Школа аналітыкаў: у БДУ рыхтуюць будучых кіраўнікоў

20 Apr, 2021.

Без аналітыкі – нікуды, сцвярджае студэнцкі аналітычны клуб, які стартаваў 30 сакавіка на базе ўніверсітэта. На першай сустрэчы замест святочных прамоў – насычаная дыскусія пра каштоўнасці сучаснага беларускага грамадства са спецыялістамі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД).

Адкрыццё клуба адбылося на ­фа­культэце філасофіі і сацыяль­ных навук – і гэта першая адукацыйная сустрэча шасцітыднёвага наву­чальнага курса, які праходзяць 8 студэнтаў і магістрантаў. За час навучання яны пазнаёмяцца з асновамі аналітычнай працы і суст­рэнуцца са спецыялістамі­практы­камі з дадзенай сферы.

Запрошаныя ўдзельнікі мерапрыемства – рэктар БДУ Андрэй КАРОЛЬ, дырэктар БІСД Алег ­МАКАРАЎ і яго супрацоўнікі, прадстаўнікі ФФСН і факультэта жур­налістыкі, лідары студэнцкіх арганізацый. Па словах рэктара, ва ўніверсітэце падобная школа маладога аналітыка праводзіцца ўпер­шыню, і гэта абдуманы крок:

– Любая ВНУ павінна мець унутры сябе сістэму навігацыі, дыспазіцыі, пералік рызык, якія ­забяспечваюць рух наперад. Для гэтага было створана ўпраўленне экспертнай і аналітычнай работы. Яно праводзіць ключавы аналіз ­усіх паказчыкаў дзейнасці ўніверсітэта і медыйнага асяроддзя вакол універсітэта, а зараз з’явіўся і юнацкі сегмент нашай аналітычнай структуры. Адна з галоўных мэт ­новага праекта – стварэнне ўмоў самарэалізацыі моладзі і кадра­вага рэзерву для ўніверсітэта. ­Маладыя кіраўнікі павінны ўмець здабываць важнае з плыні інфармацыі, якая ўсё павялічваецца, і знаходзіць правільныя рашэнні ­задач, што стаяць перад універсітэтам, з улікам аналізу знешняга і ўнутранага асяроддзя.

Начальнік упраўлення экспертнай і аналітычнай работы Яўген ХАРУК прадставіў адукацыйную праграму:

– Студэнцкі аналітычны клуб – гэта супольнасць студэнтаў і магістрантаў, якія цікавяцца інфармацыйна­аналітычнай працай, хочуць развівацца ў гэтай сферы, удзель­нічаць у падрыхтоўцы аналітычных дакументаў, навуковых даследаванняў, іншых праектаў. Для най­больш якаснага навучання мы адабралі невялікую групу на аснове матывацыйных анкет. Скончыцца курс стварэннем уласных праектаў, якія ўдзельнікі прадставяць у маі. Далей клуб працягне сваю працу як паўнавартасная студэнцкая супольнасць і дыскусійная пляцоўка з рэгулярнымі адука­цыйнымі сустрэчамі. Больш за тое, у членаў клуба будзе магчымасць ужыць набытыя навыкі і кам­пе­тэнцыі пры фарміраванні прапа­новы для распрацоўкі стратэгічных дакументаў універсітэта.

Аналітыка для прэзідэнта

Ідэя студэнцкага аналітычнага ­клуба ўзнікла паўгода назад у ­размове рэктара з кіраўніцтвам БІСД. Дарэчы, дырэктар інстытута Алег МАКАРАЎ быў прыемна ­здзіў­лены хуткасцю рэалізацыі ­задумкі ў гатовы выразны праект. Ён адзначыў, што аналітыка не ­толькі сусветны трэнд, але і абавязковы навык кіраванца, звязаны з «гнуткімі» мазгамі:

– Аналітыка важная ва ўсіх ­сферах. Для кіраванца гэта абавязковы скіл, які спатрэбіцца ў сферах СМІ, паліталогіі, банкаўскай справе і інш. БІСД пастаўляе аналітыку самага высокага ўзроўню для кіраўніка дзяржавы. Гэта вельмі ­важна для нашай краіны. Будзем падтрымліваць распачынанні ў БДУ, дзяліцца ведамі і досведам, а таксама разлічваем знайсці тут будучыя кадры.

Далей Алег Макараў распавёў пра працу аналітыкаў і аналітыч­ных службаў. Інстытут стратэгічных ­даследаванняў – новая структура, якой усяго два гады, яна створана па лякалах нямецкай «фабрыкі ­думак». Усяго ў БІСД працуе каля 50 чалавек, іх асноўная задача – напісанне дакументаў, аналіз інфармацыі па стратэгічных напрамках знешняй і ўнутранай палітыкі з прыцягненнем міжнародных і айчынных экспертаў і спецыялістаў навуковых устаноў. Да­рэчы, пры выбары тэм супрацоўнікі БІСД выкарыстоўваюць крэатыўныя метады, напрыклад, гульні­размінкі, а таксама славуты «мазгавы штурм», дзякуючы чаму ­прыблізна дзясятая частка ідэй бярэцца ў распрацоўку. Работа аналітыкаў няпростая і заснаваная на прафесійнай пазіцыі, дзе палітычныя і іншыя перавагі ­адыходзяць убок, падкрэсліў дырэктар.

А што па каштоўнасцях?

Пра актуальныя каштоўнасці сучаснага беларускага грамадства ўдзельнікам мерапрыемства ­распавяла супрацоўнік БІСД ­кандыдат сацыялагічных навук Свят­лана АЛЕЙНІКАВА. Яна прэзентавала свежыя вынікі ­двух рэспубліканскіх апытанняў з ­агуль­ным лікам рэспандэнтаў 4000 чалавек.

Па яе словах, зараз як ніколі ў топе каштоўнасцяў беларусаў мір, бяспека, воля і правы чалавека, што ярка адлюстроўвае нядаўнія падзеі. Па выніках апы­тання беларусы шукаюць раў­навагу паміж дзвюма групамі базавых каштоўнасцяў: дзяржаваўтваральных калектыўных (суверэнітэт, моцная дзяржава, парадак і г. д.) і асабіста­сямейных (сям’я, дом, здароўе, душэўны камфорт і г. д.). З аднаго боку, грамадзянін Беларусі зацікаўлены ў ­моцнай дзяржаве­абаронцы, а з іншага – гатовы да асабістай ініцыятывы і спадзяецца на свае сілы. Што паказвае арыен­тацыю на дзяржаву-­партнёра пры захаванні патэрналісцкіх установак. Новы сацыяльны стандарт пашырыў межы беларуса за рамкі яго сям’і і дома.

Адзначае сацыёлаг БІСД і зру­шэнне каштоўнасцяў ад матэры­яльных даброт да прыярытэтаў больш высокага ўзроўню: датыч­насці, самарэалізацыі, імкнення да новых сацыяльных стандартаў, якасці жыцця і г. д. У беларусаў дамі­­  нуе запатрабаванне ў павазе і прызнанні (па пірамідзе запатрабаванняў Маслоу), што паказвае дастатковую развітасць нашага грамадства.

Моцны беларускі канцэпт дабрабыту: здароўе, сям’я, душэўны камфорт, агульнасць з блізкім колам, людзьмі падобных поглядаў, суверэнітэт і незалежнасць краіны. У адрозненне ад Расіі і Украіны, грамадзяне Беларусі мала цікавяцца гісторыяй і спакойна ставяцца да гістарычнай і культурнай спадчыны, вывучаючы яе час ад часу. Няма і сакральнага стаўлення да некато­­рых гістарычных перыядаў, як у краін­суседзяў.

Члены клуба актыўна каментавалі вынікі даследавання і дзяліліся сва­імі меркаваннямі. Задавалі пытанні пра падрабязнасці падрыхтоўкі і правядзення апытання, цікавіліся, як праходзіць дзень аналітыка, як адбіраюцца эксперты і захоўваецца аб’ектыўнасць інтэрпрэтацый вынікаў. Сустрэча падышла да ­канца, і ўдзельнікі дамовіліся пра новую – жаданне абмяркоўваць не толькі аналітыку, але і грамадскія падзеі ўзаемнае.

Надзея МАРХЕЛЬ

 

print

Вам таксама можа спадабацца: