Ганна БАСАВА пра журфак: «Шчаслівы той чалавек, які ведае, чым ён будзе займацца ў сваім жыцці»

6 Apr, 2021.

Прыйшоў час для многіх юнакоў і дзяўчат зрабіць свой выбар прафесіі. І дапамагчы з ім мы просім экпертаў і прадстаўнікоў розных факультэтаў БДУ. Сёння мы пагутарым з намеснікам дэкана па профарыентацыйнай працы факультэта журналістыкі Ганнай БАСАВАЙ.

–    Ганна Іванаўна, які сэнс Вы ўкладаеце ў прафарыентацыйную працу?
–    Выбар прафесіі – адно з найбольш важных рашэнняў, якое прымае чалавек у сваім жыцці і ў прафесійным самавызначэнні. Прафесійная арыентацыя дапамагае выбару ў адпаведнасці са здольнасцямі, цікавасцямі, схільнасцямі маладога чалавека. А калі гаварыць больш шырока, то сучасная прафарыентацыя – гэта самастойная галіна ведаў, якая ўяўляе сабой сінергію такіх навук, як псіхалогія, педагогіка, сацыялогія, медыцына, права, эканоміка.
Дзейнаць нашага факультэта накіравана на выяўленне творчых якасцей асобы, прабуджэнне і замацаванне цікавасці да прафесіі журналіста.  Гэта, думаю, і  абумовіла з’яўленне пасады намесніка дэкана па прафарыентацыйнай працы на факультэце.    
Для мяне гэтая праца адначасова і цікавая, і адказная і ганаровая. Яна патрабуе ўменняў і навыкаў камунікавання з самымі рознымі людзьмі як па ўзросце, так і па статусе, арганізацыйных здольнасцей у стварэнні і ажыццяўленні розных прафарыентацыйных праектаў, вопыту педагога, менеджара, псіхолага. Як слушна адзначаў рымскі філосаф Луцыя Сенека, «жывы той, хто многім прыносіць карысць; жывы той, хто сам сабе карысны».

–    Якія асноўныя накірункі вашай дзейнасці? Што робіцца для таго, каб таленавітая моладзь ішла на факультэт журналістыкі?
   Работа факультэта па прафарыентацыі праводзіцца згодна з распрацаваным і зацверджаным планам. Зразумела, што найбольшую эфектыўнасць яна мае ў тым выпадку, калі сістэматызаваная і вядзецца не толькі на факультэце, але і ва ўстановах сярэдняй адукацыі. Сёння журфак праводзіць прафарыентацыйную работу з навучэнцамі агульнаадукацыйных школ, гімназій, ліцэяў і знаходзіць новыя эфектыўныя метады работы з абітурыентамі. Яна вядзецца па такіх напрамках, як групавыя і індывідуальныя гутаркі, арганізацыя і правядзенне Дзён адкрытых дзвярэй, удзел у выставах СМІ і кірмашах вакансій, правядзенне інфармацыйна-азнаямляльных сустрэч прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў са школьнікамі, экскурсій на базе факультэта і ўніверсітэта, размяшчэнне інфармацыйных матэрыялаў у школах, гімназіях, ліцэях, распрацоўка азнаямляльна-інфармацыйнай прадукцыі для абітурыентаў і інш.

Акрамя таго, мая дзейнасць скіравана на арганізацыю і правядзенне заняткаў у “Школе маладога журналіста”, дзе навучаюцца школьнікі 9-11 класаў з усёй Беларусі (на сёння іх звыш 60), арганізацыю аглядаў і конкурсаў творчых прац навучэнцаў школ, гімназій, ліцэяў, Дзён адкрытых дзвярэй, праекта “Студэнт на тыдзень”, каардынацыю працы студэнтаў-валанцёраў журфака з абітурыентамі ў сацыяльных сетках,  падрыхтоўку інфармацыйнага кантэнт для сайта журфака, каардынацыю працы падрыхтоўчых курсаў для абітурыентаў, арганізацыю для навучэнцаў майстар-класаў вядомых журналістаў.
У гэтым годзе ўпершыню практыкуюцца два сумесныя праекты: студэнт – школьніку (праект скіраваны на ўзаемадзеянне студэнтаў-валанцёраў і школьнікаў-абітурыентаў у «Школе маладога журналіста» і ў сацыяльных сетках, дзе створаны групы і старонкі для хуткага ўзаемадзеяння) і студэнт – школьнік – выкладчык (праект накіраваны на навуковыя даследаванні школьнікаў у галіне журналістыкі, у прыватнасці да іх удзелу ў навуковай канферэнцыі студэнтаў, аспірантаў, магістрантаў БДУ-2021). Вопыт сумеснай працы студэнтаў, школьнікаў і выкладчыкаў дазваляе абітурыентам далучыцца да вучэбнага і навуковага жыцця факультэта.
Неабходна дадаць, што пры правядзенні прафарыентацыйнай работы на факультэце прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі выкарыстоўваюццца такія формы і метады работы як групавыя і індывідуальныя гутаркі з абітурыентамі, наведванне лекцый і практычных заняткаў, майстар-класы з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, публікацыя матэрыялаў аб факультэце ў друку, выступленнні на тэлебачанні, радыё, размяшчэнне інфармацыйных матэрыялаў у сацыяльных сетках і інш.
Пры гэтым задача факультэта заключаецца не толькі ў тым, каб  запрашаць паступаць менавіта да нас і з гэтай мэтай арганізоўваць розныя мерапрыемствы, але і прыцягваць ускосна, праз удзел школьнікаў у факультэцкіх мерапрыемствах, студэнтаў і выкладчыкаў – у правядзенні школьных мерапрыемстваў. Мэта падобных мерапрыемстваў –  уключэнне школьнікаў у студэнцкае жыццё, устанаўленне эмацыйнай сувязі паміж студэнтамі і патэнцыйнымі абітурыентамі, прыцягненне ўвагі мэтавай аўдыторыі да падрыхтоўкі журналістаў ва ўніверсітэце. Для многіх выпускнікоў падобныя мерапрыемствы з’яўляюцца рашаючымі пры выбары прафесіі і нашага факультэта.  

–   Прафарыентацыя – важны накірунак як для факультэта, паколькі дазваляе знаходзіць матываваных і таленавітых абітурыентаў, але і для саміх маладых людзей, якія стаяць перад самым галоўным выбарам у жыцці. З кім вы ўзаемадзейнічаеце? Якія арганізацыі вам дапамагаюць эфектыўна працаваць?
  Ва ўмовах павышанай турбулентнасці знешняга эканамічнага асяроддзя вучням старэйшых класаў неабходна ажыццяўляць выбар будучай прафесіі, і для таго каб гэты выбар быў асэнсаваным, ужо недастаткова даваць інфармацыю аб існуючых прафесіях. Абгрунтаваны выбар прафесіі – гэта асабістае рашэнне школьніка, які ўсведамляе адказнасць за вынік планавання перспектыў уласнага развіцця. Такая адказнасць часам не заўсёды ўласцівая нават дарослым людзям, таму выпускнікі на этапе выбару прафесійнага шляху маюць асаблівую патрэбу ў дапамозе педагогаў, бацькоў, псіхолагаў, працадаўцаў.
Нашай дзейнасці ў гэтым напрмку дапамагае найперш узгодненая і зладжаная праца па ўсіх напрамках на факультэце журналістыкі пад кіраўніцтвам дэкана В.М. Самусевіч, надзейнае шматгадовае ўзаемадзеянне з Міністэрствам інфармацыі, Міністэрствам адукацыі, Мінскім аблвыканкамам, Мінгарвыканкамам, грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз журналістаў”, Рэспубліканскім фондам развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды “Планета без межаў”, рэспубліканскімі і рэгіянальнымі СМІ.

–    Ці будуць якія змены ў прыёмнай кампаніі гэтага года? Калі так, то з чым гэта звязана?
   Так, гэты год шмат у чым для абітурыентаў, якія паступаюць на факультэт журналістыкі БДУ, будзе асаблівым.
Па-першае, гэты год знамянальны для абітурыентаў, бо яны заканчваюць школу, ліцэй ці гімназію, і робяць свой выбар установы вышэйшай адукацыі, у якой хочуць вучыцца, факультэт, дзе будуць авалодваць будучай прафесіяй.
Па-другое, яны паступаюць у юбілейны для БДУ год, якому сёлета спаўняецца 100 гадоў.
Па-трэцяе, абітурыенты, якія сёлета паступяць на факультэт журналістыкі, будуць вучыцца па новым тыпавым вучэбным плане. Што гэта значыць? Першыя два гады ў іх будзе агульнапрафесійная падрыхтоўка, падчас якой яны атрымаюць фундаментальныя, універсальныя, базавыя веды ў галіне журналістыкі. А ў наступныя два гады пройдуць прафілізацыю па напрамках журналістыкі і атрымаюць паглыбленыя прафесійныя веды. Такім чынам, праз два гады навучання студэнты змогуць выбраць пэўны напрамак журналістыкі, але гэты выбар будзе цалкам залежыць ад іх паспяховасці.  

–    На факультэт журналістыкі для паступлення неабходна прайсці таксама ўнутраны іспыт, які вельмі палохае абітурыентаў. Раскажыце, што ён сабой уяўляе і ці насамрэч такі страшны?
   Факультэт журналістыкі – гэта творчы факультэт. Таму здольнасці да журналістыкі, пэўныя ўменні і навыкі нашы абітурыенты выяўляюць ужо задоўга да паступлення: рыхтуючы публікацыі, удзельнічаючы ў разнастайных конкурсах, займаючыся на падрыхтоўчых курсах пры факультэце журналістыкі, а таксама наведваючы на працягу 2-3 гадоў “Школу маладога журналіста”, удзельнічаючы ў праекце “Студэнт на тыдзень” і інш.
  Падчас паступлення кожны абітурыент факультэта журналістыкі здае ўступны экзамен “Творчасць” (напрамак “Журналістыка”). У час экзамена яму неабходна праявіць свае творчыя здольнасці, схільнасць да прафесійнай журналісцкай дзейнасці, уменне даваць ацэнку падзеям і з’явам і веды аб функцыянаванні сродкаў масавай інфармацыі.
  Экзамен “Творчасць” праводзіцца ў два этапы. Першы этап – творчае сачыненне, тэматыка якога – актуальныя з’явы сацыяльна-эканамічнага жыцця грамадства. Адзнака выстаўляецца за змест і граматнасць. Асноўныя крытэрыі пры ацэнцы сачынення – паўната раскрыцця тэмы, уменне адбіраць факты і іх аналізаваць, лагічнасць і паслядоўнасць выкладу матэрыялу, лексічнае багацце, творчая індывідуальнасць і інтэлект абітурыента. Другі этап – вусны экзамен, які праходзіць у форме сумоўя і ўключае: 1) аналіз творчага партфоліо абітурыента (публікацыі ў газетах і часопісах, сюжэты тэле- і радыёперадач і інш.); 2) адказ на пытанні па тэмах, якія ўключаюць грамадска-палітычную і эканамічную праблематыку, пытанні культурнага жыцця, міжнародных адносін, асаблівасці работы журналіста ў друкаваных, аўдыявізуальных і сеткавых медыя; 3) выкананне пісьмовага задання па рэдагаванні тэкстаў на рускай і беларускай мовах.

–    Што б вы параілі абітурыентам? Як ім рыхтавацца?
  Жадаю абітурыентам старанна і сур’ёзна рыхтавацца да ўступных экзаменаў на журфак, выдатна закончыць школу, гімназію або ліцэй, вытрымаць ЦТ і паспяхова здаць экзамен “Творчасць”. А таксама актыўна ўжо сёння ўключацца ў жыццё журфака. Удзельнічаць у конкурсах і аглядах творчых прац, што дае магчымасць праверыць свой узровень падрыхтоўкі, атрымаць вопыт творчай дзейнасці, далучыцца да студэнцкага жыцця ў праекце “Студэнт на тыдзень”, у час заняткаў у “Школе маладога журналіста”, падрыхтоўчых курсах для абітурыентаў, а таксама рыхтаваць свае матэрыялы і размяшчаць іх у СМІ і на платформе факультэтэта (Студлайф і Вэб-журналіст) і г.д.
–    І ваша пажаданне тым, хто паступае ў гэтым годзе на журфак…
   Шчаслівы той чалавек, які ведае, чым ён будзе займацца ў сваім жыцці. Але калі выпускнік не ведае, куды яму накіраваць свае прафесійныя здольнасці, перад ім узнікае адно з асноўных у жыцці кожнага чалавека пытанне – пошук, выбар і авалоданне прафесіяй. Часам прафесія звязана з лёсам, жыццёвым прызначэннем чалавека. І для вас, маладыя людзі, важна правільна выбраць свой шлях і вызначыцца ў выбары любімай працы. Поспехаў у вашым выбары!

Анастасія ПОЎХ

print

Вам таксама можа спадабацца: