З 26 студзеня да 5 лютага ў БДУ праходзіў другі сезон адукацыйнага праекта, удзельнікі якога праходзілі курсы на выбар і атрымлівалі новыя веды анлайн на партале ўніверсітэта. Паўгода назад гэты праект прэзентавалі пад назвай «Летні ўніверсітэт», цяпер яго пераназвалі ў «Зімовы ўніверсітэт».
Заяўкі на ўдзел падалі 400 ахвотнікаў – гэта не толькі студэнты з БДУ, але і навучэнцы розных адукацыйных устаноў з Беларусі, у тым ліку і школьнікі. У праграму «Зімовага тыдня» былі ўключаны больш за 10 навучальных дысцыплін розных напрамкаў: заняткі па лічбавай бяспецы, Webпраграмаванні, ГІСтэхналогіях, паразіталогіі, нумізматыцы. Удзельнікі праекта маглі абраць і праслухаць неабмежаваную колькасць курсаў, а таксама далучыцца да заняткаў на любым з этапаў.
– Першы праект «Летні ўніверсітэт» выклікаў вялікую цікавасць сярод удзельнікаў, таму кіраўніцтва ўніверсітэта прыняло рашэнне працягнуць працу ў гэтым напрамку. Такія мерапрыемствы дапамагаюць паглыбіць веды ў галіне гуманітарных і прыродазнаўчых дысцыплін, спрыяюць засваенню новага матэрыялу і стварэнню ўмоў для самаадукацыі. Заняткі праходзілі на платформе Адукацыйнага партала БДУ ў анлайнфармаце. Самымі папулярнымі сталі курсы «Візуалізацыя даных і інфаграфіка», «Лічбавая бяспека і абарона персанальных даных», «Інтэграцыя гендарнага вымярэння ў юрыдычным даследаванні», «Пошук і менеджмент навуковай інфармацыі», «Візуалізацыя і прадстаўленне вынікаў навуковых даследаванняў».
Для ўдзелу ў праекце неабходна было прайсці рэгістрацыю. Асаблівасцю «Зімовага ўніверсітэта» з’яўляўся праект «Міжнародны тыдзень», у рамках якога перад слухачамі ў якасці спікераў выступілі навукоўцы і выкладчыкі з Універсітэта Мінесоты (ЗША), Кембрыджскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія), Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава (Расія). Некаторыя анлайнзаняткі праводзіліся на англійскай мове. У канцы кожнага курса адбывалася атэстацыя ў розных формах – тэст, залік, выніковы праект. Па заканчэнні навучання слухачам выдадзены сертыфікаты, а студэнтам БДУ, якія паспяхова прайшлі атэстацыю, дысцыпліны ўнясуць у дадатак да дыплома, – распавяла начальнік цэнтра кар’еры БДУ Марына ТАНАСЕВІЧ.
Падобныя курсы некаторым дазволілі не проста паглыбіць веды, але і задумацца пра прафесійнае развіццё ў некалькіх сферах. Студэнт 4 курса філалагічнага факультэта Гадам ЧАРЫЕЎ паспяхова праслухаў два курсы – «Інфармацыйная бяспека» і «Уводзіны ў вэбпраграмаванне».
– У апошні час я стаў цікавіцца IT, шукаў адпаведныя курсы і знайшоў іх у «Зімовым універсітэце». Заняткі былі разлічаны на пачаткоўцаў. Паколькі я гуманітарый, для мяне яны былі цяжкія, але ў той жа самы час курсы былі вельмі карыснымі, бо я змог асвоіць асновы праграмавання. Мяне зацікавіла гэта сфера, думаю, што далей буду працягваць развівацца ў гэтым напрамку.
Навучыць камунікаваць: пра самы папулярны курс
Вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў «Зімовага ўніверсітэта» выклікаў курс «Маўленчае развіццё асобы». Яго распрацавалі супрацоўнікі кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ.
– Мы пераканаліся, што навучанне маўленчаму майстэрству актуальнае і запатрабаванае на многіх факультэтах БДУ. Курс зацікавіў прадстаўнікоў самых розных спецыяльнасцяў: і тых маладых людзей, для якіх эфектыўная камунікацыя – найважнейшы складнік прафесійнай кампетэнцыі (супрацоўнікаў у галіне міжнародных адносін, юрыстаў, псіхолагаў, гісторыкаў, філолагаў, культуролагаў), і тых, хто, мяркуючы па абранай спецыяльнасці, абмежаваны ў непасрэдных маўленчых зносінах (матэматыкаў, хімікаў, біёлагаў, эканамістаў). Кожныя нашыя заняткі былі арыентаваны на перспектыву: маўленчы імідж спецыяліста і дзелавы этыкет, нацыянальная спецыфіка зносін, асновы верыфікацыі – усе гэтыя веды і ўменні стануць асновай хуткага і паспяховага кар’ернага росту для кожнага маладога спецыяліста ў будучыні, а сёння дапамогуць гарманічна і канструктыўна камунікаваць, – распавяла дацэнт кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры БДУ Таццяна РУБАНІК.
Стваральнікі курса пазнаёмілі слухачоў з характарыстыкамі камунікатыўнай асобы, паспрабавалі растлумачыць, чаму ў многіх узнікаюць бар’еры ў зносінах, як пераадолець страх публічнага выступлення і пазбавіцца ад праблем у пабудове выказвання. Філолагі падрыхтавалі матэрыял пра спосабы аргументацыі і распавялі пра хітрыкі, інструменты псіхалагічнага ўздзеяння ў дыялогу, сакрэты публічнага выступлення, невербальную мову. Для юрыстаў і іншых спецыялістаў, чыя прафесійная дзейнасць будзе звязана са зносінамі, распрацоўшчыкі курса раскрылі тэму верыфікацыі інфармацыі, навучылі адрозніваць праўду ад хлусні.
Кожны тэматычны блок тэорыі суправаджаўся заданнямі з крэатыўным (эўрыстычным) кампанентам. Студэнты пісьмова выконвалі заданні, каменціравалі відэаролікі, дзяліліся сваімі думкамі наконт матэрыялу і атрымлівалі аператыўныя водгукі ад куратараў.
У цэлым, мяркуючы па водгуках, усе засталіся задаволены курсам, шмат хто ўжо пачаў прымяняць атрыманыя веды на практыцы.
– У першую чаргу я б хацела сказаць дзякуй аўтарам курса. Хацелася «прапампаваць» свае навыкі, курс быў добры. Прысвяціла яму амаль усе свае вакацыі. Ёсць і невялікія пажаданні: калі ласка, зрабіце дэдлайн заданняў крыху пазней, бо часцяком не паспяваеш зрабіць усё своечасова, яшчэ можна дадаць больш глыбокай інфармацыі па тэме, больш талковых ілюстрацый, – падзялілася студэнтка 1 курса хімічнага факультэта Анастасія БАРАНОЎСКАЯ.
– У тэмах выкладзена ўсё патрэбнае, зразумелае і канкрэтнае. Радуе, што да тэарэтычнай часткі ёсць і практычная, можна адразу тэорыю прымяняць на практыцы. Хачу адзначыць, што ўсе тэмы курса адкладаюцца, запамінаюцца практычныя заданні.
У штодзённым жыцці таксама пачынаецца аўтаматычнае прымяненне парад, атрыманых на курсе. Дзякуй за цікавы матэрыял і вашу аддачу! – адзначыла студэнтка 1 курса факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Анастасія ЕСІПОВІЧ.
Марыя ШНА