Пра студэнцкае жыццё, самакіраванне і арганізацыі мы запыталіся ў намесніка дэкана факультэта журналістыкі Лізаветы ХМЕЛЬ.
— Лізавета Раманаўна, што маецца на ўвазе пад студэнцкім самакіраваннем і як яно рэалізуецца на факультэце журналістыкі?
— Падтрымка моладзевых арганізацый і развіццё студэнцкага самакіравання з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў выхаваўчага працэсу. Студэнцкае самакіраванне на факультэце журналістыкі БДУ прадстаўлена наступнымі арганізацыямі і аб’яднаннямі: Савет Стараст, Студэнцкі Саюз, Творчы саюз, Савет па якасці адукацыі, Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі, Прафбюро студэнтаў.
Старшыні арганізацый складаюць актыў студэнцкага самакіравання факультэта, яны ж ўваходзяць у Савет па прафілактыцы правапарушэнняў, Савет па матэрыяльнай дапамозе, жыллёва-бытавую камісію. Асноўная задача Студэнцкага савета па якасці адукацыі — быць сувязным звяном паміж студэнцтвам і адміністрацыяй, выкладчыкамі ўніверсітэта; дапамагаць змяняць існуючую сістэму адукацыйнага працэсу і кіраваць якасцю адукацыі. БРСМ факультэта праводзіць актыўную прафарыентацыйную працу, Прафбюро дапамагае ў засяленні студэнтаў у інтэрнат, прапаноўвае з’едзіць у санаторый-прафілакторый. Культурна-масавую праграму забяспечваюць адпаведна Студэнцкі і Творчы Саюзы.
Сістэма самакіравання дазваляе студэнтам адчуць сябе арганізатарамі свайго жыцця на факультэце, адчуць адказнасць за свае рашэнні і ўчынкі, развіць лідарскія якасці. І раз за разам мы падтрымліваем не толькі маральна, але і матэрыяльна стымулюем нашых выхаванцаў працягваць распачаныя намі факультэцкія традыцыі.
— Што, на ваш погляд, сёння вельмі важна ў выхаваўчым працэсе?
— Сёння як ніколі важна ведаць, чым жыве кожны студэнт. «Выхаванне павінна шукаць свой шлях паміж Сцылай, поўнай свабоды дзеянняў, і Харыбдай забароны». Студэнцтва — самы гарачы і актыўны перыяд жыцця кожнага маладога чалавека, і самае складанае ў гэтым выпадку для выкладчыка – быць і настаўнікам, здольным павесці за сабой, падказаць і накіраваць, і сябрам, які падтрымае і выслухае.
На факультэце журналістыкі з усімі студэнтамі ў нас шчырыя і добразычлівыя адносіны. Студэнты вельмі любяць, калі выкладчыкі разам з імі прымаюць удзел у канцэртах, батлах, фестывалях, круглых сталах, спартыўных спаборніцтвах. Менавіта па-за межамі аўдыторый яны раскрываюцца перад намі з іншага боку, расказваюць пра сябе больш і пачынаюць давяраць.
Гэта садзейнічае плотнаму дзвюхбаковаму ўзаемадзеянню і збліжае адных і другіх. Самае галоўнае для куратара – атрымаць давер ад студэнтаў, калі яны захочуць падзяліцца сваімі поспехамі ці, наадварот, расказаць пра праблемы і не будуць хвалявацца папрасіць дапамогі. Прыемна, што ўсе нашыя куратары акадэмічных груп (а іх у нас ажно 37 чалавек!) пастаянна знаходзяцца побач са сваімі дзецьмі, трымаюць сувязь з іх бацькамі і ўдзельнічаюць разам з моладзю ў мерапрыемствах, тым самым паказваючы прыклад. Лічу, што як бацькі павінны быць прыкладам для сваіх дзяцей, так і выкладчыкі — гэта ўзор для студэнтаў.
Традыцыйна склалася, што ў нашых студэнтаў вельмі цёплыя і шчырыя адносіны з адміністрацыяй факультэта, якая імкнецца слухаць і чуць жаданні і патрэбы сваіх навучэнцаў. Да прыкладу, па іх просьбах з наступнага года цяпер усе беларускія студэнты будуць вучыцца ў першую змену для таго, каб пасля вучобы было больш часу падпрацоўваць па спецыяльнсаці і «набіваць руку» ў журналістыцы.
— Як рэалізавалася ідэалагічна-выхаваўчая праца на факультэце падчас пандэміі ў гэтым годзе?
— Год быў не проста напружаны, год быў складаны, як фізічна, так і псіхалагічна. Дыстанцыйнае навучанне ўнесла свае карэктывы не толькі ў вучэбны працэс, але і выхаваўчы. Амаль што цэлы год студэнты былі пазбаўлены сапраўднага сакавітага студэнцкага жыцця, да якога яны прывыклі. Нягледзячы на гэта, факультэт журналістыкі прыймаў удзел ва ўсіх універсітэцкіх мерапрыемствах, спаборніцтвах, круглых сталах, сустрэчах. І сёння мы можам гаварыць пра некаторыя вынікі. Мы занялі 1 месца на «BSU-фэсце», узялі намінацыі на «Капусніку БДУ», конкурсах «Лепшы стараста», «Зорная пара», «Фестываль эстрады», «Медыясфера», «Бітва журфакаў», нашыя пректы былі адзначаны на Рэспубліканскай вучэба-метадычнай выставе. Нашыя актывісты заўзятыя наведвальнікі «Школ актыву», «Школ стараст», праекта «Свет вялікай перамогі». Мы актыўна ўключыліся ў святкаванне 100-годдзя нашага роднага ўніверсітэта: удзельнічалі ў пасадцы алеі, рабілі шпакоўні для птушак. І гэта я не кажу пра нашыя любімыя факультэцкія мерапрыемтвы «Містар журфак», «Дзень першакурсніка», «Караоке-батл», «Турсцежка» і іншыя дабрачынныя праекты. Вельмі добра, што амаль у кожнай кафедры ёсць свае адметныя праекты, якія паспяхова рэалізуюцца: гэта і «Акадэмія камунікацыі», і «Брама мар», і «Дзень роднай мовы», і «Тівіар», і конкурс на лепшую студэнцкую газету і арганізацыя фотавыстаў у нашым будынку. Дзякуючы менавіта нашай зладжанай і прафесійнай працы выкладчыкаў і студэнтаў у нас такія цудоўныя вінікі.
Летам падчас практыкі 45 нашых студэнтаў едуць у Пскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт па праграме «Міжнародная журналістыка» на 2 тыдні, дзе іх чакаюць лекцыі, практычныя заняткі, майстар-класы і знаёмства са студэнтамі іншых журфакаў РФ. Як бачыце, праца не спыняецца.
— Чым адметныя менавіта «журфакаўцы»?
— Нашых студэнтаў заўсёды відаць здалёк: яны камунікабельныя, творчыя і прагрэсіўна думаючыя. У моладзі шмат ідэй, якія яны не баяцца ўвасабляць у жыццё. А мы заўсёды рады даць студэнтам шанец для рэалізацыі задуманага. Вельмі рада, што канцэпцыі іх праектаў выходзяць далёка за межы факультэцкага ўзроўню. Да прыкладу, менавіта факультэт журналістыкі першым адчыніў свае дзверы для «Студэнтаў на тыдзень», прапанаваў усімі любімы праект «Фотавеламарафон» і арганізаваў у сценах свайго факультэта першы «Паэтычны форум», які з цягам часу набыў статус Міжнароднага.
— Што вы параіце абітурыентам, якія паступаюць на факультэт журналістыкі?
— Ісці за сваёй марай і сваім прызначэннем, нягледзячы на ўсе цяжкасці. Калі вы адчуваеце, што факультэт журналістыкі – месца, якое павінна стаць для вас домам на бліжэйшыя 4 гады, то паверце, вы не будзеце расчараваныя. Мы робім усё магчымае, каб тут вы атрымалі самыя якасныя веды, набылі прафесійныя навыкі і раскрылі творчыя здольнасці, а таксама акунуліся ў студэнцкае жыццё, якое з цеплынёй будзеце ўзгадваць заўсёды.
Анастасія Поўх