10 дзесяцігоддзяў БДУ. 1921–1931 гг.: ад распачынання дзейнасці БДУ да «разбуйнення» яго структуры

18 Jun, 2021.

Мяркуем, што няма патрэбы пісаць на газетных старонках абагульнены нарыс гісторыі alma mater. На сёння маецца шэраг выданняў, у якіх гісторыя БДУ ў цэлым, гісторыя яго факультэтаў і інстытутаў і нават некаторых кафедраў і іншых навуковых, навучальных і адміністрацыйных падраз­дзяленняў пададзена поўна, цікава і з аўтарскім шанаваннем. У дадзеным выпадку плануецца нейкая «мазаіка» важных і цікавых фактаў, падзей, жыццёвых лёсаў, не звяза­ных паміж сабой логікай. Агульная повязь – гэта дачыненне да пэўнага дзесяцігоддзя ўніверсітэцкай гісторыі. Адзінае, да чаго будуць імкнуцца аўтары публікацый, дык гэта абапіранне на крыніцы, аргументаванасць і навізна фактаў, імкненне ўзрушыць забытае і невядомае ў нашай універсітэцкай гісторыі ў атачэнні лёсаў яго стваральнікаў і выдатных прадаўжальнікаў Ідэі і Сэнсу alma mater!

Люты 1919 г.: яшчэ раз пра пачатковую дату ў гісторыі БДУ
Перш-наперш, звяртаючы ўвагу на зыходны пункт гісторыі БДУ, так і карціць пагаварыць пра існыя інтэрпрэтацыі наконт узнікнення вышэйшых навучальных устаноў у нашай краіне з боку калег з педуніверсі­тэтаў, а зусім нядаўна і «палітэхнікаў», і наконт свят­кавання імі стогадовых юбілеяў сваіх устаноў. Вось толькі і ў Віцебску, і ў Магі­лёве, і ў Мінску «юбіляры» чамусьці пера­­ блы­талі статус сярэдняй спецыяльнай навучальнай уста­новы, якія пры царскім рэжыме і ў першы кароткі тэрмін існавання савецкай улады працягвалі называцца інстытутамі, але ні ў якім разе не ўніверсітэтамі. Аднак пра гэта ніжэй скажуць слова аўтары­тэтныя асобы з фактамі 1920–1940-х гг.

Між тым ні адно пакаленне гісторыкаў ­па-сапраўднаму сур’ёзна не зафіксавала пачаткі БДУ – як у такі бурлівы рэвалюцыйнымі і ваеннымі падзеямі час (1917–1920-я гг.) выкрышталізоўвалася ідэя, а ­потым разварочвалася арганізацыйная практыка першага беларускага ўніверсітэта. Па-сутнасці, ніхто грунтоўна не працаваў у архівах Масквы, Смаленска, ды і Мінска, перш за ўсё ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі (ДАРФ) і Расійскім дзяржаўным архіве сацыяльна-палітычнай гісторыі (РДАСПГ). У іх фондах знаходзяцца шмат­лі­кія справы з дакументамі наконт дзейнасці Народнага камісарыята асветы РСФСР.
Менавіта праз гэты наркамат і праходзіла рэалізацыя ідэі стварэння ўніверсітэтаў у Мінску і побач – у Смаленску. Толькі нядаўна былі дастаткова павярхоўна прагледжаны матэрыялы, на падставе якіх дзіўныя пертурбацыі ідэй, меркаванняў, рэальных дзеянняў і лёсаў у рэчышчы распачынання дзейнасці Беларускага (ці, як тады часцей пісалі, Мінскага) універсітэта могуць быць падвергнуты навуковаму абагульненню.
У дадзеным выпадку звернем увагу на адзін, але вельмі важны для нас факт. ­Ва ўсіх выданнях пра гісторыю БДУ маецца спасылка на тое, што 25 лютага 1919 г. ­выйшаў дэкрэт ЦВК ССРБ аб заснаванні ў Мінску ўніверсітэта і вылучэнні на перша­пачатковыя арганізацыйныя патрэбы 1 млн рублёў. Вось толькі ніхто з аўтараў не быў здольны прывесці сам дакумент, які зафіксаваў такое рашэнне першага ўрада нядаў-на абвешчанай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. Спасылкі пададзены на газетныя публікацыі пачатку сакавіка таго года. Між тым копія газетнага тэксту не аднойчы зафіксавана ў выданнях і ў летапісе БДУ як арыгінальны архіўны матэрыял.

Толькі цяпер дацэнтам-гісторыкам Андрэем Максімчыкам выяўлены ў ДАРФ рэ­альны дакумент, які мы і друкуем упершыню на старонках газеты. Ён патрабуе ў далейшым лепшай фотафіксацыі, сканіравання, але галоўнае – падае нам новую дату зараджэння працэсу пабудовы БДУ, які расцягнуўся да 30 кастрычніка 1921 г., калі і быў дадзены старт яго сапраўднай дзейнасці.

Вось, як стала вядома, 24 лютага 1919 г. на аснове даклада «тов. Савватьева» Вялікі Прэзідыум ЦВК ССРБ пастанавіў: «а) Открытие в Минске Государственного Университета признать весьма желательным. б) Из сумм Государственного Казначейства ассигновать один миллион (1.000.000) на первоначальные расходы». Так у аналах уні­версітэцкай гісторыі прапісана не толькі новая дата, але і з’явіўся новы «прашчур-­заснавальнік» – Іван Савацьевіч Саваць(і)еў. Адзначым, што прозвішча падаецца па-рознаму – пасля «ц» пішуць «ь» ці «е», але часцей «і». Пра яго наша беларуская гістарыяграфія па сутнасці маўчыць. Гэтая асоба ў спецы­яльнай навуковай літаратуры і нават у інтэрнэце з яго неабмежаванымі інфармацыйнымі магчымасцямі зафіксавана мімаходзь і нават без ініцыялаў. І гэта пры тым, што ён на той час з’яўляўся даволі значнай фігурай у складзе першых беларускіх урадаў.
Наш універсітэцкі гісторык Вольга Яр­шова з дапамогай смаленскіх калег змагла ўзнавіць некаторыя вехі біяграфіі гэтага чалавека. Ягоны шлях у рэвалюцыю і праз яе вельмі пакручасты. Для нас жа важна, што Іван Саваціеў з лістапада 1917 г. уваходзіў у склад вядомага «Аблвыканкамзаха», са снежня 1918 г. выконваў абавязкі камісара асветы Заходняй вобласці і потым да канца года ў Смаленску ўзначальваў аддзел народнай адукацыі гэтага тэрытарыяльна-дзяржаўнага ўтварэння. Ужо як загадчык Смаленскага губернскага аддзела адукацыі ён у лютым 1919 г. на I Усебеларускім з’ездзе Саветаў быў абраны членам ЦВК ССРБ і 5 лютага прызначаны камісарам ­народнай асветы рэспублікі. Вось якраз у такім статусе Іван Саваціеў і дакладваў на ­Вялікім Прэзідыуме аргументы на карысць распачынання рэальных дзеянняў па ства­рэнні БДУ. А на наступны дзень рашэнне падпісаў Аляксандр Мяснікоў, які на той час (з 4 па 27 лютага 1919 г.) з’яўляўся старшынёй ЦВК (лічы – урада) ССРБ. Затым тэкст пастановы пайшоў у друк – на старонкі «Звезды» і «Савецкай Беларусі». Самога ж дакладчыка 25 лютага прызначылі старшынёй Мінскага губрэўкама з выкананнем абавязкаў загадчыка Мінскага губернскага аддзела адукацыі. Але ўжо з ліпеня 1919 г. наступ польскіх войскаў і акупацыя Мінска прымусілі гэтага чалавека асвойваць ваенную справу і стаць чэкістам.
Такім чынам, лёсавызначальнае рашэнне мы цяпер можам ­звязваць не толькі з імем армяніна па паходжанні А. Ф. Мяснікова (Мяснікянца), але і з выхадцам з расійскай Валагодчыны І. С. Саваціевым. Дарэчы, земляком першага быў В. Ц. Тэр-Аганес(з)аў, адказны работнік Наркамасветы РСФСР, які па даручэнні намесніка наркама, гісторыка-расіязнаўцы М. М. Пакроўскага (якраз Міхаіл Мікалаевіч курыраваў пытанні арганізацыі вышэйшай школы), трымаў у сваіх руках усю справу дзейнасці вядомых Мінскай і Маскоўскай камісій па арганізацыі БДУ. На гэты конт фонды ДАРФ утрымліваюць падрабязныя матэрыялы пра дзейнасць камісій і ролю гэтай даволі неардынарнай асобы ў скіраванні намаганняў дзясяткаў навукоўцаў і чыноўнікаў да рэалізацыі лютаўскага рашэння ЦВК ССРБ. Як-ніяк, у адрозненне ад Мяснікова і Саваціева, Вартан Цігранавіч меў вышэйшую адукацыю – скончыў у 1916 г. фізмат Петраградскага ўніверсітэта з кваліфікацыяй астранома.
Можна дадаць, што падрабязнае распавяданне пра дзейнасць дзвюх камісій, як і пра ролю ўрадавых органаў ССРБ і РСФСР, арганізацыйныя і творчыя ўнёскі іх членаў ­у справу стварэння грунту для адкрыцця БДУ можа стаць тэмай не аднаго навуко- вага даследавання. На жаль, мы і сёння мала ўзгадваем гэтыя імёны, калі перапісваем гісторыю свайго ўніверсітэта. Тыя ж А. Р. Чарвякоў, В. Г. Кнорын, У. М. Ігнатоўскі, М. Я. Фрумкіна, Я. П. Каранеўскі, З. Р. Грынберг не раз узгадваюцца, але толькі дзеля на­дання знакавасці таму ці іншаму сюжэту пра пачаткі нашага ўніверсітэта. А вось дэталёвы разгляд ролі гэтых і іншых «партыйна-ўрадавых асоб» Беларусі адсутнічае.

Першыя прафесары БДУ. Пачатак 1920-х гадоў

У дадзеным выпадку назавём некалькі прозвішчаў тых, хто ў першую чаргу ў рабочай паўсядзённасці займаўся падрыхтоўкай адкрыцця БДУ на працягу 1919–1921 гг.: ад беларускага боку – Я. Ф. Карскі, Ф. Ф. Турук, М. А. Янчук, С. Д. Камінскі, У. М. Іваноўскі,
М. Я. Фрумкіна, Н. К. Ярашэвіч, А. С. Няканда-Трэпка, Ч. І. Радзевіч, Л. Б. Сляпян і інш.; ад расійскага – В. П. Волгін, І. Р. Брайцаў,
А. М. Васюцінскі, Л. С. Таль, Д. Р. Канавалаў, Д. М. Пранішнікаў, А. Ф. Фартунатаў, Я. А. Гурвіч, А. А. Калантар, М. М. Кулагін, А. А. Барзоў, Л. С. Мінор, М. Б. Кроль, А. М. Беркенгейм і інш. Асобнай увагі, зразумела, заслугоўвае У. І. Пічэта – не толькі таму, што яму было наканавана стаць нашым першым рэктарам, а таму што гісторык відавочна быў самым актыўным натхняльнікам рэалізацыі ідэі ўніверсітэта ў Мінску на этапе 1919 – пачатку 1921 г. Некалькі гадоў дзяцінства, праведзеных ім на Віцебшчыне, дзве дысертацыі, абароненыя па беларускім сярэднявеччы, несумненна, зрабілі Ула­дзіміра Іванавіча амаль што беларусам. Між тым у складзе «расійскага боку» было не­калькі ўраджэнцаў Беларусі. І пра іх неабходна неўзабаве расказаць…

Маскоўская камісія па арганізацыі БДУ. 1920 год

У даследчыцкім плане з гэтай нагоды цікавасць выклікае роля ў першых аргані­зацыйных дзеяннях па стварэнні БДУ зна­камітага лінгвіста М. Я. Мара. Пакуль загадкавай з’яўляецца постаць аднаго з трох навукоўцаў-хімікаў, якія былі задзейнічаны ў падрыхтоўцы вучэбных планаў для адкрыцця БДУ. Гэта «Вейцман», як пра яго чамусьці так спрошчана ўзгадвае ў сваіх нататках адзін з арганізатараў медыцынскага факультэта БДУ М. Б. Кроль. Адсутнасць ініцыялаў пакуль што дае падставы для гі­потэз, што ім можа быць ці Ганна Яўзораўна, ці яе родны брат Маісей. Яны абодва ў снежні 1920 г. працавалі ў Маскве ў навуковых лабараторыях і, як і іх родны брат Хаім (у будучыні першы прэзідэнт Ізраіля), на той час дасягнулі пэўных навуковых вяршынь. Менавіта «Вейцман»-хімік названы ў складзе дэлегацыі, якая 27 снежня 1920 г. прыехала ў Мінск для канчатковага вырашэння арганізацыйных пытанняў па адкрыцці БДУ. Нам добра вядомы фотаздымак, які заўсёды падпісваецца як «Камісія па арганізацыі БДУ, створаная ў Маскве пры Наркамасветы РСФСР. 1920 г.». Між тым шыкоўныя зімнія футры, у якія апранутыя 19 саноўных мужчын і дзве жанчыны, даюць падставы меркаваць, што якраз тая дэлегацыя перад новым 1921 годам прыехала ў Мінск. А жанчынамі, што на здымку, могуць быць як Марыя Фрумкіна і Яўгенія Гурвіч, так і Ганна (Хана) Вейцман.

Слова «першы» ў аналах БДУ і краіны
Хто б з нас ні дакрануўся на дакументаў, у якіх прапісаны падзеі першага дзесяцігоддзя дзейнасці нашай alma mater, той лёгка заўважыць яе першаснасць, нейкае, калі так можна казаць, «піянерства» ў многіх ства­ральных працэсах, у набыцці жыхарамі Беларусі самых розных (матэрыяльных і духоўных) атачэнняў іх жыцця, што з часам апынулася па-за нашай увагай. Згадаць усё, што патрэбна суправаджаць словамі «першы», «упершыню», складана, бо шмат чаго ў 1921–1931 гг. рабілася і ўво­дзілася ў паўсядзённасць з нулявой адзнакі.
Напрыклад, сам факт з’яўлення на беларускай зямлі ўніверсітэцкай карпарацыі прафесараў, дацэнтаў, выкладчыкаў ды студэнтаў быў прарывам у інтэлектуальным стане грамадства. Тыя першыя некалькі дзясяткаў прафесараў і выкладчыкаў і каля 1500 студэнтаў, якія з 31 кастрычніка 1921 г. увайшлі ў аўдыторыі БДУ, якраз і ўвасобілі колькасныя параметры гэтага першага і ­новага для Беларусі згуртавання людзей, аб’яднаных ідэяй спасціжэння ведаў самага высокага гарту. Праз кароткі час (на кастрычнік 1927 г.) колькасць студэнтаў узрасла да 2672, а выкладчыцкі склад налічваў 49 прафесараў, 51 дацэнта, 74 асістэнты, 39 ардынатараў, 8 выкладчыкаў замежных моў, 36 выкладчыкаў рабфака і столькі ж выкладчыкаў дзвюх універсітэцкіх школ – беларускай і яўрэйскай. Важна дадаць, што другая ВНУ – Інстытут сельскай і лясной гаспадаркі, які быў адкрыты ў кастрычніку 1922 г., – грунтавалася на напрацоўках, зробленых падчас дзейнасці арганізацыйных камісій ­па адкрыцці БДУ, якія прадугледжвалі стварэнне аграрнага фа­культэта ў складзе ўніверсітэта. І толькі недахоп сродкаў за­марудзіў тыя, якія пасля рэалізаваліся ў самастойным інстытуце. Калі працягваць аповед пра першас­насць БДУ ў генерыраванні ідэй, а потым іх практычным увасабленні, то згадаем наступнае. Перш за ўсё наш універсітэт, распачаўшы сваю дзейнасць у складзе толькі двух факультэтаў (трэці факультэт, рабочы – гэта толькі падрыхтоўка да пас­туплення ў ВНУ СССР), ужо ў 1922/23 навучальным годзе стаў рыхтаваць настаўнікаў для школ Беларусі на асобным педагагічным факультэце. З восені 1925 г. стаў пра­цаваць факультэт права і гаспадаркі, дзе вялася спецыяльная падрыхтоўка беларускіх юрыстаў і эканамістаў. Праз два гады адкрыўся хіміка-тэхналагічны факультэт з шырокім спектрам прыкладных народнагаспадарчых спецыяльнасцяў. З зімы 1929 г. пачаў дзейнічаць асобны факультэт савецкага будаўніцтва і права, а з вясны наступ­нага – факультэт народнай гаспадаркі. І ўсе гэтыя кірункі падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй асвойваліся ў Беларусі ўпершыню! А калі дадаць да прыведзеных прыкладаў арганізацыйнага кшталту сведчанні пастаянных і часцей за ўсё эксперыментальных, наватарскіх пошукаў ­выкладчыкамі і кіраўніцтвам БДУ новых, якасных, эфектыўных методык педагагічнай дзейнасці (ад абнаўлення традыцыйных лекцыйных заняткаў да засваення магчы­масцяў «Дальтон-плана», ад схілення да лабараторна-групавога метаду і звароту да адхіленага семінарскага метаду і інш.), то і тут не абысціся без слова «ўпершыню».
Нельга абмінуць яшчэ адзін выдатны факт з гісторыі БДУ: побач з арганізацыяй факультэтаў ужо з 1921 г. ствараліся ва ўніверсітэце першыя яго навуковыя ўстановы – адмысловыя інстытуты фізікі, заалогіі, батанікі, мінералогіі і геалогіі, два хімічныя інстытуты, а цягам некалькіх гадоў – шэраг медыцынскіх інстытутаў (анатамічны, паталагічнай анатоміі і гісталогіі – а ўсяго 10) ды клінік (нервовых, псіхіятрычных, дзіцячых хвароб і іншыя – а ўсяго аж 11) і лабараторый, навукова-адукацыйных кабінетаў. Універсітэцкія навукоўцы «старой» фармацыі добра ўсведамлялі, што, па словах прафесара-фізіка Мікалая Андрэева, універсітэцкая адукацыя немагчымая без паўся­дзённага суправаджэння навукі самага высокага ўзроўню. Прыклады для перспектыў развіцця БДУ яго навукоўцы бачылі ў вядучых еўрапейскіх універсітэтах. Таму відавочна, што дзякуючы намаганням і квалі­фікацыі ўніверсітэцкай прафесуры ў 1920-я ў Беларусі быў закладзены моцны падмурак для развіцця даследаванняў у рэчышчы прыродазнаўчых і гуманітарных навук, матэматыкі, астраноміі, статыстыкі, сацыялогіі, палітэканоміі, геаграфіі і інш. Аб’яднала навуковыя намаганні ўніверсітэцкіх даследчыкаў самага рознага профілю Навуковае таварыства, якое ўпершыню распачало сваю дзейнасць ужо ў 1922 г. Тады ж стаў выдавацца навуковы зборнік «Працы БДУ».

Цяпер у акадэмічных выданнях амаль не згадваецца тое, што ўпершыню ідэя стварэння агульнабеларускага навуковага цэнтра – Інстытута беларускай культуры – была выказана ў сценах БДУ. А ў хуткім часе многія ўніверсітэцкія навукоўцы ўвайшлі ў склад навуковых структур Інбелкульта. І прапанову пераўтварыць яго ў паўнавартасную Беларускую акадэмію навук афіцыйна вы­казаў наш першы рэктар Ула­дзімір Пічэта. Ён і яго калегі па БДУ сталі аднымі з першых беларускіх акадэмікаў.
Навукоўцы БДУ былі таксама першымі дарадцамі многіх урадавых устаноў (наркаматаў аховы здароўя, асветы, фінансаў, юстыцыі і інш.). Напрыклад, прафесар-права­знаўца С. М. Гохман з’яўляўся памочнікам ­Генпракурора рэспублікі і наркама юстыцыі М. А. Сегаля. А той, у сваю чаргу, выкладаў у БДУ і нават быў намеснікам дэкана фа­культэта права і гаспадаркі! Увогуле, у першыя гады дзейнасці Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт успрымаўся ўладамі як дзейсны механізм вырашэння многіх бягучых і стратэгічных пытанняў замацавання палітычнага і эканамічнага статусу беларускай дзяр­жаўнасці.

Дарадцы ад БДУ Г.І. Немытых і праф. С.М. Гохман поруч з пракурорам рэспублікі і наркамюстам М. А. Сегалем

Калейдаскоп прыкладаў першаснасці БДУ

Цяжка без аналітыкі проста называць факты. А іх вялікае мноства. Прыйдзецца, каб хоць «калейдаскапічным» чынам прадэманстраваць веліч нашага ўніверсітэта ў справе пабудовы сапраўднай сістэмы не толькі вышэйшай школы, але і навуковых школ, інтэлектуальнага асяроддзя ў цэлым.

– Упершыню ў сценах БДУ была створана ўніверсітэцкая бібліятэка, якая затым набыла статус Дзяржаўнай універсітэцкай бібліятэкі БССР і пазней была ператворана ў асобную Дзяржаўную бібліятэку (сёння – Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Бела­русь).
– Першы выпуск спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у Беларусі адбыўся 20 лю­тага 1925 г. Народная гаспадарка рэспублікі атрымала 26 першых дыпламаваных юрыстаў і 34 эканамістаў. Дыплом за нумарам 1 (значыць, ён першы беларускі спецыяліст з вышэйшай адукацыяй) атрымаў Уладзімір Каракулька, які потым плённа працаваў у эканамічнай сферы рэспублікі.
– Упершыню ў Беларусі адна з магіст­ральных вуліц яе сталіцы ў 1922 г. была на­званая ў гонар БДУ – Універсітэцкай! На
жаль, тая назва з-за палітычных абставін у 1934 г. была страчана. І да сёння ў Мінску, у адрозненне ад многіх тысяч універсітэцкіх цэнтраў замежных краін, такой вуліцы няма!
– Упершыню ў 1925/26 гг. спецыяльна для БДУ рашэннем урада БССР быў пабудаваны адмысловы корпус Інстытута фізікі, у якім у наступныя гады размяшчалася фізіка-матэматычнае аддзяленне педфака, потым фізмат БДУ, а сёння – рэктарат. Тут хацелася б згадаць, што ўжо вясной 1919 г. сярод шматлікіх планаў па адкрыцці БДУ на першым месцы падрабязна быў распісаны праект пабудовы адмысловага ўніверсітэцкага гарадка з галоўным корпусам, будынкамі трох НДІ і інш.
– Упершыню рашэннем саюзнага ўрада з 1927 г. па 1931 г. быў узведзены ў наватарскім архітэктурным стылі канструктывізму ўнікальны ўніверсітэцкі гарадок.
– Упершыню навукоўцы БДУ сталі праводзіць комплексныя даследаванні прыродных багаццяў Беларусі і яе гістарычнай спадчыны.
– Упершыню пры арганізацыйным і інтэлектуальным суправаджэнні БДУ і Інбелкульта ў 1920-я гг. быў праведзены шэраг «усебеларускіх» навуковых канферэнцый па розных галінах ведаў (фізіка-матэматычная, прыродазнаўчая, краязнаўчая, лінгвістычная і інш.).
– Упершыню дзясяткі навукоўцаў БДУ на працягу 1920-х гг. павышалі сваю кваліфікацыю падчас замежных камандзіровак – у бібліятэках, універсітэтах, НДІ і лабарато­рыях Германіі, Англіі, Чэхаславакіі, Поль­шчы, Нарвегіі і інш.
– Упершыню менавіта БДУ распачаў у 1927 г. падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі праз аспірантуру (напрыклад, першымі аспірантамі-гісторыкамі сталі ў будучыні вядомыя даследчыкі айчыннай гісторыі Канстанцін Кернажыцкі і Вікенцій Скардзіс).
Як бы ні хацелася і далей называць дакладныя прыклады нашай універсітэцкай «першаснасці», прыйдзецца спыніцца і засяродзіць увагу на агульным.

Галоўны корпус новага ўніверсітэцкага гарадка БДУ. 1931г.

Чаму БДУ безумоўна ПЕРШАЯ вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі
Гэты тэзіс (а не пытанне!) прагучаў у першых радках дадзенай публікацыі. Не хацелася б папракаць нашых калег з іншых ВНУ краіны, якія ўжо адзначылі стогадовыя юбілеі сваіх цяперашніх універсітэтаў, што ў свой час распачыналіся як інстытуты. Згадаю толькі некалькі фактаў з гісторыі развіцця вышэйшай адукацыі Беларусі ў XX ст. Перш-наперш, нельга блытаць сутнаснае напаў­ненне, дэфініцыі тэрмінаў «інстытут» і «ВНУ». На пачатку ХХ стагоддзя ніводны «інстытут», які дзейнічаў у беларускіх гарадах, не даваў сваім навучэнцам вышэйшай адукацыі!
Cпашлюся толькі на адзін афіцыйны дакумент 1926 г. і выказванні трох аўтарытэтных дзеячаў: наркамаў асветы БССР Антона Платуна і Еўдакіі Уралавай, а таксама рэктара БДУ Парфёна Савіцкага. На дзяржаўным узроўні ў 1926 г. рыхтавалі святкаванне 5-­гадовага юбілею БДУ. З гэтай нагоды быў складзены т. зв. «Асноўны матар’ял…», у якім падавалася інфармацыя пра стан аду­кацыйнай сферы Беларусі і канстатавалася, што «сетка прафесіяналь­ных устаноў пачала разгортвацца толькі пасьля рэвалюцыі. Мы зараз маем: В.Н.У – 4, колькасць вучняў – 4003, колькасць настаўнікаў – 819…». Затым былі названыя тыя чатыры ВНУ: БДУ, Сель­скагаспадарчая акадэмія, Ветэрынарны інстытут і Камуністычны ўніверсітэт.
Праз пяць гадоў, у 1931 г., наркам А. М. Платун адзначаў: «К сёньняшняму дню мы ў культурным будаўніцтве маем вялізар­нейшыя посьпехі; замест аднаго БДУ ў нас ужо налічваецца 12 вышэйшых школ… У 1921­/22 г. была адна вышэйшая навучальная ўстанова – БДУ з колькасцю вучняў 1.535 ч. У 1926/27 г. 4 навучальныя ўстановы з коль­касцю вучняў 4.699 ч. У 1929/30 г. 12 наву­чальных устаноў з колькасцю вучняў 4.980 ч. У 1930/31 г. 12 навучальных устаноў з коль­касцю вучняў 5.995 ч.».
Рэзкае пашырэнне сістэмы вышэйшай школы напрыканцы 1920-х гг. у значнай ступені было звязана з «разбуйненнем БДУ», калі на базе яго факультэтаў стварылі не­калькі самастойных ВНУ, якіх у Беларусі ­раней проста не існавала. Пра гэта ў афіцыйнай запісцы, накіраванай ва ўрад ­БССР у снежні 1940 г., у каторы раз і згадалі чарговы наркам асветы Еўдакія Уралава і рэктар БДУ Парфён Савіцкі. Яны ўжо на ­першай старонцы падкрэслілі: «За час свайго дваццацігадовага існавання Універсітэт не толькі ператварыўся ў буйнейшы вядучы вуз нашай краіны, але і з’явіўся тварцом пяці вузаў гор. Мінска. Такія інстытуты, як Медыцынскі, Педагагічны, Юрыдычны, Палітэхнічны, Народнай гаспадаркі – гэта ўсё быўшыя факультэты Універсітэта».
Характэрна, што ў Беларусі ніхто да пачатку XXI ст. і не збіраўся аспрэчваць відавочнае! Першаснасць і роля БДУ ў сістэме беларускай вышэйшай школы, у пабудове беларускай дзяржавы з’яўляліся аксіёмай для кожнага больш-менш адукаванага ча­лавека. Толькі ў апошнія гады прыходзіцца такія рэчы абгрунтоўваць, пацвярджаць… Хацелася б, каб у калектыве нашай alma mater не было ні выкладчыкаў, ні студэнтаў, каму гістарычную і цяперашнюю веліч Універсітэта патрэбна было б даказваць.

Загадчык кафедры гісторыі Расіі
прафесар Алег ЯНОЎСКІ
 
print

Вам таксама можа спадабацца: