Правялі дзясяткі прафарыентацыйных мерапрыемстваў у навучальным годзе, зарэгістравалі на ЦТ 10 800 чалавек і гатовыя прыняць дакументы больш чым у 5 тысяч абітурыентаў. Пра працу прыёмнай камісіі БДУ ў самую гарачую пару распавёў адказны сакратар Уладзімір СЦЯПАНАЎ.
«Школы юных», новыя дні адчыненых дзвярэй:пра прафарыентацыю
– Перад тым, як пачаць арганізацыю ЦТ і прыём дакументаў для паступлення ў БДУ, наша каманда ўвесь навучальны год праводзіла актыўную прафарыентацыйную працу. Пандэмія, вядома ж, унесла пэўныя карэкціроўкі ў гэты працэс. Але ў цэлым, сёлетні навучальны год быў больш багатым на мерапрыемствы, чым мінулы.
На базе розных факультэтаў дзейнічалі 13 «школ юных». Усе яны працуюць у розных фарматах – на платнай ці бясплатнай аснове, анлайн ці з афлайн-заняткамі. Некаторыя арыентаваны толькі на старшакласнікаў, некаторыя запрашаюць дзяцей ужо з 5 класа. Гэта абумоўлена асаблівасцямі факультэтаў, падыходамі, традыцыйнымі методыкамі выкладання. З кожным годам якасць навучання ўзрастае: пацвярджэннем таму з’яўляюцца поспехі школьнікаў, іх цікавасць да навучання. Прадстаўнікі некаторых факультэтаў БДУ сустракаліся актыўна з дзець- мі ў школах, прычым не толькі ў сталічных, але і ў рэгіёнах.
У гэтым навучальным годзе вялікім попытам карыстаўся праект «Студэнт на тыдзень», цікавасць у абітурыентаў выклікаў стэнд БДУ на выставе «Адукацыя і кар’ера».
Многія факультэты вельмі творча падышлі да арганізацыі дзён адчыненых дзвярэй, узніклі новыя фарматы гэтага мерапрыемства. Журфак, ФМА, эканамфак, мехмат і фізфак праводзілі стрым на YоuTube. Прадстаўнікі геафака, філфака, ФПМІ і юрфака падрыхтавалі якасныя відэаагляды і прэзентацыі. Некаторыя факультэты арганізавалі працу «гарачых ліній», іншыя практыкавалі змяшаныя фарматы – анлайн і афлайн.
Мы заўсёды на сувязі з абітурыентамі і па тэлефоне. Штодня прымаем каля 20 званкоў. Больш за 50 % пытанняў ад замежных абітурыентаў. Відавочная цікавасць з боку грамадзян не толькі з Расіі, Казахстана, Кітая, Туркменістана, але і з больш экзатычных краін – Турцыі, Нігерыі, Бангладэш. Галоўным чынам абітурыенты цікавяцца тэрмінамі прыёмнай кампаніі, неабходнымі для паступлення дакументамі, ільготамі і правам паступлення без іспытаў, парадкам правядзення творчых конкурсаў і г. д.
Усю актуальную інфармацыю пра паступленне мы дадаём на сайт abiturient.bsu.by. Гэта добрая візітоўка нашага ўніверсітэта, якая прыцягвае многіх абітурыентаў. Кантэнт там нядрэнны, але наспела запатрабаванне зрабіць яго больш сучасным за кошт рэдызайну, новых мультымедыйных фарматаў інфармацыі. Пачнём працу над гэтым ужо неўзабаве.
Якасны кантэнт пра БДУ ў цэлым і спецыяльнасці на нашых факультэтах распаўсюджваем на партале Міністэрства адукацыі для замежных абітурыентаў studyinby.com. Гатовыя навучаць студэнтаў з любых краін свету. Многія факультэты правялі каласальную працу і зараз арганізоўваюць навучанне на англійскай мове. Навучальныя праграмы, метадычныя дапаможнікі і матэрыя-лы сталі даступныя для замежных грамадзян.
Працягваем развіваць сумесныя адукацыйныя праграмы з Далянскім політэхнічным універсітэтам, з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам імя М. В. Ламаносава.
600 арганізатараў, электронны кабінет і 3,5 тысячы масак: пра правядзенне ЦТ
Сёлета на ЦТ у БДУ зарэгістраваліся каля 10,8 тыс. абітурыентаў. Гэты паказчык ніжэйшы, чым летась. Тады ў нашым універсітэце ЦТ гатовыя былі праходзіць 12,1 тыс. абітурыентаў. Справа ў тым, што цяпер на рэканструкцыю зачыне-ны галоўны корпус – адна з буйных пляцовак для правядзення тэсціравання, якая звычайна прымала каля 600 абітурыентаў. З-за рамонтных прац мы змушаны былі запрасіць сёлета менш месцаў у Міністэрства адукацыі.
Адна з галоўных асаблівасцяў рэгістрацыі на ЦТ гэтага года – электронны кабінет. Ён дазваляў абітурыенту дыстанцыйна абраць прадметы, зарэгістравацца, аплаціць удзел. У пункт праходжання тэсціравання трэба было звярнуц-ца толькі, каб атрымаць пропуск. Гэта моцна спрасціла працу рэгістрацыйнай камісіі. Хоць мы сутыкнуліся з такой сітуацыяй, што значная колькасць абітурыентаў зарэгістравалася на тэсціраванне, аплацілі і памылкова палічылі, што на гэтым працэс рэгістрацыі завяршыўся. Супрацоўнікі і нашага ўніверсітэта, і РІКВ разгарнулі актыўную інфармацыйную кампанію: сталі рассылаць лісты абітурыентам, звязвацца з імі па тэлефоне. Дзякуючы гэтаму з усіх, хто зарэгістраваўся, не забралі пропускі толькі 50 чалавек. Мы пра-аналізавалі іх даныя і высветлілі, што галоўным чынам гэта замежныя абітурыенты, якія не змаглі прыехаць у Беларусь. Можна сказаць, што рэгістрацыя на ЦТ прайшла паспяхова.
Што да арганізацыі самога працэсу тэсціравання, то яшчэ з мінулага года з-за пандэміі павышаны патрабаванні да выканання санітарных нормаў. Пры рассаджванні паміж абітурыентамі павінна вытрымлівацца дыстанцыя ў 1,5 метра, памяшканні абавязкова павінны прыбірацца і праветрывацца. Толькі для правядзення ЦТ універсітэт закупіў 3,5 тысячы аднаразовых ахоўных масак і пальчатак, 80 літраў дэзінфекцыйных сродкаў для рук.
Аўдыторны фонд мы фарміравалі такім чынам, каб максімальна засцерагчы абітурыентаў і нашых арганізатараў. Усяго будуць задзейнічаны каля 50 аўдыторый на базе шасці карпусоў.
Для арганізацыі ЦТ мы прыцягнулі каля 600 супрацоўнікаў БДУ. Яны павінны былі прайсці навучальны інструктаж, бо ў іх адказ-ная праца, якая патрабуе стро- гага выканання ўсіх рэгламентаў. Летась мы паспрабавалі запісаць відэаўрок для нашай камісіі. Такі фармат матэрыялу прыйшоўся даспадобы, і сёлета мы запісалі новы ролік з актуальнай інфармацыяй.
Усе працэсы па арганізацыі ЦТ наладжаны – застаецца толькі пажадаць поспеху абітурыентам і камісіі.
«Гатовыя прыняць амаль 5,1 тыс. абітурыентаў»: пра планы прыёму
Пасля таго, як завершым працу на ЦТ у асноўныя і рэзервовыя дні, арганізуем прыём дакументаў. План прыёму ў БДУ сёлета істотна не змяніўся. Важна адзначыць, што з’явіліся дзве новыя спецыяльнасці: «эканамічная бяспека» на эканамічным факультэце і «рэгіёназнаўства» на гістарычным.
Калі летась мы набіралі 5089 абітурыентаў на першую ступень навучання, то сёлета – 5091.
- План прыёму на дзённую бюджэтную форму – 2199 чалавек (у 2020 годзе план складаў 2141). Доля прыродазнаўчых спецыяльнасцяў у плане прыёму складае 65,2 %, сацыяльна-эканамічных і гуманітарных спецыяльнасцяў – 34,8 %.
- На завочную бюджэтную форму плануецца прыняць 231 студэнта (у 2020 годзе план складаў 218).
План прыёму на платную форму навучання:
- на дзённую форму – 1794 (у 2020 годзе план складаў 1905); на завочную форму – 499 (у 2020 годзе – 468);
- на завочную форму для атрымання другой вышэйшай адукацыі – 131 (у 2020 годзе – 132).
На скарочаны тэрмін атрымання адукацыі для выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі вылучана 352 месцы (у 2020 годзе план складаў 328), з іх на дзённую форму – 45, на завочную форму – 307.
Сёлета план мэтавага прыёму – 32 месцы (у 2020 годзе – 32). Мэтавы прыём будзе праводзіцца па 9 спецыяльнасцях. Больш за ўсё наймальнікі зацікаўлены ў падрыхтоўцы журналістаў, гісторыкаў і спецыялістаў мытнай справы.
Адзначу, што сёлета на спецыяльнасць I cтупені «паліталогія, палітыка і юрыдычная дзейнасць» упершыню адкрыты набор на завочную форму навучання.
На другой ступені навучання адкрыўся набор на новыя спецыяльнасці: «геаінфарматыка» ў МДЭІ імя А. Д. Сахарава, «рэгіёназнаўства» на гістарычным факультэце па цікавым профілі «краіны і рэгіёны новага Шаўковага шляху».
Калі казаць пра паступленне абітурыентаў з іншых краін, то плануем набраць у новым навучальным годзе на I і II ступені навучання прыкладна 1,5-2 тысячы замежнікаў. Сумоўе з імі праводзім сёлета анлайн.
Прыём дакументаў на бюджэтную і платную форму навучання БДУ пачынае 20 ліпеня. Рэкамендуем абітурыентам зарэгістравацца ў электронным кабінеце, адсканаваць і загрузіць туды ўсе дакументы. Гэта дазволіць паскорыць і спрасціць працу прыёмнай камісіі. Цяпер кабінеты тэсціруюць, каб увесь працэс рэгістрацыі праходзіў без збояў. Там жа будзе размешчана падрабязная і актуальная інфармацыя пра ўступныя выпрабаванні. Трэба памятаць, што галоўны дакумент, які павінен быць у абітурыентаў на руках падчас іспытаў, – пашпарт.
Калі прытрымлівацца простых рэкамендацый, усё пройдзе без лішняга стрэсу і накладак. А для нас гэта вельмі важна.
Марыя ШНА