Дзмітрый Гулякевіч: «Бізнес – гэта ідэі, якія трэба ўмець адстойваць»

5 Jul, 2021.

Чаму нават школьнікам важна ведаць пра свае правы ў галіне інтэлектуальнай уласнасці. Як гэтыя веды могуць спатрэбіцца ў жыцці, распавялі пераможцы і арганізатары рэспубліканскай алімпіяды «Інтэлектуальная ўласнасць – аснова бізнесу».

Простыя і, здавалася б, зразумелыя правілы сучаснага свету: выстаўляеш свае працы на ўсеа­гульны агляд – будзь гатовы іх абараняць. Незаконна выкарыс­тоў­ваеш чужыя працы – нясі ад­казнасць. Гэта актуальна не толь- кі для лю­дзей творчых прафесій, але і для ўсіх, хто нават проста карыстаецца інтэрнэтам, бо ў ХХІ стагоддзі мы літаральна ўсюды сутыкаемся з вынікам чыіхсьці творчых высілкаў. Таму так важна распаўсюджваць веды пра тое, як абараняць свае правы ў сферы інтэлектуальнай уласнасці. Гэтую няпростую задачу ўжо трэці год паспяхова выраша­юць выкладчыкі Інстытута бізнесу БДУ, арга­ні­зоўваючы рэспубліканскую алімпіяду «Інтэлектуальная ўласнасць – аснова бізнесу» для школьнікаў і студэнтаў. Сёлета ­ўзнагароды атрымалі юнакі і дзяўчаты з розных куткоў Беларусі: Гомеля, Гродна, Рагачова, Добруша, Узды, Калодзішчаў, Барысава і не толькі.

Сёлета для ўдзелу ў алімпіядзе было неабходна стварыць мастацкі твор, прысвечаны тэме аўтарскіх правоў і інтэлектуальнай уласнасці. На другім этапе алімпіяднікі ў змадэляванай сітуацыі абаранялі свае працы ў «судзе», а таксама дэманстравалі ўзровень тэарэ­тычнай падрыхтоўкі, выконваючы тэсты па тэматыцы конкурсу. 
З гэтымі задачамі паспяхова справіўся студэнт 4 курса юрыдычнага факультэта БДУ Віктар ШАТЭРНІК, які заняў 2 месца ў агульным рэйтынгу пераможцаў:
– Сферай інтэлектуальнай уласнасці цікаўлюся з трэцяга курса, калі пісаў курсавую па гэтай тэме, потым было выступленне на канферэнцыі. Чым далей – тым цікавей, і вось ужо на базе напрацаванага матэрыялу пішу дыплом. У алімпіядзе самым цяжкім для мяне быў першы тур, таму што гэта ўсё ж такі творчая праца, а пад­рыхтоўка тэзісаў на другім ужо была непасрэдна па юрыдычнай спецыялізацыі, гэтаму нас вучаць на 3-4 курсах. Сваім вынікам задаволены, на практыцы мне гэтыя веды дакладна спатрэбяцца. Такія мерапрыемствы павінны право­дзіцца не толькі ў межах факуль­тэта, але і ўсяго ўніверсітэта.
Несумненны плюс алімпіяды – тое, што ўдзельнікі адначасова праяўляюць сябе не толькі ў якасці спецыялістаў у сферы аўтарскага права і інтэлектуальнай уласнасці, але і з творчага боку.
Менавіта гэта і спадабалася пераможцы мінулага года Ірыне ЖАЎНЯРОВІЧ, сту­дэнтцы 3 курса Інстытута бізнесу:
– Спачатку я не была ўпэўненая, што мне гэта цікава, але мне спадабаўся фармат правядзення. На першым этапе трэба было прадставіць творчую працу, у тым ліку быў варыянт напісаць вершы. Вершы я пішу ўжо даўно, і мне гэта падышло. У алімпіядзе са мной ­удзельнічала шмат школьнікаў, і таму, зразумела, перавага была на маім баку, бо ў школах няма прадметаў, звязаных з інтэлектуальнай уласнасцю. Мы ж ва ўніверсітэце якраз у той час вывучалі «Асновы кіравання інтэлектуальнай уласнасцю», і я ў тэме разбіралася. Удзел у алімпіядзе дапамог замацаваць тыя веды, якія атры­мала ў рамках гэтай дысцыпліны.
Я сама чалавек творчы, таму мне было важна ведаць, як абараняць свае правы, як рэгулюецца законам выкарыстанне чужых прац, і г. д. Зараз усведамляю, што гэта быў адзін з самых цікавых і – што немалаважна – карысных і прак­тыка-арыентава­ных прадметаў на курсе! Зараз, перш чым выкласці нешта ў інтэрнэт, лаўлю сябе на думцы, што ­пракручваю ў галаве атрыманыя пра аўтарскія правы веды. Вельмі важна арыентавацца ў такіх рэчах, таму што мы з імі сутыкаемся кожны дзень.
Аднак, нягледзячы на відавочную перавагу студэнтаў у тэарэ­тычнай падрыхтоўцы, сёлета пераможцай алімпіяды стала навучэнка 10 класа Калодзішчанскай СШ Маргарыта МЯШКО:
– У алімпіядзе ўсяму нашаму класу прапанавала паўдзельнічаць настаўніца гісторыі, але ў выніку пагадзілася толькі я. Мне падалося, што гэта будзе цікава. На першым этапе было складана, бо ўся інфармацыя стала новай для мяне, і з яе трэба не навуковы артыкул зрабіць, а менавіта творчую працу. На шчасце, з паглыбленнем у навуковыя аспекты тэмы мне дапамагла настаўніца, я таксама ўвесь час нешта шукала ў інтэрнэце. Другі этап быў ужо лягчэйшы, і вось я ў фінале! Да алімпіяды, дарэчы, ніколі не чула пра Інстытут бізнесу, але цяпер думкі пра паступленне сюды з’явіліся. Дакладна сказаць не магу, ці буду я сюды паступаць, але наогул тэма інтэлектуальнай уласнасці мяне вельмі зацікавіла.
Добра, што алімпіяда выклікае цікавасць не толькі да сваёй тэматыкі, але і да БДУ цалкам, бо прафарыентацыйны момант не менш важны. Атрымліваецца, што ва ўніверсітэт будуць паступаць са­праўды матываваныя школьнікі, якія ўжо маюць дастатковыя базавыя веды. Аднак асноўная задача алімпіяды не ў прыцягненні новых абітурыентаў, якіх у Інстытуце ­бізнесу і без таго нямала, а ў фарміраванні цікавасці моладзі да сферы аўтарскіх правоў – прычым гаворка ідзе не толькі пра школь­нікаў.
 
Студэнты могуць камерцыялізаваць свае інтэлектуальныя працы (курсавыя, дыпломныя) і рабіць іх больш якасна
Дзмітрый ГУЛЯКЕВІЧ, загад­чык кафедры прававых і гума­нітарных дысцыплін Інстытута бізнесу БДУ:
– Ужо некалькі гадоў мы спрабуем перанесці вопыт розных краін на нашы рэаліі і стварыць сістэму кіравання інтэлектуальнай уласнасцю ва ўніверсітэтах, навуковых установах, лабараторыях, – распавядае Дзмітрый Леанідавіч. – Такім чынам, ужо навучаючыся ў ВНУ, студэнт разумеў бы, што ён можа стварыць інтэлектуальны прадукт і зарабіць на ім. Гэта ж дадатковы рычаг для раскрыцця асобы, калі студэнт, выконваючы працу, ведае пра камерцыялізацыю і, адпаведна, надае сваім інтэлектуальным працам (сюды можна аднесці і ­напісанне курсавых і дып­ломных работ) больш увагі і робіць іх ­больш якасна.
Дзмітрый Леанідавіч – галоўны арганізатар алімпіяды «Інтэлектуальная ўласнасць – аснова бізнесу» і яе стваральнік:
– Вось ужо тры гады мы право­дзім нашу алімпіяду, і трэба больш прыцягваць людзей да гэтай сферы, якой у краіне пакуль надаецца недастаткова ўвагі. Ёсць патэнтны орган, Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ). Ёсць сістэма кіравання, але мы
не чуем пра відавочныя вынікі. Яшчэ дзесяць гадоў таму ў нас было арганізавана супрацоўніцтва з юрыдычнай гімназіяй, я рыхта­ваў школьнікаў да алімпіяды па інтэлектуальнай уласнасці, якую праводзіла Расійская акадэмія інтэлектуальнай уласнасці. Нашы хлопцы і дзяўчаты праходзілі ў ­фінал і нават перамагалі. Больш за тое, тром вучням рабілі пра­панову вучыцца ў гэтай акадэміі, але ў выніку пагадзілася толькі адна дзяўчына. Іншая былая алімпіядніца, дарэчы, цяпер працуе ў Мі­ністэрстве юстыцыі і была ў камісіі алімпіяды гэтага года. Я даўно марыў, каб і нашы школьнікі цікавіліся пытаннямі вывучэння інтэлектуальнай уласнасці, таму што ў ВНУ ёсць хоць бы такія дысцыпліны, а ў школах іх не выкладаюць наогул. А яны важныя, бо моладзь актыўна карыстаецца інтэрнэтам, размяшчае там фа­таграфіі, тэксты, абменьваецца рознымі тэкставымі паведамленнямі. Маладым важна разумець, якім чынам можна абараніць вынікі сваёй інтэлектуальнай працы, бо бізнес – гэта ідэі, а ідэі трэба ўмець адстойваць.
У першы год правядзення алімпіяды мы запрашалі толькі школь­нікаў, а да другой прыцягнулі і студэнтаў. Вядома, мы пастараліся, каб наша алімпіяда адрозні­валася ад расійскай. Нас падтрымлівае Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі. Яго супрацоўнікі і падарункі ўдзельнікам перадалі, і выступалі экспертамі журы. Спецыялісты НЦІУ таксама, пачынаючы з першай алімпіяды, былі ў складзе аргкамітэта і штогод удзельнічаюць у праверцы работ.
Мы абмяркоўвалі з куратарам па Беларусі ў Сусветнай аргані­зацыі інтэлектуальнай уласнасці (САІУ) магчымасці стажыроўкі або экскурсіі ў Жэневу для пераможцаў алімпіяды. Але пакуль эпідэміялагічная сітуацыя перашкаджае рэалізацыі нашых смелых ідэй, – адзначае Дзмітрый Леанідавіч. – У нашых планах выдаць зборнік творчых работ удзельнікаў алімпіяды. Яшчэ мы хочам у наступным годзе арганізаваць два асобныя напрамкі для школьнікаў і студэнтаў, таму што цікавасць ёсць з абодвух бакоў. Потым ужо можна думаць пра стварэнне міжнароднай алімпіяды.
Дыяна УРГАНАВА, старшы выкладчык кафедры прававых і гуманітарных дысцыплін Інсты­тута бізнесу БДУ, арганізатар алімпіяды:
– Мы часта адштурхоўваемся ад тэматыкі года, якую абвяшчае САІУ. Летась, напрыклад, была тэматыка «Інавацыі для зялёнай ­будучыні», сёлета яе прысвяцілі малому і сярэдняму бізнесу – «У свеце інтэлектуальных правоў». Яшчэ мы эксперыментуем з формамі прадстаўлення конкурсных работ. Напрыклад, спачатку школьнікі пісалі эсэ «Роля інтэлектуальнай уласнасці ў развіцці грамадства», на наступны год мы ­ўвялі тры напрамкі – літаратурныя, аўдыявізуальныя творы і творы ­дызайну. У гэтым годзе ў нас былі толькі літаратурныя творы. Мы ­хацелі, каб удзельнікі алімпіяды зразумелі, што любая тэкставая інфармацыя і само выражэнне ідэі абараняюцца аўтарскім правам. ­Інтэлектуальная ўласнасць з’яў­-ля­ецца асновай бізнесу, таму што мы ўжо пераходзім на той этап развіцця, калі эканоміка ведаў ­ста­новіцца галоўнай канцэпцыяй сучаснага грамадства. Сёлета ­ўдзельнікаў было 114, з кожным ­годам іх колькасць павялічваецца. Усе нашы студэнты вывучаюць на другім курсе дысцыпліну «Асновы кіравання інтэлектуальнай улас­насцю», якая дае ім пачатковыя веды ў гэтай галіне. Акрамя таго, у нас у Інстытуце бізнесу плануецца адкрыццё праграмы перапад­рыхтоўкі па інтэлектуальнай уласнасці.
 
Гутарыла
Ксенія СІТНІК

print

Вам таксама можа спадабацца: