Скласці партфоліа! Школа маладога журналіста матывуе абітурентаў

16 Sep, 2021.

Факультэт журналістыкі ажыццяўляе актыўную прафарыентацыйную дзейнасць па розных кірунках. Для абітурыентаў, акрамя сустрэч і прафарыентацыйных мерапрыемстваў, арганізаваны падрыхтоўчыя курсы па дысцыпліне «Творчасць», дзе вопытныя выкладчыкі факультэта рыхтуюць да ўнутраных уступных іспытаў (творчае сачыненне, творчае тэсціраванне). Усе абітурыенты, што ў гэтым годзе займаліся на курсах, паступілі на журфак.

У ролі кансультантаў могуць выступаць не толькі выкладчыкі, але і студэнты, якія зусім нядаўна самі былі абітурыентамі. Гаворка ідзе пра валанцёрскую ініцыятыву «Школа маладога журналіста». Школа маладога журналіста – прафарыентацыйны праект, адна з галоўных мэт якога – падрыхтаваць абітурыентаў да здачы творчых іспытаў пры паступленні на журфак. У гэтым будучым журналістам дапамагаюць студэнты, якія дзеляцца досведам падрыхтоўкі творчага партфоліа, раяць тэмы для публікацый, дапамагаюць размяшчаць публікацыі ў СМІ. Ва ўсіх навучэнцаў (а сёлета іх было больш за 60) ёсць магчымасць у любы час задаць пытанне студэнтам-валанцёрам у агульным чаце ў сацыяльных сетках і аператыўна атрымаць адказ.

Школа маладога журналіста – валанцёрскі праект, у рамках якога рэгулярна ладзяцца сустрэчы з вядомымі журналістамі, праводзяцца навуковыя канферэнцыі, конкурсы творчых прац і фатаграфій, перамога ў якіх – бонус пры паступленні. Напрыклад, у маладых людзей была магчымасць праявіць свой журналісцкі талент у конкурсе юных карэспандэнтаў, фотакарэспандэнтаў, прадэманстраваць моўнае майстэрства ў конкурсе эсэ, а таксама стварыць уласны тэлепраект у конкурсе «TVR». Таксама ў гэтым годзе ўпершыню на студэнцкай канферэнцыі “Беларуская журналістыка – 2021” была арганізавана секцыя для абітурыентаў “Медыядаследаванні юных”, у працы якой прынялі ўдзел 14 навучэнцаў школ, ліцэяў, гімназій з розных рэгіёнаў Беларусі. Гэта дапамагае абітурыентам усебакова пазнаёміцца з будучай прафесіяй і адначасова павысіць свае шанцы стаць студэнтамі прэстыжнага факультэта.

Сёлета з 44 абітурыентаў, што навучаліся ў нашай школе, першакурснікамі сталі 43 чалавекі! – распавядае Ганна Іванаўна Басава, намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце, кіраўнік школы. – Прадметная камісія адзначыла вялікую колькасць і якасць публікацый у партфоліа і добрую падрыхтоўку менавіта ў тых, хто на працягу года добрасумленна наведваў заняткі на падрыхтоўчых курсах і ў школе.

Вось што гавораць пра школу яе навучэнцы, якія ўжо сталі студэнтамі факультэта журналістыкі:

Вераніка Рак

  • Пра школу маладога журналіста я даведалася на сайце журфака БДУ, і ўжо з кастрычніка пачала наведваць яе. Улічваючы тое, што я жыву далёка ад Мінска, мне даводзілася ўставаць у 4 гадзіны раніцы, каб паспець прыехаць на заняткі. Аднак я ні пра што не шкадую і вельмі рада, што мне далі магчымасць пазнаёміцца з журфакам бліжэй і пабачыць усё на свае вочы. Больш за ўсё з гасцей мне запомніліся Святлана Бароўская і Сяргей Плыткевіч. Я лічу, што школа маладога журналіста – выдатная магчымасць для абітурыентаў атрымаць шмат матывацыі, натхнення, ведаў пра прафесію і падрыхтавацца да ўступных іспытаў.

Лізавета Петрусёва

  • Заняткі школы маладога журналіста мне параіла знаёмая, якая ўжо паступіла на журфак. Пасля першай сустрэчы я яшчэ больш палюбіла прафесію, якую збіралася абраць! Мне спадабалася тое, што да нас прыходзілі ўжо вопытныя журналісты, якія распавядалі цікавыя гісторыі з практыкі і давалі карысныя парады. Я старалася ўдзельнічаць ва ўсіх конкурсах, якія ладзіла школа, бо дыплом пераможцы можна было ўкласці ў партфоліа пры паступленні. Асабіста мне школа дала ўпэўненасць, веру ў свае сілы, дзякуючы ёй я пераканалася ў правільнасці выбару прафесіі. У гэтым вельмі дапамагалі ўважлівыя і спагадлівыя студэнты-куратары.

Іван Прановіч

  • Дзякуючы школе маладога журналіста я значна папоўніў колькасць сваіх публікацый у партфоліа, тут я навучыўся пісаць сачыненні для творчага іспыту. Таксама было цікава пазнаёміцца з факультэтам журналістыкі і даведацца пра сакрэты прафесіі непасрэдна ад практыкаў.

Лаліта Якуціна

  • Я чула пра школу маладога журналіста і раней, да таго, як стала наведваць яе. Я не з Мінска, таму мне было важна, каб расклад заняткаў быў прымальным. Ездзіць раз на месяц па суботах было зручна. Мне вельмі запомніліся гісторыі журналістаў, якія прыходзілі на нашы заняткі, іх словы былі найлепшым матыватарам ўвесь час да залічэння на факультэт. Хачу адзначыць і дапамогу студэнтаў-куратараў – ніводнае пытанне не засталося без увагі.

    Такім чынам, новы фармат узаемадзеяння “студэнт – абітурыент” апраўдаў сябе і аказаўся паспяховым. Наперадзе шмат новых ідэй, планаў, засталося толькі дачакацца сустрэчы з мэтанакіраванымі навучэнцамі, гатовымі працаваць дзеля паспяховага паступлення на факультэт сваёй мары. Дарэчы, сустрэчы ў чарговым навучальным годзе будуць традыцыйна ладзіцца кожную трэцюю суботу месяца, першая з якіх – 16 кастрычніка. Шчыра запрашаем!

Ксенія СІТНІК

print

Вам таксама можа спадабацца: