Унікальная для Беларусі спецыяльнасць «эканамічная бяспека» з’явіцца на эканамічным факультэце БДУ. Спецыялістаў такога профілю пакуль не рыхтуе ніводны ўніверсітэт нашай краіны. Дадзеная спецыяльнасць – вынік інтэграцыі найлепшых айчынных праграм па эканоміцы і перадавога досведу вядучых расійскіх ВНУ па падрыхтоўцы спецыялістаў у сферы бяспекі. Якімі навыкамі будуць валодаць будучыя студэнты, у якіх сферах змогуць знайсці першыя працоўныя месцы, распавяла дэкан эканамічнага факультэта Ганна КАРАЛЁВА.
Ад задумкі да рэалізацыі: калі ўзнікла ідэя адкрыць новую спецыяльнасць?
У 2013 года эканамічны факультэт адзін з першых у краіне пачаў падрыхтоўку спецыялістаў па «эканамічнай інфарматыцы». На дадзены момант гэта адна з самых запатрабаваных спецыяльнасцяў у БДУ. Летась прахадны бал на платную форму навучання па гэтай спецыяльнасці склаў 353. Досвед паказвае, што выпускнікі дадзенай спецыяльнасці маюць попыт на рынку працы.
Адкрыццё спецыяльнасці «эканамічная бяспека» абумоўлена запатрабаваннем сярод працадаўцаў у кадрах, здольных рэагаваць, ацэньваць і кіраваць эканамічнымі рызыкамі. На жаль, крызісы ў сусветнай эканоміцы, якія перыядычна паўтараюцца і здараюцца нечакана, кардынальна падрываюць эканамічную бяспеку малых фірмаў і велізарных карпарацый, нацыянальных эканомік і сусветных гаспадарчых сістэм у цэлым. Нестабільнасць на сусветным рынку расце, крызісы здараюцца часцей, вастрыня іх праявы год ад года нарастае. У гэтых умовах забеспячэнне бяспекі становіцца сапраўды ўсеагульнай праблемай.
Таму ўжо сёння цэнтральнай постаццю ў кампаніях і дзяржаўных органах кіравання з’яўляецца прафесіянал, здольны нейтралізаваць ці кардынальна змякчыць крызісныя ўздзеянні.
Ідэя стварэння спецыяльнасці «эканамічная бяспека» з’явілася два гады таму. Увесь гэты перыяд ішло ўзгадненне навучальнага плана, абмеркаванне неабходных кампетэнцый выпускнікоў з будучымі працадаўцамі, афармленне дакументаў і атрыманне дазволу.
Запатрабаваны сучасны эканаміст: хто ён?
На дадзены момант сярод замоўцаў кадраў павышаны попыт на выпускнікоў, якія валодаюць міждысцыплінарнымі ведамі, менавіта такіх спецыялістаў плануем рыхтаваць на новай спецыяльнасці эканамічнага факультэта.
Падчас навучання студэнты спецыяльнасці «эканамічная бяспека» будуць праходзіць паглыбленую падрыхтоўку ў галіне эканомікі, юрыспрудэнцыі, інфармацыйных тэхналогій у сферы эканамічнай бяспекі.
Пра міждысцыплінарнасць навучання гаворыць той факт, што дысцыпліны юрыдычнага профілю будуць выкладаць спецыялісты юрыдычнага факультэта. Дысцыпліны па эканоміцы і інфармацыйных тэхналогіях у галіне эканамічнай бяспецы забяспечыць прафесарска-выкладчыцкі склад эканамічнага факультэта.
Для практыка-арыентаванай скіраванасці навучання па новай спецыяльнасці плануецца прыцягваць да правядзення заняткаў спецыялістаў-практыкаў.
Якія дысцыпліны прыйдзецца асвоіць?
Будучыя спецыялісты навучацца ацэньваць і прадухіляць магчымыя рызыкі і страты прадпрыемстваў, праводзіць маніторынг фактараў, якія ўплываюць на іх эканамічную бяспеку, прагназаваць і кіраваць эканамічнымі рызыкамі. Студэнты даведаюцца пра асаблівасці нацыянальных і міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці. Навучанне на дадзенай спецыяльнасці дазволіць ім свабодна арыентавацца ў адміністрацыйным, гаспадарчым, фінансавым і мытным праве.
У навучальны план уключаны такія дысцыпліны: лічбавая эканоміка, канкурэнтная разведка, сістэмны аналіз і ацэнка фактараў эканамічнай бяспекі, тэхналогіі прадухілення супрацьпраўных дзеянняў у бізнесе, грамадзянскі і гаспадарчы працэс, міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасці, рызыкі знешнеэканамічнай дзейнасці, кіраўнічы ўлік.
Дзе змогуць пабудаваць кар’еру выпускнікі спецыяльнасці «эканамічная бяспека»?
Для адкрыцця новай спецыяльнасці быў вывучаны попыт на такіх спецыялістаў з боку працадаўцаў. На выпускнікоў спецыяльнасці «эканамічная бяспека» ўжо маюцца заяўкі на размеркаванне, хоць яно будзе толькі ў 2025 годзе.
Таму абітурыенты могуць быць упэўнены, што пасля паспяховага заканчэння БДУ яны будуць запатрабаваны на рынку працы.
Выпускнікі дадзенай спецыяльнасці змогуць працаваць у сферы банкаўскай, фінансавай і бізнес-аналітыкі, фінансавага маніторынгу і экспертызы, антыкрызіснага кіравання, процідзеяння эканамічнаму тэрарызму; у падатковай інспекцыі, страхавых арганізацыях, банках, службах кіравання рызыкамі.
Першы набор: якая колькасць месцаў будзе адкрыта на новай спецыяльнасці?
План прыёму на спецыяльнасць «эканамічная бяспека» ў 2021 годзе складзе 10 месцаў на бюджэтную форму навучання і 10 месцаў на платную. Студэнтам, якія паспяхова скончылі навучанне па дадзенай спецыяльнасці, будзе прысвоена кваліфікацыя «эканаміст». З планам прыёму на эканамічны факультэт можна азнаёміцца на сайце https://abiturient.bsu.by/.
Кацярына КАРДАШ