Дадзены артыкул з’яўляецца працягам распачатага ў папярэднім нумары газеты вялікага нарыса пра гісторыю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і прысвячаецца бадай самаму супярэчліваму перыяду дзейнасці альма-матар.
Другое дзесяцігоддзе ў жыцці маладога ўніверсітэта было напоўнена шматлікімі выпрабаваннямі, якія значна запавольвалі
і карэкціравалі яго развіццё. Шмат у чым гэтыя тэндэнцыі паступова сталі праяўляцца з канца 1920-х гг. Менавіта тады вышэйшыя навучальныя ўстановы былі ўключаны ў сістэму жорсткага цэнтралізаванага кіравання і планавання, падобную да той, што існавала ў народнай гаспадарцы. Да 1929 г. у ВНУ зніклі рэшткі і без таго абмежаваных акадэмічных свабод (выбары рэктараў, дэканаў).
Змена парадыгмы: «З савецкай грамадзкасьцю сувязі няма»
Адметнай рысай 1930-х гг. сталі рэгулярныя чысткі шэрагаў выкладчыкаў і студэнтаў, якія аб’ектыўна не садзейнічалі павышэнню «якасці» выпускнікоў. «Пралетарызацыя» сацыяльнага складу студэнтаў дапаўнялася ўсталяванымі Наркамасветы «нормамі» як адлічэння, так і прыёму ў БДУ ў залежнасці ад паходжання. Так, да канца 1929/30 навучальнага года сацыяльны склад студэнтаў БДУ павінен быў выглядаць наступным чынам: рабочыя – 50 %, батракі – 10 %, беднякі – 13 %, сераднякі – 10 %, служачыя – 17 %. Акрамя абнаўлення студэнцтва паводле сацыяльнага становішча, адбываліся змены іх светапогляду.
Пралетарызацыя тычылася і выкладчыкаў БДУ, калі было пастаўлена пытанне пра неабходнасць замены старой буржуазнай прафесуры на савецкую. У такіх абставінах прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу, якiх так старанна падбіраў у свой час рэктар У. І. Пічэта, звальнялі з працы або вымушалі з’ехаць за межы рэспублікі. Толькі ў 1928/29 навучальным годзе былі звольнены 32 выкладчыкі, з якіх 7 прафесараў. Адным з першых з БДУ сышоў прафесар кафедры біялогіі і заалогіі беспазванковых Аляксандр Сяргеевіч Шчапоццеў за «проявление российского великодержавного шовинизма». Падставай для звальнення, згодна з заявай у Праўленне БДУ, стаў яго пратэст супраць беларусізацыі кафедры, якую ён узначальваў і «незнакомство с белорусским языком и невозможность читать лекции на иностранном для меня языке». Нават пасля «аслабаненьня» ў 1929 г. прозвішча Шчапоццева даволі часта сустракалася ў перыядычным друку, на старонках выкрывальніцкіх артыкулаў, дзе яго працягвалі распякаць як лютага ворага на шляху «марксызацыі факультэта», склікалі сходы навуковых працаўнікоў, студэнцтва, арганізоўвалі абмеркаванне вакол гэтага пытання.
У 1933 г., не вытрымаўшы ціску, вымушаны быў з’ехаць з Беларусі ў Омск заснавальнік беларускай заалагічнай навуковай школы прафесар Анатоль Уладзіміравіч Фядзюшын. У службовай характарыстыцы дэкан біялагічнага факультэта Ф. І. Дзербянцоў адзначаў, што Фядзюшын у гады грамадзянскай вайны не з’яўляўся казначэем, а быў у званні палкоўніка ад’ютантам белага генерала А. В. Калчака. «За час працы ў БДУ лічыцца прадстаўніком рэакцыйнай часткі прафэсуры, як выкладчык зоолёгіі падбіраў сабе «сваіх» людзей. Да 1929 г. ён трымаў на працы прэпаратара – начальніка былога афіцэра Калчакаўскай арміі Аўчыньнікава. На сходах выступае рэдка. Сваіх поглядаў (варожых) адчынена ня выказвае…». Такі погляд, з прыжмурваннем на Фядзюшына, у канчатковым выніку быў адным з вырашальных фактараў, якія паўплывалі на звальненне з БДУ. Магчымасці захаваць пасаду загадчыка кафедры заалогіі ў Беларускай акадэміі навук таксама не было. У праекце пастановы па выніках абследавання акадэміі ў сувязі з чысткай і праверкай яе апарату ад 4 красавіка 1931 г. адзначалася, што «праца кафедры [заалогіі] была накіравана на зрыў сац. будаўніцтва, на дыскрэдытацыю палітыкі савецкай улады і камуністычнае партыі, на змазваньне дасягненьня сав. будаўніцтва, на ўсхваленьне б. Расіі і капіталістычнага Захаду. Пры нікчэмнай навуковай вартасьці ўсіх прац яны сьвядома выконвалі сацыяльны заказ нацдэмаў. Кіраўніцтва і склад працаўнікоў яўна варожыя, б. калчакаўцы, нацдэмы. Падрыхтоўка кадраў не разгорнута. Няпрыгодныя людзі набіраліся праз пратэкцыю. Самакрытыка зажата. З савецкай грамадзкасьцю сувязі няма»…
Махавік рэпрэсій: барацьба з «нацдэмаўшчынай»
Вялікі ўдар БДУ нанесла разгорнутая ў канцы 1920-х і ў 1930-я гг. барацьба з так званай «нацдэмаўшчынай». Праца над пяцітомнай кнігай «Интеллектуальная элита Беларуси» прадэманстравала, што для многіх вядомых навукоўцаў і выкладчыкаў БДУ іх жыццяпіс упіраўся ў расстрэльную сцяну 1937 і 1938 гг. Так, многія навукоўцы і студэнты БДУ былі абвешчаны «ворагамі партыі і народа» і рэпрэсіраваны: акадэмікі П. Я. Панкевіч і Ц. Л. Бурстын, прафесары У. К. Дыдырка, Я. К. Успенскі, В. Д. Дружчыц,
М. В. Азбукін, М. М. Піятуховіч, I. I. Замоцін, М. М. Дурнаво, І. С. Пятосін, А. М. Ляўданскі, Э. В. Змачынскі, І. Я. Герцык і многія іншыя. За даволі кароткі тэрмін у якасці выканання сацыяльнага заказу дзяржавы і партыі былі падрыхтаваны цэлыя «навуковыя працы», якія тэарэтычна і гістарычна абгрунтоўвалі разгром нацыянал-дэмакратызму. У 1929–1930 гг. на старонках маскоўскай газеты «Комсомольская правда» друкаваліся вялікія артыкулы «карэспандэнтаў з Беларусі», дзе выкрывалася «контррэвалюцыйная дзейнасць беларускіх нацыянал-дэмакратаў», чарнілася праца такіх беларускіх дзеячаў, як А. А. Смоліч, В. У. Ластоўскі, А. I. Цвікевіч, Я. Ю. Лёсік, А. В. Баліцкі, С. М. Некрашэвіч, У. М. Ігнатоўскі.
Не абмінуў махавік рэпрэсій і кіраўніцтва БДУ. Былы рэктар У. І. Пічэта ў 1930 г. быў арыштаваны па «акадэмічнай справе» і абвінавачаны як «беларускі буржуазны нацыяналіст і вялікадзяржаўны шавініст». 8 жніўня 1931 г. яго выслалі ў Вятку, а затым у верасні 1934 г. перавялі ў Варонеж. Вызвалены ён быў 27 красавіка 1935 г. Наведаць сцены БДУ, які стаў для яго родным, атрымалася толькі ў студзені 1941 г.
У цэлым, з агульнай колькасці рэктараў БДУ за векавую гісторыю амаль палова прыходзіцца менавіта на 1930-я гг. (Я. П. Каранеўскі, І. Ф. Ермакоў, А. І. Дзякаў, А. С. Кучынскі, Н. М. Бладыка, А. Н. Андрушчанка, У. С. Бабраўніцкі, П. П. Савіцкі), што яскрава сведчыць пра турбулентнасць таго часу, немагчымасць выпрацоўкі доўгатэрміновай стратэгіі развіцця БДУ. Сумна вядомы факт, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. у сутарэннях «амерыканкі» (мінская ўнутраная турма НКУС) былі расстраляны два былыя рэктары (А. С. Кучынскі, А. І. Дзякаў). Прыкладаў уздзеяння рэпрэсіўнай машыны ў сценах БДУ ў гэты час хопіць на некалькі соцень старонак самастойнага выдання.
Разузбуйненне БДУ: стварэнне пяці самастойных інстытутаў
Незаменныя страты панёс не толькі асабісты склад універсітэта, але і яго структурныя падраздзяленні. 23 ліпеня 1930 г. выйшла пастанова ЦВК і СНК СССР «Аб рэарганізацыі вышэйшых навучальных устаноў, тэхнікумаў і рабочых факультэтаў», якая ўзаконьвала рэструктурызацыю факультэтаў універсітэта ў самастойныя ВНУ. Тая непапулярная мера лягла на плечы рэктара БДУ Я. П. Каранеўскага. У дакладной запісцы ад 18 сакавіка 1931 г. ён адзначаў, што «БДУ за 10 год свайго існавання развіўся ў магутную, але вельмі складаную, грамадскую па сваёй сутнасці вышэйшую навучальную установу БССР». Пачатак рэарганізацыі быў звязаны са стварэннем у жніўні 1930 г. на базе медфака БДУ асобнага Мінскага медыцынскага інстытута, у новы склад якога перайшла значная колькасць выкладчыкаў і прафесараў БДУ. Сярод іх можна ўзгадаць імя арганізатара кафедры гістало-гіі БДУ, комплекснай школы біёлагаў, гістолагаў і цытолагаў Беларусі, першага дырэктара Інстытута біялогіі Акадэміі навук прафесара Пятра Арыстархавіча Маўрадзіядзі. Да апошніх дзён жыцця (памёр у 1933 г.) ён прыкладаў усе намаганні для паляпшэння метадычнай і навуковай працы ў Беларусі.
У актыўную фазу рэарганізацыя БДУ ўвайшла ў 1931 г. У маі калегія Наркамасветы пастанавіла стварыць на базе ўніверсітэта пяць самастойных інстытутаў, а 7 ліпеня выйшла пастанова СНК БССР «Аб рэарганізацыі БДУ». У выніку факультэт права і савецкага будаўніцтва ператварыўся ў Мінскі юрыдычны інстытут; факультэт народнай гаспадаркі ў Беларускі інстытут народнай гаспадаркі; хіміка-тэхналагічны факультэт у Мінскі хіміка-тэхналагічны інстытут, які ўвайшоў у склад Беларускага політэхнічнага інстытута. На базе сацыяльна-гістарычнага і літаратурна-лінгвістычнага аддзяленняў педфака быў утвораны Вышэйшы педагагічны інстытут. Пасля разузбуйнення БДУ засталіся толькі тры факультэты: фізіка-матэматычны, хімічны і біялагічны. Гэтай пастановай БДУ быў зведзены, па сутнасці, да ўзроўню спецшколы па падрых- тоўцы кадраў для сярэдніх навучальных устаноў (тэхнікумаў, рабфакаў, ФЗВ), малодшых навуковых работнікаў, малодшых выкладчыкаў ВНУ. У выніку разбуральных мерапрыемстваў прафесарска-выкладчыцкі склад значна скараціўся. У 1931 г. працавалі 13 прафесараў, 24 дацэнты і 23 асістэнты.
Час рэарганізацыі супаў з доўгачаканым заканчэннем будаўніцтва ўніверсітэцкага гарадка БДУ. Але ў новых рэаліях часу ён адразу ператварыўся ў гарадок амаль усёй беларускай вышэйшай школы. Таму праблем з размяшчэннем трох факультэтаў БДУ, якія засталіся ў яго складзе, не паменшала, а, наадварот, пабольшала. Універсітэцкі гарадок быў расцягнуты паміж БДУ, медінстытутам, педінстытутам, наргасам.
Узнаўленне: «вылучыць БДУ тону паперы на выданне навуковых прац»
Аднак паступова ўніверсітэт стаў адраджацца, зноў набываючы класічныя абрысы сваёй структуры. У 1934 г. пастановамі СНК СССР і ЦК УсеКП(б) «Аб выкладанні грамадзянскай гісторыі ў школах СССР» і «Аб выкладанні геаграфіі ў пачатковай і сярэдняй школе СССР» былі адкрыты гістарычны і геолага-глебава-геаграфічны факультэты.
З 1939 г. пачаў дзейнічаць філалагічны факультэт у складзе двух аддзяленняў – рускай мовы і літаратуры, беларускай мовы і літаратуры. У гэтым жа годзе быў закрыты рабочы факультэт, бо ён выканаў сваю задачу. За час яго існавання да паступлення
ў ВНУ было падрыхтавана 2000 слухачоў.
Разам з факультэтамі ствараліся і новыя кафедры. У 1932 г. з’явіліся кафедры фізічнай і калоіднай хіміі (заг. прафесар В. К. Нікіфараў), глебазнаўства (заг. акадэмік Я. М. Афанасьеў), у 1934 г. – кафедра фізічнай геаграфіі (заг. прафесар І. М. Іваноў), у
1936 г. – кафедра геаметрыі (заг. акадэмік Ц. Л. Бурстын), у 1938 г. – кафедра тэарэтычнай механікі (заг. прафесар М. А. Сталяроў). У пастанове СНК БССР «Аб рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта» ад 24 мая 1934 г. акрамя пытанняў арганізацыі факультэтаў 10-м пунктам адзначалася неабходнасць паляпшэння матэрыяльна-бытавых умоў прафесарска-выкладчыцкага складу і, што цікава, «определить Белорусскому государственному университету в третьем квартале тонну бумаги на издание научных трудов».
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ва ўніверсітэце працавалі 6 факультэтаў і 33 кафедры. У склад БДУ ўваходзіў батанічны сад, заалагічны, геалагічны і гісторыка-археалагічны музеі. У 1938 г. колькасць выкладчыкаў павялічылася. Ва ўніверсітэце працавала 16 прафесараў, 57 дацэнтаў і старшых выкладчыкаў, 45 асістэнтаў і выкладчыкаў, сярод якіх 28 – выпускнікі ўніверсітэта. Прэстыж выкладчыка значна ўзрос у сувязі з тым, што некалькі яго прафесараў былі абраны акадэмікамі і чле- намі-карэспандэнтамі Акадэміі навук БССР (Ц. М. Годнеў, У. М. Перцаў, М. А. Прыляжаеў, М. П. Томін).
Дзяржаўныя экзамены замест абароны дыпломных прац
Значныя змены адбыліся і ў навучальным працэсе. З 1936 г. на падставе пастановы ЦК УсеКП(б) і СНК СССР былі вызначаны асноўныя формы вучэбнай работы ў ВНУ: лекцыі, семінары, вытворчая практыка, здача дзяржаўных экзаменаў замест абароны дыпломных прац. Значнае месца ў падрыхтоўцы студэнтаў адводзілася мерапрыемствам па ваенізацыі. Напрыклад, у 1935/36 навучальным годзе вывучэнню ваеннай справы ў навучальных планах адводзілася 140 гадзін, а замежнай мовы – толькі 120. У 1935 г. студэнты і супрацоўнікі БДУ правялі першы ваенізаваны велапра-бег па маршруце Мінск – Орша – Мінск, а ў 1936 г. каманда рабфака БДУ перамагла ў гарадскіх спаборніцтвах па супрацьхіміч-най паветранай абароне. Ва ўніверсітэце актыўна ствараліся абарончыя гурткі. Напярэдадні вайны ў іх было падрыхтавана 800 варашылаўскіх стралкоў, 1539 значкістаў супрацьпаветранай і супрацьхімічнай абароны, 130 матацыклістаў, 170 кіроўцаў, вялікая колькасць парашутыстаў.
За першыя 20 гадоў работы БДУ падрыхтаваў для Беларусі 5240 высокакваліфікаваных спецыялістаў-гісторыкаў, юрыстаў, матэматыкаў, фізікаў і інш. Універсітэт стаў першым этапам творчага ўзлёту мно-гіх вядомых навукоўцаў, такіх як Т. В. Бірыч, Л. А. Арцымовіч, А. Н. Сеўчанка, М. М. Улашчык і інш. У БДУ сфарміравалася цэлая плеяда выдатных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў – гэта Кандрат Крапіва, Паўлюк Трус, Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Максім Лужанін, Мікола Хведаровіч і інш.
У 1930-я гады, нягледзячы на неабгрунтаваныя звальненні, рэпрэсіі ў адносінах да шэрагу выкладчыкаў і членаў іх сем’яў, аслабленне ўніверсітэцкай карпаратыўнай этыкі, калектыў БДУ быў захаваны і працягнуў навучальную і навуковую працу.
Дацэнт Андрэй МАКСІМЧЫК