У БДУ праходзіць вакцынацыя ад каранавіруса. Супрацоўнікам па жаданні прапануецца бясплатна прышчапіцца расійскім ці кітайскім прэпаратам. Газета «Універсітэт» пагаварыла з урачамі і адказнымі за імунізацыю пра паходжанне вакцын, іх уласцівасці, пабочныя эфекты і стэрэатыпы.
У БДУ прайшло ўжо сем вакцынацый – з мая па чэрвень – у супрацоўніцтве з УАЗ «25-я цэнтральная раённая паліклініка Маскоўскага раёна г. Мінск». Атрымаць прышчэпку «Спадарожнік V» можна было ва ўніверсітэцкім медпункце, куды выязджала медыцынская брыгада. У самой паліклініцы маецца таксама кітайская вакцына Vero Cell.
Кожная вакцынацыя разлічвалася па 21-дзённым прамежку для наступнага ўвядзення другога кампанента. Напрыклад, у першыя дзве вакцынацыі можна было атрымаць першы кампанент, а ўжо ў чэрвені – прышчапіцца і першым, і другім. На 28 чэрвеня прышчэплена 1440 работнікаў БДУ, з іх 897 на базе 25й паліклінікі, 409 выязной брыгадай на базе медпункта, і 134 прышчапіліся самастойна па месцы жыхарства. Наступнае вакцыніраванне работнікаў на базе БДУ адбудзецца 6 ліпеня.
Па ўніверсітэце працэс вакцынацыі курыруе прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Іван ЯНУШЭВІЧ:
– Спецыфіка працы прарэктара прадугледжвае вялікае кола зносін. З аднаго боку, гэта маладыя людзі, якія пераносяць хваробу часцей за ўсё без выяўленых сімптомаў. З іншага – гэта старэйшае пакаленне. Усвядомлена станавіцца мастком для перадачы вірусаў не зусім этычна, мякка кажучы. Наша задача – мінімізаваць узровень захворвання, зменшыць наступствы, што і робіць прышчэпка. Я сам прышчапіўся ў канцы сакавіка кітайскай вакцынай, нармальна яе перанёс, без павышэння тэмпературы, хутчэй за ўсё ад яе на нейкі час падняўся ціск, але гэта не перашкодзіла мне выйсці на працу.
Адказная за правядзенне вакцынацыі Алена ШЧАТКО, начальнік аддзела сацыяльнай работы ўпраўлення па выхаваўчай рабоце з моладдзю. Да супрацоўнікаў-пацыентаў яна звяртаецца незалежна ад узросту «дзяўчына» і «малады чалавек», з усмешкай, гумарам.
– Спачатку я адказвала за складанне спісаў работнікаў, якія жадаюць прышчапіцца, затым мае функцыі пашырыліся. Калі ў маі пачалася вакцынацыя, вырашыла адкласці запланаваны адпачынак на пазнейшы тэрмін, бо ўжо быў наладжаны працоўны працэс з супрацоўнікамі УАЗ «25-я ЦРП Маскоўскага раёна г. Мінск». Для эканоміі часу работнікаў БДУ прарэктар па эканоміцы і матэрыяльнатэхнічным развіцці Міхаіл Чарапеннікаў дамовіўся з галоўным урачом 33-й гарадской студэнцкай паліклінікі пра вылучэнне працэдурнага кабі нета на базе медпункта БДУ і ўзгадніў з галоўурачом 25-й паліклінікі Мікалаем Зубялевічам пробны выезд медбрыгады. Паколькі ў першую вакцынацыю ў медпункце БДУ за дзве гадзіны прышчапіліся 95 чалавек і было яшчэ даволі шмат ахвотнікаў, прынялі рашэнне пра працяг выязнога вакцынавання і на сёння рэалізавалі 7 выездаў медбрыгады (апошні летні выезд адбыўся 28 чэрвеня). На гэтым плануем не спыняцца, а працягнуць вакцынацыю ў верасні.
Улічваючы, што многія работнікі ўжо прышчэплены другім кампанентам, заўсёды цікаўлюся іх самаадчуваннем і магу сказаць, што яны вакцынацыю перанеслі па-рознаму: большая частка супрацоўнікаў не адзначыла пабочных эфектаў, некаторыя тэмпературылі, ці нядоўга балела рука. Я заўсёды маральна падтрымліваю работнікаў БДУ падчас выязных мерапрыемстваў, бо гэта вельмі грамадска важная справа.
Тыя работнікі, у якіх з нейкіх прычын не атрымліваецца прышчапляцца падчас выязных мерапрыемстваў, могуць прышчапіцца самастойна на базе 25-й паліклінікі ці ў паліклініцы па месцы жыхарства, абраўшы кітайскую ці расійскую вакцыну.
Пра наступныя выезды медбрыгады работнікі БДУ могуць даведвацца на дошцы аб’яў http://intranet.bsu/.
Таксама хочацца выказаць велізарную падзяку ўсім структурным падраздзяленням, якія аказваюць нам пасільную дапамогу ў арганізацыі дадзенага мерапрыемства, што яшчэ раз пацвярджае, што БДУ – гэта адзіная карпарацыя.
Пра псіхалагічныя нюансы вакцынацыі распавяла Вольга ШЫМАНЕЦ, намеснік галоўнага ўрача УАЗ «25-я цэнтральная раённая паліклініка Маскоўскага раёна Мінска»:
– У аддзяленні дзённага знаходжання паліклінікі ёсць два прышчэпкавыя кабінеты: для першага і другога этапу вакцынацыі. Дзейнічаюць чатыры стацыянарныя і тры выязныя прышчэпкавыя брыгады, апошнія імунізуюць прадпрыемствы і ўстановы Маскоўскага раёна.
Цяпер у першую чаргу вакцынуюцца старэйшае пакаленне і тыя, хто плануе выехаць за мяжу. Першыя выбіраюць «Спадарожнік V», а другія – Vero Cell. Практыка паказвае, што пажылыя людзі лепш пераносяць любую прышчэпку, бо ў іх не такі актыўны імунітэт, як у маладым узросце, г. зн. рэакцыя арганізма не так выяўлена.
Акрамя медыцынскай дапамогі, людзі цяпер маюць патрэбу і ў псіхалагічнай падтрымцы. Часцей за ўсё сустракаюцца павышаны ўзровень трывожнасці і расстройства адаптацыі. У нас пакуль няма асобнага псіхолага ў амбулаторных установах, аднак усе ўрачы аказваюць псіхатэрапеўтычную дапамогу, даюць рэкамендацыі наконт ладу жыцця, калі трэба, выпісваюць лекавыя прэпараты, а калі патрэбная больш высокакваліфікаваная дапамога, накіроўваюць да раённых урачоў-псіхатэрапеўтаў. У выпадку абвастрэння можна звярнуцца па псіхалагічную і псіхатэрапеўтычную дапамогу ў Мінскі гарадскі цэнтр памежных станаў, Гарадскі клінічны псіхіятрычны дыспансер і Гарадскі псіханеўралагічны дыспансер, тэлефанаваць на гарачую лінію. На сайце Міністэрства здароўя і СААЗ ёсць мноства матэрыялаў, якія тычацца не толькі віруса, але і псіхічнага стану ў перыяд пандэміі.
Аксана ШКОДА, урач-інфекцыяніст 25-й паліклінікі, адказала на самыя вострыя пытанні супрацоўнікаў БДУ пра вакцынаванне:
Ці можна захварэць ад вакцыны?
– У Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны дзве вакцыны: расійская «Спадарожнік V» і кітайская Vero Cell. Першая – вектарная, камбініраваная, у якасці вектара выкарыстоўваецца платформа нежывога адэнавіруса чалавека. Участак геному, які адказвае за рэпрадукцыю часціц, выдалены, а на яго месца пры дапамозе метадаў геннай інжынерыі ўстаўлены ген S-бялку.
Кітайская інактываваная вакцына ўтрымлівае забіты хімічнымі рэчывамі, нежывы вірус. У ім захавана антыгенная здольнасць, дзякуючы якой у арганізме ўтворацца антыцелы. Ад прышчэпкі захварэць нельга, бо гэта нежывая вакцына. У расійскай вакцыне таксама інактываваная платформа адэнавіруса, адсутнічае частка, адказная за размнажэнне.
Аўтаімунныя захворванні, як рэўматоідны артрыт, сістэмная чырвоная ваўчанка і аўтаімунны тырэаідыт, не з’яўляюцца супрацьпаказаннямі для прышчэпкі, калі знаходзяцца ў кампенсаваным стане ці ў фазе рэмісіі.
Гэта вакцына надзейная? Чаму так хутка зрабілі?
– Платформа адэнавіруса выкарыстоўваецца ў вакцынах ужо 30 гадоў, а каранавірус кітайцы вывучалі дастатковы час для стварэння вакцыны. Даследаванні паказалі, што трэба ўзяць S-бялок, які знаходзіцца на яго паверхні, дзякуючы яму ён прымацоўваецца да клеткі і размнажаецца. Такім чынам, трэба выразаць гэты ўчастак і ўставіць у платформу адэнавіруса.
Я перахварэў на кавід, праз які час мне можна прышчапляцца?
– Праз 3–4 тыдні пасля моманту захворвання. Наяўнасць антыцелаў пасля кавіду не з’яўляюцца супрацьпаказаннем. Прышчапляцца можна з павышаным цітрам антыцелаў.
Што рабіць, калі я захварэў да ўвядзення другога кампанента?
– Калі ў прамежку паміж другім і першым кампанентам пацыент захварэў на востры рэспіраторны вірус ці каранавірус, то ўсё анулюецца, і праз месяц пасля выздараўлення ён прышчапляецца нанова.
Мой сваяк прышчапіўся, ці магу я ад яго заразіцца?
– Не, бо гэта нежывая вакцына, чалавек не заразны пасля прышчэпкі.
Праз які час з’яўляецца імунітэт?
– Праз 14–21 дзён пасля ўвядзення другога кампанента. Дарэчы, паміж увядзеннямі дапушчальны прамежак 21–90 дзён. Каб праверыць цітр антыцелаў, можна здаць аналіз на антыцелы да спайкавага S-бялку. Імунітэт трымаецца 6-8 месяцаў. Галоўны пазаштатны інфекцыяніст Мінздароўя Ігар Карпаў заявіў, што эфектыўнасць «Спадарожніка V» – 96 %, Vero Cell – 87 %.
Чаму варта прышчапляцца?
– Чым больш людзей прышчэпіцца, тым менш распаўсюдзіцца і муціруе вірус. У кожнага чалавека вірус распаўсюджваецца і муціруе пасвойму, гэта значыць, што чалавек заразіўся адным штамам віруса, а вылучаць можа зусім іншы. Так фарміруюцца лакальныя штамы: брытанскі, паўднёваафрыканскі, бразільскі і інш. Масавая імунізацыя памяншае распаўсюджанне і мутацыю віруса. Калі мы на першым этапе ўсе прышчэпімся, то вірус будзе менш распаўсюджвацца і муціраваць. «Спадарожнік V» і актуальныя вакцыны распрацоўваюцца пад распаўсюджаныя ў дадзены момант штамы, таму на трэцім этапе чалавек, які раней прышчапляўся, можа захварэць. У 2009 годзе, калі бушаваў птушыны грып, пандэмію атрымалася перавесці ў эндэмічны стан (сезоннасць) дзякуючы масавай вакцынацыі і калектыўнаму імунітэту.
Калі трэба паўтараць прышчэпку?
– Прышчэпкі ад вірусных захворванняў праводзяцца раз у год. Кожны год ствараецца новая на аснове даследавання распаўсюджаных штамаў у папуляцыі.
Якіх пабочных эфектаў чакаць?
– Субфебрыльная тэмпература, пяршэнне ў горле, слабасць, ламота і галаўны боль характэрныя пасля ўвядзення любой вакцыны. Так праходзіць рэакцыя імуннага адказу, калі арганізм выяўляе ўкараненне чагосьці чужароднага. Таму можа балець вобласць уколу – менавіта гэта месца становіцца «полем бою». Калі пасля вакцыны пачуваецеся дрэнна, вазьміце на пару дзён бальнічны. Звычайна рэакцыя адчувальная на наступны дзень, на другі самаадчуванне, як і раней.
Якія ёсць парады наконт ладу жыцця пры вакцынацыі?
– Прышчэпка робіцца незалежна ад прыёму ежы, таму не трэба рабіць яе нашча, асабліва калі плануеце яе ў другой палове дня. Алкаголь змяншае эфектыўнасць прышчэпкі, таму ўжываць яго напярэдадні і пасля не рэкамендуецца. Для таго, каб дапамагчы арганізму, важна вытрымліваць добры пітны рэжым.
Надзея МАРХЕЛЬ