровень каманд даволі высокі. Усе добра сябе паказалі, хоць мы прывезлі сур‘ёзны пакет пытанняў. Іх узровень складанасці быў супастаўны з пытаннямі беларускага тэлеклуба, дзе гуляюць найлепшыя з лепшых на сёння. Рэкамендую камандам максімальна засяроджвацца на трэніроўках. Было відаць, што ў «пачаткоўцаў» першыя пытанні сыходзілі толькі на тое, каб навучыцца чуць адзін аднаго, усё запісваць, правільна фармуляваць адказы.  Галоўныя лайфхакі вельмі простыя: не забываць, пра што канкрэтна пыталася, запісваць асноўныя словы, падзеі, даты, сачыць за нейкімі «цікавосткамі» ў саміх пытаннях. Вельмі часта бывае, што нестандартна ўжытае слова можа намякаць на шлях да пошуку адказу. Вялікая адказнасць падчас гульні ляжыць і на капітане. Ён павінен ведаць, чаго чакаць ад сваіх знаўцаў: хтосьці больш эрудыт, хтосьці – «генератар» версій. Капітан – гэта часам палова каманды. Але ў любым выпадку адзін ён усіх не выцягне, важна, каб гуляў менавіта калектыў. А камандам я хачу пажадаць верыць у свае сілы, у свае магчымасці, не баяцца разважаць уголас. У вас усё атрымаецца!

Пра падрыхтоўку да чэмпіянатаў

Ксенія ВАРАБ’ЁВА:
– Трэнерам я з’яўляюся ўжо другі год. Бываюць трэніроўкі, калі прысутнічае болей за 25 чалавек. Шчыра пры­знацца, у такія моманты я трошкі панікую, таму што складана з імі ўсімі адначасова спраўляцца, але ў выніку ўсё праходзіць добра. Не сказала б, што ў маёй тактыцы ёсць нейкія асаблівасці. Проста імкнуся падтрымліваць свабодную і расслабленую абстаноўку, каб гэта не выглядала, як «з прымусу». Варта адзначыць, што каманды адразу прыходзяць даволі матываванымі, але падтрымка з майго боку таксама заўсёды ёсць. Калі я бачу, што гульцы «вырастаюць» на маіх вачах, я адчуваю штосьці сярэдняе паміж гонарам і светлай радасцю! Адзін раз мае «падапечныя», якіх я трэніравала, выкінулі маю ж каманду, у якой я гуляла, са студэнцкага чэмпіянату Мінска па «Брэйн­-рынгу». Адчуванні былі дзіўныя, але ўсё ж больш у добры бок.

Што я магу параіць пачаткоўцам? Гуляць ва ўсё, што варушыцца, а што не варушыцца – варушыць і гуляць! Форма ў інтэлектуальных гульнях напрацоўваецца амаль заўсёды выключна колькасцю згуляных пытанняў.

Уладзімір АСІПЧУК:
– Трэнірую ў БДУ ўжо чацвёрты год. Усё пабудавана вакол дзвюх асноўных гульняў: «Што? Дзе? Калі?» і «Свая гульня». Хітрыкаў шмат, і тэарэтычна завучыць пытанні было б складана, таму важная практыка.

Удзел у абмеркаванні пытання моцна раскрывае чалавека, прымушае яго браць адказнасць, не саромецца таго, што можаш памыліцца.

Праводзіць трэніроўкі  мне не цяжка. Па­першае, ходзяць на заняткі па ўласным жаданні, таму нікога не трэба матываваць. Па­другое, на гульнях па­за трэніроўкамі мы можам быць супернікамі, але між намі і студэнтамі існуюць вельмі здаровыя сяброўскія адносіны, і мы разам спрабуем знаходзіць адказы – гэта вельмі яднае. Па­трэцяе, праводзіць трэніроўкі вельмі карысна, бо прапускаеш праз сябе шмат пытанняў і сам вучышся гуляць лепш.

З пытаннямі ўсё проста: існуе вельмі карысны сайт, куды выкладаюцца амаль усе бягучыя турніры. Звычайна я выбіраю некалькі тураў тых рэдактараў, якія хутка сустрэнуцца студэнтам на найбліжэйшых гульнях.

У моманты, калі я бачу, што адзін з маіх вучняў развіваецца, не стаіць на месцы, адчуваю, што праводжу трэніроўкі не дарма. І, шчыра кажучы, пачынаю крыху баяцца, бо такія студэнты адразу становяцца тваімі канкурэнтамі ў інтэлектуальных гульнях. Але больш за ўсё для мяне важна не тое, што студэнты вырастаюць, пачынаюць перамагаць і браць медалі, а тое, што яны пры гэтым развіваюцца як асобы. Бо «ШДК» – гэта не проста гульня дзеля гульні, гэта яшчэ і вельмі добрая школа: і міжасобасных стасункаў, і ўласнага развіцця.

Аляксандра ПЕРАВОЗНІКАВА

print

Вам таксама можа спадабацца: